Личный счет


Алег Сідарэнка,

Амаль дзесяць гадоў таму ў Пружанскім раёне з’явіліся першыя банкаўскія пластыкавыя карткі. За мінулы час многія пагадзіліся, што такім чынам карыстальнік атрымлівае шмат пераваг. А з развіццём адпаведнага сэрвісу практычна ўсе пружанцы не ўяўляюць свае паўсядзённыя клопаты без гэтага кавалачка пластыку, некаторыя маюць па некалькі банкаўскіх картак. Уявіце такую сітуацыю. Раптам абарваліся ўсе сувязі з рэспубліканскім цэнтрам па абслугоўванні банкаўскіх картак, і пластыкавым кашальком стала немагчыма скарыстацца практычна ні ў адным магазіне або сэрвіснай арганізацыі.

Катастрофа? А як расказала нам Ала Уладзіміраўна Саковіч з вёскі Крыніца, у такіх умовах — практычна ўсё працоўнае насельніцтва гэтага населенага пункта.

— Я працую ў Нацыянальным парку "Белавежская пушча" разам з некаторымі аднавяскоўцамі, — кажа жанчына. — Атрымліваем заработную плату на пластыкавыя карткі. Крынічане, якія працуюць у іншых арганізацыях раёна, — таксама. А вось скарыстацца карткамі не можам.

Як расказала чытачка, у Крыніцы, якая сёння наўрад ці адносіцца да неперспектыўных вёсак (тут жывуць каля 300 чалавек, ёсць дзіцячы садок і базавая школа, працуе клуб), няма ніводнага разліковага тэрміналу. Банкаўскае аддзяленне даўно не працуе. У мясцовым магазіне, пункце грамадскага харчавання, аддзяленні сувязі расплаціцца па картцы нельга, толькі наяўнымі. Ды няма як і наяўныя грошы зняць!

Хто сочыць за адпаведнымі навінамі, ведае, што Саветам Міністраў РБ удзяляецца ўвага развіццю ў краіне сістэмы безнаяўных разлікаў. Каб грамадзяне рэспублікі ажыццяўлялі разлікі пераважна пры дапамозе пластыкавых картак.

— Ды і мы былі б рады так рабіць,— гавораць жыхары Крыніцы.— Толькі як? Атрымліваецца, што і зарабляем няблага, грошы ёсць. Пры гэтым харчуемся пераважна тым, што дае ўласная прысядзібная гаспадарка, бо нават хлеба часам не можам купіць.

Перыядычна вяскоўцы накіроўваюць "кур’ера" па наяўныя грошы. Раней адпраўлялі ганца ў г.п.Шарашова, але ў аддзяленні банка адмовіліся выдаваць грошы па чужых картках. Цяпер ездзяць у Камянюкі, Пружаны і нават Брэст, дзе ёсць банкаматы. Уявіце сабе чалавека, які з дзясяткам банкаўскіх картак і са спісам ПІН-кодаў падыходзіць да банкамата, каб выканаць заяўкі аднавяскоўцаў. Ці паверыць яму пільны міліцыянер, калі ўбачыць такую сітуацыю?

— У "раёнцы" чытала пра развіццё аграбізнэсу ў нашым рэгіёне,— расказвае А.У.Саковіч.— Пабудавана і дарога ўздоўж Белавежскай пушчы. А жыхары Еўропы амаль увогуле не карыстаюцца наяўнымі грашыма. І што яны будуць у нас рабіць са сваімі пластыкавымі карткамі?

P.S. Старшыня Шарашоўскага пасялковага Савета В.А.Малышкевіч расказаў, што праблема вяскоўцаў вядома. Старшыня райспажыўтаварыства Д.П.Карпей паабяцаў, што ў адной з гандлёвых кропак на тэрыторыі вёскі ў чэрвені з’явіцца разліковы тэрмінал. Але ж чаму ў нас усё робіцца так: спачатку мы прымусім людзей падтрымліваць нейкія новаўвядзенні і толькі праз нейкі перыяд іх пакут пачынаем ствараць зручнасці? Можа, лепш спачатку пусціць цягнік, а потым запрашаць на яго пасажыраў?

І ўвогуле застаецца без адказу пытанне: чаму райспажыўтаварыства павінна вырашаць гэтыя праблемы, а не тыя ўстановы, якія маюць прыбытак ад абслугоўвання пластыкавых картак? 
Нужные услуги в нужный момент
-25%
-30%
-25%
-40%
-20%
-30%
-25%
-80%
0058043