Личный счет


Запісаў Віктар ВОЙТ,

Герой гэтага артыкулу ўжо трэці год працуе ў Маскве. На радзіме, у Магілёве, пра "капейкі" на аўтабазе і ўспамінаць не хоча.

Тры ўмовы для плённай працы

Цяпер Аляксей Антончыкаў і за сябе, і за сваіх родных спакойны. У Маскве, дзе ён уладкаваўся кіроўцам ў прыватную транспартную фірму, яго заробак складае 1000 еўра ў месяц.

Праўда, працаваць у Расіі больш як 5 гадоў нязгодны. Гэтыя 5 год дадуць яму сродкі на будаўніцтва свайго дома. Ён цвёрда намераны вярнуцца на радзіму тады, калі будзе куды - менавіта ў свой дом, а не ў кватэру. "Тады не прападу, праскочу свой цяжкі перавал", - гаворыць Аляксей.

Такім чынам, аповед Аляксея - канстатацыя таго факта, што ў Расіі беларусу можа пашанцаваць, калі ён:

1) уладкуецца ў прыватную фірму;

2) сумленна і шчыра будзе працаваць (а беларусы гэта ўмеюць);

3) уважліва прачытае кантракт перад тым, як яго падпісваць.

А калі на паперы ніякай дамовы няма, то Аляксей раіць бегчы ад такой фірмы як мага хутчэй.

Эх, дарогі...

- Зараз у мяне непрацяглы адпачынак: з дальніх рэйсаў па Еўропе вярнуўся, - распавядае Аляксей. - Праехаў на маршрутцы ад Мінска да Магілёва. Усе ў захапленні ад гэтай нашай новай чатырохпалоснай шашы Магілёў-Мінск. Гэта таму, што іншых сапраўдных аўтабанаў нашы людзі не бачылі. А аўтабаны гэта нават і не дарогі, хаця бетоннае пакрыццё ёсць асноўным іх складнікам, а кірункі і развязкі, з'езды-выезды зроблены максімальна эфектыўна. Там дарогі - гэта цэлая сэрвісная сістэма, цэлая індустрыя. Ну, у двух словах тут не распавядзёш. Раю праехацца па Еўропе, ды хоць і ў Польшчу з'ездзіць і ўбачыць самім. А наша новая шаша ні ў якае параўнанне не ідзе. Да таго ж развязак на ёй накруцілі на кожных 10 км, а навошта? Каб заехаць на стаянку да кафэ, напрыклад, у Паплавах, трэба круціцца ледзь ці не 10 хвілін вакол, у процілеглым напрамку ад кірунку, у якім ехаў. І так па ўсёй дарозе. Пры гэтым ва ўсіх праекціроўшчыкаў вышэйшая адукацыя - ну і што яны сабе думалі?! Лепш бы вёскі заасфальтавалі, бо там, як памятаю па рабоце ў аўтабазе, што абслугоўвала сумежныя раёны, не праехаць, не прайсці...

Асобная тэма - дарогі ў Расіі. Тут і гаварыць няма чаго, усе і так ведаюць. Толькі што вакол Масквы тая шыкоўная МКАД, але і яе ўжо забіваюць пробкі, і яна ў многіх месцах папсавалася. Самае ж дзіўнае ведаеце што? Гэтую МКАД час ад часу перабягаюць людзі. Не, вы ўявіце сабе які-небудзь нямецкі аўтабан, па якім бы бег чалавек на другі бок! А тут бягуць, канечне, трапляючы пад колы. Сам быў сведкам некалькіх жахлівых выпадкаў. Але гэта не хвалюе ні гэтых смельчакоў, ні ДАІ, ні адміністрацыю дарогі. Што тычыцца ДАІ, то гэтых інспектараў цікавіць толькі хабар. Тут усё адпрацавана - не адкруцішся: у яго і відэакамера ў руках, і прыбор кантрольны, і манітор з зафіксаваным "парушэннем". Словам, давай ад 20 да 50 еўра і каці далей. А не, дык не абярэшся клопату.

Асабліва такое распаўсюджана ў глыбінцы. Там людзі і жывуць значна бядней, чым у Маскве, і дарогі значна горшыя, і даішнікі больш злыя. На такія фуры, якую ганяю я, у іх асаблівы нюх і разлік. А вось каб паклапаціцца пра культуру ваджэння расійскіх калег і прыстойныя паводзіны на дарозе, дык не. Культура некуды знікае адразу за беларускай мяжой з Расіяй, пры ўсёй яе сімвалічнасці. Едуць як папала, ніякага захавання хуткаснага рэжыму, абмежавальнай габарытнасці, ніякіх табе правілаў абгону і выезду на шашу...

Што тычыцца пабораў, то яны распаўсюджаны не толькі на дарогах. Неафіцыйна плаціць трэба менеджарам на складзе ці прадпрыемстве, якія распарадзіцца тваёй разгрузкай альбо загрузкай; слесарам, што агледзяць тваю машыну; вахцёрам, якія ахоўваюць абсталяваныя стаянкі. За ўсё гэта наша фірма плаціць сваім партнёрам афіцыйна. Але нам, кіроўцам, даводзіцца і са сваёй кішэні даплочваць канкрэтным людзям, бо іначай і не выгрузішся, і не загрузішся, і не пераначуеш нармальна. Таму, каб не пасварыцца, я дома не кажу жонцы, колькі грошай даводзіцца мне траціць па дарозе, прычым не на сябе, а на дробны хабар. А самі мы харчуемся сціпла. Я вось, напрыклад (смяецца), на макароны і глядзець ужо не магу. Затое танна! У Еўропе, праўда, і хацеў бы сціпла пахарчавацца, ды не атрымліваецца - такое ўсё прывабнае і смачнае. І нядорага зусім, дарэчы... Ці ёсць да нас іншае стаўленне ў Еўропе? Ды не, не заўважаў. Ад сваіх маем іншае стаўленне, на беларускай мытні, напрыклад. Чаму палякі прапускаюць нас за 20 хвілін, а нашы пры тых жа самых дакументах на рэйс добра, калі за 3-4 гадзіны? І чаго толькі не патрабуе гэтая наша лейтэнантка з падведзенымі брывамі: і заверанае апісанне груза, і камандзіровачнае пасведчанне з дзясяткам пячатак, і копію пашпарта з візамі, і ледзь ці не ЧЫП з запісам маршруту. І пры гэтым не ўсміхнецца, і слова цёплага не скажа...

