Финансы компаний


Сяргей КУРКАЧ,

У той час, калі на мінскім другасным рынку жыллёвай нерухомасці назіраецца ўпэўненае патанненне (маецца на ўвазе доларавы эквівалент коштаў), на рынку арэнды кватэр "запрацавалі" ўжо іншыя тэндэнцыі, калі актывізацыя студэнтаў спрыяе чарговаму сезоннаму падаражанню арэнды.

Попыт абганяе прапанову

Амаль на працягу трох апошніх месяцаў у Мінску існавала максімальная прапанова здымных кватэр. У той час кліенты мелі магчымасць доўга выбіраць сабе жыллё і патрабавалі ад гаспадароў сур'ёзныя зніжкі. Яшчэ ў ліпені аднапакаёвую кватэру без праблем можна было адшукаць за 150 долараў. Сёння такіх цэннікаў ужо няма, бо попыт зноў, як і заўсёды ў канцы лета, істотна павялічыўся за кошт студэнтаў, у тым ліку і першакурснікаў, якія пачалі шукаць жыллё.

Цяпер самыя "слабенькія" аднапакаёвыя кватэры без мэблі ў Шабанах або ў новабудоўлях побач з кальцавой дарогай каштуюць 180 долараў плюс плата за камунальныя паслугі. Ёсць і таннейшыя кватэры, але ўжо ў Бараўлянах, дзе аднапакаёўкі з мэбляй у новабудоўлях прапануюцца за 150—160 долараў. Сярэдні кошт арэнды стандартных аднапакаёвых кватэр у спальных раёнах павялічыўся да 190—210 долараў. Аднапакаёўкі побач з лініяй метро прапануюцца за 220—230 долараў, а крыху лепшыя кватэры з пральнай машынай і якаснай кухняй цягнуць ужо да 250—270 USD.

Аднапакаёвыя кватэры эліткласа агульнай плошчай 45—50 квадратных метраў прапануюцца, галоўным чынам, у цэнтры сталіцы. Такія кватэры з еўрарамонтам і бытавой тэхнікай замежнай вытворчасці каштуюць ужо 400—600 долараў.

Сярэдні кошт двухпакаёвак дасягнуў 270 долараў

Паводле інфармацыі агента па аперацыях з жыллёвай нерухомасцю агенцтва нерухомасці "Дзінас" Іны Кульшы, мінімальны цэннік арэнды невялікіх па плошчы двухпакаёвых кватэр без мэблі ў Лошыцы, па вуліцы Казінца, у Шабанах і Чыжоўцы складае цяпер 220 долараў. Сярэдні кошт прапановы двухпакаёвак з мэбляй вагаецца ў межах 270—280 долараў. Тут трэба заўважыць, што больш-менш прывабныя кватэры з якаснай мэбляй студэнтам не прапануюцца катэгарычна. Калі цэннік на такія кватэры крыху вышэйшы, тады разлік ажыццяўляецца ўжо не ў доларах, а ў беларускіх рублях. Пры разліках эквівалент долара вагаецца ў межах ад 6 да 7 тысяч рублёў. Менавіта ў другой дэкадзе жніўня на рынку сталічнай арэнды з'явіўся ўпэўнены попыт на якасныя двухпакаёўкі, "упакаваныя" сучаснай пральнай машынай і іншай тэхнікай, а таксама добрай мэбляй. Зараз у агенцтвах нерухомасці існуюць заяўкі на такія кватэры за 350 долараў, аднак яны не заўсёды выконваюцца, бо не хапае прапановы. Сярэдні кошт сапраўды якасных двухпакаёвак цяпер пачынаецца з 400 долараў. Элітныя двухпакаёвыя кватэры каштуюць ужо да тысячы долараў.

Самыя танныя трохпакаёвыя кватэры прапануюцца сёння за 270—280 долараў. У каталозе прапановы існуе некалькі шматпакаёвых кватэр без мэблі ў Шабанах за 250 долараў. Праўда, зусім дрэнныя па якасці кватэры карыстаюцца мінімальным попытам нават у студэнтаў.

