Деньги и власть


Руслан АНАНЬЕЎ, Святлана ДЗЯДЗІНКІНА, /

За апошнія два гады колькасць аграсядзіб у Беларусі вырасла ў пяць разоў. Аднак, нягледзячы на пэўны прагрэс, гэта не зрабіла нашу краіну турыстычнай Меккай. Якія дадатковыя стымулы ў “пастаральнай” сферы маглі б прынесці сяльчанам работу і дадатковы даход, а дзяржаве – сацыяльны і фінансавы прыбытак?

Замкнёнае кола


Наталля Шыліна разам са сваёй шматдзетнай сям’ёй яшчэ паўгода таму прыехала з Мінскай вобласці на Віцебшчыну, у Забор’е Расонскага раёна, каб распачаць новую для сябе справу — заняцца аграэкатурызмам. Наталля, заатэхнік па адукацыі, ведала, на што трэба рабіць стаўку. Як адданая аматарка каняводства яна перавезла ў Забор’е і сваіх чатырох коней, якіх даглядаюць усёй дружнай сям’ёй.

Разам са сталымі гаспадарамі тутэйшых сядзіб Аляксандрам Кролам і Алай Хорань Наталля абмеркавала новыя маршруты па блакітных каралях Расонскага краю, пралічылі і прывабнасць турыстычных прагулак на конях. Але для адкрыцця адпаведнай справы патрэбна галоўнае — менавіта свая сядзіба, дыхтоўны дом з добраўпарадкаванай тэрыторыяй, па адрасе якога гаспадар павінен быць зарэгістраваны. У Шыліных такога свайго дома пакуль што няма, як няма і рэгістрацыі. Яны, маладыя, хочуць пабудаваць сваю сядзібу так, каб яна была для іх зручная. Але для гэтага неабходна банкаўская пазыка. А каб яе атрымаць, патрэбна рэгістрацыя. Атрымліваецца нейкае замкнёнае кола.

Мясцовая гаспадарка можа прапанаваць Шыліным і жыллё, і рэгістрацыю, бо ў гэтым краі рабочыя рукі на вагу золата. Але ж для гэтага трэба працаваць у гэтай гаспадарцы. А як тады развіваць уласны турбізнес?

— Праблем хапае і ў гаспадароў ужо зарэгістраваных сядзіб, — гаворыць Ала Хорань. — Часам мы збіраемся і абмяркоўваем тое, што набалела. Цяжка аддаваць крэдыты, якія людзі пабралі на станаўленне аграсядзіб. Усе мараць выплаціць іх як мага хутчэй. Але зрабіць гэта датэрмінова не дазваляюць малыя даходы.

Расонскі бум

Зараз на Расоншчыне зарэгістравана 21 сядзіба, што могуць прымаць турыстаў. Гэты працэс ужо не спыніць. Але чакаць, што справа пачне прыносіць хуткі прыбытак, не прыходзіцца. Патрэбна і падтрымка з боку мясцовых улад, і больш прыватнай ініцыятывы для пошуку нейкіх нестандартных шляхоў.

— За тры гады рэалізацыі праграмы Белаграпрамбанка па крэдытаванню вясковага турызму ў яе ўключыліся 73 сядзібы Віцебскай вобласці, — гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Вагулкін. — Яны атрымалі на развіццё сваёй справы 22 мільярды рублёў. Ды і колькасць саміх аграэкасядзіб узрасла за апошні год у 1,7 раза. Цяпер надышоў час, калі колькасць павінна перайсці ў якасць.

Стымулы для росту

За два апошнія гады колькасць аб’ектаў аграэкатурызму ў Беларусі вырасла з 188 да 907. Гэтаму садзейнічалі дзяржаўныя меры падтрымкі.

Па-першае, гаспадароў сельскіх сядзіб амаль што вызвалілі ад падаткаў. Заплаці адну базавую велічыню ў год — і працуй. Эканамічны разлік дзяржавы просты: чым траціць бюджэтныя сродкі на стварэнне новых працоўных месцаў у сельскай мясцовасці, больш выгадна даць людзям свабоду, каб яны самі “раскруціліся”.

Па-другое, з 2007 года праз Белаграпрамбанк на развіццё аграсядзіб ужо выдзелілі звыш 300 ільготных крэдытаў. Можна атрымаць да 2 тысяч базавых велічынь (цяпер гэта 70 мільёнаў рублёў) на тэрмін да 7 гадоў пад 5 працэнтаў гадавых. Грошы выдаюцца пад канкрэтныя інвестпраекты і, калі гэта тычыцца фізічных асоб, толькі для тых, хто мае дом у сельскай мясцовасці і там зарэгістраваны.

