Личный счет


Леанід Лахманенка,

%D0%A4%D0%BE%D1%82%D0%BE%20TUT.BY
Фото TUT.BY
Як і куды мы трацім валюту? А таксама пра інвестыцыйны патэнцыял зберажэнняў насельніцтва наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам і экспертам Леанідам Заікам.

— Леанід Фёдаравіч, па зразумелых прычынах валютная тэма амаль увесь мінулы год была надзвычай злабадзённай. Не страціла яна актуальнасці і цяпер. Якое ваша самае моцнае ўражанне ад валютных перыпетый на бытавым узроўні?

— Бадай, самы яркі прыклад панічнага выкарыстання грашовых сродкаў — гэта мінулагодні аўтамабільны ажыятаж. Летась на набыццё патрыманых імпартных аўтамабіляў насельніцтва Беларусі выдаткавала больш як два мільярды долараў. Для нашай краіны — каласальная сума. Для многіх беларускіх сем'яў гэтыя выдаткі не апраўдалі надзеі на вяртанне грошай з істотным "наварам". Сёння як нешта дзіўнае ўзгадваецца тое, як асобныя прагныя да лёгкага заробку людзі напазычаліся ў сваякоў, сяброў, знаёмых, залезлі ў рублёвыя і валютныя крэдыты, прадалі дачу (нехта нават лішнюю кватэру), каб набыць два-тры "крутыя", але патрыманыя пазадарожнікі. Разлік быў просты: пасля ўвядзення новых мытных пошлін машыны прадаць па новай цане, пажадана ў Расію. І далёка не ў кожнага гэтыя спадзяванні здзейсніліся. Цяпер у гаражах, на аўтастаянках захоўваецца шмат нерэалізаванага аўтатранспарту. А машына — не ўчастак зямлі пад Мінскам: з кожным годам страчвае ў цане. Людзі думалі, што гэта на той момант самае выгаднае ўкладанне свабодных сродкаў, і пралічыліся.

— А хто выйграў?

— У асноўным палякі і літоўцы, а яшчэ немцы, якія спецыялізуюцца на пасрэдніцкіх аперацыях па продажы і перапродажы патрыманых аўтамабіляў. Да іх самалётамі ляцелі казахстанцы, на цягніках, аўтобусах і легкавушках рухаліся беларусы і расіяне, каб набыць жаданую машыну, нярэдка без фары, са зломанымі дзвярыма, неадрэгуляванымі тармазамі і іншымі дэфектамі. Такая вось была аўтамабільная ліхаманка.

— Якія высновы з яе нам трэба зрабіць у валютным аспекце?

— Самае цікавае і сумнае ў гэтай гісторыі тое, што сумесная масіраваная атака расіян, беларусаў і казахстанцаў разбурыла замежны рынак патрыманых аўтамабіляў, які існаваў дагэтуль. Дзякуючы леташняму шалёнаму попыту на 15 працэнтаў выраслі цэны на патрыманыя іншамаркі за мяжой. Іх гандляры, каб задаволіць "людзей з Усходу", пачалі нават прадаваць па завышаных цэнах розны аўтамабільны хлам пад выглядам "яшчэ моцных машын". У выніку толькі грамадзяне Беларусі ў час гэтага "хапуна" пераплацілі прыкладна 300 мільёнаў долараў.

— А ці можна было гэтых страт пазбегнуць?

— Вядома. Прадстаўнікам урадаў Беларусі, Расіі і Казахстана варта было б дамовіцца аб "мяккім" вырашэнні ў межах Мытнага саюза аўтамабільнага пытання. Можна было б знайсці варыянты і не страціць 300 мільёнаў долараў. Гэта па сціплых падліках. У той сітуацыі, на мой погляд, беларускі ўрад павінен быў праявіць настойлівасць, калі хочаце, рашучасць у перамовах з расійскім урадам, які настойваў на хутчэйшым і поўным увядзенні з 1 ліпеня 2011 года новых мытных пошлін. Так, расіяне атрымалі прэферэнцыі ад гэтага кроку, а мы панеслі матэрыяльныя і маральныя страты.

— Але далёка не ўсе валютныя запасы нашага насельніцтва вычарпаны. Колькі сёння ў яго на руках, на ваш погляд, замежнай валюты ў доларавым эквіваленце?

— Па маіх падліках, у межах 15-20 мільярдаў долараў.

— Значыць, не такія мы ўжо бедныя, як часам гаворыцца?

