Общество


Павел Свярдлоў, /

За ацяпленне і асвятленне катэджа плошчай у 203 квадратныя метры ЖКГ можа выставіць рахунак у 600 долараў! Але дакладных тарыфаў пакуль што не ведаюць ні ў Міністэрстве ЖКГ, ні на месцах.

Уявім сабе звычайны прыватны дом. Дом, збудаваны на вялікую сям’ю, дзе б дзядулі і бабулі жылі разам з унукамі. Збудаваны, напрыклад, гадоў з 10 таму. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці.

Калі гаспадар будаваў гэты дом, а пасля за ўласныя грошы пракладаў да яго дарогу, сваімі рукамі складаў калодзеж і падводзіў газ, ён і ўявіць не мог, што ў чэрвені 2010 года яго жыллё палічаць элітным толькі таму, што яго плошча на 3 метры перавышае 200 м2.

Спадар: “Прыйшла паперка з выканкама: ваш дом залічаны ў спіс дамоў павышанай камфортнасці. Па плошчы. Абсталяваны сістэмай мясцовай каналізацыі і г.д. Я пытаюся ў выканкаме: кім абсталяваны? Дарогу вы не рабілі - я падсыпаў сам. На газ я асабіста дамаўляўся, пасля толькі правялі. Кацёл паставіў сам. Халодную ваду праз нейкі час правялі, але я ёю не карыстаюся, у мяне калодзеж. Дык кім абсталяваны? А яны кажуць: вы ўсё гэта паставілі - ну дык і плаціце! А мы лічым па метрах...”

Згодна з пастановай Саўміна, з 1 чэрвеня 2010 года фізічныя асобы - уладальнікі жылля плошчай больш за 200 квадратных метраў, мусяць напоўніцу вяртаць выдаткі на тэхабслугоўванне і камунальныя паслугі. З дапамогай супрацоўнікаў выканкама гаспадар падлічыў: узімку, калі пачнецца ацяпляльны сезон, плата за яго дом можа дасягнуць 1 мільёна 800 тысяч рублёў!

Для алігарха, які пражывае ў раскошных “харомах”, гэта былі б капейкі. Але для звычайнага чалавека - больш за два месяцовыя заробкі.

Спадар: “Я атрымліваю каля 700 тысяч рублёў. Да таго ж узялі крэдыт на пакупку кватэры для дачкі - 1 мільён 300 тысяч за месяц трэба аддаваць. Мы з жонкай гарбацімся, цыбулю вырошчваем... Тут яшчэ гэтая бяда звалілася”.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі Еўрарадыё распавялі, што праблемы з вызначэннем крытэраў “элітнасці” цяпер сапраўды ёсць. А каб праверыць, ці сапраўды плата за катэдж можа перавысіць 600 долараў, параілі звярнуцца ў мясцовыя жыллёва-камунальныя гаспадаркі:

Супрацоўнік Міністэрства ЖКГ: “Мясцовыя органы ўлады самі прымаюць тарыфы. Калі б яны па Беларусі былі адзіныя, мы б падлічылі да рубля і сказалі вам. А так - не атрымаецца”.

У мясцовым упраўленні ЖКГ нам лёгка налічылі за “элітны” дом першыя 110 тысяч. Яны пойдуць на аплату тэхнічнага абслугоўвання:

Супрацоўніца ўпраўлення ЖКГ: “Калі ў вас прапісана 2 чалавекі, па норме гэта 50 квадратных метраў. За іх вы з 1 чэрвеня заплаціце па 296 рублёў. 50 х 296 = 14 тысяч 800 рублёў. Ад 203 аднімаем 50 - атрымліваем 153 “лішніх” метры. За іх тарыф - 622,5 рублёў. Памнажаем 153 на 622,5 і атрымліваем 95 тысяч 242,5 рублі. Складаем дзве лічбы... Такім чынам, вы будзеце за гэта плаціць 110 тысяч 43 рублі”.

Падлічыць плату за газ і электраэнергію ў ЖКГ дапамагчы не змаглі. Маўляў, не наша справа. Наш суразмоўнік, абапіраючыся на звесткі пра тое, што сёлета беларусы аплачваюць гэтыя выдаткі толькі на 1/3, папросту памножыў лічбы з леташняй зімовай “жыроўкі” на тры... І пачаў шукаць, дзе б набыць торфабрыкет.

Але ў аддзеле збыту РУП “Гроднаэнерга” Еўрарадыё паведамілі, што не ўсё так проста. Для ўладальнікаў жылля плошчай, большай за 200 квадратаў, будзе вызначаны пэўны тарыф на электраэнергію. Але... пакуль чыноўнікі яго яшчэ не ведаюць!

Супрацоўнік РУП “Гроднаэнерга”: “Пакуль яшчэ няма тарыфаў. Нам тарыфы на электраэнергію для дамоў павышанай камфортнасці яшчэ не давялі”.

У гродзенскім упраўленні ЖКГ нам патлумачылі, у чым справа. У пастанову Саўміна, згодна з якой уладальнікі “лішніх” метраў і элітнага жылля мусяць плаціць за кватэру напоўніцу, цяпер уносяцца змены:

Супрацоўніца гродзенскага ўпраўлення ЖКГ: “У тую пастанову Савета міністраў, з-за якой, як вы кажаце, нервуюцца людзі, як раз цяпер уносяцца змены. І пакуль яна да нас на ўзгадненне не прыйшла. Таму нічога пэўнага я вам зараз сказаць не магу. Якія там будуць змены - ніхто не ведае”.

Тым часам да другой дэкады ліпеня, калі беларусы павінны атрымаць “жыроўкі” за чэрвень, засталіся лічаныя дні. Якімі б не былі змены ў пастанове Саўміна, улетку кватэрная плата ўладальнікаў жылля “павышанай камфортнасці” зменіцца нязначна. А далей... людзі будуць запасацца торфабрыкетам і са страхам чакаць зімы.
Нужные услуги в нужный момент
-45%
-52%
-37%
-15%
-50%
-15%
-20%
-10%
0058043