Общество


Настасся Занько, Сяргей РАСОЛЬКА, /

Вясной Камароўка "расцвітае" агуркамі ды памідорамі, цыбуляй ды шчаўем. Аднак сёлета нечакана рана тут з'явіліся... падасінавікі і чарэшня...

Майскія падасінавікі з-пад Барысава

Ранішняя Камароўка не спяшаецца. Па праходах ісці вольна, ніхто не штурхае і не падбівае. Гандляркі выкладваюць пірамідкамі, падобнымі да егіпецкіх, агуркі ды памідоры, прычэсваюць пальцамі кроп.

І сярод гэтай зеляніны на прылаўку раптам — грыбы. Не шампіньёны, не вешанкі, а самыя сапраўдныя, лясныя! Пяць вядзерцаў стаялі каля часнаку.

— Ой, а дзе вы назбіралі такіх грыбоў? — пытаюся ў маладой жанчыны з сынам.

— А там, пад Барысавам, — ухіляючыся ад адказу, махае рукой жанчына. — Вы не падумайце, яны правераныя, нават даведка аб радыяцыйным кантролі ёсць.
Фота: Марына БЕГУНКОВА
Фота: Марына БЕГУНКОВА
<
Літровае вядзерца грыбоў "заважыць" трыццаць тысяч. А побач шампіньёны за пятнаццаць тысяч. Таму давядзецца супчык з заморскімі грыбамі варыць...

Шчаўе з поймы Свіслачы

— Бярыце шчаўе ды бацвінне. Па паўтары тысячы пучок, — крычаць дзве маленькія бабулькі. — І шчаўе. Не простае, а лугавое...

— Ці не каля дарогі сабранае? — пытаюся ў гандлярак.

— Вы што? — абураюцца яны. — У пойме Свіслачы рвалі.

Кожны трэці прылавак стракаціць зелянінай: тут і кучаравая пятрушка, і доўгая цыбуля, а таксама безліч кропу. Зелена так, што аж у вачах цямнее. Кошты на зеляніну амаль ва ўсіх аднолькавыя. Пятрушка, кроп, зялёная цыбуля, салата — 1000 рублёў за пучок, мята ды кінза — ад 2500.

— Мілая, купіце цыбульку, — паказваючы на нейкую траву, просіць бабуля. — За 800 рублёў аддам.

— А што гэта за цыбуля? — пытаюся ў яе я.

— Ды вырасла нейкая на агародзе. Вось я і вырашыла прадаць, — тлумачыць бабуля, — Усё ж грошы, дадатак да пенсіі.

Памідоры са Ждановічаў каштуюць як турэцкія

Каля прылаўка агракамбіната "Ждановічы" стаіць чалавек трыццаць.

— Стаю тут, таму што беларускае больш якаснае, — кажа Святлана. — Я прыйшла па памідоры ды яшчэ, можа, кілаграм агуркоў куплю. Але пакуль стаю ды гляджу. Сыходзячы з таго, што ў мяне ў падсвядомасці ёсць. Памідор, ён вырас тут і не ехаў немаведама колькі. Таму па якасці ён павінен быць лепшы, а па кошце таннейшы. А вы гляньце на цэннік. Памідоры беларускія па 6000 рублёў, столькі ж каштуюць і турэцкія... Пахрумсцець агурком можна, аддаўшы ад 2800 да 5000, кабачкі заважаць на 5 тыс. Столькі ж каштуе і морква новага ўраджаю.

Зрабіць веснавы салат з радыскі, цыбулі ды кропу будзе каштаваць вам ад 5 тысяч.

"Куслівая" чарэшня


Стракатыя шэрагі аранжавых мандарынаў, жоўтых лімонаў і зялёных лаймаў радуюць пакуль толькі вока. Рука ў кашалёк ад такіх коштаў неяк не цягнецца.

Акрамя апельсінаў і мандарынаў па 6-8 тыс., ёсць на Камароўцы і першая чарэшня па 40—65 тысяч, а таксама клубніцы ад 12 да 20 тыс.

— Адкуль у вас чарэшня? — пытаюся.

— Гэта ўкраінская, — адказвае дзяўчына.

На пытанне, чаму так дорага, яна толькі паціскае плячыма...

Вінаград можна знайсці і за 6000. Але гэта малдаўскі, крыху сапсаваны. Сярэдні каштуе ад 14 тыс.

