
Фото с сайта promptnews.info
Еўрарадыё пры дапамозе афіцыйных дакументаў падлічыла дзяржаўныя выдаткі на падрыхтоўку да Гульняў.
Згодна з пастановай Саўміна “Аб праграме падрыхтоўкі спартсменаў да Алімпійскіх гульняў”, было выдаткавана каля 190 мільярдаў рублёў.
Для больш простых падлікаў пераводзім гэтыя грошы ў долары па курсе Нацбанка.
Для больш простых падлікаў пераводзім гэтыя грошы ў долары па курсе Нацбанка.
Год | Br | Курс долара ў Br (паводле Нацбанка) | $ | Усяго (сума ў $) |
2009 | 29 126 600 000 | 2880 | Каля 10 млн 113 тыс. | |
2010 | 40 219 200 000 | 2950 | Каля 13 млн 634 тыс. | |
2011 | 55 136 100 000 | 5350 | Каля 10 млн 306 тыс. | |
2012 | 75 497 535 000 | 8160 | Каля 9 млн 252 тыс. | |
Каля 43 млн 305 тыс. |
Такім чынам, канчатковую суму дзелім на колькасць 12-ці заваяваных медалёў (забраную ў Надзеі Астапчук залатую ўзнагароду ў разлік не бярэм). Атрымліваецца прыкладная лічба выдаткаў – 3 млн 609 тыс. долараў за адзін алімпійскі медаль.
Пры гэтым наш новаспечаны алімпійскі чэмпіён у стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі Сяргей Мартынаў гаворыць, што карыстаецца патронамі, якія былі выпушчаныя яшчэ за савецкім часам.
“Патроны яшчэ з савецкіх часоў засталіся. Гэта такія, чыста для спаборніцтваў. Некалькі разоў на год пастраляць, – удакладняе чэмпіён журналісту Еўрарадыё. – Трэніровачныя патроны купляліся, як трэба было. Зборы забяспечваліся, зброя, патроны – усё было”.
Па сканчэнні Алімпіяды беларускія спартоўцы, якія выступілі паспяхова, рыхтуюцца да атрымання прэмій. За золата абяцаюць 150 тысяч долараў, за срэбра – 75, за бронзу – 50. Але як быць з тымі алімпійцамі, якіх, на думку беларускай алімпійскай дэлегацыі, засудзілі? Ці атрымае прэмію штангістка Новікава, якую, на думку многіх, спынілі суддзі?
Віцэ-прэм’ер урада Анатоль Тозік адкрыта заявіў, што лічыць судзейства падчас спаборніцтваў з удзелам Настассі неаб’ектыўным.
“Я думаю – не, па законе нельга. Прыедзе міністр, ён мае права вырашаць”, – распавядае Еўрарадыё чыноўнік, блізкі да кіраўніцтва нашай цяжкаатлетычнай зборнай.
Ужо ў аўторак, 14-га жніўня, міністр спорта Алег Качан будзе праводзіць прыём нашых алімпійцаў у Мінску. А пакуль пра лёс бронзавай прэміі для Настассі Новікавай нічога не вядома.
“Наконт прэміяльных – я не ведаю. Гэта ўсё будзе вырашаць прэзідэнт. Калі прэзідэнт скажа заплаціць, то заплацяць”, – лічыць Віктар Шылай, асабісты трэнер штангісткі.
І сёння спецыяліст перакананы, што тэхнічнай памылкі ў апошняй спробе Настасся не дапускала.
“Я ў такім шоку, што… Там раскачкі не было. Раскачка – гэта калі граюць ногі. Яна звычайна такая хуткасная, у тэмпе, – працягвае Віктар Шылай. – Гэтак жа Арамнаў штурхае, алімпійскі чэмпіён з Казахстана Ільін. Многія так у тэмпе штурхаюць. Сярэдні суддзя на спаборніцтвах да мяне падышоў пасля спаборніцтваў і сказаў: “Усё было чыста”.
Сама Настасся заяўляла, што яна блізкая да завяршэння кар’еры. Але пасля Гульняў у Лондане штангістка раззлавалася і не спяшаецца завязваць са штангай.
Віктар Шылай: “Мы з ёй правялі гутарку. Яна сказала: “Я пакуль кідаць не буду, буду рыхтавацца да чэмпіяната свету”.