Личный счет


Валяр'ян Шкленнік,

Фото с сайта aforex.ru
Кожны чалавек хоць раз у жыцці трымаў у руках "асаблівую" банкноту. На ёй было штосьці напісана ручкай альбо нешта намалявана. Ці ад старасці купюры здавалася, што трохі дакраніся да яе — і яна можа рассыпацца ў прах. Або возьмем выпадак, ад якога не застрахаваны ніхто: пакласці вопратку ў пральную машыну і толькі пасля ўспомніць, што ў кішэні ляжаць грошы... Калі такая непрыемнасць здарылася з беларускімі рублямі, то іх замяніць даволі проста, бо нацыянальныя грошы павінны прымаць у любым банку. І зусім па-іншаму вырашаецца такая праблема з папсаванай валютай. Тут ужо кожны банк устанаўлівае свае "правілы гульні". Асабліва гэта актуальна для малых гарадоў і пасёлкаў. Бо, як правіла, чым меншы населены пункт, тым бяднейшы і асартымент банкаў з-за недахопу патэнцыяльнай кліентуры...
 
— Кожны год на летніх канікулах я езджу да цёткі ў Расію, — гаворыць студэнтка БНТУ Настасся. — Вядома ж, купляю там сабе розную дробязь... А калі пазамінулым летам вярнулася назад у Беларусь, то ў кашальку знайшла надарваную расійскую старублёўку. Пэўна, мне яе далі разам з рэштай. Краем вуха я чула, што ў банку могуць такую "нядобрую" купюру абмяняць, а могуць і адмовіць. Ды і які сэнс ехаць з вёскі ў невялічкі райцэнтр, марнаваць час, каб, магчыма, пачуць у адказ адмову? Так гэтая купюра і праляжала ў кашальку да мінулага лета, калі я паступіла ў сталічны ўніверсітэт. І з трэцяй спробы я, нарэшце, памяняла надарваную купюру.
 
Сапраўды, не кожны будзе ўглядацца на атрыманыя дробныя купюры ў краме, каб на іх не было ніводнага пашкоджання. Але і іх ляжанне "мёртвым грузам" таксама не назавеш лепшым варыянтам. Таму карэспандэнт "Звязды" звярнуўся па параду да галоўных спецыялістаў арганізацыі і метадалогіі касавай работы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Віктара Сасноўскага і Алены Гутоўскай.
 
— Кожны банк самастойна распрацоўвае пералік прыкмет плацежнасці іншаземных грашовых знакаў. Пры гэтым улічваюцца патрабаванні цэнтральных замежных банкаў, якія выпускаюць банкноты ў абарачэнне, і іншаземных банкаў-пасярэднікаў, з якімі заключаны адпаведныя дамовы. Пералік прыкмет плацежнасці валюты змяшчаецца прылюдна каля абменных кас. Звычайна "ніжнюю планку" гэтага пераліку складаюць патрабаванні цэнтральнага замежнага банка, які выпускае валюту ў абарачэнне і, адпаведна, вызначае прыкметы яе плацежаздольнасці. Аднак гэта зусім не азначае, што беларускія банкі, у сваю чаргу, абавязаны прытрымлівацца выключна гэтых правіл, — сцвярджае Віктар Сасноўскі. На практыцы беларускія банкі вывозяць набытую валюту ў замежны банк-карэспандэнт. І таму яны распрацоўваюць пералік, улічваючы яшчэ і яго патрабаванні! Але не ўсе беларускія банкі займаюцца вывазам валюты за мяжу. У такім выпадку распрацоўваецца ўласны спіс прыкмет плацежаздольнасці замежных купюр. Аднак пры гэтым ужо "пальма першынства" належыць беларускім інкасіруючым банкам, з якімі ўстаноўлены адпаведныя карэспандэнцкія адносіны. Але пры абмене папсаванай валюты банк можа пайсці і насустрач кліенту. Напрыклад, узяць той жа долар ці еўра на інкаса, пасля чаго яго правераць на плацежаздольнасць. Трэба мець на ўвазе, што гэтая паслуга можа быць і платнай. Зноў жа, усё залежыць ад канкрэтнага банка і ад яго тарыфнай палітыкі.
 
