Офтоп


Ілона Іванова,

zviazda.by
zviazda.by
Аграгарадок Заполле, што ў Бялыніцкім раёне, месціцца ўдалечыні ад асноўных аўтамабільных дарог. Навокал — лясы, багатыя на грыбы і ягады. Штолета мясцовыя жыхары пераўтвараюцца ў лясных людзей з добрым прыбыткам: усе тут маюць адну на ўсіх выгадную падпрацоўку — збіраць і прадаваць грыбы і ягады, на якія ва ўсе часіны ёсць вялікі попыт.
 
Гавораць, што нарыхтоўшчыкі б'юцца за кожны кілаграм запольскіх грыбоў і ягад. У кожнага аматара збірання дароў лесу (і, натуральна, атрымання грошай ад гэтага карыснага "хобі") ёсць багаты выбар. У аграгарадку і навакольных вёсках актыўна прымаюць тавар больш за дзясятак "кантор", у тым ліку і прыватных.
 
На доме на вясковай вуліцы — невялікая паперка з назвай таварыства з абмежаванай адказнасцю з Мінскай вобласці. Гаспадыня, Любоў Ягораўна Ермалаева, працуе нарыхтоўшчыцай дароў лесу ў камерсантаў другі год і вельмі задаволена:
 
— Я пайшла на пенсію, і тут аказалася дарэчы мая прафесія бухгалтара, — гаворыць жанчына. — Мая справа — улік і прыём, штодня тавар забіраюць. Я ўжо нарыхтавала сёлета 5 тон ягад і 3 тоны грыбоў. Сама зарабляю, і ў людзей ёсць такая магчымасць. Вось сёння адзін мужчына прывёз адразу 35 кілаграмаў грыбоў і адразу атрымаў 600 тысяч.
 
Водпуск у лесе

Наплылі хмары, заблішчэлі маланкі, пачаўся дождж. Гэта звычайная пагодная з'ява, якая цяпер вельмі радуе гараджан у іх асфальта-бетоннай спякоце, выклікае іншыя эмоцыі ў вяскоўцаў. З аднаго боку, дождж выгнаў грыбнікоў і ягаднікаў з лесу, а з іншага — ёсць гарантыя, што заўтра будзе нашмат больш грыбоў.
 
А пакуль у вароты да Ягораўны ўваходзяць жанчыны з дзіцем. Усе — з вёдрамі. У адным вядры — лісічкі, у другім — чарніцы. І нават хлопчык цягне ў маленькім вядзерцы трохі ягад.
 
— Мы пабылі ў лесе толькі гадзіны тры з-за дажджу, але назбіралі нешта, і грошы атрымаем, — усміхаецца жанчына і лічыць грошы. Атрымліваецца каля сотні тысяч, і яна задаволена. — Увогуле, у дзень можна спакойна зарабіць 100-200-300 тысяч рублёў. Як пашанцуе.
 
Наталля Мікалаеўна расказвае, што мае сталую працу, а цяпер пайшла ў законны адпачынак, каб правесці яго з карысцю для сямейнага бюджэту. Увогуле водпуск у лесе — звычайная справа для людзей з Заполля.
 
— А дачка ў водпуску па доглядзе дзіцяці, прыехала ў госці і таксама часу дарма не губляе: у нас можна зарабіць!
  
За адпачынак Наталля Мікалаеўна мяркуе зарабіць некалькі мільёнаў рублёў (ад 3 да 5) і набыць для сям'і нешта каштоўнае. Атрымаецца "грыбны" камп'ютар, альбо "сунічны" аўтамабіль, альбо "журавінная" (тут гэтых восеньскіх ягад таксама шмат!) вышэйшая адукацыя, альбо "бруснічны" рамонт. Такое здараецца, калі да лясных заробкаў падключаецца ўся сям'я — ад малых да старых.
 
Грамадская карысць

— Так, усё магчыма, людзі папаўняюць свой сямейны бюджэт, — пацвярджае добрыя сезонныя заробкі старшыня Запольскага сельскага Савета Яўген Радоўскі. — У нас адзін мужчына ўзяў выхадны дзень у гаспадарцы і сабраў лісічак аж на 960 тысяч рублёў. Устанавіў рэкорд збораў мясцовага значэння! Але гэта не проста так: ён добрыя месцы ў лесе ведае і нікому не раскажа, дзе яны. Гэта вялікі сакрэт!
 
