Личный счет


Ганна Гарустович,

Фота: Марына БЕГУНКОВА
Фота: Марына БЕГУНКОВА
...А яшчэ — кампот, варэнне, марынаваныя і сушаныя грыбы, таксама розныя леча і салаты...Сезон рабіць нарыхтоўкі на зіму — якраз у разгары. Камароўскія латкі прапануюць усё неабходнае для гэтага шчасця і прымушаюць руплівых гаспадынь здзяйсняць "рэйды" на прадмет "што пачым". Карэспандэнт "Звязды" ў чарговы раз наведалася на рынак і паглядзела, як змяніліся кошты, што прапануюць, пра што гавораць і на што робяць зніжкі.

...Заходжу за вароты рынку і чамусьці пачынаю адчуваць сябе няёмка. Разуменне, чаму ж так адбываецца, прыходзіць не адразу, але яскрава і даходліва: побач спыняецца жанчына, і спыняецца не проста так, а каб перадыхнуць ад трох сумак, якія мужна цягне ў руках. Ага, тут ніхто з пустымі рукамі не ходзіць. Бяруць шмат і ўсяго адразу.
 
— А мех салодкіх перцаў колькі будзе каштаваць?
 
— Гэтыя па 6,5 тысячы рублёў за кілаграм. Будзеце мех браць — узважым.
 
Кошт на перцы на Камароўцы трымаецца ў межах 6—13 тысяч, на памідоры — у сярэднім 5-14 тысяч. І калі перцы ў ліпені каштавалі 32 тысячы, то цяпер самае дарагое, што ўдалося пабачыць — 16 тысяч за кілаграм (ярка-чырвоныя і на дзіва аднолькавыя), а памідоры можна знайсці і па 4 тысячы за кілаграм, але гэта самыя маленькія, памерам са сліву.
 
Капусту ў самым пачатку рынку прадаюць амаль па 6 тысяч за кілаграм, але дастаткова прайсці крыху далей, туды, дзе гаспадары агародаў і дач прапануюць уласную гародніну, можна знайсці варыянт на тысячу-дзве таннейшы. Капусту, напрыклад, можна купіць па 3-4 тысячы, буракі — па 2,5-3 тысячы, кілаграм морквы абыдзецца ў 4-5 тысяч рублёў. Кошт цыбулі залежыць ад гатунку. Хочаце купіць звычайную — па 6,5 тысячы за кіло, а калі пажадаеце чырвоную для салатаў — прыйдзецца аддаць ужо 9 тысяч. Бульбу на Камароўцы прапануюць у асноўным па 3 тысячы за кілаграм. Дзе-нідзе кошт меншы — 2,3-2,5. І гэта зусім не дробныя клубні. Захочацца да стравы смачнага зяленіва — будзьце гатовыя выдаткаваць 5-10 тысяч рублёў. Пучкі кропу, пятрушкі, кінзы і базіліку каштуюць у межах гэтай сумы.
 
Яшчэ на рынку зараз шмат грыбоў. За трохлітровае вядзерца баравікоў большасць камароўскіх прадаўцоў просіць 110-120 тысяч рублёў. Маленькія баравічкі, якія можна марынаваць, не рэжучы, яшчэ даражэйшыя: адна літровая пасудзіна — 80 тысяч. Тры літры такіх — 240 тысяч! Падасінавікі і абабкі не так "кусаюцца" — усяго толькі 30 тысяч за трохлітровае вядро. Калі нехта любіць апенькі — рыхтуйце 25 тысяч за вядро. Шампіньёны і вешанкі — 26-28 тысяч. Лісічкі цяпер падаражэлі. Калі параўноўваць з пачаткам сезона ў чэрвені (15 тысяч), цяпер прыйдзецца аддаць на 5 тысяч больш.
 
— Чаму такія дарагія грыбы, пытаецеся? А вы ўмееце пад яловымі лапкамі поўзаць? — агарошыў адказам на маё здзіўленне адносна кошту грыбоў прадавец Алег, які ўласнаручна прывёз на рынак тры вядзерцы баравікоў з-пад Смалявіч.
 
Больш пытанняў не задаю, бо поўзаць пад яловымі лапкамі сапраўды не спрабавала, і тут жа прыходзіць думка, што прадаўцы з Камароўкі не такія ўжо і бязлітасныя. Узгадваю, як на мінулых выхадных цікавілася коштам на баравікі на імправізаваным рынку ля дарогі недалёка ад Лагойска. За тыя ж тры літры грыбоў там прасілі 130 тысяч.
 
Ягадны камароўскі асартымент крыху здзівіў. Па-першае, розніца ў коштах на журавіны ў двух розных месцах — 10 тысяч. 35 і 25 тысяч менавіта за кілаграм (латкоў з журавінамі, дзе прадавалі на вагу, было толькі два, у іншых месцах былі вёдры, слоікі і кубкі, таму колькі ж каштуе кілаграм там, вызначыць было праблематычна). Па-другое, цяпер з'явіліся "восеньскія" ягады, якія многія бяруць на лекі — каліна і абляпіха (15 і 20 тысяч за паўлітра). І нарэшце — некаторыя да гэтага часу знаходзяць у лесе чарніцы, хоць сезон іх — да жніўня, самае позняе. Захочацца наляпіць варэнікаў — "адшкадуйце" 25 тысяч рублёў за паўлітра...
 
— Падыходзьце, выберам вам кавун! — з усіх бакоў крычаць прадаўцы, як толькі даходжу да шэрагаў з садавіной.
 
З летніх 5 тысяч за кілаграм кошт на "паласацікаў" знізіўся да 3-3,5 тысяч. Дыня таксама стала больш даступным ласункам. Па 7 тысяч за кілаграм каштуюць узбекскія, а астраханскія і таго менш — 5. У канцы лета — пачатку восені на Камароўцы з'явіўся інжыр. Каштуе 4-5 тысяч за кілаграм.
 
Цікаўлюся коштам на беларускія яблыкі: у сярэднім — 5-10 тысяч. Бабулі з уласнага саду аддаюць па 3 тысячы.
 
— Вядзерца за 6 тысяч саступлю, варэнне цудоўнае зробіце, — спакушае мяне гаспадыня гэтага самага вядзерца з белым налівам. Адмаўляюся, бо варэння ў сваім жыцці ніколі не варыла, і з такой колькасцю яблык нават не ведаю, што і рабіць. Таму адзінае, што застаецца — разам з пакупкамі пытацца ў прадаўцоў і сакрэты смачнага прыгатавання ўсяго набытага.
 
Напрыклад, наконт каліны мне далі такую параду. Ягады памыць і ашпарыць кіпнем, пасля працерці праз марлю і дадаць цукар у прапорцыях 1 да 1. Пачысціць і парэзаць некалькі апельсінаў і патушыць іх паўгадзіны ў цукровым сіропе, пасля чаго дадаць працёртую каліну і закласці ў слоікі.
 
Угледзеўшы маленькія, падобныя па форме да лімонаў аранжавыя плады, я перш за ўсё запыталася не рэцэпт, а "што гэта такое?". Аказалася — "мядовы гарбуз", з якога атрымліваецца цудоўная запяканка. Гарбузы чысцяць, рэжуць на маленькія кавалкі, а пасля тушаць іх хвілін дваццаць. У масу з тварагу, яек, цукру і маннай крупы варта дадаць тушаную "мядовую" смакату, паставіць у духоўку на 40 хвілін, а пасля можна ласавацца восеньскім дэсертам.
Нужные услуги в нужный момент
-50%
-40%
-20%
-50%
-10%
-10%
-30%
-11%
-40%
-10%
0058774