Личный счет


Марына МІТ,

Ці сапраўды беларускія кошты на прыватныя медыцынскія паслугі высокія нават у параўнанні з аналагічнымі еўрапейскімі? І ці трэба нам больш недзяржаўных медыцынскіх устаноў? На гэтыя пытанні шукала адказы "Тут і цяпер".
 
Што па чым?
 
Калі ўзнікаюць праблемы са здароўем, кожны з нас робіць выбар: пайсці і адсядзець некалькі гадзін пад дзвярыма ўчастковага тэрапеўта альбо запісацца да доктара ў недзяржаўны медцэнтр. У першым выпадку гарантаваны сапсаваныя нервы і змарнаваны час, у другім - фінансавыя траты.
 
Сёння кошты ў прыватных медцэнтрах для многіх беларусаў з заробкам ў 300 і нават 500 долараў у эквіваленце б'юць па кішэні.
 
"Схадзіла ў адзін раскручаны прыватны медыцынскі цэнтр на кансультацыю да гінеколага, пакінула 550 тысяч (гэта разам з ультрагукавым даследаваннем і трыма даволі простымі аналізамі), - гаворыць мінчанка Інга Сідорчык, якая працуе начальнікам аддзела ў дзяржаўнай установе. - З аднаго боку, канечне, дорага, але ж камфортна. Крэсла, інструмент, аднаразовыя пялёнкі - у звычайнай паліклініцы такога няма. Дый адносіны да пацыента больш мяккія, уважлівыя. У звычайнага гінеколага - канвееер, ён з табой доўга размаўляць не будзе".
 
"А я днямі наведаў стаматолага, - распавядае прадпрымальнік Сяргей Шахаў. - За пломбу давялося заплаціць 730 тысяч беларускіх рублёў. Урач прызначыла яшчэ чатыры візіты - гэта, лічыце, адразу мінус чатыры мільёны. Але я ведаю, за што плачу: за якасныя матэрыялы і ўласны спакой. Стаматолагі мяне заўсёды палохалі, а тут я прыйшоў, атрымаў свой абязбольвальны ўкол і дзве гадзіны слухаю музыку пад маніпуляцыі доктара. Плюс мне ўсё патлумачаць: што рабілі і навошта, і што яшчэ спатрэбіцца ў будучыні. Калі раптам узнікнуць нейкія складанасці, то я магу хоць ноччу патэлефанаваць урачу і параіцца з ім".
 
"Я па прыватных медцэнтрах прынцыпова не хажу - лічу, што такія ж самыя кансультацыі і накіраванне на аналізы можна атрымаць у звычайнай паліклініцы альбо ў дыягнастычных цэнтрах, - дзеліцца ўласным вопытам старшы менеджар адной з камерцыйных фірм Святлана Бялхлоп. - Канечне, трэба назапасціся цярпеннем, але нічога немагчымага няма. Альбо яшчэ адзін варынт, які я паспяхова практыкую, - у паліклініках і дзяржаўных дыягнастычных цэнтрах ёсць платныя паслугі, якія абыходзяцца значна танней, чым у тых жа "Ладэ" ці "Экамедсэрвісе". Самае галоўнае - не ленавацца і цікавіцца".
 
Мы параўналі кошты на элементарныя паслугі ў некалькіх сталічных медыцынскіх цэнтрах, і вось што атрымалася.
 
Паслуга/Цэнтр
Кравіра
Ладэ
Нардзін
Экамедсэрвіс
Кансультацыя тэрапеўта
91 000
125 000
130 000
120 000
Кансультацыя гінеколага
191 000
160 000
(толькі агляд у крэсле).
Дадатковы агляд
пры дапамозе ультрагукавога даследавання -
яшчэ плюс 95 000
135 000
126 000

Кансультацыя атарыналарынголага
89 000
150 000
125 000
240 000

Ультрагукавое даследаванне

органаў брушной поласці
155 000
239 000
190 000
240 000
Стаматолаг (звычайная пломба)
Ад 270 000
У залежнасці ад складанасці работы і матэрыялу -
ад 350 000 да 750 000
Звычайная пломба (без пламбіравання каналаў) - 450 000-500 000
Ад 300 000

Калі пасля кансультацыі неабходна здаць аналізы і доктар раіць зрабіць іх не ў звычайнай паліклініцы, а ў гэтым жа цэнтры альбо ў спецыяльнай дыягнастычнай лабараторыі, то запатрабуецца яшчэ як мінімум 200 тысяч (у дадатак да агульнага чэка).
 
"Цераз знаёмых знайшоў знаёмых"
 
Палітык Віктар Івашкевіч толькі адзн раз у жыцці наведаў прыватны медцэнтр.
 
- Гэта было тры гады назад, у мяне моцна балела спіна, і я не ведаў, куды кінуцца, - узгадвае ён. - Прыйшоў туды, але, па-першае, гэта было дорага, а па-другое, усё роўна трэба было запісвацца і чакаць сваю чаргу.
 
