Деньги и власть


Сяргей КУРКАЧ, /

Пасля мёртвага сезона ў студзенi сёння рынак жыллёвай нерухомасцi пачаў пакрысе ажываць. Паводле iнфармацыi Нацыянальнага кадастравага агенцтва, у мiнулым месяцы колькасць зарэгiстраваных дагавораў куплi-продажу кватэр у параўнаннi з першым месяцам года павялiчылася амаль на трэць. У лютым у Мiнску было прададзена 425 кватэр. Больш за палову здзелак было заключана па адна- i двухпакаёвых кватэрах.

Цэны на раздарожжы


Мiж iншым, менавiта ў першыя два тыднi сакавiка сярэднi кошт прапановы квадратнага метра агульнай плошчы сталiчных кватэр таннеў тэмпам каля 3-7 долараў за тыдзень. Аднак наш эксперт — старшыня савета Беларускай асацыяцыi "Нерухомасць" Мiкалай Прасталупаў упэўнены, што сённяшняе патанненне не з'яўляецца доўгатэрмiновай тэндэнцыяй, а насамрэч другасны рынак такiм чынам адрэагаваў на ўзмацненне амерыканскай валюты. Проста асобныя прадаўцы падкарэктавалi ў бок знiжэння свае раней завышаныя цэннiкi. Паводле звестак iнфармацыйнага каталога спецыялiзаванага выдання "Нерухомасць Беларусi", сярэднi кошт квадратнага метра агульнай плошчы аднапакаёвых кватэр складае 1549 долараў. У сакавiку на другасным рынку з'явiлiся аднапакаёвыя кватэры агульнай плошчай да 34 квадратных метраў па кошце ад 42 да 45 тысяч долараў. Звычайна гэта "хрушчоўкi" на крайнiх паверхах старых пяцiпавярховых дамоў. Разам з тым Мiкалай Прасталупаў адзначае, што больш-менш прывабныя аднапакаёвыя кватэры можна сёння набыць не танней чым за 46-47 тысяч долараў. Самы распаўсюджаны кошт аднапакаёвак у Мiнску сёння складае ад 50 да 60 тысяч долараў. Колькасць прапаноў невялiкiх кватэр за апошнi месяц крыху павялiчылася. Такiм чынам прадаўцы жылля пачалi "прачынацца" пасля зiмовай спячкi.

З'явiлiся танныя двухпакаёўкi

У першай палове сакавiка павялiчылася i прапанова двухпакаёвых кватэр. Пасля гэтага цэннiк на не вельмi якасныя двухпакаёўкi крыху знiзiўся. Цяпер самыя "слабенькiя" двухпакаёвыя кватэры ў старых дамах прапануюцца за 52-54 тысячы долараў. Яшчэ ў студзенi такiя кватэры каштавалi на 2-3 тысячы больш. Сярэднi кошт жыллёвага квадрата такiх кватэр складае сёння 1491 долар. Самая вялiкая колькасць прапаноў двухпакаёвых кватэр прыпадае на цэнасны дыяпазон жылля ад 60 да 70 тысяч долараў.

Мiкалай Прасталупаў упэўнены, што яшчэ да мая двухпакаёвыя кватэры коштам да 55 тысяч долараў будуць "вымыты" з другаснага рынку сталiцы.

Цэны будуць стаяць яшчэ месяц

Спецыялiсты жыллёвага рынку сталiцы ўпэўненыя, што масавы патэнцыйны пакупнiк пачне цiкавiцца другаснай нерухомасцю толькi з сярэдзiны красавiка. Да гэтага часу цэны на кватэры павялiчвацца не будуць, магчыма нават невялiкае часовае патанненне. Рыэлтары адзначаюць, што ў жыхароў сталiцы няма вялiкiх аб'ёмаў свабодных грошай, а заробкi ў сярэдняга класа ў доларавым эквiваленце нават паменшылiся. У людзей застаецца адна надзея на крэдытныя рэсурсы банкаў. Днямi Нацбанк прапанаваў камерцыйным фiнансавым структурам зменшыць свае апетыты па працэнтах жыллёвых крэдытаў...

