Личный счет


Аляксандр ШЫМАНСКІ,

Далёка не ўсе маладыя сем'і сёння ведаюць аб тым, якую матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы яны маюць права атрымліваць пры нараджэнні дзяцей. Часта выклікана гэта занятасцю людзей: ім няма калі вывучаць шматлікія нарматыўныя дакументы. У выніку атрымліваецца, што многія застаюцца без дапамогі. Таму прапануем вам падрабязны агляд асноўных відаў дапамогі.

Віды дапамогі

Іх некалькі: у сувязі з нараджэннем дзіцяці; жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці; па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў; на дзяцей, старэйшых за 3 гады. Як правіла, усе яны назначаюцца па месцы працы (службы), вучобы (у дзённай форме атрымання адукацыі) маці дзіцяці, а калі маці не працуе і не вучыцца, то бацькі. Асобам, якія працуюць у камерцыйных арганізацыях з сярэдняй колькасцю работнікаў на каляндарны год да 15 чалавек уключна, а таксама непрацуючым асобам дапамога (пры наяўнасці права на яе) назначаецца і выплачваецца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Выплачваецца дапамога за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту. Памеры дапамогі пераразлічваюцца з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада ў сувязі з павелічэннем бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
 
Неабходныя дакументы

Для таго, каб атрымаць дапамогу пры нараджэнні дзіцяці, вам трэба будзе прадаставіць пэўныя дакументы ва ўпраўленне сацыяльнай абароны па месцы жыхарства ці па месцы працы (службы), вучобы маці (бацькі) дзіцяці. Сярод іх: заява; пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу; даведка аб нараджэнні дзіцяці (арыгінал); пасведчанне аб нараджэнні, калі дзіця нарадзілася за мяжой (з завераным перакладам); пасведчанне аб нараджэнні, смерці дзяцей (прадастаўляюцца на ўсіх дзяцей у сям'і); копія рашэння суда аб скасаванні шлюбу ці пасведчанне аб скасаванні шлюбу (ці іншы дакумент, які пацвярджае катэгорыю няпоўнай сям'і); выпіска (копія) з працоўнай кніжкі бацькоў ці іншыя дакументы, якія пацвярджаюць іх занятасць; даведка аб месцы жыхарства і складзе сям'і ці копія асабовага рахунку. Акрамя таго, абавязкова трэба памятаць, што па назначэнне дапамогі неабходна звярнуцца на працягу 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці. Калі вы звяртаецеся пазней, дапамога не назначаецца і не выплачваецца. Таксама нельга забываць, што пры вызначэнні права на дапамогу не ўлічваюцца дзеці, у адносінах якіх маці пазбаўлена бацькоўскіх правоў, а таксама адабраныя дзеці і дзеці, якія нарадзіліся мёртвымі.
 
Ад нараджэння да 3 гадоў

Жанчыны, якія сталі на ўлік у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, атрымліваюць дапамогу на аснове пашпарта ці іншага дакумента, які сведчыць асобу, і медыцынскага заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. Але дапамога назначаецца толькі ў тым выпадку, калі жанчына рэгулярна наведвала ўрачоў і выконвала ўсе іх прадпісанні падчас усяго тэрміну цяжарнасці. Дапамога такім жанчынам будзе складаць найбольшую велічыню пражытковага мінімуму на дату нараджэння дзіця (пакуль гэта 843 870 рублёў).
 
Пасля заканчэння перыяду, што засведчаны лістком непрацаздольнасці ў сувязі з цяжарнасцю і родамі, узнікае права на дапамогу па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў. Для асоб, што не маюць права на дапамогу па цяжарнасці і родах ці не скарысталіся ім, падобнае права ўзнікае ў дзень нараджэння дзіцяці. Пры назначэнні дапамогі на месцы працы (службы), вучобы бацькі, ці ў органах працы, занятасці і сацыяльнай абароны ў дапаўненне да раней азначаных дакументаў трэба прадаставіць даведку аб перыядзе, за які выплачана дапамога па цяжарнасці і родах. У асобных выпадках патрабуюцца і дадатковыя дакументы (напрыклад, копія пасведчання дзіцяці-інваліда). Памер дапамогі зноў будзе складаць найбольшую велічыню пражытковага мінімуму. У палавінным памеры дапамога будзе назначана: асобам, якія выйшлі на працу на ўмовах, што прадугледжваюць іх занятасць больш за палову месячнай нормы працоўнага часу; пры афармленні дзіця ва ўстанову, якая забяспечвае атрыманне дашкольнай адукацыі; у перыяд працоўнага адпачынку. Выплачвацца дапамога будзе штомесяц да моманту дасягнення дзіцем 3-гадовага ўзросту.
 
На дзяцей, старэйшых за 3 гады

Каб атрымліваць ад дзяржавы дапамогу на дзяцей, старэйшых за 3 гады, ужо спатрэбяцца такія дакументы: заява; пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу; пасведчанні аб нараджэнні непаўналетніх дзяцей; дакумент, які пацвярджае катэгорыю няпоўнай сям'і (пасведчанне аб скасаванні шлюбу, пасведчанне аб смерці аднаго з бацькоў і інш.); даведка аб тым, што грамадзянін з'яўляецца навучэнцам: на дзяцей старэйшых за 14 гадоў (прадастаўляецца на дату вызначэння права на дапамогу і на пачатак навучальнага года), а для тых, хто навучаецца за асабістыя сродкі, дадаткова ўказваюцца адпаведныя звесткі; даведка аб тым, што грамадзянін з'яўляецца навучэнцам ці выхаванцам і адносіцца да прыходзячага кантынгенту: на дзяцей, якія наведваюць установы адукацыі (у тым ліку дашкольныя) з кругласутачным рэжымам знаходжання дзіцяці; звесткі аб атрыманых даходах (іх адсутнасці) кожнага члена сям'і за год, які папярэднічае году звароту; выпіскі (копіі) з працоўных кніг бацькоў ці іншых дакументаў, якія пацвярджаюць іх занятасць; даведка аб месцы жыхарства і складзе сям'і ці копія асабовага рахунку. У асобных выпадках спатрэбяцца дадатковыя дакументы (напрыклад, копія пасведчання дзіцяці-інваліда).
 
Дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, не назначаецца, калі на момант звароту па яе працаздольны бацька (у поўнай сям'і, у няпоўнай — адзін з бацькоў) не працуе і не мае іншага віду занятасці (атрыманне пенсіі, дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, інваліда І групы, асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту). Таксама дапамога не назначаецца, калі ў годзе, што папярэднічае году звароту, працаздольны бацька не працаваў і не меў іншага віду занятасці на працягу больш чым 6 месяцаў. Права на дапамогу ўзнікае: у дзень, наступны за днём, калі дзіцяці спаўняецца 3 гады; 1 студзеня года звароту па дапамогу; у дзень працаўладкавання ці занятку іншым відам дзейнасці; у дзень, калі ў дзіцяці ўстаноўлена інваліднасць.
 
Дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з 1 студзеня 2012 года назначаецца: у памеры 50% бюджэту пражытковага мінімуму (з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2012 года — 421 940 рублёў) у выпадку, калі сукупны даход на члена сям'і ў месяц за папярэдні каляндарны год не перавышае 60% бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах верасня папярэдняга года (за верасень 2011 года — 459 832 рублі); у палавінным памеры 50% бюджэту пражытковага мінімуму (з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2012 года — 210 970 рублёў) у выпадку, калі сукупны даход на члена сям'і ў месяц за папярэдні каляндарны год не перавышае 80% бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах верасня папярэдняга года (за верасень 2011 года — 344 874 рублі).
 
Варта адзначыць, што сем'ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, дзіця, якое інфіцыравана ВІЧ, ва ўзросце да 18 гадоў, няпоўным сем'ям, у якіх маці (бацьку) устаноўлена І ці ІІ група інваліднасці (пры ўмове, што яны не працуюць і не маюць іншага віду занятасці), а таксама сем'ям вайскоўцаў, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, дапамога на ўсіх дзяцей у сям'і назначаецца і выплачваецца незалежна ад сукупнага даходу на члена сям'і.

На жаль, практыка паказвае, што многія сем'і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, не ведаюць, што гэты від дапамогі назначаецца не толькі на дзіця-інваліда, але і на ўсіх дзяцей у сям'і без уліку сукупнага даходу на члена сям'і. Пры гэтым у выпадку, калі маці дзіцяці не працуе, аформіла догляд дзіцяці-інваліда з выплатай дапамогі па доглядзе за ім і пенсіі на дзіця-інваліда ва ўпраўленні сацыяльнай абароны па месцы жыхарства, рэалізаваць сваё права на дапамогу на ўсіх дзяцей у сям'і можна па месцы працы бацькі дзіцяці. Але трэба звярнуцца па дапамогу не пазней за 6 месяцаў з дня ўзнікнення права на яе (пры звароце пасля 6 месяцаў — дапамога выплачваецца з дня падачы заявы з усімі неабходнымі дакументамі).

Гэта важна

У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, адказнасць за своечасовую выплату дапамогі і абавязак выплаты ляжыць на наймальніку. Кантралююць правільнасць выдаткоўвання сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання органы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У тым выпадку, калі праз прадастаўленне загадзя недакладных звестак, утойванне заробку ці іншага даходу, непрадастаўленне (нясвоечасовае прадастаўленне) звестак аб надыходжанні абставін, што цягнуць спыненне выплаты дапамогі, іншых змяненнях, што ўплываюць на права атрымання дапамогі ці яе памер, і арыфметычную памылку былі выплачаны лішнія грошы, гэтыя грошы атрымальнік павінен вярнуць.
 
Прыклады парушэння заканадаўства
пры выплаце дапамог па віне атрымальнікаў

— Грамадзянка "С" па асноўным месцы працы (дзе была назначана дапамога па доглядзе дзіцяці) знаходзілася ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і адначасова працавала ў дзвюх арганізацыях па сумяшчальніцтве (у кожнай па 0,5 стаўкі). Аб працы па сумяшчальніцтве жанчына не паведаміла па месцы назначэння дапамогі, дзе яна ёй выплачвалася ў поўным памеры, а трэба было ў палавінным. У выніку былі выяўлены пераплаты дапамогі на суму 5 262 350 рублёў. Гэтыя грошы жанчына была вымушана вярнуць.
 
— Грамадзянка "Р", парушаючы працоўнае заканадаўства, працавала па дзвюх працоўных кнігах ва УП "М" і ТАА "Г". У кожнай арганізацыі яна была аформлена, як па асноўным месцы працы. Па кожным з месцаў працы яна звярнулася па назначэнне дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, а пасля спаўнення 3 гадоў — за дзіцем, старэйшым за 3 гады. Пры назначэнні дапамог жанчына не сказала, што працуе ў двух месцах і не прадаставіла звесткі аб даходах, якія яна атрымала ў кожнай арганізацыі. Жанчыне пераплацілі 22 510 000 рублёў. Гэтую суму трэба вярнуць, інакш яе будуць забіраць у судовым парадку.
 
— Грамадзянка "М" знаходзілася ў водпуску па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў і атрымлівала адпаведную дапамогу ў поўным памеры. Яна не паведаміла, што аформіла дзіця ва ўстанову дашкольнай адукацыі. Пераплата — 1 350 410 рублёў. Жанчына вярнула ўсе грошы.
 
 
 
Нужные услуги в нужный момент