Личный счет


Міжнародная кансалтынгавая кампанія Wealth-X апублікавала дасьледаваньне World Ultra Wealth Report 2012–2013, у якім падлічыла колькасьць мультымільянэраў у розных краінах сьвету. Паводле ацэнак аналітыкаў, у Беларусі цяпер 115 мультымільянэраў, а іх маёмасьць ацэньваецца ў 13 мільярдаў даляраў. Ці ёсьць у Беларусі сапраўдныя мільярдэры?

Паводле колькасьці мультымільянэраў Беларусь заняла 27-е месца сярод 45 краінаў Эўропы. У параўнаньні з рэйтынгам 2011–2012 гадоў колькасьць беларускіх мультымільянэраў павялічылася на 5 чалавек (на 4%), а вось іхні капітал скараціўся на 3,3%.

16 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Аляксандар Лукашэнка заявіў: "У нас мільярдэраў няма, але багатыя ёсьць. Але напаказ яны сваё багацьце выстаўляць ня любяць".

Начальнік аддзелу інфармацыйна-тлумачальнай працы, прэсавы сакратар Міністэрства падаткаў і збораў Сяргей Шкут камэнтаваць інфармацыю пра існаваньне 115 беларускіх мільярдэраў ня стаў, але расказаў Радыё Свабода пра самы вялікі падатак, сплачаны за мінулы год:

"У нас сапраўды была самая высокая сума падаходнага падатку - 2,2 мільярда рублёў (прыкладна 270 тысяч даляраў). Сума сплачаная фізычнай асобай, што пражывае ў горадзе Менску, ад продажу акцыяў".

Карэспандэнтка: "А не ўдакладніце, акцыяў чаго?"

"Не, калі я вам скажу, што гэта за акцыі, парушу падатковую таямніцу".

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка, што да існаваньня беларускіх мультымільянэраў, перакананы:
​​
"Вядома, ёсьць. Любы добры, разумны дырэктар вялікага прадпрыемства і будзе мільянэрам. Найбольш вялікія абароты, зьдзелкі ў нас магчымыя, найперш, на рынку нафтапрадуктаў, ён абсалютна прыкрыты чыноўнікамі. Рынак жытла і будаўніцтва, рынак аўтамабіляў, рынак мясапрадуктаў таксама даюць мільярдны абарот у год у краіне".

Інтэрнэт-партал "Ежедневник" з 2007 году публікуе рэйтынгі 200 самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі. Ачольваюць сьпіс Уладзімер Пефціеў ("Белтэхэкспарт"), Юры Чыж ("Трайпл"), Аляксандар Машэнскі ("Санта Імпэкс Берасьце"). Ёсьць у гэтым рэйтынгу і дырэктары прадпрыемстваў - "Амкадора", "Атлянта", "Кераміна", банкіры, уладальнікі супэрмаркетаў, страхавых кампаніяў…

Былы генэральны дырэктар "Амкадора" Васіль Шлындзікаў кажа:

"Я слаба веру, што такая колькасьць. Думаю, дзясяткі тры дакладна ёсьць".

Карэспандэнтка: "Інтэрнэт-выданьне рабіла дасьледаваньне, і ў іх рэйтынгу на першым месцы Пефціеў, на другім Чыж, а на пятым - ваш пераемнік, цяперашні генэральны дырэктар „Амкадора“ Аляксандар Шакуцін. Ён можа валодаць такім багацьцем?"

"Напэўна, так. Ну, не мільярды ў яго, вядома. Сотню-другую мільёнаў даляраў мае. Калі акцыі не лічыць, бо акцыі „Амкадора“ - справа такая: сёньня — ягоныя, а заўтра будуць не ягоныя".
 
​​А вось Андрэй Клімаў, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў быў адным з самых пасьпяховых бізнэсоўцаў, валодаў банкам, будаўнічай кампаніяй, газэтай, перакананы:

"Няма ў нас ніякіх мільярдэраў. У нас бедная краіна".

Карэспандэнтка: "І нават гэтыя гучныя прозьвішчы…"

"Якія гучныя прозьвішчы? Гэта чыстай вады піяр. Гэта ўсяго толькі VIP-старшыні. Няўжо цяперашняя ўлада дапусьціць, каб хтосьці быў настолькі самастойным? Мільярдэр - гэта вельмі-вельмі заможны чалавек. Вось адзін мільярдэр зьмяніў уладу ў Грузіі… Каб быў буйны капітал, ён бы кіраваў краінай. А пакуль у нас толькі адзін мільярдэр".
 
Леанід Заіка кажа, што ў краіне, акрамя заможнай намэнклятуры, чыноўнікаў, ёсьць пэўная колькасьць самых звычайных абывацеляў, якія валодаюць даволі сур’ёзнай уласнасьцю - у грашах, акцыях, нерухомасьці:

"Ёсьць „абыдзенныя“ мільянэры. Гэта можа быць дзяўчынка, якой у спадчыну дасталася ад дзядулі — партыйнага намэнклятуршчыка добрая двухузроўневая кватэра ў цэнтры гораду (дарэчы, у мяне ёсьць такая знаёмая). Раней катэдж каштаваў 400 тысяч даляраў максымум. Зараз ёсьць абвесткі аб продажы катэджаў за 1 мільён 350 тысяч даляраў - нейкі Коля альбо Вася пабудаваў і прадае. То бок ёсьць такая бытавая мільянэрыя".

Карэспандэнтка: "А вось усе „кашалькі“ - Пефціеў, Чыж?"

"Дык гэта ж намэнклятурныя грошы, чыноўнікаў, намэнклятуры".

Датэлефанавацца каму-небудзь, хто ўваходзіць у рэйтынг інтэрнэт-парталу "Ежедневник", не ўдалося - хто ў камандзіроўцы, хто на важных перамовах, хто на аб’екце… А некаторыя ўжо пад сьледзтвам - да прыкладу, некалі вельмі пасьпяховы і ўплывовы старшыня Трастбанку і Белзамежбуду Віктар Шаўцоў, старшыня назіральнай рады Тэхнабанку Ўладзіслаў Кацарэнка. Як кажуць, ад сумы ды ад турмы не заракайся…
Нужные услуги в нужный момент
-33%
-11%
-14%
-10%
-12%
-10%
-10%
-10%
-20%