Личный счет


Зміцер ЗЯЗЮЛЯ,

oko.by
oko.by
На днях з вуснаў кіраўніка дзяржавы прагучала наступнае: заможных людзей папросім аплочваць 100% камунальных паслуг, а можа і 150, і 200. Калі ж сярэдні заробак у краіне стане пад 1000 долараў, і ўсяму насельніцтву будзе няцяжка заплаціць поўнасцю за прадастаўленне гэтых самых камунальных паслуг. Ці так гэта?
 
Сяргей Гайдукевіч, старшыня ЛДПБ: "Як да гэтага можна ставіцца сур'ёзна?"

- Я апошнім часам да ўсяго, што заяўляе ўлада, стаўлюся з гумарам. Я не магу ставіцца да несур'ёзных пытанняў сур'ёзна. "Калі ў цябе, Гайдукевіч, такія даходы, то ты павінен плаціць за ўсіх і за ўсё" - ну як успрымаць гэта без гумару?! Адкінуць Канстытуцыю, законы. Як гэта ўвогуле будзе выглядаць? І журналістам раю да ўсяго гэтага ставіцца з гумарам. Я б сябе за чалавека не лічыў бы, каб пачаў зараз з сур'ёзным выглядам расказваць, што так рабіць нельга. Акрамя шчырай усмешкі ў бок улады я нічога не маю.
 
Марыя Сасноўская, гандлярка: "Усе павінны плаціць па-поўнай"

- Я супраць таго, каб нехта за нешта плаціў 50 працэнтаў. Усе павінны плаціць столькі, колькі яно каштуе. І зарабляць павінны дастойныя грошы! І калі парламент гатоў пасля грамадскага абмеркавання каму-небудзь з малазаможных нешта кампенсаваць, то гэта павінны быць грошы, а не камуналка. Я супраць усялякіх субсідый. А каб з мяне, акрамя падаткаў, бралі нешта яшчэ, я ўвогуле супраць. І за метро, і за ліфт, і за электрычнасць трэба плаціць столькі, колькі трэба. Вось у Францыі з тых, хто мільён у год зарабляе, сталі браць 75 працэнтаў падатку. І там рэзка ўсе перасталі атрымліваць па мільёну. Затое сталі атрымліваць па мільёну ў Бельгіі і Галандыі. Таму пайшлі б усе сацыялісты ў адно месца!.. Колькі кватэр мы пабудавалі талакой маладым і шматдзетным сем'ям! Ім дзяржава дала? Ва ўсіх забралі па капейчыне. Утрыманцаў забяспечваць не трэба. Калі яны будуць паміраць з голаду, ім трэба даваць бясплатны суп. А рабіць з бедных багатых, а з багатых - бедных... Успомніце рэвалюцыі і зрабіце высновы.
 
Леанід Заіка, эканаміст: "Праблема ў тым, за што плаціць"

- У Беларусі тэрмін "багатыя" - паняцце сатырычнае. Таму што багатыя - гэта дырэктары прадпрыемстваў, наменклатурныя кіраўнікі. Калі прэзідэнт лічыць, што яны павінны плаціць больш, дык яны павінны пайсці і добраахвотна заплаціць больш. Дастаткова паглядзець на дэкларацыі аб даходах тых, хто заяўляўся ў парламент. Бачна, што члены парламента, супрацоўнікі ўрада зарабляюць 1,5 тысячы долараў, раённыя наменклатуршчыкі - 800 долараў. Яны павінны падтрымаць прэзідэнта дзеяннем - пайсці і заплаціць добраахвотна 150 працэнтаў "камуналкі". Цяпер па сутнасці. Усе павінны плаціць роўна столькі, колькі яны спажываюць. Пытанне ў іншым: у Беларусі 49 працэнтаў цяпла губляецца ў трубах. Гэта значыць абаграваецца глеба. Чаму беларус павінен плаціць за кепскія інжынерныя збудаванні, за тых дурняў, якія ўсё гэта будавалі? Таму ў суседніх краінах, нават у расійскім Калінінградзе, сталі ўсталёўваць аўтаномныя сістэмы ацяплення - газавыя катлы ў кожнай кватэры, зручна і нядорага. Праблема не ў тым, колькі плаціць, а ў тым, што кепская камунальная сістэма прымушае людзей аплачваць памылкі бяздарнасці і непрафесіяналізму камунальшчыкаў. Ці трэба плаціць за дрэнную працу? За страту цяпла, кепскія вокны, дрэнныя пад'езды? Як эканаміст я б замарозіў усе тарыфы і даў бы заданне: ператрахніце гэта ўсё, ад труб да кранаў. За вываз смецця павысілі тарыф у чатыры разы - людзі нават не заўважылі. Дамафон у тры разы даражэйшы за радыёкропку. Павышаюць тарыфы камунальшчыкі цішком, ноччу. Таму размову трэба весці не пра тое, колькі плаціць багатым, - у Беларусі амаль ўсе бедныя. Трэба пачынаць з навядзення элементарнага парадку ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. І пасля гэтага мы можам сабрацца - прадстаўнікі навуковага свету, спецыялісты, прэзідэнт, прэм'ер - і разабрацца, што ў нас атрымалася. Можа здарыцца і так, што не трэба будзе дзяліць людзей на багатых і бедных.
 
Аляксандр Сасноў, былы міністр працы: "Багатых будуць абабіраць двойчы"

- Я стаўлюся дрэнна да гэтай ідэі, бо тыя, хто атрымлівае ад нейкай працы больш грошай, і падаткаў больш плацяць. А з падаткаў выдзяляюць грошы на датацыі той жа самай "камуналцы". Таму атрымліваецца, што іх будуць абабіраць двойчы. А хто ў нас бедны, а хто багаты, хай вызначаюць тыя, хто любіць лічыць грошы ў чужых кішэнях.

Оплачивай коммунальные не выходя из дома >>
Нужные услуги в нужный момент
-40%
-20%
-37%
-30%
-25%
-50%
-20%
-30%
-15%
-15%