— Я не веру, калі чую размовы пра нашу агульную галечу і нястачу. Няпраўда, што мы ўжо такія бедныя. Беларусы любяць прыбядняцца. А калі паглядзець статыстыку іх выдаткаў на нятанныя імпартныя тавары, то часам здзіўляешся іх смаку і густу да ўсяго смачнага, якаснага, прыгожага і, галоўнае — дарагога: спадабаліся ім сербскія таматы, турэцкія слівы, польскія і малдаўскія яблыкі, іншая нятанная замежная садавіна. Мяне, напрыклад, уразілі чэргі мінчан па італьянскі вінаград. Я ўсю Еўропу праехаў і не бачыў, каб там з такім імпэтам набывалі вінаград.

— Ну, ведаеце, гэта не паказчык павальнага захаплення беларусамі ўсім імпартным. Мы не Італія, і наш вінаград не такі смачны.

— Магчыма. У плане росту нашай агульнай цягі да імпартных тавараў паказальным быў 2010 год. У цэлым імпарт тады склаў рэкордную лічбу — 34,87 мільярда долараў. Чым больш набліжалася сярэдняя зарплата да 500 долараў, тым выразней станавіліся нашы апетыты да імпартнага. Напрыклад, да салодкага. У 2010 годзе імпарт цукру і кандытарскіх вырабаў у параўнанні з папярэднім годам вырас у 2,4 раза і склаў 269 мільёнаў долараў. Цікава, што з гэтай сумы 157 мільёнаў долараў (58%) прыходзіцца на імпарт цукровай сыравіны з Бразіліі. З іншага боку, мы прадалі на экспарт цукру і вырабаў з яго на 374 мільёны долараў. З іх 76% — цукар. Быццам бы і няблага, але толькі засмучае, што смак нашага печыва і цукерак пакуль застаецца малавядомым замежным спажыўцам.

У 2010 годзе наша краіна, дзе вырабляецца шмат мяса, набыла 5,2 тысячы тон бельгійскай свініны на 15,6 мільёна долараў і 14 тысяч тон свініны ў Германіі на 36 мільёнаў долараў. Імпарт з Бельгіі сродкаў для догляду за валасамі перавысіў 2 мільёны долараў, керамічнай пліткі з Італіі — 13 мільёнаў долараў. Крыўдна, што мы свой рынак саступаем па тых экспартных таварах, якія традыцыйна выпускаюцца ў Беларусі. Я маю на ўвазе і тэлевізары. У 2010 годзе мы набылі ў Кітаі 373 тысячы тэлевізараў і манітораў, акрамя гэтага — 20 тысяч пральных машын, 34,8 мільёна штук носьбітаў інфармацыі. Усе гэтыя тавары мы здольныя самі вырабляць. Праўда, для гэтага патрэбная неадкладная мадэрнізацыя вытворчасці тэлевізараў, іншай бытавой тэхнікі. А кітайскіх таварышаў хочацца павіншаваць з поспехамі ў выпуску прадукцыі, якая за даволі хуткі перыяд па суадносінах "цана-якасць" стала канкурэнтаздольнай з аналагічнымі японскімі, карэйскімі, нямецкімі вырабамі.

— Вы сцвярджаеце, што, нягледзячы на крызіс, далёка не ўсе грашовыя запасы насельніцтва выдаткаваны на валюту, машыны і г. д. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: а ці ўмеем мы з выгадай для сабе інакш распараджацца свабоднымі грашовымі сродкамі? Каб яны працавалі, прыносілі няхай невялікі, але пастаянны прыбытак яго ўладальнікам. Я маю на ўвазе не банкаўскія ўклады і дэпазіты, а іншыя крыніцы даходаў.

— Сапраўды, у нас час ад часу назіраюцца дзіўныя ваганні спажывецкага попыту з мэтай надзейна ўкласці грошы. Пра аўтамабільную ліхаманку мы ўжо гаварылі. А памятаеце, раней амаль штотыдзень раслі цэны на кватэры, потым узняўся попыт на зямельныя ўчасткі. А быў момант, калі адразу, як гаворыцца, у адны рукі, куплялася некалькі тэлевізараў, халадзільнікаў, пральных машын. Чаму так атрымоўваецца? У беларусаў пакуль няма шырокіх магчымасцяў дыверсіфікаваць свае грашовыя ўкладанні. У нас сапраўдны акцыянерны капітал толькі фарміруецца. Людзі не могуць набываць акцыі вядомых і прыбытковых прадпрыемстваў. Хаця пераважная большасць айчынных прадпрыемстваў мае патрэбу ў дадатковым фінансаванні, цвёрдай валюце. Вось яны ўнутраныя фінансавыя рэзервы для прыцягнення сродкаў насельніцтва ў рэалізацыю знакавых вытворчых праектаў, у тым ліку і па імпартазамяшчэнні.