"Больш кветкі саджаюць, чым памідоры"

На Камароўцы ёсць месца, куды сцякаюцца ўсе дачнікі. Гэта шэрагі расады. Тут усё, што пажадае ваша ўлюбёнае ў зямлю сэрца. Расаду можна набыць у межах 1500—2500 за дзясятак каліваў капусты, 3-4 тыс. — перцаў, 4-5 тыс. — памідораў.

— Кожная капуста ў свой час смачная. Таму патрэбна браць і раннюю, каб у ліпені была, і познюю, каб у жніўні яшчэ есці можна было. А ў верасні — "Беларуская". Для засолкі падыходзіць капуста "вялікая галава", — раіць пажылая жанчына. — Расада добрая — 2000, горшая — 1500. А памідоры па 4000.

— От бачыце, як на пенсію выйшла, дык і гандляваць стала тут. А раней на добрай працы працавала, — нечакана дадае гандлярка.

Побач з яркай расадай петуніі прымасцілася гандлярка расадай перцаў ды памідораў.

— Перац галандскі, буйны, хутка прыжываецца. Мы насенне самі купляем, а пасля вырошчваем на прыватным участку пад Мінскам ды прадаём тут, — апавядае Ганна. — Цяпер, праўда, горш стала расаду прадаваць, таму што людзі больш кветкі сталі саджаць.

Дарэчы

Ранняму з'яўленню грыбоў паспрыяла надвор'е

Большасць аматараў "ціхага палявання" традыцыйна разлічвае напоўніць свае кошыкі лісічкамі, бабкамі, баравікамі значна пазней. А тут яшчэ май не скончыўся — а паглядзіце, якія прыгажуны-падасінавікі! Гэта ж вам не смаржкі і страчкі (якія, да слова, каб не было праблем, патрабуюць сур'ёзнай кулінарнай апрацоўкі). Дзіва?

— Ну, раз прадаюць — ніякага дзіва няма. Сёлета ранняму з'яўленню грыбоў паспрыялі ўмовы надвор'я: і ўвогуле ранняя вясна, і цёплы і вільготны май, — патлумачыла загадчык лабараторыяй мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук Беларусі Вольга ГАПЕЕНКА.

— І дзе, у якіх месцах пры такіх умовах могуць з'явіцца раннія грыбы і якія? Вось прадавец на Камароўцы сцвярджае, што назбіраў іх недзе непадалёк ад Мінска.

— Цалкам верагодна, што ён гаворыць праўду — вакол сталіцы зараз стаіць вада. Увогуле, любыя грыбы пры такіх умовах могуць з'явіцца раней звычайнага паўсюдна па Беларусі. На Брэстчыне, скажам, найперш, бо там лясы добрыя. З іншага боку я нядаўна ездзіла ў Гомельскую вобласць — а там пакуль нічога няма.

— Наколькі часта ў нас так рана ў лясах з'яўляюцца грыбы, збіраць якія большасць прызвычаілася значна пазней?

— Такой статыстыкі не вядзецца.


Па сакрэце

"Як выбраць лепшы тавар?".

— Як выбраць самае лепшае? Пакуль не будзе практыкі, нічога не выбераце. А лепш хадзіць да сваіх знаёмых гандлярак, — кажа гандлярка Надзея Шавель са Смалявічаў. — Вось я ўсё вырошчваю сама. Дваццаць гадоў ужо. Маю гародніну ў рэстарацыі бяруць.. А тут бывае, што прадаюць усё запар.

— Найбольш наплыў пакупнікоў у вяснова-летні перыяд назіраецца ў чацвер і пятніцу — у другой палове дня. А таксама ў суботу зранку, — расказвае Андрэй Латышаў, намеснік начальніка службы арганізаванага рынкавага гандлю КУП "Мінскі Камароўскі рынак". — Калі хочацца купіць нешта танней, то мае сэнс прыходзіць у нядзелю ў другой палове дня. Таму што на рынку ў панядзелак выхадны дзень, і прадаўцы скідваюць кошты, каб не плаціць за камеру захоўвання. Таму другая палова нядзелі — для тых, хто хоча купіць садавіну танней, а ранак усіх іншых дзён — для тых, хто хоча большы асартымент...
Нужные услуги в нужный момент
-35%
-10%
-10%
-20%
-10%
-10%
-10%
-40%