Пральны парашок, дзіцячы і жаночы абутак, бытавая тэхніка

- Вось гэтым пералікам практычна і абмяжоўваюцца просьбы маёй цешчы і жонкі да мяне, калі еду праз Еўропу дадому. І куды яны толькі дзяваюць гэты пральны парашок? – смяецца Аляксей. Прывожу і прывожу амаль што мяхамі. Цешча якасцю не нахваліцца, а жонка - коштам. Але асабліва радуе іх абутак для нашага 5-гадовага малога і для іх саміх. Тут зноў і якасць, і кошт. У нас кошт дзіцячых боцікаў пачынаецца ад 180 тысяч (18 еўра!), а там я такія ж самыя, а то і лепшыя, магу набыць за 2-3, ну, самае большае 5 еўра. Тое ж і з абуткам для жонкі, таму яна ў мяне мае туфлі-боты на ўсе выпадкі.

Тут усё адпрацавана - не адкруцішся: у яго і відэакамера ў руках, і прыбор кантрольны, і манітор з зафіксаваным "парушэннем". Словам, давай ад 20 да 50 еўра і каці далей. А не, дык не абярэшся клопату.

Ды і ўвогуле за тыя пару год, што працую, прыбарахлілася наша сям'я няблага. Хаця мы на гэтым, як кажуць, не ссунутыя. Я так увогуле абыходжуся джынсамі і курткамі скуранымі. Але ж і іх хочацца набываць па нармальнай цане, а не па той шалёнай, як у нас дома. Ну і зноў жа — якасць. Разам з гэтым навазіў у дом рознай бытавой тэхнікі: мясарубку з хуткаснымі рэжымамі, сокавыціскалку, мікрахвалеўку, кава-аўтамат. А таксама розныя патэльні, падстаўкі, кручкі, сурвэткі, абрусы... Там гэта ўсё значна таннейшае, чым у нас. Дома мы толькі тэлевізар набылі, імпартны, канечне, вялікі. На мяжы за яго давялося б заплаціць немалы падатак. А вось яшчэ: калі там набываеш тавар больш чым на 100 еўра, то на мяжы табе вернуць падатак на дабаўленую вартасць: да 10 працэнтаў, як правіла. Дробязь, але ж прыемна. А бацьку з цесцем і сябрам прывожу замежны алкаголь: гарэлку якую дацкую ці шведскую, якую яны ніколі не бачылі, каньяк французскі ды віскі шатландскі. Вось тут у выйгрышы заўсёды, бо і якасць гарантавана, і кошт прымальны. У нас жа такія напоі каштуюць проста шалёныя грошы - глядзіш на цэннікі, і не верыцца. Думаю, таму і п'юць нашы мужыкі "чарніла палепшанай якасці", бо набыць нешта прыстойнае ім не выпадае.

"Мы ж беларусы, такія працавітыя!"

Я ў прыробку цяпер. Разумею гэта і памятаю заўсёды. Намеру звязваць жыццё хаця б з той жа Масквой не маю. І так там амаль усе нашы хлопцы. Крыўдна, што працаваць дома не выпадае. У мікрараёне, дзе жыву, неўзабаве і паздароўкацца не будзе з кім: усе мае аднагодкі, хто не спіўся і каго не задавальняе праца за капейкі, з'ехалі. Але, думаю, на пэўны час, як і я. Дарэчы, у той жа самай Еўропе каго толькі не сустракаем мы на трасах за стырном аўто, што належаць зусім не тым краінам, адкуль кіроўцы родам. Гэта нармальна - быць там, дзе лепш жывецца і дзе больш плацяць. Але ж родны дом ёсць родны дом. Думаю і спадзяюся, што гэта часова мы вымушаны працаваць не ў сябе, а ў суседзяў. У нашай краіне нейкія эканамічныя складанасці, але верыцца, што справа наладзіцца. Мы ж, беларусы, такія працавітыя! За гэта нас і цэняць. А дома што ж, непатрэбныя? Канечне, гэта нейкая недарэчнасць, нейкі збой, паломка. Так бывае ў дарозе. Толькі вось для таго, каб ехаць далей, трэба не кідаць машыну ў кювеце, а рамантаваць яе. Гэтак жа і з краінай, праўда? Мо яна і патрабуе якога рамонту - я ў палітыцы як такой мала разбіраюся. Толькі здаецца мне, што дома ў сябе мы павінны і маглі б жыць лепш. І не ехаць за мяжу за падпрацоўкамі.

Але я мяркую, гэты час павінен скончыцца. Не хацеў бы (хоць аб гэтым і рана яшчэ думаць), каб мой сын мусіў з'ехаць з дома некуды на заробкі. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся - так жа ж?..

Нужные услуги в нужный момент
0058043