Праўда, у апошні час, як прызнаюцца ў Белаграпрамбанку, актыўнасць крэдытавання знізілася. Камітэт дзяржкантролю выявіў выпадкі нямэтавага выкарыстання льготных крэдытаў. І цяпер патрабаванні да крэдытаатрымальнікаў сталі больш жорсткімі.

Як “падрасці” яшчэ ў дзесяць разоў?

Паводле падлікаў Міністэрства спорту і турызму, летась у параўнанні з 2008 годам колькасць наведвальнікаў беларускіх аграсядзіб вырасла ў 1,8 раза да 70 тысяч. На пастаральныя ўцехі яны патрацілі ў 2,3 раза больш — амаль 5,3 мільярда рублёў. Статыстыка сведчыць, што ў сельскай мясцовасці правялі час прадстаўнікі 46 краін.

Але эксперты ўдакладняюць, што пры гэтым каля 80 працэнтаў агратурыстаў — беларусы ды расіяне. Для іх сума ад 50 да 150 тысяч рублёў (апошняе — з трохразовым харчаваннем), відаць, па кішэні. А вось для прадстаўнікоў далёкага замежжа віза ў Беларусь занадта дарагая. Таму нашы сядзібы часта прайграюць канкурэнцыю з тымі ж польскімі і літоўскімі, куды, напрыклад, немцам віза не патрэбная. Ды і суадносіны цаны і ўзроўню сэрвісу там нярэдка больш прывабныя, чым у Беларусі.

Калі суаднесці вынікі работы аграсядзіб за мінулы год, дык атрымліваецца, што кожная сядзіба летась зарабіла ў сярэднім каля 5,9 мільёна рублёў, кожны турыст у сярэднім пакінуў каля 76 тысяч рублёў. Магчыма, вясковыя прадпрымальнікі і сапраўды заніжаюць свае даходы. Але калі статыстыка адлюстроўвае рэальную сітуацыю, дык гэта можна лічыць праблемай і трэба шукаць выйсце, як павысіць эфектыўнасць работы аб’ектаў аграэкатурызму.

— Трэба павышаць даступнасць крэдытавання і больш рэкламаваць паслугі аграсядзіб, — лічыць старшыня таварыства “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова.

— Аграсядзібы павінны працаваць не паасобна, а ў звязцы з іншымі турыстычнымі аб’ектамі, — прапануе намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга.

Напрыклад, тлумачыць ён, аграсядзібы, якія размяшчаюцца непадалёк ад санаторыяў, могуць браць на сябе засяленне часткі прыезджых. Акрамя гэтага, аграсядзібы могуць супрацоўнічаць адна з адной і тым самым пашыраць спектр паслуг: у адной турыстаў катаюць на конях, а ў другой — на лодцы.

Калі разумна ўзяцца за работы, прагназуе Чэслаў Шульга, дык ужо праз тры-чатыры гады колькасць аграсядзіб можа вырасці да 7-8 тысяч, гэта значыць павялічыцца амаль у дзесяць разоў.

Для гэтага на дзяржаўным узроўні плануецца прапанаваць дадатковыя стымулы. Напрыклад, ужо падрыхтаваны праект указа, які, у прыватнасці, прадугледжвае працяг ільготнага рэжыму работы аграсядзіб на перыяд да 2020 года. Акрамя гэтага, фізічныя асобы, якія займаюцца вясковым турызмам, змогуць адначасова прымаць гасцей удвая больш (колькасць дазволеных пакояў вырасце з 5 да 10).

Аднак, як скептычна заўважаюць эксперты, ці перарасце колькасць у якасць і даходнасць? Нават цяпер рэальна працуе толькі кожная другая з зарэгістраваных сядзіб... Так што, калі мы жадаем зрабіць гэты сельскі турыстычны бізнес больш распаўсюджаным і прыбытковым, то надышоў час для больш рашучых дзеянняў. І тут, вядома, шмат залежыць ад створаных дзяржавай умоў. Але і актыўнасць саміх патэнцыяльных гаспадароў аграсядзіб мае выключнае значэнне.

У тэму

Лічбавая геаграфія


Самы аграэкатурыстычны рэгіён Беларусі — Віцебшчына. Там размяшчаецца кожная чацвёртая беларуская сядзіба. Другое-трэцяе месца дзеляць Гродзеншчына і Міншчына, на якія прыходзіцца па 20 працэнтаў такіх аб’ектаў. Відавочнымі аўтсайдэрамі застаюцца Гомельшчына і Магілёўшчына: уклад кожнага з гэтых рэгіёнаў не перавышае 8-10 працэнтаў.
Нужные услуги в нужный момент
-20%
-20%
-35%
-15%
-40%
-44%
-35%
-10%
-30%
0057865