реклама

Личный счет


Ганна Гарустович,

Фото с сайта photosight.ru
Куды падзеліся галодныя студэнты з анекдотаў? Сёння такіх сустрэнеш рэдка. Не есці яны могуць хутчэй з-за адсутнасці часу, чым грошай, а студэнцкая страва — часта зусім не макарона з сасіскамі. Тым не менш студэнцкія "традыцыі" харчавання па-рознаму адбіваюцца на здароўі моладзі. Што ж лепш: аддаваць перавагу "хуткай" і некарыснай ежы, пры гэтым маючы больш вольнага часу, ці вучыцца гатаваць катлеты і суп, але стаяць ля пліты лішнія гадзіны, якіх заўжды так не хапае?

Варыянт першы
:
любімы хот-дог і замарожаны боршч

Алег, брат майго знаёмага, сёлета меў шчасце сабраць некалькі сумак рэчаў, абняць бацькоў і паехаць са свайго гарадка ў іншы, больш шумны і вялікі, каб вучыцца там на настаўніка геаграфіі. Месца ў інтэрнаце хлопцу не далі, таму новаспечаны першакурснік вымушаны быў шукаць жыллё самастойна. Пошукі далі вынік у выглядзе пакоя ў "хрушчоўскім" доме. Рэч, пра якую прыгадвае большасць студэнтаў пасля напружанага вучэбнага дня, — халадзільнік — у кватэры таксама, зразумела, ёсць:
 
— Ага, гудзіць моцна і спаць перашкаджае... Але адна паліца адведзена толькі для маіх прадуктаў, — расказвае Алег.
 
Што ж складвае туды хлопец? Чым сілкуе свой арганізм, знясілены вучэбнымі нагрузкамі? Аб усім па парадку.
 
Раніцай Алег абыходзіцца бутэрбродам і кавай. Каб не будзіць гаспадыню, бутэрброд часта забірае з сабой і перакусвае па дарозе ва ўніверсітэт. Ужо ў 11 гадзін па-сапраўднаму хочацца есці.
 
— Часу на перакус не так шмат, таму звычайна абмяжоўваюся хот-догам з колай. Ведаю, што шкодна, але такое спалучэнне вельмі люблю. Нічога дрэннага са мной ад такой ежы пакуль не здарылася.
 
На вялікім перапынку Алег часам наведваецца ў сталоўку і абедае там. Але хадзіць туды ён не надта любіць. На працягу дня — яшчэ некалькі перакусаў: марожанае ці нешта салодкае. А што ж з вячэрай?
 
— Яшчэ прайшло не так шмат часу з пачатку майго больш-менш самастойнага жыцця. Калі толькі прыехаў, пайшоў у краму і накупіў рознай ежы, ужо гатовай, бо з прадуктамі не настолькі сябрую, каб іх гатаваць. Прынёс дадому катлет, смажаную курыцу, некалькі відаў салатаў. Але праз пару дзён зразумеў, што зрабіў гэта дарма: курыца стала зусім неапетытна пахнуць. Таму давялося тэрмінова мяняць стратэгію і, ахвяруючы вячэрнім адпачынкам, ледзь не праз дзень, хадзіць пасля заняткаў у краму ля дома.
 
Бацькі пра харчаванне сына таксама не забываюцца. На першыя ж выхадныя мама з татам прыехалі ў госці і запоўнілі асабістую палічку каўбасамі, кансервамі, свежай гароднінай і салам. У маразілку паклалі хатнія пельмені і... боршч.
 
— Мама неяк здолела прывезці яго ў пластыкавай ёмістасці. А пасля праінструктавала: перад адыходам на вучобу — дастаць, каб размарозіўся, а пасля толькі падагрэць. Я спачатку смяяўся, але пасля ежы са сталоўкі марожаны боршч падаўся самым смачным у свеце. І яшчэ прывяду аргумент на карысць свайго харчавання. Ведаю, колькі праводзіць на кухні мая маці: гэта зусім нямала. Я ж чалавек неспрактыкаваны, таму, калі б спрабаваў гатаваць, увогуле начаваў бы ля пліты. А так часу на прыгатаванне ежы амаль не затрачваю, таму магу дазволіць сабе адпачыць альбо ў перспектыве — уладкавацца на якую-небудзь падпрацоўку.
 
