Общество


Сяргей ГРЫБ, /

Праблема працы ў рэжыме скарочанага тыдня і вымушаных водпускаў значна абвастрылася летась. Сёлета сітуацыя стала змяняцца, і да таго ж — у лепшы бок. У прыватнасці, статыстыка сведчыць: адносна аналагічнага перыяду мінулага года паказчыкі вымушанай няпоўнай занятасці ў сталіцы зменшыліся на 4 працэнта. І разам з тым нельга не заўважыць, што ў буйнейшым горадзе краіны па-ранейшаму застаецца 11 праблемных прадпрыемстваў, а ў "скарочаным фармаце" працуе каля 3,3 тыс. чалавек. Прычым у сувязі з натуральным зніжэннем узроўню даходаў ці не да кожнага з іх становіцца актуальнай тэма дадатковых заробкаў.

Інтэрнэт. Або служба занятасці

Увогуле шляхоў пошуку дадатковай крыніцы заробкаў на цяжкія часы некалькі. Зразумела, што ў любым выпадку гэтыя пошукі можна весці самастойна. А можна — і праз службу занятасці насельніцтва.

— У сувязі з новымі рэаліямі яшчэ летась у Мінску было прынятае рашэнне аб стварэнні інфармацыйнай базы грамадскіх, часовых і сезонных работ, гэта база абнаўляецца штомесяц, і, напрыклад, цяпер у ёй налічваецца больш за тысячу вакансій, — распавядае галоўны спецыяліст упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Тамара Еўсіевіч. — Скарыстацца звесткамі базы магчыма праз інтэрнэт. Аднак тут магчымы і непасрэдны зварот да спецыялістаў службы занятасці — падабраць прымальны варыянт можна з іх дапамогай.

Дарэчы, найбольш уважлівым будзе падбор варыянтаў дадатковых даходаў для работнікаў, якія апынуліся ў вымушаным водпуску без захавання зарплаты. Для часовага ўладкавання такіх работнікаў сталічная служба занятасці нават заключыла спецыяльныя дагаворы з некаторымі прадпрыемствамі горада. Прычым прадпрыемствы, што падпісалі дагаворы, атрымалі фінансавую падтрымку за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Будаўніцтва плюс сельгасработы

Варта адразу ж заўважыць, што прапановы часовых заробкаў перш-наперш разлічаныя на некваліфікаваную працоўную сілу. Скажам, заяўкі выстаўляе зелянбуд, заапарк, Цэнтральны батанічны сад, гандаль. І ўсё ж у лідарах — зусім іншыя сферы. Так, найбольшую колькасць заявак улетку робяць будаўнічыя арганізацыі. А недзе з сярэдзіны жніўня, часу пачатку масавага збору ўраджаю, першынство пераходзіць да сельгаспрадпрыемстваў.

— Практыка сведчыць, што ў сезон людзі едуць у сельгаспрадпрыемствы ахвотна, і ў першую чаргу з-за магчымасці атрымаць разлік прадукцыяй — бульбай, морквай, капустай, буракамі, — заўважае Тамара Еўсіевіч. — Прычым з улікам таго, што самі прадпрыемствы знаходзяцца за межамі сталіцы, мы імкнёмся пайсці насустрач пажаданням і ўзяць на сябе вырашэнне "транспартнага пытання". Інакш кажучы, службы занятасці арганізоўваюць падвоз, і да таго ж падвоз бясплатны.

Умовы і памеры будуць рознымі

Натуральны разлік за сельгасработы папулярны. Але не галоўны. У асноўным часовыя наймальнікі плацяць менавіта "жывыя" грошы.
— Часовыя заробкі прапануюць розныя прадпрыемствы і арганізацыі, адпаведна, бываюць далёка не аднолькавымі ўмовы і памеры аплаты працы — у такім выпадку ўсё залежыць ад падыходаў і магчымасцяў наймальнікаў, — адзначае Тамара Еўсіевіч. — Аднак тут ёсць жорсткае правіла: пры любой раскладцы наймальнікі павінны забяспечыць заробкі ў памеры не ніжэй за "мінімалку" прапарцыянальна адпрацаванаму часу ці ў залежнасці ад аб'ёмаў выкананых работ.