Крэдыты яшчэ кусаюцца

Пасля таго, як у другой дэкадзе лютага Нацбанк знiзiў стаўку рэфiнансавання да 13 працэнтаў, пэўныя банкi пачалi карэктаваць i сваю крэдытную палiтыку. У лютым Белгазпрамбанк змянiў дзве праграмы крэдытавання жылля. Крэдыт "Новабудоўля" тэрмiнам на 12 гадоў выдаецца пад 17-19 працэнтаў гадавых у залежнасцi ад узносу ўласных сродкаў. Мiнiмальная сума крэдыту складае 25 млн рублёў. Гэты крэдыт мае адну слушную ўмову: ён выдаецца толькi пры набыццi жыллёвай нерухомасцi непасрэдна ў забудоўшчыкаў праз акрэсленае кола рыэлтараў. Крэдыт "Навасёлы" дазваляе набываць жыллё i непасрэдна на другасным рынку. Аднак выдаецца ён тэрмiнам на 10 гадоў пад 20-22 працэнты.

На 0,5 працэнта знiзiў стаўкi па жыллёвых крэдытах Белiнвестбанк. Для асобаў без патрэбы ў паляпшэннi жыллёвых умоў такi крэдыт прапануецца пад 22,5 працэнта гадавых, для чаргавiкоў — пад 16 працэнтаў. Крэдыт выдаецца на 20 гадоў.

На адзiн пункт да 22 працэнтаў з 3 сакавiка знiзiлася плата за крэдыт на фiнансаванне нерухомасцi для фiзiчных асобаў у БПС-Банку. Такi крэдыт там выдаецца на 15 гадоў.

Самыя дарагiя крэдыты на будаўнiцтва цi куплю жылля застаюцца ў "Прiорбанку". Крэдыт тэрмiнам на 5 гадоў пад 25 працэнтаў гадавых.

Самае маштабнае крэдытаванне будаўнiцтва i набыцця жылля ажыццяўляе "Беларусбанк". Для асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў крэдыты даюцца пад стаўку рэфiнансавання плюс тры працэнтныя пункты. Для нечаргавiкоў жыллёвы крэдыт даецца на суму да 75 працэнтаў ад кошту будаўнiцтва, цi набыцця жылля пад 25 працэнтаў гадавых. Такiя крэдыты даюцца на 15 гадоў. Вялiкiя аб'ёмы фiнансавых сродкаў трацiць "Беларусбанк" па лiнii льготнага крэдытавання. Для звычайных чаргавiкоў iльготны крэдыт выдаецца пад 5 працэнтаў гадавых на 20 гадоў, для сельскiх жыхароў i шматдзетных — пад 1 працэнт гадавых на 40 гадоў. З першых дзён вясны ўказам прэзiдэнта № 120 павялiчаны памер усiх iльготных крэдытаў на будаўнiцтва жылля да 100 працэнтаў ад кошту жылля нарматыўных 20 квадратных метраў на чалавека жылога памяшкання тыпавых спажывецкiх якасцяў.

Цэны дыктуе попыт i аб'ёмы будаўнiцтва

Летась iстотнае патанненне другаснага жылля ў сталiцы справакаваў не толькi фiнансавы крызiс, але i адцягванне пэўнай долi патэнцыйных пакупнiкоў у сферу долевага будаўнiцтва. Камерцыйныя забудоўшчыкi прапанавалi тады клiентам значна таннейшы жыллёвы квадрат, таму прадаўцы другаснага рынку былi вымушаны згаджацца з iстотнымi знiжкамi. Сёння сiтуацыя ўжо iншая. У сувязi з падаражэннем энерганосьбiтаў i будматэрыялаў павялiчваецца сабекошт будаўнiцтва жылля. Але, галоўнае, што з пачатку года часова прыпынена льготнае крэдытаванне чаргавiкоў-дольнiкаў.

