Личный счет


Георгій Чыгір,

Фото с сайта nv-online.info
Фото с сайта nv-online.info
З 1 ліпеня (калі верыць “Беларускай ваеннай газеце”) падвысілі службовыя аклады за ваенную службу па кантракце. Гэтае падвышэнне ажыццёўлена ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 20 красавіка 2012 года “Аб дадатковых мерах матэрыяльнага стымулявання ваеннаслужачых і дзяржаўных служачых”.

Яно, у прыватнасці, закранула ваеннаслужачых Узброеных сіл, транспартных войск, сістэм ваенных пракуратур і ваенных судоў, за выключэннем ваеннаслужачых тэрміновай службы, а таксама курсантаў, якія не праходзілі непасрэдна перад залічэннем у ваенную навучальную ўстанову ваенную службу па кантракце.
 
Акрамя таго, у Мінабароны па ўзгадненні з Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі распрацавана і зацверджана палажэнне аб умовах і парадку выплаты ваеннаслужачым адзіначасовай грашовай узнагароды за службу ва Узброеных сілах.
 
Агулам рэалізацыя ўсяго комплексу “заработных” новаўвядзенняў дазволіць падвысіць заробкі, якія службоўцы пачнуць атрымліваць ужо зараз, на 52% у параўнанні з красавіком... Працэнты ўражваюць, але мала што тлумачаць.
 
Спробы атрымаць даныя ў галоўным ваенным ведамстве нічога не далі — аказваецца, ваенная тайна!.. Калі ў Беларусі даныя пра выплаты ваенным трэба збіраць па макавым зярнятку, дык у Эстоніі ці ў Германіі — ніякіх табе сакрэтаў, заходзь на сайт Мінабароны і хоць захлыніся тымі данымі. Ну, да прыкладу, возьмем бундэсвер... Аказваецца, грашовае забеспячэнне там — адно з самых высокіх сярод армій альянсу і рэгулярна павялічваецца. А вось і канкрэтныя лічбы: асноўныя аклады (яны дадзены ў выглядзе дэталёвай табліцы) залежаць ад звання і выслугі, а агульная льготная прыбаўка — ад тарыфнай групы і... сямейнага становішча службоўцы. Ваенныя, якія маюць дзяцей, атрымліваюць штомесячныя дзіцячыя дапамогі (у пераліку на долары): 125 — на адно дзіця, 250 — на двух, 565 — на трох, 880 — на чатырох і па 132 — на кожнага наступнага дзіцёнка.
 
Акрамя таго, прадугледжаны прыбаўкі за кожную звышурочную гадзіну службы — ад 0,88 да 3,75 долара ў залежнасці ад пасады. Даплаты лётнаму асабоваму складу ВПС дасягаюць 611 долараў у месяц. Асабовы склад, які рэгулярна скача з парашутам, мае прыбаўку 150 долараў у месяц, а падводнікі — 300. У доўгачасовых паходах прыбаўляецца яшчэ 150 долараў.

Прыбаўкі за камандзіроўкі залежаць ад катэгорыі раёна камандзіравання. Такіх катэгорый шэсць. Першая — камандзіроўкі ў месцы, дзе ўмовы пражывання нязначна адрозніваюцца ад пунктаў пастаяннай дыслакацыі. Тым не менш 33 долары ў суткі атрымай! Другая — пражыванне ў намётах, складаныя бытавыя ўмовы, затраты на жыццезабеспячэнне і тэлефанаванні блізкім. Тут ужо менш як 53 доларамі не абысціся. Самая высокая катэгорыя, шостая, — раёны баявых дзеянняў з рызыкай для жыцця. Тут выплаты — 120 долараў у суткі. Апроч грошай у бундэсвер заманьваюць магчымасцю атрымаць адукацыю і адну з 60 цывільных спецыяльнасцяў. Вось так!
 
А як у арміі Яе Вялікасці каралевы Елізаветы ІІ? Там — толькі кантрактнікі. І заробкі ў іх, як на наш поглад, дык зусім не дрэнныя. Радавы атрымлівае да 1750 долараў у эквіваленце. Аднак жа многія на Туманным Альбіёне лічаць па-іншаму. Напрыклад, генерал сэр Рычард Данат назваў самай вострай праблемай... надзвычай нізкую зарплату ваеннаслужачых: маўляў, работнікі на аўтапаркоўках зарабляюць больш, чым салдаты на перадавой...
 
