Личный счет


Вікторыя Пракаповіч,

Уступная кампанія ў ВНУ Беларусі амаль завершана: бюджэтнікі ўжо "адстраляліся", а 6 жніўня скончылася і залічэнне на ўсе платныя аддзяленні ў ВНУ другой плыні. 54 дзеючыя ў краіне дзяржаўныя і камерцыйныя ўніверсітэты, інстытуты ды акадэміі планавалі прыняць сёлета ў шэрагі студэнтаў каля 91 тысячы чалавек. Але рэальна гэтая лічба можа аказацца прыкметна меншай - нават у апошнія дні прыёму дакументаў на многія спецыяльнасці адзначаўся недабор платнікаў. Наколькі даступна сёлета для беларусаў вышэйшая адукацыя, удакладняе "Тут і цяпер".
 
Адукацыя апярэджвае інфляцыю
 
На нядаўняй нарадзе Міністэрства адукацыі была агучана інфармацыя аб тым, што з 1 верасня 2012 года беларускія ВНУ могуць павысіць кошт навучання максімум на 29%. Большасць устаноў адукацыі не сталі чакаць заканчэння тэрміну прыёму дакументаў на платнае навучанне - 4 жніўня - і агучылі павялічаныя ўжо кошты на 2012/2013 навучальны год. У сярэднім ён абыдзецца бацькам наваспечаных першакурснікаў у 10-12 мільёнаў беларускіх рублёў, або амаль у тры сярэднебеларускія заробкі (паводле даных Белстата, за чэрвень 2012 года ён склаў 3,75 мільёна рублёў).
 
Для параўнання: на пачатку 2011/2012 навучальнага года найбольшы цэннік быў у БДУ - 5,48-7,48 мільёна рублёў, БДТУ - 6,26 мільёна і БНТУ - 6,18-6,42 мільёна, сярэдні ж кошт платнай вышэйшай адукацыі складаў 5 мільёнаў рублёў. Узгадаўшы, паводле Белстата, сярэднебеларускі заробак у чэрвені 2011 года - 1,87 мільёна рублёў, атрымаем, што год вучобы ў ВНУ летась каштаваў амаль тры сярэдніх заробка. Пры гэтым кошт навучання цягам года павялічваўся тройчы (у верасні, лістападзе 2011-га і лютым 2012-га), а ў некаторых ВНУ і 4 разы!
 
Небліскучыя бакі аднаго медаля
 
"Ну што сказаць? - паціскае плячыма маці другакурсніка Тамара Салаўёва. - Навіна, канечне, не самая прыемная, але мы да павышэння рыхтаваліся, таму асабліва абурацца няма з чаго. Заплацім колькі трэба і за гэты год, і за наступныя, зато потым нічога не будзем вінныя гэтай дзяржаве. Мы, дарэчы, год таму адразу ішлі на платнае. І не таму, што ў сына мазгоў мала, а ў мяне грошай многа, як некаторыя знаёмыя лічаць, а, па-першае, каб не трапіць у ідыёцкую сітуацыю з-за асобнага конкурсу для "сельскіх" і "гарадскіх" - крыўдна ж не паступіць толькі таму, што не трапіў у "гарадскую" квоту". І па-другое: я цяпер сплю спакойна, бо ведаю, што праз некалькі гадоў сыну не трэба будзе адпрацоўваць у якой-небудзь маляўнічай глухамані за жабрацкія грошы. Тым больш сын маёй дапамогай не злоўжывае і ўжо знайшоў сабе неблагую падпрацоўку абсалютна самастойна".
 
11-класніцу Алену Міхальчык уступны марафон чакае толькі на лета, але ўжо сёння, прызнаецца дзяўчына, яна ўзважвае, колькі высілкаў і грошай запатрабуе вышэйшая адукацыя: "Я з сям'і патомных урачоў, таму адказ на пытанне "кім стаць?" быў знойдзены яшчэ ў малодшых класах. Аднак чым бліжэй да паступлення, тым часцей задумваюся, ці правільны гэта будзе выбар. Прахадны бал на маю спецыяльнасць сёлета склаў 315, летась быў 290. Рэальна ацэньваючы свае магчымасці (а я далёка не выдатніца і не пераможца гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіяд), разумею, што на бюджэт магу і не прайсці. Платнае ж навучанне запатрабуе сама менш 14 мільёнаў рублёў у год (і гэта сённяшнія цэны, а праз год-два яны будуць яшчэ вышэйшымі!). Бацькі запэўнілі, што здолеюць аплаціць мне вучобу, і сказалі, каб я ні ў якім выпадку не адмаўлялася ад мары стаць урачом. Але я не хачу сядзець у іх на шыі, бо ведаю, як цяжка гэтыя грошы дастаюцца. Каб найхутчэй вярнуць бацькам пазыку, трэба будзе падацца ў стаматолагі ў які-небудзь камерцыйны цэнтр, а мяне ж прыцягвае педыятрыя, дзе заробкі - слёзы дый толькі. Часам думаеш: мо лепш плюнуць на той "мед" і скончыць пасля школы курсы маляроў-тынкоўшчыкаў? Буду зарабляць па паўтары тысячы ўмоўных, як матчына прыяцелька, і смяяцца ўголас над "разумнымі і беднымі", якіх кожны будаўнік лёгка абвядзе вакол пальца і развядзе на грошы".
 
Міжрадкоўе

Студэнцкае пагалоўе ў сінявокай няўхільна змяншаецца. Так, леташні план прыёму ў ВНУ краіны быў большым за сёлетні на 15 тысяч месцаў (планавалася прыняць 105 тысяч, рэальна ж паступілі ўсяго 89,7 тысячы чалавек), а ў 2010/2011 навучальным годзе студэнтамі сталі каля 103 тысяч чалавек.