Самая масавая прапанова трохпакаёвак сярэдняй якасці мае цэннік у межах 350—400 долараў, а кватэры з пральнымі машынамі — 400—450 долараў.

Элітныя трохпакаёвыя кватэры з пачатку года патаннелі ажно на 700—1000 долараў. Сёння кошт іх стабілізаваўся, а цэннікі на такое жыллё вагаюцца ў межах ад 1 да 1,8 тысячы долараў. Такое самае дарагое жыллё сталіцы здаецца ў арэнду грамадзянам з іншых краін выключна за валюту.

Наш эксперт Іна Кульша ўпэўнена, што першая хваля сур'ёзнага попыту з боку студэнтаў пачнецца ўжо ў наступныя выхадныя. У трэцяй дэкадзе жніўня агенцтвы нерухомасці пачнуць масава наведваць бацькі першакурснікаў, а потым у верасні пачнецца сапраўдны студэнцкі ажыятаж. Што будзе тады з цэнамі на арэнду?

А нічога, лічыць Іна Кульша. Цэны на якасныя кватэры ўжо павялічыліся, акрамя таго, долары сталі вельмі дарагімі, таму далёка не кожная кішэня пацягне такі цэннік. Магчыма, на піку ажыятажнага попыту кошт арэнды ў верасні можа крыху павялічыцца, аднак падобная сітуацыя можа працягнуцца, лічыць эксперт, не больш за адзін-два месяцы.

У сённяшнія складаныя часы ўсё большая частка студэнтаў шукае ўжо не асобныя кватэры, а пакойчыкі ці нават ложка-месца ў жылым памяшканні разам з гаспадаром. Кошт асобнага пакойчыка складае цяпер 90—100 долараў, або 50—60 долараў з чалавека, калі засяляюцца ўдваіх.

Пошук асобнага пакойчыка, дзе паслуга агенцтваў нерухомасці прадугледжвае плату па факце засялення, каштуе кліентам 175 тысяч рублёў. За паслугу з фактычным засяленнем у кватэру коштам да 300 долараў кватарантам неабходна заплаціць агенцтву ўжо 350 тысяч. Паслуга агенцтва па кватэрах з цэннікам арэнды ад 600 да 500 долараў каштуе ад 455 да 525 тысяч, па кватэрах у дыяпазоне коштаў 510—700 долараў — 630—805 тысяч, а па кватэрах эліткласа з арэндай — звыш 710 долараў агенцтву неабходна будзе заплаціць ад 980 да 1 млн 505 тысяч рублёў.

У далёкай перспектыве арэнда працягне даражэць

Іна Кульша лічыць, што ў бліжэйшыя 6 месяцаў кошт арэнды істотна не зменіцца (калі не ўлічваць сезонныя ваганні). Разам з тым, новыя крытэрыі патрэбнасці ў жыллі ў Мінску, якія зніжаны да 10 квадратных метраў на чалавека і павелічэнне да 10 гадоў тэрміну, што абмяжоўвае пастаноўку на жыллёвы ўлік грамадзян, якія прыбылі ў сталіцу з іншых населеных пунктаў, паўплывае на далейшую актывізацыю патэнцыйных кватарантаў на рынку арэнды. Іншагароднім будавацца ў сталіцы стане складаней. Не зможа будавацца з ільготнымі крэдытамі і "залатая" моладзь, якая жыве з бацькамі ва ўласных кватэрах і мае нядрэнныя заробкі. Усе гэтыя кліенты будуць вымушаны набываць кватэры на другасным рынку, будаваць жыллё па камерцыйных цэнніках або здымаць жылыя памяшканні па рынкавым кошце. Пасля таго, як попыт на здымнае жыллё істотна павялічыцца, арэнда на яго пачне даражэць. Гэта абавязкова будзе, але не заўтра і нават не сёлета, лічыць Іна Кульша. 
 
Нужные услуги в нужный момент
0058415