У прынцыпе, там працуюць тыя ж самыя ўрачы, якія кансультуюць у дзяржаўных цэнтрах, але трапіць да іх на прыём там складана. Я спадзяваўся, што ў прыватных цэнтрах будуць меншыя чэргі. Канечне, там не сядзяць людзі па лаўках (гаворка пра папярэдні запіс). І я, шчыра кажучы, больш туды не звяртаўся. Пайшоў іншым шляхам, савецкім: цераз знаёмых знайшоў урачоў, і яны прынялі мяне без чаргі, добра аднесліся.
 
На мой погляд, ад тых, хто працуе ў прыватных медцэнтрах, не варта чакаць цудаў. Яны таксама, як і ўрачы ў паліклініках, проста кансультуюць. Здаровым у адно імгненне цябе ніхто не зробіць.
 
Здароўе даражэйшае! 
 
Некалькі гадоў назад вядомы праваабаронца Валерый Шчукін разводзіў рукамі: нават яго, здавалася б, нядрэннай пенсіі не хапала на дарагія лекі, якія выпісвалі ўрачы.
 
- Дзякуй богу, сёння не хварэю, - распавядае Валерый Аляксеевіч. - І калі што, то ёсць ваенны шпіталь, таму што паход у звычайную паліклініку для мяне праблема з-за адсутнасці пастаяннай рэгістрацыі. У свой час я хадзіў у "Ладэ". Вядома, там не вельмі танна, але здароўе даражэйшае, таму калі прыцісне - знойдзеш любыя грошы...
 
Няма грошай на платны цэнтр?
 
Думайце, як зарабіць. Такога меркавання прытрымліваецца экс-міністр аховы здароўя Беларусі Ігар Зелянкевіч.
 
- Цана павінна фарміравацца рынкам, - тлумачыць простыя ісціны Ігар Барысавіч. - Ёсць попыт на паслугі - гэта справа прыватніка, якую лічбу намаляваць. Што мы заўсёды ўсіх зраўноўваем, вучым?! Гэтую псіхалогію трэба мяняць. Мы хочам жыць пры добрым капіталізме, але думаем катэгорыямі 25-гадовай даўніны: галоўнае, каб было бясплатна і на халяву - тады ўсё нармальна.
 
Не падабаецца кошт - ідзіце ў дзяржаўную паліклініку, там яшчэ ніхто нікому не адмовіў. І чым хутчэй мы адыдзем ад такіх гутарак - вось, занадта дорага - тым лепш будзе для нас.
 
Я лічу, што цэны на медыцынскія паслугі ў нас адэкватныя. Параўнаць нашы цэны з еўрапейскімі? На мой погляд, такія паралелі праводзіць нельга, бо гэта непараўнальныя паняцці. У нас розны ўзровень заработнай платы. І там медыцынскія паслугі раз у дзесяць будуць даражэйшымі. Таму да нас і прыязджаюць - напрыклад, тыя ж расіяне - за рознымі медыцынскімі паслугамі. Тут два моманты: высокая кваліфікацыя нашых спецыялістаў і больш даступны кошт, чым у Расійскай Федэрацыі.
 
Іншае пытанне, што медыцынскія паслугі прыватных цэнтраў могуць быць даступны не для ўсіх беларусаў. Але калі гэты матэрыял для пломбы каштуе, умоўна кажучы, 20 долараў, то паслуга ніяк не можа каштаваць 19! Кошт візіту да ўрача складаецца і з кошту матэрыялу, і работы спецыяліста, і арэнды будынка, у якім ён працуе і інш.
 
Заўсёды павінна быць альтэрнатыва. У мяне ёсць грошы і жаданне - я іду ў прыватны сектар. Ён, дарэчы, і ствараецца для таго, каб разгрузіць бюджэтныя ўстановы. Хто па нейкіх прычынах не можа - няхай думае, як зарабіць больш грошай.
 
Дарэчы, Ігар Зелянкевіч лічыць, што ў Беларусі яшчэ недастаткова недзяржаўных медыцынскіх цэнтраў. Іх павінна быць значна больш.
 
- Павінна стварацца канкурэнтнае асяроддзе, - абгрунтоўвае сваю пазіцыю экс-кіраўнік медыцынскай галіны. - Каб чалавек мог выбраць і доктара, і прыдатную цану. Толькі галоўнае - не перашкаджаць стварэнню такіх цэнтраў. І для таго, каб такі від прадпрымальніцтва атрымаў развіццё, патрэбны нават нейкія прэферэнцыі, я думаю.
 
P.S. А вы, паважаныя чытачы, выбіраеце звычайныя паліклінікі альбо наведваеце прыватныя медыцынскія цэнтры? Будзем вам удзячны, калі падзеліцеся сваім вопытам.
Нужные услуги в нужный момент
-10%
-20%
-20%
-22%
-50%
-70%
-50%
-10%
-20%
-10%
-20%
0058345