Але вернемся да беларускіх вайскоўцаў ды іх “засакрэчаных” заробкаў. Вядома, што грашовае забеспячэнне беларускіх вайскоўцаў складаецца з акладаў па званні і пасадзе, з надбавак-прыбавак за выслугу гадоў і прэмій, якія — адпаведна — падвышаюць тое забеспячэнне прыкладна ў паўтара раза. А калі без прэмій? Тады радавы-кантрактнік атрымлівае (атрымліваў да цяперашняга падвышэння) 200—230 долараў, прапаршчык — 250—300, лейтэнант — 280—380, маёр-падпалкоўнік — 400—500. Прыбаўка за класнасць — 33 долары. Так было. Але ж цяпер усё будзе па-іншаму, заробак падскочыць ажно на 52 працэнты... І — Божухна літасцівы — наш палкоўнік, магчыма, ураўнуецца (па зарплаце) з радавым бундэсвера ці мо нават з радавым Яе Вялікасці...
 
Тут для параўнання (хто і колькі атрымлівае) варта прывесці даныя трох еўрапейскіх краін (глядзіце табліцу ніжэй).
 
Заробкі вайскоўцаў у трох еўрапейскіх краінах (у доларах):
 
Званне
Германія
Вялікабрытанія
Францыя
Радавы
1668—2839
1625—1750
1400—1700
Сяржант
2401—3559
4000—5000
1700—2600
Лейтэнант
2913—3999
3500—3800
2300—2900
Палкоўнік
6008—8413
9500—10.600
5000—5500
Генерал
9015—13.798
10.700—12.000
6000—8000

Калі беларускі лейтэнант не дацягнецца да заробкаў Ганса, то ўжо брата-ўкраінца стопудова абставіць, бо яшчэ на пачатку лета ўкраінскі лейтэнант — камандзір узвода атрымліваў усяго 190 долараў, а капітан — 300. “Украінскі капітан з вышэйшай адукацыяй атрымлівае меней, чым кіеўскі дворнік”, — спачувальна канстатавала ў вэб-сеціве ўкраінская газета “Focus”. Па ўсім так яно і ёсць, калі ўлічыць, што нават лейтэнанты Службы бяспекі Украіны (эліта!) маюць у сярэднім 400 долараў. А тут яшчэ Кабінет міністраў “точыцца” павысіць неабходную для выхаду на пенсію выслугу да 30—35 гадоў, а самі ваенныя пенсіі абмежаваць 700 доларамі...
 
А расійскім вайскоўцам яшчэ ў студзені заробкі паднялі ў 2,5—3 разы. Цяпер расійскі капітан атрымлівае амаль 66 тыс. рублёў, гэта больш за 2 тысячы долараў. І пенсіі ваенным там падвысілі, прычым досыць прыкметна — у паўтара-два разы. У беларускіх ваенных пенсіі таксама немаленькія (у параўнанні з цывільнымі пенсіямі), але да расійскіх ім — як да неба...
 
Беларускім вайскоўцам, лічыць Лукашэнка, павінны плаціць гэтулькі ж, колькі і расіянам. Яшчэ на пачатку лютага Рыгоравіч заявіў, што з дапамогай фінансавай падтрымкі Расійскай Федэрацыі беларускім ваенным падвысяць зарплаты да расійскага ўзроўню. Аднак канкрэтных лічбаў ні Лукашэнка, ні Мінабароны не называюць.
 
Яшчэ 6 лютага Лукашэнка замовіў пра тую дапамогу з боку РФ, маўляў, беларускім вайскоўцам падвысяць зарплаты да расійскага ўзроўню. Паколькі дакладных лічбаў міністэрскія чыны не агучваюць, то выходзіць, што беларускім ваеннаслужачым абяцалі падняць зарплаты да 2 тысяч долараў...
 
І ўсё ж немагчыма зразумець, якім чынам павінна ажыццяўляцца такая “братняя” дапамога, бо — нават у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам — Расія не можа плаціць грошы беларускім ваенным. Выхад, верагодна, у тым, каб сэканоміць грошы на іншых пазіцыях ваеннага бюджэту (а ён складаецца не толькі з зарплат) і перанакіраваць іх на выплату службоўцам. Але і тут закавыка... Справа ў тым, што ў Расіі суадносіны выплат ваенным і цывільным грамадзянам хоць неяк карэктуюцца, маюць разумную прапорцыю-раўнавагу. А што будзе ў Беларусі ў выпадку такога падвышэння? Беларускі капітан будзе атрымліваць 2 тысячы баксаў, а той жа цывільны доктар ці там настаўнік — 400—500 долараў?
 
Ваенны эксперт Аляксандр Алесін тлумачыць лукашэнкаўскі клопат пра ваенных наступным чынам:

- Калі беларускім ваенным не плаціць, то яны пабягуць у Расію, дзе аклады ўдвая большыя і не хапае ваеннаслужачых. На кантрактных пасадах служыць могуць там і неграмадзяне Расіі. Цяпер у іх з’явіцца магчымасць у Саюзнай дзяржаве выслужыць для сябе расійскае грамадзянства. А калі яны будуць служыць у расійскай арміі, то будуць удзельнічаць і ва ўсіх іхных канфліктах.
 
Нужные услуги в нужный момент