Сам Яўген Іванавіч — адзін з нямногіх мясцовых жыхароў, які не збірае дары лесу на продаж, а толькі для сябе. Клопатаў шмат, вольнага часу мала. А калі ён ёсць — лепш адпачыць у лесе, падсілкавацца біяэнергіяй, а не працаваць. Аднак старшыня сельскага Савета любыя захады па нарыхтоўцы горача падтрымлівае.
 
— Справа ў тым, што нарыхтоўшчыкі плацяць 5% падатку ў бюджэт сельсавету, — задаволена растлумачыў ён. — Таму мы зацікаўлены ў тым, каб людзі як мага больш збіралі і здавалі. І ім добра, і нам. Летась мы зарабілі на гэтым 27 мільёнаў рублёў, але той сезон быў не лепшым: здаралася і 32, і 35 мільёнаў атрымаць. Усе грошы — на развіццё тэрыторыі, навядзенне парадку: нам удалося, напрыклад, зрабіць прыстойную агароджу на большасці могілак.
 
Сінія рукі

Сёння за кілаграм лісічак плацяць 20 тысяч рублёў, за кілаграм суніц — 22 тысячы. Цэны ў камерсантаў і кааператараў прыблізна аднолькавыя. Куды здаваць — справа густу. Многія аддаюць перавагу кропкам, якія месцяцца побач з домам. Але большасць — усё ж такі сельскай спажывецкай краме, дзе можна адразу, не выходзячы з адной чаргі, набыць патрэбныя тавары.
 
Сапраўды, самая вялікая чарга здатчыкаў чарніц і лісічак — у мясцовай краме Бялыніцкага раённага спажывецкага таварыства. Хто прыйшоў з лесу пешшу, хто прыехаў кампаніяй на колах. Жанчыны ставяць на вагі вёдры з грыбамі і ягадамі, тут жа атрымліваюць грошы.
 
— У мяне пенсія 1,2 мільёна рублёў, — адкрывае няхітрую арыфметыку пенсіянерка Валянціна Міхайлаўна. — А тут, пайшоўшы ў лес да абеду, магу больш за 100 тысяч рублёў зарабіць. Добрая прыбаўка!
 
Ірына Шарыпава прыйшла з двума вялікімі вёдрамі суніц і атрымала 375 тысяч рублёў.
 
— Ад рання і да абеду збірала, сваімі рукамі, — жанчына паказала сінія рукі, якія ўжо не адмываюцца ніякімі мыйнымі сродкамі.

— Можна яшчэ і другую ходку зрабіць, пасля абеду. Я ў гэтым сезоне хачу за "лясныя" грошы ўсталяваць у доме сучасныя шклопакеты. Летась заплаціла за адпачынак дзіцяці ў замежжы, набыла ўсё неабходнае ў школу.
 
Жанчыны радуюцца прыбытковаму лету: сезон пачынаецца з чарніц і заканчваецца журавінамі. Здаюць усё, што прымаюць, у тым ліку і з падсобных гаспадарак.
 
— На ягадах можна зарабіць больш, чым на асноўным месцы працы, — не ўтойваюць яны.
 
Пакланіцца кожнай ягадцы

Ад таго, якія сумы называюць грыбнікі і ягаднікі, у гараджаніна з невялікім фіксаваным заробкам кружыцца галава. Часам падаецца, што ўсё так проста — пайшоў у лес і наскуб грашовых знакаў. Але гэта зусім не так. Трэба не проста ведаць грыбныя і ягадныя месцы, трэба яшчэ пакланіцца кожнай сунічцы і кожнай лісічцы. Каб зарабіць грошы — трэба папрацаваць.
 
— Мы з дзяцінства прывучаны да гэтага, але збіраць дары лесу — гэта ўсё ж нялёгкая праца, — абдымае сваё каштоўнае вядро з лісічкамі на ганку крамы Людміла Казлова. — Трэба і шмат кіламетраў прайсці, і спіну пагнуць.
 
Між тым, большасць не скардзіцца на цяжкую лясную працу, а радуецца магчымасці зарабіць.
 
