
Прадавец пентхаўса: “І расіяне цікавіліся, і беларусы цікавіліся — нават глядзелі. І пад нейкую амбасаду цікавіліся гэтай нерухомасцю. Спектр вялікі, і беларусаў, скажу я вам, дастаткова, якія сабе гэта могуць дазволіць”.



Прычым у доме такіх пентхаўсаў два. Адзін ужо набылі! Беларус гэта ці замежнік, дакладна не вядома. І самыя дарагія кватэры па 1 мільёне і вышэй у гэтым 48-кватэрным доме разабраныя — засталося некалькі танных па 350 тысяч долараў.
Суразмоўца Еўрарадыё не бачыць у гэтым нічога дзіўнага. Маўляў, калі беларусы выкупляюць цэлыя пад’езды ў панэльных дамах....
Прадавец пентхаўса: “Гэта кватэра за 3,5 мільёна, гэта не тое ж, што ў Лошыцы ў панэльным доме набыць два пад’езды. Што, у прынцыпе, абыйдзецца ў тыя ж грошы. І вось вы жывяце на 9-ці паверхах. Ёсць такія варыянты, можа, вы не ведаеце, але ёсць такія людзі ў Мінску, якія набываюць сабе пад’езд”.
Менавіта за прэстыж плацяць пакупнікі элітнага жылля. Як высвятляецца, плаціць за такі прэстыж згодны шмат хто з нашых суайчыннікаў. У элітным доме “Ля Траецкага” ўсе самыя дарагія двухузроўневыя кватэры за 1 мільён 10 тысяч долараў разабраныя. Прычым па гэтым кошце былі пяціпакаёўкі агульнай плошчай каля 500 квадратных метраў. А былі яшчэ кватэры з 6 ды 8 пакоямі! Цяпер няма. Засталіся ў асноўным кватэры на першых паверхах, коштам ад 300 тысяч долараў.


Беларусаў сярод пакупнікоў не менш за замежнікаў. Але колькі дакладна беларусаў, прадстаўніца кампаніі “Трайпл” не прызнаецца.
Прадстаўніца забудоўшчыка: “Кватэры яшчэ ёсць, не ўсе кватэры прададзеныя, і попыт у нас роўны і стабільны. Адсотак расіян і іншых замежнікаў заўсёды прысутнічае, асабліва на дарагое жыллё”.
Еўрарадыё: “А наколькі ён вялікі, гэты адсотак?”
Прадстаўніца забудоўшчыка: “А з чым параўноўваць будзем? З набыццём “хрушчоўкі” ў 30 квадратных метраў? Ну, напэўна, яны аддадуць перавагу больш дарагому жыллю, чым аднапакаёвая “хрушчоўка” на "Аўтазаводзе"! З чым параўноўваць будзем?!”
Еўрарадыё: “Са 100 адсоткамі кватэр вашага дома!”
Прадстаўніца забудоўшчыка: “Замежнікі прысутнічаюць. Прычым не толькі расіяне, але і ўсё замежжа — у нас шмат адкуль ёсць пакупнікі”.
Еўрарадыё: “Але беларусаў хаця б не менш за замежнікаў?”
Прадстаўніца забудоўшчыка: “Не ў меншай колькасці”.
У элітным жылым комплексе "Маяк Мінска" квадратны метр каштуе ў сярэднім ад 1250 да 1800 долараў. Амаль усё набылі. Да таго ж у асноўным — жыхары Беларусі. Хаця і тут кожны пяты — замежнік.
"Маяк Мінска": “У агульнай колькасці сёння замежнікі скупілі больш за 20% кватэр. Сярод іх жыхары Расіі, Канады, ЗША, Літвы, Ірана, Сірыі, Італіі і іншых краінаў”.

У “Парк-Сіці” квадратны метр каштуе ад 2 тысяч долараў. Самая танная кватэра абыйдзецца ў 150 тысяч. Продаж толькі распачаўся. Прадаўцы найперш робяць стаўку на... пакупнікоў-беларусаў.