Адзін дзень — таксама з дагаворам

Скарыстацца магчымасцю часовых падпрацовак можа кожны, і, у прыватнасці, гэта датычыцца пенсіянераў. Агаворку трэба зрабіць толькі наконт моладзі. Так, заканадаўства забараняе працаўладкаванне асобаў, якім не споўнілася 14 гадоў. А таксама прадугледжвае: працягласць працоўнага тыдня для асобаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў не павінна быць больш за 20, а для асобаў ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — больш за 35 гадзін.

— Рэжым работы, і ў тым ліку канкрэтныя дні выхадаў, усіх астатніх вызначаецца паводле дамоўленасці з наймальнікам, прычым з наймальнікам неабходна абавязкова заключыць пісьмовы дагавор, — падкрэслівае Тамара Еўсіевіч. — Дагавор заключаецца нават у выпадку, калі самі падпрацоўкі працягваюцца ўсяго адзін дзень. Бо гэта — пытанне сацыяльных гарантый. Работнік, які падпісаў дагавор, можа быць упэўнены ў тым, што яго дзейнасць пойдзе ў пенсійны стаж, што ў выпадку пэўных акалічнасцяў ён будзе мець права на бальнічны, на страхавыя выплаты пры няшчасным здарэнні на вытворчасці, урэшце, што яму выплацяць заробленыя грошы.

Але тут варта зрабіць заўвагу. Паколькі работнік, пераведзены на няпоўны тыдзень ці адпраўлены ў вымушаны водпуск, сваё асноўнае месца працы ўсё ж не страчвае, замацаваць свае адносіны з часовым наймальнікам ён можа толькі праз грамадзянска-прававы дагавор ці праз сумяшчальніцтва.

— Як правіла, умовы афармлення залежаць ад пазіцыі арганізацыі, — заўважае Тамара Еўсіевіч. — Прычым сама форма дагавору вызначыць тактыку паводзінаў у спрэчных сітуацыях. Напрыклад, ёсць патрабаванне заканадаўства — канчатковы разлік павінен рабіцца ў апошні дзень работы. І калі гэтае патрабаванне не выконваецца, то сумяшчальнік мае магчымасць звярнуцца ў дзяржаўную інспекцыю працы ці ў суд. Тады чалавек, які быў аформлены паводле "дагавору падраду", зможа запатрабаваць выплату сваіх грошай толькі ў судовым парадку.

Пра падпрацоўкі можна не казаць

Між тым, не сакрэт: наважыцца на падпрацоўкі бывае няпроста. І часцяком не з-за адсутнасці жадання. Бо ў работніка, які пераведзены на няпоўны тыдзень або знаходзіцца ў вымушаным водпуску, сітуацыя атрымліваецца па-сапраўднаму пікантнай. У прыватнасці, узнікае пытанне: што будзе ў выпадку, калі пра "дадатковыя заробкі" даведаюцца... па асноўным месцы працы?

— Звычайна пры вымушанай няпоўнай занятасці да намераў зарабіць дадатковыя грошы па асноўным месцы працы ставяцца з разуменнем, — зазначае Тамара Еўсіевіч. — Але калі тут ёсць пытанні, то можна нагадаць наступнае: чалавеку, які хоча падпрацаваць, звычайна для афармлення патрэбныя толькі пашпарт і пасведчанне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання — словам, дакументы, якія знаходзяцца "на руках". А вось прад'яўляць працоўную кніжку зусім неабавязкова. Такім чынам, у такога чалавека няма і неабходнасці казаць пра свае намеры свайму "асноўнаму" наймальніку.