— Ягады збіраеш — навокал цішыня і спакой, птушкі спяваюць. Можна сказаць, што гэта таксама расслабленне і адпачынак, — усміхаецца аптымістычная Ірына Шарыпава.
 
— Сабраў слоік суніц — ужо 10 тысяч рублёў, сабраў другі — яшчэ столькі ж, — жартуюць пра сваю "медытацыю" сялянкі. — Так і думаеш, так паступова і рухаешся далей, да вялікіх прыбыткаў.
 
Урадлівы год

Скрыні з дарамі лесу стаяць прама ў гандлёвай зале крамы. Іх штодня забірае аўтамабіль спажывецкай кааперацыі.
— Сёлета мы ўжо нарыхтавалі каля тоны чарніц, больш за 600 кілаграмаў лісічак, — хваліцца прадавец Ніна Амялькова. — Сезон у самым разгары, хутка яшчэ і яблыкі пойдуць. Да нас ідуць добра, таму што я ўжо 30 гадоў працую ў гандлі, усіх людзей тут ведаю і да ўсіх стаўлюся з павагай. Праўда, сама ў лес не хаджу: няма часу, штодня на працы ў важны сезон нарыхтовак.
 
— Мы цэны можам пераглядаць і двойчы на дзень, — паведаміла намеснік старшыні праўлення Бялыніцкага раённага спажывецкага таварыства Раіса Румянцава. — Гэта канкурэнцыя, і мы сапраўды імкнёмся не страціць ніводнага кілаграма грыбоў і ягад. У нас створаны спецыяльны штаб, які аператыўна інфармуе насельніцтва.
 
Цэны цяпер дастойныя, лічыць Раіса Іванаўна як спецыяліст, адказны за нарыхтоўкі. Стабільна даражэюць ягады, таму што ідуць на экспарт.
 
— Сезон сёлетні больш удалы, чым леташні, — лічыць Румянцава. — Мы ў 2011 годзе ўвогуле нарыхтавалі 20 тон чарніц, а цяпер — ужо столькі ж, хоць збор гэтай ягады далёка не завершаны. І грыбоў сёлета больш: мы ў раёне нарыхтавалі ўжо 1,5 тоны, а гэта ўтрая больш за мінулы сезон. Мы даём людзям зарабіць і самі зарабляем.
 
Выйшаў з лесу

Каб зарабляць больш, спажывецкая кааперацыя зрабіла перасовачныя нарыхтоўчыя пункты. Адным з іх кіруе Віктар Накуеў, які са сваім мікрааўтобусам паркуецца якраз прама каля лесу.
 
— Людзі з лесу выходзяць, здаюць прадукцыю, адразу атрымліваюць грошы, — гаворыць нарыхтоўшчык. — Я па графіку аб'язджаю тры месцы, а потым яшчэ, здараецца, па тэлефанаваннях забіраю грыбы ды ягады ў людзей адразу з дому. Мне патрэбен план — бо гэта ж мой заробак таксама!
 
Віктар Анатольевіч паказвае скрыні ў мікрааўтобусе і выказвае ўпэўненасць, што сёлетні план ён нават перавыканае і атрымае жаданую прэмію. Ён, са свайго боку, рады і дапамагчы людзям: дастаўляе да лесу ваду, малых дзяцей падвозіць дадому ў Бялынічы. Таму што лясная праца — таксама і дзіцячая. Вось з лесу выйшаў хлопчык у спартыўным строі, з вядром у руках. Школьнік на законных канікулах зарабляе сабе... найперш на марозіва.
 
— Што захачу — тое і набуду, — упэўнена гаворыць Барыс. — Удасца зарабіць на ўсё, калі імкнуцца.
 
Тэхналогія хуткая: высыпаў ягаду ў скрыню на электронныя вагі — і адразу атрымаў на рукі 74 тысячы рублёў.
 
— Кожны дзень я выплачваю прыкладна 15 мільёнаў рублёў, — гаворыць Віктар Накуеў. — Людзі радуюцца, асабліва калі цана добрая. Ну што ж, яшчэ тыдзень таму за кілаграм чарніц плацілі 13 тысяч рублёў, а цяпер — 22 тысячы. Лясны бізнэс для людзей выгадны.
Нужные услуги в нужный момент
0058415