Нагадаю, што летась асобы з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў згодна з рашэннем Мiнгарвыканкама № 101, атрымлiвалi льготныя крэдыты на 20 гадоў пад 5 працэнтаў гадавых. Па лiнii камерцыйнага будаўнiцтва ў мiнулым годзе льготныя крэдыты атрымалi 2 тысячы 700 дольнiкаў. Гэтыя крэдытныя рэсурсы значна дапамаглi сталiчным будаўнiкам, якiя летась пабудавалi 375 тысяч квадратных метраў камерцыйнага жылля. Сёлета такога жылля трэба пабудаваць ужо каля 680 тысяч "квадратаў".

Але цi будуць гэтыя планы рэалiзоўвацца, калi будаўнiкам не хапае падрыхтаваных пляцовак i камунiкацый. А тут i з iльготным крэдытаваннем дольнiкаў узнiкла пытанне...

Ужо два з паловай месяцы банкiры не даюць iльготных крэдытаў удзельнiкам долевага будаўнiцтва, бо не ўпэўненыя, што ў поўнай меры забяспечваецца прынцып чарговасцi пры фармiраваннi спiсаў на такое крэдытаванне. Кiраўнiцтва Нацбанка ўдакладнiла па гэтым пытаннi, што менавiта праз чарговасць такiх спiсаў перад жыхарамi Мiнска захоўваецца прынцып сацыяльнай справядлiвасцi. Па сутнасцi, цяпер жыллёвыя аддзелы сталiчных раёнаў павiнны апытаць усiх жыхароў горада з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў i прапанаваць iм будавацца па схеме долевага будаўнiцтва. Банкаўскiя спецыялiсты ўпэўненыя, што льготныя крэдыты неабходна выдаваць у першую чаргу тым патэнцыйным дольнiкам, хто стаiць у жыллёвай чарзе даволi працяглы час, пачынаючы з 1987 года. Ажыццявiць такое апытанне па традыцыйнай схеме за невялiкi час практычна нерэальна. За апошняе паўгоддзе жыллёвая чарга павялiчылася амаль на 20 тысяч i складае ў сталiцы больш як 270 тысяч сем'яў i чалавек.

Зрэшты, начальнiк упраўлення жыллёвай палiтыкi Мiнгарвыканкама Мiкалай Ком паведамiў рэдакцыi, што для вырашэння гэтай праблемы цяпер у мэрыi падрыхтаваны праект рашэння, якое расставiць усе кропкi над "i". Удакладняюцца спiсы, якiя накiроўваюцца ў банк. Iльготнае крэдытаванне ўдзельнiкаў долевага будаўнiцтва будзе абавязкова працягнута, лiчыць Мiкалай Ком.

Разам з тым, праблема льготных крэдытаў сур'ёзна ўдарыла па планах забудоўшчыкаў, паведамiў карэспандэнту "Звязды" начальнiк упраўлення жыллёвага будаўнiцтва Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва Аляксандр Горваль. Пачынаючы са студзеня, людзi пачынаюць адмаўляцца ад заключаных дагавораў, не складаюцца новыя дагаворы, а долеваму будаўнiцтву не хапае фiнансавання. Без зразумеласцi па пытаннi льготных крэдытаў арганiзатары "далёўкi" адкладаюць старт будаўнiцтва новых дамоў.

Калi такая сiтуацыя працягнецца даволi працяглы час, клiенты будуць вымушаны набываць жыллё на другасным рынку. А пры павелiчэннi попыту пачнуць даражэць i кватэры. Мiкалай Прасталупаў упэўнены, што нават пры сцiплым сцэнарыi развiцця падзей жыллё ў сталiцы да лiстапада павiнна падаражэць мiнiмум на 10 працэнтаў.
Нужные услуги в нужный момент
-20%
-20%
-70%
-35%
-50%
-20%
-24%
-35%
-45%