Варыянт другі: каша на сняданак і "царская вячэра" па выхадных

Маша — будучы спецыяліст у сферы банкаўскай справы. Нядаўна перайшла на чацвёрты курс і адважылася пераехаць з кватэры, за якую з першых дзён студэнцтва аддавала 120 долараў на месяц, у студэнцкі інтэрнат.
 
— За першыя дні ў інтэрнаце я ўжо крыху асвоілася. Каб нармальна харчавацца, у мяне ёсць усё, акрамя часу, — распавядае дзяўчына.
 
Маша жыве ў пакоі з дзвюма сяброўкамі, кухня — агульная для іх і яшчэ трох дзяўчат, на "наваселле" купілі па аб'яве старэнькі халадзільнік.
 
— Я вучуся ў другую змену, таму прачынаюся гадзін у 9 і спакойна снедаю. Раніцай — ніякіх кулінарных шэдэўраў. Вельмі люблю малако, таму гатую самую простую малочную кашу з маслам: рысавую, манную, аўсяную.
 
Прыкладна ў 12 Маша едзе на вучобу, дзе ёсць сталоўка і буфет. Там дзяўчына часцей за ўсё бярэ каву з печывам ці шакаладкай, паўнавартасных сталоўскіх абедаў Маша не ўжывае — смак не падабаецца.
 
— Не хачу нікога пакрыўдзіць, але камякі ў пюрэ і падгарэлыя бліны я есці не магу...
 
Вучоба цягнецца гадзін да сямі, пасля заняткаў Маша часам вячэрае ў горадзе. Замаўляе звычайна нешта мясное, салат і дэсерт. Але часцей за ўсё дзяўчына адрывае гадзіну-паўтары ад свайго вечара, каб прыгатаваць сабе нешта.
 
— На першым курсе я, па прыкладзе большасці студэнтаў, харчавалася выключна чым прыйдзецца. Цудоўна "ішлі" і макарона хуткага прыгатавання, і чыпсы. Прымусіў больш уважліва ставіцца да сябе... планавы медагляд, які выявіў, што ці ад стомленасці, ці ад няправільнага харчавання ў мяне "ўпаў" гемаглабін. Зразумела, пры маім жыццёвым рытме цяжка арганізаваць сабе трохразовае правільнае харчаванне, але адзін раз паўнацэнна паесці я магу.
 
Пасля заняткаў Маша звычайна гатуе стравы, якія не патрабуюць шмат часу. Напрыклад "лянівыя" варэнікі ці макарону з рознымі соусамі. У дадатак — свежая садавіна ці гародніна. Па словах дзяўчыны, калі такое харчаванне ўвайшло ў звычку, яна нават заўважыла некаторую эканомію, хоць першапачаткова да яе не імкнулася.
 
— Раней я магла зайсці ў "Макдональдс", каб перакусіць, пакінуўшы там пэўную суму. І што? Праз гадзіну зноў хочацца есці.
Калі ж гатаваць, напрыклад, соус да макароны, патрэбна купіць грам дзвесце фаршу і гародніны прыкладна на гэтыя ж грошы, а стравы хапае на дзве вялікія талеркі. Яшчэ і суседак пачаставаць можна.
 
На выхадных ёсць вольны час, таму ў Машы і яе сябровак папрацаваць у суботу над чым-небудзь смачненькім ужо стала традыцыяй. Разам дзяўчаты знаходзяць у інтэрнэце цікавы рэцэпт, а пасля ідуць у краму па прадукты. З апошніх кулінарных эксперыментаў — рыба, запечаная з цыбуляй, морквай і сырам.
 
— Нічога сабе студэнцкае жыццё! Відаць, уся стыпендыя ідзе на вашы суботнія вячэры?
 
