Общество


Руслан АНАНЬЕЎ, /

За апошнія пятнаццаць гадоў жыхары Беларусі сталі накіроўваць на харчаванне меншую долю спажывецкіх расходаў, чым гэта было раней. Як сцвярджаюць эксперты, мы ўжо дасягнулі чацвёртай хвалі спажывецкай эвалюцыі. Далей трэба імкнуцца да таго, каб даходы раслі і на харчаванне жыхарам нашай краіны было дастаткова траціць менш за 20% сваіх рэсурсаў. Пры гэтым больш расходаваць на падарожжы, адукацыю, жыллё, аўтамабілі.

Новая формула


Раней жыхарка Барысава Таццяна Клімовіч разам з мужам разлічвала сямейны бюджэт па простай формуле, якую падказала яе маці: на прамысловыя тавары можна патраціць удвая менш, чым на харчаванне. Пэўны час гэта і сапраўды дапамагала рацыянальна распараджацца адносна невялікімі даходамі. Але цяпер прыходзіцца дзейнічаць інакш. “Дзялю ўсе грошы на тры прыкладна роўныя часткі: харчаванне, прамысловыя тавары і паслугі з плацяжамі за крэдыт”, - расказвае яна.

І, як падкрэсліваюць эканамісты, гэта формула найбольш адпавядае сучасным умовам. Па выніках выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак, праведзенага Белстатам, за 1995-2009 гады доля спажывецкіх расходаў на харчаванне (у тым ліку па-за межамі дома) паменшылася прыкладна з 60 да 40%, а на нехарчовыя тавары павялічылася ў паўтара раза - амаль што да 35 %, на паслугі ўдвая - без малога да 23%.

Адпачнём?

“Гэта нармальная эвалюцыя, мы дасягнулі чацвёртай фазы спажывецкай хвалі”, - тлумачыць кандыдат эканамічных навук, кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка.

На першай хвалі мы “наеліся”, прызвычаіліся да багатага выбару каўбас, пра што ў Савецкім Саюзе многія маглі толькі марыць. Апельсіны, мандарыны сталі даступнымі не толькі пад Новы год. Падчас другой хвалі дзякуючы намаганням кітайскіх і турэцкіх вытворцаў, а таксама ў пэўнай ступені і айчынных мы абнавілі свой гардэроб. На трэцяй - набылі тэлевізары, халадзільнікі, іншыя тавары доўгага карыстання. “Цяпер больш за 90 працэнтаў сем’яў маюць халадзільнікі, а тэлевізараў можа быць і па два на кожны дом, кватэру”, - адзначае ён.

Цяпер, на чацвёртай хвалі, асноўны інтарэс - да аўтамабіляў і жылля. А на харчаванне і прамысловыя тавары беларусы могуць траціць прыкладна аднолькавыя сродкі.

Між тым у найбольш багатых краінах Еўрасаюза большасць насельніцтва жыве ўжо на пятай хвалі. Там грамадзянам на харчаванне хапае патраціць 12-17 працэнтаў іх грошай, таму яны могуць сабе дазволіць больш аддаць на падарожжы, адпачынак, адукацыю.

Мы таксама да гэтага павінны імкнуцца. Каля пяці працэнтаў жыхароў Беларусі, па падліках Леаніда Заікі, ужо жывуць у “пятым вымярэнні”. Але, каб такога ўзроўню жыцця дасягнула большасць беларусаў, можа спатрэбіцца не адно пяцігоддзе, а месячныя заробкі павінны скласці каля 2 тыс. долараў.

Як зэканоміць?

Сусветны эканамічны крызіс запаволіў рэальны прырост даходаў жыхароў Беларусі. Тым не менш ва ўрадзе па-ранейшаму абяцаюць у бліжэйшы час наблізіць сярэдні ўзровень заробкаў да 500 долараў. Гадоў дзесяць таму, напэўна, многія маглі б палічыць такую мэту недасягальнай, а тым больш 2 тыс. Аднак, напэўна, многія не забылі, што калісьці і 100 долараў лічылі за добры заробак.

І хоць мы яшчэ не дасягнулі пятай спажывецкай хвалі, толькі летась у арганізаваныя замежныя турыстычныя паездкі выехалі звыш 315 тыс. беларусаў.

Структура спажывецкіх расходаў, як прагназуюць эксперты, у нас і надалей будзе змяняцца. І самі грамадзяне могуць паскорыць гэты працэс.

Напрыклад, кожны можа правесці ўласнае маркетынгавае даследаванне: абысці бліжэйшыя прадуктовыя магазіны і вызначыць, дзе больш выгадна купляць. Канкурэнцыя паміж гандлёвымі сеткамі расце, таму яны мусяць прывабліваць пакупнікоў скідкамі і якаснымі таварамі.

Некаторыя раяць часцей апранацца ў сэканд-хэндах, а не на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Туды часам трапляюць новыя рэчы з еўрапейскіх сезонных распродажаў.

Ёсць і яшчэ адзін просты спосаб зэканоміць. Не палянуйцеся на працягу месяца метадычна занатоўваць, на што і колькі вы патрацілі грошай. Калі потым усё падлічыце, то можаце быць упэўненымі, што абавязкова знойдзеце тыя рахункі расходаў, па якіх можна траціць менш.

І, вядома, шмат залежыць ад нашай працы, ад таго, якім попытам будуць карыстацца ў Беларусі і за яе межамі нашы тавары і паслугі. Эканоміка па-ранейшаму вызначае ўзровень жыцця. Як базіс вызначае надбудову.

А як у іх

Эканомяць на ежы і адзенні, але не на аўто


Амерыканцы адмаўляюцца ад ранішняй кавы, італьянцы - ад новага адзення, французы ад рэстаранаў, а расіяне - ад дарагіх пакупак.

Так жыхары розных куткоў планеты адкарэктавалі свае расходы з улікам сусветнага эканамічнага крызісу. Як сведчаць даныя даследавання, праведзенага ў васьмі краінах Еўрасаюза і Расіі, найбольш актыўна іх жыхары пачалі эканоміць за кошт набыцця больш танных прадуктаў харчавання, абутку і адзення, адмовы ад частага наведвання рэстаранаў. Найменш ахвотна яны пагадзіліся скараціць свае расходы, напрыклад, шляхам памяншэння спажывання паслуг сувязі, адмовы ад страхавання і абмежавання паездак на прыватным аўтамабілі.

Амерыканцы сталі больш ахвотна набываць адносна недарагія тавары малавядомых гандлёвых марак, прыносіць на працу абед з дому, а таксама радзей карыстацца паслугамі цырульнікаў і стылістаў.
Нужные услуги в нужный момент
-10%
-20%
-50%
-20%
-30%
-10%
-20%
-25%
-20%
0057865