Личный счет


Таццяна Лазоўская,

Звыш 7 700 тон збожжа намалаціў сёлета камбайнер агракамбіната "Ждановічы" Міхаіл Саладуха. Перадавік пабіў усе рэкорды не толькі на Міншчыне, але і ў рэспубліцы. У шосты раз ён будзе ўдзельнічаць ў рэспубліканскім свяце працаўнікоў вёскі "Дажынкі", што адбудзецца ў Горках.

З Міхаілам Уладзіміравічам мы сустрэліся ў механічных майстэрнях у пасёлку Кунцаўшчына. Ён аказаўся гаваркім і жартаўлівым чалавекам. "Ваш кармілец? — кіўнуў ён, заўважыўшы ў мяне ў руках дыктафон, і засмяяўся. — А вось гэтым агрэгатам я сабе на хлеб зарабляю".
Мой суразмоўца завіхаўся каля цукраўборачнага камбайна RОРА R20.45K нямецкай вытворчасці. "Камбайн, зрэшты, гатовы да работы, але яшчэ раз падстрахавацца не будзе лішнім. Чалавечы арганізм дае збоі, а гэта ж тэхніка...", — адчуваецца, што машыну ён успрымае, як жывую істоту.
 
На ўборцы караняплодаў будзе задзейнічаны таксама старэнькі камбайн "Кляйн". Але асноўная нагрузка, бясспрэчна, кладзецца на больш новы. На ім будуць працаваць кругласутачна, пазменна — па 12 гадзін — Міхаіл Саладуха і яго напарнік Віктар Стэльмах, пераможца спаборніцтва сярод моладзевых экіпажаў камбайнаў на жніве і ўдзельнік рэспубліканскіх "Дажынак".
 
— Сёлета ў агракамбінаце пасаджана 700 гектараў цукровых буракоў. За дзень мы можам выкапаць 22 гектары караняплодаў. Так што, крыху больш чым за месяц управімся з уборкай, — дзеліцца з карэспандэнтам Міхаіл Уладзіміравіч. І жартаўліва дадае: — Толькі б журналісты не перашкаджалі. Калі б не вашы калегі, то я б намалаціў і больш васьмі тысяч тон. А так — не паспееш сесці за штурвал, як чарговая брыгада карэспандэнтаў едзе: маўляў, віншуем з рэкордам! Толькі ад прэсы і даведваўся, хто з маіх калег наперадзе, а хто адстае. Але ж у кожнага свая работа.
 
— Жніво — гэта добрая магчымасць папоўніць свой сямейны бюджэт. Калі не сакрэт, колькі ўдалося "накасіць" за сёлетнюю ўборку? — падыгрываю дасціпнаму камбайнеру.
 
— Ніякага сакрэту няма — 34 мільёны рублёў. А разам з прэміямі і яшчэ больш. Ды ўжо палову патраціў, — адказвае ён. — Перш за ўсё ўклаў у дом. Як ні круці, а засяліліся сюды амаль 12 гадоў таму.
 
У 2000 годзе ў агракамбінаце "Ждановічы" сям'і механізатара выдзелілі катэдж з цэнтральным водаправодам, каналізацыяй , прыродным газам. Як заўважыў гаспадар, не горшы, чым гарадская кватэра. Толькі што знаходзіцца за межамі Мінскай кальцавой дарогі, у вёсцы Тарасава. Але дабіраецца да месца работы наш герой без праблем — на асабістым аўтамабілі, ключы ад якога ўручылі на "Дажынках" у 2007 годзе. А ўсяго Міхаіл Уладзіміравіч пяць разоў удзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы, займаў 1-е, 2-е, 3-е месцы. Складана быць героем, аднак бытавой тэхнікі, халадзільнікаў, тэлевізараў столькі надарылі, што хопіць і дзецям, і ўнукам.
 
— Як атрымліваецца ў вас так спрытна пераганяць калег? — цікаўлюся ў камбайнера.
 
