Личный счет


Надзея НІКАЛАЕВА,

"Умовы выдзялення крэдытаў для атрымання адукацыі на платнай аснове павінны быць перагледжаны, паколькі абавязацельствы па гэтых крэдытах сталі для многіх непад'ёмнымі, — такую думку выказаў на сумеснай калегіі Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА. — Усё ўпіраецца ў стаўку рэфінансавання. Між іншым, колькасць навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю на ўмовах аплаты, перавышае 61%"

Па словах прафсаюзнага лідара, сёння рост платы за навучанне стрымліваецца ўсімі магчымымі рычагамі, але рэнтабельнасць па многіх спецыяльнасцях ужо дасягнула нулявога паказчыка. І можна меркаваць, што і без таго даволі адчувальная плата за навучанне стаяць на месцы не будзе. На думку Аляксандра Бойкі, трэба звярнуць увагу на міжнародны досвед у гэтай сферы. Для прыкладу, у Аўстраліі па крэдытах на адукацыю прадугледжана нулявая стаўка. У Бельгіі пагашэнне крэдыту распачынаецца праз два гады пасля заканчэння навучання, а на вяртанне ўсіх грошай выпускніку ВНУ даецца да 15 гадоў. Аналагічныя нормы прадугледжаны паўсюдна. "Напэўна, і нам можна было б пазычыць з чужога досведу хоць штосьці", — дадаў Аляксандр Бойка.

Яшчэ адна праблема — атрыманне кампенсацыі за наём жылля навучэнцамі пры немагчымасці прадастаўлення ім месца ў інтэрнаце. Сёння прыкладна кожны трэці студэнт ВНУ, якому патрэбны дах над галавой, вымушаны самастойна вырашаць праблемы з жыллём на час свайго навучання. Доўгі час кампенсацыя за арэнду студэнтамі жылля складала ўсяго 25% базавай велічыні, таму ніхто са студэнтаў і не быў у ёй зацікаўлены. Аднак летась, нарэшце, памер кампенсацыі быў павялічаны. У Мінску размова ідзе пра тры базавыя велічыні. І дзве базавыя велічыні складае грашовая кампенсацыя ў іншых населеных пунктах.

— Але ўмовай для прадастаўлення кампенсацыі стаў як пэўны ўзровень даходаў сям'і студэнта, так і наяўнасць дагавора найму жылога памяшкання. Па нашых звестках, у розных установах адукацыі гэтай кампенсацыяй змаглі скарыстацца толькі адзінкі. А тых, хто мае патрэбу, значна больш, — падкрэсліў Аляксандр Бойка. — На сайце Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі было праведзена апытанне, падчас якога высветлілася, што дагавор найму памяшкання маюць толькі крыху больш як 20 працэнтаў студэнтаў, якія знімаюць жыллё. Як правіла, гаспадары жылля не імкнуцца заключаць са сваімі кватарантамі афіцыйны дагавор. Лічым, што з двух крытэрыяў для выплаты кампенсацыі трэба пакінуць толькі адзін — пэўны ўзровень даходаў сям'і. Можна не сумнявацца, што пры павышэнні падаткаў на здачу ў арэнду жылля кошт афіцыйнай арэнды будзе расці, таму трэба абараніць навучэнцаў і іх сем'і, па бюджэце якіх гэта моцна ўдарыць.

Ёсць і яшчэ адна акалічнасць: прэтэндаваць на атрыманне кампенсацыі па найме жылля могуць толькі навучэнцы, якія атрымліваюць адукацыю на бюджэтнай аснове. А студэнты платнай формы навучання, бацькі якіх цягнуць лямку, каб вывучыць сваіх дзяцей, нават такой невялікай фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы пазбаўлены...

Неаднаразова ўзнімалася і праблема матэрыяльнага забеспячэння студэнтаў платнай формы навучання, якія ўжо падчас вучобы страцілі апошняга з бацькоў. Перавесці такіх студэнтаў на навучанне за кошт бюджэтных сродкаў, прадаставіць ім скідку па аплаце за навучанне на працягу года (а зрэдку і па выніках года), магчымасці няма. Міністэрства адукацыі рэкамендавала рэктарам аказваць студэнтам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, матэрыяльную дапамогу для кампенсацыі аплаты за навучанне. Аднак тая дапамога, што аказваецца, далёка не заўсёды дазваляе ў поўным аб'ёме пакрыць кошт адукацыйнай паслугі, таму трэба ствараць больш дзейсныя механізмы для выхаду з сітуацыі...

Нужные услуги в нужный момент
-20%
-20%
-10%
-20%
-17%
-80%
-50%
-10%
-10%
-20%
0058043