— На харчаванні я не эканомлю. Напрыклад, для гэтай стравы мы купілі рыбу і сыр. Прыкладна сорак тысяч рублёў на трох. Думаю, зусім не дорага, калі ўлічваць, што патрачаныя грошы пайшлі на карысць, і атрымалася вельмі смачна.
 
Мы папрасілі нашых герояў падзяліцца сваім тыповым меню:

"З'едзеныя" грошы Алега:

Сняданак
:
Каўбаса вэнджаная (невялікі кавалак) — 20 тысяч;
Сыр — 15 тысяч (можа хапіць і на заўтра);
Батон — прыкладна 4 тысячы рублёў.

Абед
:
Хот-дог — 12 тысяч рублёў;
Кока-кола 0,5 л — 7 тысяч рублёў.

Вячэра
:
Рыс з мясам і гароднінай (перададзены мамай, дастаўся бясплатна);
Памідоры — 10 тысяч (з'ядаюцца не ўсе);
Смятана — 6,7 тысячы;
Сок — 11 тысяч рублёў за літр.

Перакусы на працягу дня (кава, шакаладкі, булкі, пірожныя і г.д.)
— прыкладна 30 тысяч.

"З'едзеныя" грошы Машы:

Сняданак
:
Аўсяныя крупы — 5 тысяч за пачак;
Масла сметанковае — 10,5 тысячы (хапае на некалькі разоў);
Малако — 5,6 тысячы за літр (натуральна, за адзін раз не зрасходуеш).

Абед-вячэра
:
Тушаная капуста з мясам: капуста — 9 тысяч, фарш (300 г) — 16 тысяч;
Кетчуп — 8,5 тысячы (хапае на шмат разоў);
Хлеб — 4,5 тысячы (на працягу дня).

Перакусы на працягу дня (кава, шакаладкі, булкі, пірожныя і г.д.)
— 25 тысяч.

Каментарый спецыяліста:

Надзея Судас, загадчык 1-га тэрапеўтычнага аддзялення 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі, г. Мінск:

— Самая першая праблема са здароўем, якая ўзнікае з-за "асаблівасцяў" студэнцкага харчавання — гэта захворванні страўнікава-кішачнага тракта. Студэнты, якія стаяць на дыспансэрным уліку з-за такіх праблем, часцей за ўсё пакутуюць на язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Калі глядзець на колькасць выдадзеных бальнічных лістоў, то захворванні страўнікава-кішачнага тракта стаяць на трэцім месцы пасля зваротаў з праблемамі органаў дыхання і траўмамі.
 
Асабліва пакутуюць студэнты першых курсаў — гэта перыяд, калі малады чалавек з'ехаў ад бацькоў і павінен навучыцца сам клапаціцца пра сябе. Сярод студэнтаў першага-другога курса вельмі шмат тых, у каго абвастраюцца хранічныя гастрыты і выяўляюцца язвы. Безумоўна, у гэтым вінавата не толькі ежа, але і стрэсы ад іспытаў і залікаў.
 
Ідэальны варыянт харчавання па медыцынскіх паказаннях — есці 4-5 разоў на дзень невялікімі порцыямі. І гэта павінны быць карысныя, добра прыгатаваныя стравы. Калі браць за аснову гэты пункт гледжання, то, у прынцыпе, ніводная з вышэйапісаных гісторый не падыходзіць пад азначэнне "правільна харчавацца". У маладых людзей, як правіла, страўнік выдзяляе вялікую колькасць салянай кіслаты, і калі не есці некалькі разоў на дзень, кіслата шкодзіць арганізму. Студэнтам варта звярнуць увагу на прадукты, багатыя вугляводамі і бялкамі (крупы, мяса і рыба), а таксама мець на стале ў дастатку гародніны і садавіны.
Ва ўніверсітэтах сёння ёсць магчымасць забяспечыць сабе хоць бы раз на дзень гарачае харчаванне, наведаўшы сталовую. Іншая справа, што за час, адведзены для перапынку, студэнты не заўжды паспяваюць гэта зрабіць.
 
0061272