"Частка маіх вучняў ужо некалькі гадоў займаецца не па беларускіх, а па расійскіх падручніках і метадычках, - дзеліцца назіраннямі рэпетытар па матэматыцы Юрый Шаліма. - Не трэба быць занадта шыракалобым, каб здагадацца, навошта ім гэта. Кошт навучання, напрыклад, у смаленскіх філіялах ВНУ цалкам параўнальны з нашымі, пры тым што ён пераглядаецца ў бок павелічэння не так імкліва, як у нас, а мноства платных пераэкзаменовак дае магчымасць атрымаць "корочки" нават вельмі ляніваму і "дубоваму" студэнту. Прынамсі, асабіста я не ведаю ніводнага чалавека, адлічанага са смаленскіх ВНУ за непаспяховасць".
 
Учора і заўтра
 
"Вучыцца ў беларускіх ВНУ - усё адно што гуляць у рускую рулетку, - крывіцца Міхась Бараноўскі, бацька трэцякурсніцы аднаго са сталічных універсітэтаў. - З аднаго боку, узровень тэстаў такі, як быццам цягнуць паступаць усіх жадаючых; з другога, ці не ў апошні дзень прыёму дакументаў - бамс, абвяшчаюць ТАКІ кошт навучання, нібыта адкрытым тэкстам гавораць першакурснікам і бацькам: "Ідзіце адсюль, у вас грошай не хопіць вучыцца ў нашай найкруцейшай ВНУ". Летась пасля лістападаўскага павышэння цаны нам давялося даплаціць больш за мільён, а ў лютым - яшчэ мільён. Нядрэнна так, праўда? Ні якасць навучання, ні матэрыяльная база ад гэтага не палепшыліся, дый, мяркуючы па водгуках выкладчыкаў, якімі прыкрываецца рэктарат, на іх зарплаты нашы даплаты амаль што не паўплывалі. Калі сёлета сітуацыя паўторыцца, то будзем абмяркоўваць з дачкой варыянт пераходу на завочнае".
 
"Складана прагназаваць, якія перспектывы чакаюць вышэйшую адукацыю, - разважае эксперт "Тут і цяпер" экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў. - Мяркую, увогуле ад яе атрымання мала хто адмовіцца, бо ў свядомасці бацькоў - і гэта цалкам правільна - сядзіць упэўненасць, што вышэйшая адукацыя дае чалавеку большыя перспектывы. Няхай будаўнік сёння зарабляе больш за медыка, але гэта не назаўсёды, пагадзіцеся. Я перакананы, што калі ў маладога чалавека добры розум, то ён знойдзе выйсце. У нас кошт платнай адукацыі даганяе, калі ўжо не дагнаў, тыя ж Польшчу і Чэхію, у той час як беларускі дыплом у Еўропе яшчэ трэба пацвярджаць (мы ж дагэтуль не ўвайшлі ў Балонскі працэс). Так што варыянты ёсць, і моладзь, якая думае пра будучыню, іх абавязкова знойдзе. Прычым гэта зробяць самыя адораныя і разумныя, а ў нас застануцца "сярэднякі". На жаль, у Беларусі дагэтуль не могуць зразумець, што, перш чым патрабаваць аддачу, ва ўсё гэта трэба ўкладваць грошы, - у навуку, адукацыю, ахову здароўя, спорт і г.д."
 
Атрымліваецца, альтэрнатыў у сённяшніх старшакласнікаў і іх бацькоў зусім няшмат: альбо пачынаць адкладваць грошы на ВНУ ледзь ці не з 1-га класа, альбо адмаўляцца ад "корочек" увогуле і аддаваць перавагу, як настойліва вымушае "партыя", перайменаваным у каледжы тэхнікумам і прафтэхвучылішчам, альбо ўсё ж атрымаць вышэйшую адукацыю, але ўжо не "між Літвой і Украінай", а ў іншых шыротах. І застацца працаваць там жа.
 
Цана ведаў (для першакурснікаў) у 2012/2013 навучальным годзе

ВНУ

Дзенная форма навучання

Завочная форма навучання

БДУ

11,8-14,95 млн    

4,95-6,95 млн

БДЭУ

11,358-11,587 млн       

4,406 млн   

БНТУ

12,6-12,8 млн      

5,325-5,477 млн

БДУІР

12,7-14,7 млн      

4,5 млн

Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт

10,7 млн       

3,5 млн

Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце РБ

13,32 млн     

6,5 млн

БГМУ

12,5-15,96 млн    

5,48 млн (толькі фармацэўтыка)

Магілёўскі дзяржуніверсітэт імя Куляшова

9,5-10 млн

2,9 млн

Брэсцкі дзяржуніверсітэт імя Пушкіна

11,1-12 млн

3,759-4,11 млн

Віцебскі дзяржуніверсітэт імя Машэрава

10,75-12,2 млн    

3,5-3,7 млн

Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Скарыны   

9,996 млн     

4,913 млн

Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Купалы     

11-12,39 млн

 

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс)

1,2-2,3 тысячы еўра (12,2-23,39 млн)


*амаль 60% студэнтаў атрымліваюць зніжкі ў 400-800 еўра ці стыпендыю
2000 еўра ў год

 

Універсітэт інфармацыйных тэхналогій (Варшава)

3600 злотых (8,9 млн беларускіх рублёў)

 

Смаленскі гуманітарны ўніверсітэт

32,7-35,7 тыс. расійскіх рублёў (8,368-9,656 млн беларускіх)

25,5 тыс. расійскіх рублёў (6,556 млн беларускіх)



Нужные услуги в нужный момент
-34%
-10%
-30%
-10%
-70%
-20%
-10%
-25%
-20%
0058415