Личный счет


portniha.by
portniha.by
Нядаўна ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя пра тое, што на пінскім ААТ "Палессе" ў работнікаў ўзніклі спрэчкі з кіраўніцтвам наконт узроўню зарплаты, карэспандэнт "Звязды" пацікавіўся ў старшынi канцэрна "Беллегпрам" Генадзя Вырко, як сёння развіваецца сітуацыя на прадпрыемстве.
 
Па словах старшыні канцэрна, людзі былі абураны адсутнасцю таннага малака:
— Там не было нейкай крытычнай сітуацыі. Я не хачу перакладаць цяжар на калег, але пытанне было ў тым, што ў гандлі зніклі танныя прадукты харчавання. Людзі пыталіся, чаму не стала таннага малака і іншых прадуктаў харчавання, — сказаў Генадзь Вырко і дадаў, што яго намеснік сумесна з намеснікам старшыні гарвыканкама правялі нараду з калектывам і зараз сітуацыя на прадпрыемстве дастаткова стабільная.
 
Як дапоўніла Генадзя Вырко прэс-сакратар канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Пышкала, людзям на пінскім "Палессі" таксама не спадабаўся памер заробку за студзень:
— У снежні яны атрымалі добрую зарплату, а ў студзені прадпрыемства некалькі дзён не працавала, і калі людзі атрымалі "разліковыя", то ўбачылі, што грошай будзе меней (сярэдняя зарплата ў снежні была 2,15 млн рублёў, а ў студзені — 1,6 млн). Таму правялі нараду з калектывам па фінансах — што іх чакае ў лютым. І, як мне паведамілі, сітуацыя павінна выправіцца — зарплата ў рабочых павысіцца.
 
Наогул жа па канцэрне, па словах Генадзя Вырко, зарплата за апошні месяц была на ўзроўні 2,5 млн рублёў:
— Безумоўна, паміж рознымі прадпрыемствамі ёсць розніца: напрыклад, на "Белвесце" сярэдняя зарплата 3 мільёны, на "Мілавіцы" — пад 4 мільёны. У нас стаіць задача да канца года выйсці на ўзровень 500 долараў — і да гэтага будзем імкнуцца, тым больш што перадумовы быццам бы ёсць.