Политика


Руслан АНАНЬЕВ, /

Спажывецкае крэдытаванне насельніцтва ў многіх краінах ужо даўно стала нормай жыцця. За грошы, пазычаныя ў банка, замежнікі набываюць тавары, аўтамабілі, адпраўляюцца ў падарожжы. У свой час і ў Беларусі аб’ём спажывецкага крэдытавання за некалькі гадоў павялічыўся ў дзесяткі разоў. Але летась адбыўся адкат. Ці выклічуць прагназуемы рост заробкаў і зніжэнне працэнтных ставак другую хвалю спажывецка-крэдытнага буму?

Уверх і ўніз


Здавалася б, яшчэ адносна нядаўна многія беларусы імкнуліся атрымаць спажывецкі крэдыт. Банкі канкурыравалі ў барацьбе за кліентаў і прапаноўвалі ўсё больш прывабныя ўмовы. “За пяць хвілін, без паручыцеляў, наяўнымі” - як не купіцца на такую прапанову?

Заробкі раслі, новае жыллё патрабавала новай мэблі, павялічваўся попыт на аўтамабілі. Таму і не дзіўна, што толькі за 2008 год запазычанасць насельніцтва перад айчыннымі банкамі па крэдытах на спажывецкія мэты вырасла прыкладна на 65 працэнтаў.

Брэстаўчанін Мікалай Канапацкі з жонкай даўно марылі аб уласным аўтамабілі. Вырашылі не збіраць грошы, а ўзяць крэдыт у інвалюце, тым больш што стаўка па ім была амаль што ўдвая ніжэйшая, чым па рублёвым.

“Жонка не атрымлівае зарплаты, бо пайшла ў дэкрэтны адпачынак, мая зарплата засталася на тым жа ўзроўні, а вось штомесячныя плацяжы па крэдыту з-за дэвальвацыі рубля выраслі, - гаворыць ён пра сваю праблему. - Пакуль што працягваю плаціць. Дзякуй бацькам, што дапамагаюць. Але хвалююся: калі далей не “пацягну”, ці не забярэ банк машыну?”

Відаць, з-за такіх ды іншых гісторый і змяніўся ў 2009-м бум падзеннем. “Запавольванне прыросту рэальных даходаў насельніцтва адбілася на дынаміцы спажывецкага крэдытавання, - канстатуе старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч. - На 1 студзеня 2010 года запазычанасць фізічных асоб па такіх крэдытах склала 5,56 трыльёна рублёў, што на 3,4 працэнта менш, чым на пачатак 2009-га”.

Жыллё забрала ўсе грошы?

Па словах экспертаў, на сітуацыю паўплывалі і некаторыя іншыя фактары.

Па-першае, як адзначае старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў, банкі пачалі больш грунтоўна падыходзіць да вывучэння плацежаздольнасці патэнцыяльных кліентаў. У гэтым дапамагло і бюро крэдытных гісторый, якое назапашвае ўсё большы аб’ём інфармацыі.

Па-другое, як адзначаюць іншыя спецыялісты, прыпыненне ў сярэдзіне мінулага года крэдытавання насельніцтва ў інвалюце таксама некалькі збіла бум.

Па-трэцяе, з-за прыросту тэмпаў жыллёвага будаўніцтва насельніцтва пачало больш грошай накіроўваць на гэтыя мэты, а таксама на пагашэнне ўзятых жыллёвых крэдытаў. Толькі за два апошнія гады запазычанасць грамадзян па льготных і звычайных жыллёвых крэдытах вырасла да 10,3 трыльёна рублёў, альбо амаль што ў 2,4 раза.

Па-чацвёртае, відаць, многія на ўласным вопыце зразумелі, што “бярэш чужыя грошы, а вяртаеш свае”, таму і сталі дзейнічаць больш абачліва, як гаворыцца, жыць па сродках. Наўрад ці каму хочацца стаць парушальнікам-неплацельшчыкам. А за мінулы год такіх людзей у нашай краіне прыбавілася: аб’ём праблемнай запазычанасці фізічных асоб вырас у чатыры разы.

“З кожным неплацельшчыкам мы імкнёмся разабрацца індывідуальна, улічыць аб’ектыўныя абставіны”, - паведаміла “НГ” намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Валянціна Лук’яненка. Напрыклад, у банку “Масква-Мінск” многім крэдытаатрымальнікам прапанавалі адтэрміноўку з правам пераразліку графіка і аб’ёму плацяжоў.

Аднак, як тлумачаць у Нацбанку, на “амністыю” і спісанне даўгоў разлічваць не варта: крэдытаатрымальнікам, можна сказаць, выдаюць у тым ліку і грошы ўкладчыкаў, з якімі абавязкова прыйдзецца разлічвацца.

На што разлічваць у 2010-м?

У Савеце міністраў арыентуюцца на прырост зарплаты да $500. Нацыянальны банк прагназуе зніжэнне працэнтных ставак па крэдытах. Расійскі “Сбербанк” набыў БПС-банк, адзін з пяці буйнейшых у Беларусі, і збіраецца накіроўваць у нашу краіну значныя сродкі. Магчыма, гэта і сапраўды стане каталізатарам новай хвалі крэдытнага буму?

Многія дзяржавы ў апошнія гады для пераадолення наступстваў сусветнага крызісу абралі тактыку стымулявання ўнутранага спажывання, адзначае дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў. І нарошчванне банкаўскага крэдытавання было адным з элементаў такой палітыкі. Каб гэта спрацавала і ў Беларусі, неабходна зніжаць працэнтныя стаўкі і павышаць фінансавую пісьменнасць насельніцтва. І для грамадзян, і для дзяржавы, напэўна, будзе больш выгадна, калі людзі замест набыцця інвалюты і назапашвання яе дома будуць дабаўляць да сваіх зберажэнняў крэдытныя сродкі і набываць тавары, прычым лепш айчыннай вытворчасці.

“Каб актыўна браць крэдыты, трэба мець не толькі высокую зарплату і нізкую працэнтную стаўку, але і тое, на што гэтыя грошы захочацца патраціць”, - лічыць эканаміст Леанід Заіка. На беларускім рынку пакуль што недастаткова, напрыклад, хоць і дарагіх, але высакаякасных тавараў і паслуг. А на танныя тавары, якіх шмат на “жданах”, крэдыты не патрэбныя.

Такім чынам, хуткасць пераходу да жыцця ў крэдыт залежыць не толькі ад памеру даходаў насельніцтва, ад прывабнасці банкаўскіх паслуг, але і ад актыўнасці айчынных вытворцаў, разнастайнасці іх прапаноў.
Нужные услуги в нужный момент
-30%
-25%
-20%
-20%
-20%
-10%
-20%
0058415