— Па-першае, мне даверылі сёлета новы высокапрадукцыйны камбайн "Лексіён-770", і пакуль што такі ў рэспубліцы адзін. Вопыт, відаць, таксама дапамагае. На жніве я не навічок, упершыню сеў за штурвал камбайна 15 гадоў таму. Спачатку быў памочнікам камбайнера, потым стаў і самастойным, 9 сезонаў, у прыватнасці, на "Лексіёне-480" адпрацаваў. Па-трэцяе, у гаспадарцы сёлета добрая ўраджайнасць збожжавых — 70,1 цэнтнера з гектара.
 
— А можа, якія асаблівыя сакрэты падслухалі падчас мінулых "Дажынак" у камбайнераў-перадавікоў з іншых рэгіёнаў краіны? — цікаўлюся ў суразмоўцы.
 
— Мы шмат пра што гаварылі з імі на свяце, зразумела, крыху дзяліліся вопытам. Толькі сакрэт поспехаў ніхто не спяшаўся адкрыць. У кожнага свае прафесійныя таямніцы, — смяецца ён у адказ.
 
— Не зайздросцяць вашай славе і дастатку суседзі, калегі, знаёмыя? — дапытваюся ў Міхаіла.
 
Адказвае жартам: маўляў, асабіста я зайздросціў бы сабе...
 
А калі сур'ёзна, то яго заўсёды шчыра віншуюць з дасягненнямі. Радуецца яго поспехам і сям'я. Яна — надзейны тыл для Міхаіла Саладухі, тут яго разумеюць, падтрымліваюць. У яго цудоўныя дзеці, якія закончылі прафесійна-тэхнічныя каледжы: дачка — лёгкай прамысловасці, сын — машынабудаўнічы, працуюць адпаведна на "Галантэі" і "Амкадоры". Жонка — хатняя гаспадыня. Гэта ў большай ступені яна — як маці і гаспадыня — выхоўвала дзяцей, бо бацька шмат часу аддаваў працы. Дзеці выраслі добрымі і спагадлівымі людзьмі, памочнікамі па хатняй гаспадарцы. А галоўнае, паважаюць бацькоў. Міхаіл Уладзіміравіч для іх — прыклад для пераймання. "Мне ў свой час таксама было прыемна, калі тату і маму віншавалі, уручалі граматы", — заўважыў Міхаіл Саладуха. — Яны, дарэчы, не мелі да сельскай гаспадаркі ніякіх адносін, працавалі на цеплаэлектрастанцыі. А вось мы з братамі — тыповыя аграрыі".
 
— Мабыць, і свойскую жывёлу трымаеце?
 
— Пры доме ў нас ёсць падсобныя пабудовы, але апошнім часам, акрамя курэй, не трымаем ніякай жыўнасці. Няма часу і вострай патрэбы ў гэтым, усё можам купіць у магазіне, ды і жонку не хочацца загружаць дадатковымі клопатамі. У нас дом плошчай 118 квадратных метраў, магчыма, і не такі вялікі, але ўсё роўна спраў хапае. І прыбраць, і кашулі памыць, есці прыгатаваць — усё на плячах гаспадыні. А я дастаткова зарабляю, каб сям' я не адчувала ні ў чым патрэбы.
Вось так бы ўсе мужчыны шанавалі сваіх каханых ды забяспечвалі іх матэрыяльна!
Дарэчы, па сакрэце мне сказалі, што Алена Іванаўна жартам называе свайго мужа: "Мая зорка". Яны знаёмыя са школьных гадоў, а пажаніліся ў 1991-м.
 
— А наконт адпачынку яшчэ не думалі?
 
— Пакуль рана. Пасля ўборкі караняплодаў трэба камбайны праверыць, калі спатрэбіцца, нешта падрамантаваць, замяніць запчасткі і паставіць на "зімоўку" ў бокс, каб на наступны год паказаць яшчэ лепшыя вынікі... А ўжо затым і пра водпуск можна падумаць, — пачула ў адказ.
 
Нужные услуги в нужный момент
-25%
-25%
-10%
-25%
-50%
-30%
-20%
-35%
-30%
-20%
-30%