Личный счет


Некалькі гадоў запар на Валожыншчыне малако ад насельніцтва збіраюць на сваіх аўтамашынах прыватнікі. Сем малакавозаў адпраўляюцца кожны дзень па вёсках раёна, ахопліваючы практычна ўсе куткі. Пра "малочныя" справы — у рэпартажы нашага карэспандэнта.

"Летам мы не ходзім — бегаем!"

Зараз усё часцей малако пачынаюць збіраць прыватнікі. Першапраходцамі ў гэтай справе сталі глыбачане, потым ідэю падхапілі Маладзечна, Валожын...
 
Для прадпрымальніка Эдуарда АСІПОВІЧА "малочны" бізнэс — справа даволі маладая. За тры гады зразумеў галоўнае: гэта — стабільная праца, якая падтрымліваецца дзяржавай.
 
— Тут не трэба ліхаманкава шукаць кліента, прыбытак ёсць заўсёды, нават нягледзячы на спецыфіку. Малако — тавар, які хутка псуецца, асабліва летам. Тады мы не ходзім — бегаем! — распавядае Эдуард Асіповіч.


 
І сапраўды, працу малаказборшчыка лёгкай не назавеш — летам пад'ём а палове чацвёртай раніцы, і так кожны дзень, без выхадных і святаў. Кожныя дзесяць дзён трэба браць пробы на аналізы, кожны дзень — запаўняць паперы... Яшчэ — усюды паспяваць: затрымаешся — графік ссоўваецца, прадукт можа сапсавацца.
 
— Усё ж галоўнае — слухаць людзей, умець наладжваць кантакт, — усміхаецца малаказборшчык Павел БЕЛЬСКІ. — Тут нельга проста ўліць і паехаць! Тут і псіхолагам трэба быць, і бухгалтарам.
 
Менавіта таму ў Эдуарда Асіповіча патрабаванні да будучых работнікаў высокія — каб чалавек быў без шкодных звычак, немалады і... сямейны — "бо будзе стымул прынесці ў сям'ю грошы". Тады і зарплата адпаведна высокая прыкладаецца — планка ў 500 долараў даўно ўзятая.


 
— Нам пашанцавала, што прыватнік пажадаў займацца гэтай цяжкай, але вельмі патрэбнай справай, — дзеліцца Марына ІОДА, старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў. — Наш раён для збору малака не вельмі зручны — 427 вёсак раскінутыя на вялікай адлегласці, не кожны пагодзіцца. Яшчэ патрэбны магчымасці — фінансавыя, і тэхнічныя: напрыклад, набыць аўтамабілі, мадэрнізаваць іх, бо ў Беларусі спецыяльна абсталяваную тэхніку для збору малака не выпускаюць. Ды і для насельніцтва больш выгадна, калі малако збірае прыватны прадпрымальнік: тут і праца з кожным індывідуальная, і строгае адсочванне санітарных нормаў, і праверка малака на тлустасць. Раней як было? У агульны кацёл сабралі, агульную тлустасць паставілі, аднолькавыя грошы атрымалі.
 
Малако — яшчэ і традыцыя

Ірына Сямёнаўна ШУТКО з вёскі Бакшты здае малако амаль усё жыццё. Хоць цяжка, але адмаўляцца ад каровы пакуль не збіраецца.
 
— Малако ў мяне свежае, тлустасць высокая, а плаціць дзяржава мала, — дзеліцца Ірына Сямёнаўна. — Вось бы "падвязалі" кошт за літр хаця б да булкі хлеба...
 
Жыхарка гэтай жа вёскі Алена АГРЭНІЧ бядуе толькі аб адным — жылі б паблізу дачнікі, малако больш выгадна было б прадаваць ім. "Але дзякуй і за тое, што прыязджаюць і забіраюць наш прадукт малаказборшчыкі — бо на хутар не кожны б паехаў".
 
З сакавіка гэтага года закупачны кошт малака павысіўся да 2555 рублёў за літр.
 
 
— Калі малако было таннейшым, людзі здавалі па 5-7 літраў і яшчэ некалькі літраў суседзям раздавалі. Цяпер стараюцца здаць усё, што ёсць, — распавядае прадпрымальнік Эдуард Асіповіч. — Таксама дзяржава даплачвае за кожны літр 95 рублёў. Усё гэта накіравана на стымуляванне насельніцтва, таму, заўважаем, людзі менш здаваць не сталі, і гэта радуе.
 
Сапраўды, трымаць карову і здаваць малако насельніцтва сёння не супраць, вось толькі ахвотных становіцца менш — вёска старэе, вымірае... Але ёсць сем'і, якія захоўваюць "малочныя" сямейныя традыцыі.
 
— Мае бацькі заўсёды трымалі дзве-тры каровы, таму і мы не ўяўляем, як гэта — быць без гаспадаркі, — дзеліцца жыхарка вёскі Манькаўшчына, маці чацвярых дзяцей Святлана ШЧАСНОЎСКАЯ. — Зараз я ў водпуску па доглядзе дзіцяці, таму лішняя капейка не перашкодзіць. Летам здавала па 40 літраў малака за дзень, вось і набягала каля 2,5 мільёна за месяц.
На Валожыншчыне адзначаюць: маладыя сем'і пачынаюць набываць кароў.
 
— Будуюцца для моладзі аграгарадкі з добрай сацыяльнай інфраструктурай. Але ж у хлеўчык каля дома можна паставіць хіба толькі граблі і рыдлёўку! — кажа з жалем Марына Іода. — Калі будуем дом на вёсцы, то ён павінен быць сапраўдным вясковым — з добрымі гаспадарчымі пабудовамі: для ўтрымання каровы, для захоўвання сена. Яшчэ б зямлі паболей. І ахвотней бы моладзь трымала тых жа кароў. Быў бы стымул шанаваць сваю малую радзіму, сваё працоўнае месца, пускаць карані...
 
І добры збор, і добрая здача

Старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Марына Іода заўважае, што паміж уладай і прыватным бізнэсам пастаянна ідзе абмеркаванне, як дабіцца добрага збору і добрай здачы малака — каб усе бакі засталіся зацікаўленымі. Вось і сёння сабраліся на невялікім сходзе і прадпрымальнік Эдуард Асіповіч, і старшыня Яршэвіцкага сельскага савета Вольга Шчасная, і мясцовыя малаказдатчыкі.
 
— Важны крок — пастаяннае ўдасканаленне калектыўнага дагавора, які заключаецца паміж прадпрымальнікам і насельніцтвам, — дадае Марына Аляксандраўна. — Вось і зараз прапаноўваем унесці важны пункт: гаспадар, які здаў малако з антыбіётыкамі, будзе цалкам кампенсаваць шкоду. На сёння адна сапсаваная бочка — гэта палова кошту каровы (каля 4 мільёнаў рублёў). Бо менавіта наяўнасць антыбіётыкаў — праблема для "малочнай" справы ва ўсім свеце. Калі ў першыя месяцы працы антыбіётыкі ў малацэ маглі сустракацца, то апошні выпадак адбыўся толькі ў лютым. Тым не менш гэтае пытанне заўсёды будзем трымаць на кантролі. Як і ўсю "малочную" справу.
Нужные услуги в нужный момент
-20%
-40%
-25%
-70%
-90%
-20%
-30%
-15%
0058415