Мы ж, замест прыцягнення валютных зберажэнняў беларусаў у эканоміку краіны, вядзём складаныя і моташныя перамовы — у прыватнасці, з расійскім "Сбербанком" аб крэдыце ў адзін мільярд долараў для нашай прамысловасці. Кіраўніцтва "Сбербанка" быццам бы і не супраць, але выстаўляе не вельмі зручныя для нас умовы: дадзім, але пад залог актываў "Беларускалія". А я ўпэўнены, што наша насельніцтва са сваіх зберажэнняў магло без праблем выдаткаваць гэты мільярд долараў "Нафтану" ці яшчэ якому-небудзь айчыннаму гіганту індустрыі. Толькі людзей трэба зацікавіць, скажам, продажам прыбытковых акцый рэнтабельнага завода, якому спатрэбіліся грошы на развіццё, выпуск інавацыйнай прадукцыі.

— Згодны. У нас пакуль абмежаваныя для насельніцтва магчымасці для доўгатэрміновага ўкладання сродкаў, за выключэннем банкаў. А як за мяжой?

— Там, я маю на ўвазе краіны з развітой эканомікай, склаўся разнастайны рынак нерухомасці, зямлі. Набыццё любых акцый — элементарная справа. Сумняваешся ў сваім выбары? Тады можна даверыцца адной з многіх траставых кампаній, банкаў ці фондаў, спецыялісты якога за невялікі працэнт падкажуць, якія акцыі лепш набыць. І такая схема адносін задавальняе многіх уладальнікаў пакетаў акцый, бо яны на рэгулярнай аснове атрымоўваюць пэўны даход.

— Гэты досвед і, дарэчы, практыка, якая праверана на працягу не аднаго дзесяцігоддзя, падыходзіць для нас?

— Так. Я лічу, што нам трэба акцыянаваць усе нашы гіганты індустрыі і вялікія прадпрыемствы, а іх акцыі прадаваць у першую чаргу грамадзянам Беларусі. А не прапаноўваць за чэкі "Нерухомасць" нікому не патрэбныя акцыі, скажам, нейкай малаэфектыўнай механізаванай калоны, якая ледзь канцы з канцамі зводзіць. Якія ёй там дывідэнды акцыянерам выплачваць? Смеху варта.

А можна ажыццявіць такі праект. Скажам, урад аб'яўляе аб стварэнні акцыянернай кампаніі па вытворчасці народнага аўтамабіля з прыцэлам на экспарт. Ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы перад намі адкрыты рынкі Расіі і Казахстана, дзе па-ранейшаму вялікі попыт на аўтамабілі. Нават нягледзячы на той факт, што ў Расіі шмат сумесных прадпрыемстваў, на якіх зараз вырабляецца прыкладна сотня мадэляў машын. Дык вось, пад мэты вытворчасці беларускага народнага аўтамабіля наладзіць выпуск акцый. Напрыклад, адна акцыя каштуе адзін мільён рублёў. Уладальнік акцый будзе ўласнікам часткі маёмасці гэтай кампаніі, дакладней, сродкаў яе вытворчасці. І людзі, калі ўбачаць выгаду, будуць набываць акцыі.

Гэта, у сваю чаргу, істотна знізіць попыт насельніцтва на валюту, набыццё якой летась стала галоўным спосабам захавання зберажэнняў. Сёння быццам бы ўдалося наталіць валютны голад. Купіць зараз неабходную суму "зеляніны" не праблема. Вядома, якой гэта цаной дасягнута. Тым не менш за валютай народ ужо не ганяецца і ўсё часцей здае яе ў абменныя пункты. Для мяне, як эканаміста, гэта прыемны факт. Заўважу, купляючы долары ЗША, мы тым самым падтрымліваем Амерыку, ускосна інвестуем яе эканоміку. А лепш было б умацоўваць сваю эканоміку, у тым ліку і шляхам набыцця акцый айчынных прадпрыемстваў.

— Гэта будзе заўтра, а куды сёння лепш укладваць грошы?

— На мой погляд, у банкаўскія рублёвыя дэпазіты. На бліжэйшыя чатыры месяцы яны больш прывабныя ў сэнсе даходнасці, чым валютныя ўклады. Асобныя банкі прапаноўваюць да 66 працэнтаў гадавых.

 
Нужные услуги в нужный момент
0058415