— А ці займаецца абменам валюты Нацыянальны банк?

— Не. Згодна з Банкаўскім кодэксам, галоўная фінансавая ўстанова краіны мяняе выключна беларускія рублі. Нацбанк таксама не можа патрабаваць ад усіх банкаў выканання адзінага стандарту знешняга выгляду замежнай валюты, калі з ёй адбываюцца якіясьці фінансавыя аперацыі. Таму пры набыцці валюты трэба ўважліва глядзець, што ж вам прадаюць. І, зразумела, вельмі беражліва ставіцца да купюр, каб іх пасля без праблем прынялі.
 
А беларускія рублі памяняць прасцей

Але большасць людзей куды часцей трымае ў руках беларускія рублі. І таму рызыка атрымаць пабітую жыццём купюру ўзрастае. Зрэшты, і пазбавіцца ад яе значна лягчэй, бо дзейнае заканадаўства гэтаму спрыяе.
 
— Працягласць "жыцця" беларускіх грошай залежыць ад іх наміналу і тых умоў, у якіх яны захоўваюцца. Чым драбнейшая купюра, тым больш разоў яна будзе пераходзіць з рук у рукі і тым хутчэй зношвацца, — працягвае Віктар Сасноўскі. — Менш за ўсіх "жывуць" купюры наміналам да пяцісот рублёў — прыкладна каля года. Банкноты вартасцю ад адной да дзесяці тысяч служаць да трох гадоў. Купюра з буйным наміналам (ад 20 тысяч рублёў і вышэй) можа знаходзіцца ў абарачэнні да пяці гадоў.
 
Банкнота можа падлягаць абмену ў двух выпадках. Па-першае, калі яна фізічна вельмі зношана. У асаблівасці гэта датычыцца дробных купюр, намінал якіх меншы за тысячу рублёў. Але гэты працэс натуральны, і з ім нічога зрабіць нельга. Кожная рэч старэе, і грошы — не выключэнне. Другі ж крытэрый — калі да купюры выпадкова "прыклалі руку". Да такіх пашкоджанняў адносяцца надрывы, у тым ліку склееныя празрыстым скотчам, нязначныя адтуліны, праколы, адсутнасць ражкоў. Акрамя таго, у гэтую катэгорыю трапляюць і нязначныя забруджванні грашовых знакаў, з якімі сутыкаўся кожны: невялікія плямы, пабочныя надпісы, адбіткі пячатак. Калі такія купюры трапляюць у структурныя падраздзяленні Нацыянальнага банка альбо ў камерцыйны банк, то касавыя работнікі іх адсартоўваюць. І сапсаваныя грошы будуць знішчаны.
 
Трэба зазначыць, што кожны банк, які вядзе сваю дзейнасць у Беларусі, павінен прымаць такія айчынныя рублі для абмену і выканання банкаўскіх аперацый. Акрамя таго, у разліку такімі грашовымі знакамі не могуць адмовіць работнікі юрыдычных асоб і індывідуальныя прадпрымальнікі ўсіх формаў уласнасці. Таму, напрыклад, можна смела заплаціць такімі грашыма на кірмашы.
 
— Але ж сустракаюцца і такія банкноты, якім вельмі моцна "дасталася" ад жыцця...

— На жаль, у абарачэнні знаходзяцца і моцна пашкоджаныя купюры. Іх плацежаздольнасць можа вызначыць толькі спецыяліст, які валодае адмысловымі ведамі і праводзіць дадатковае даследаванне, — гаворыць Алена Гутоўская.
 
Абмяняць такую банкноту можна, калі ад яе засталося мінімум 55 працэнтаў першапачатковай плошчы. Прыдатная гэта лічба і тады, калі купюру склеілі з кавалкаў, якія, безумоўна, належаць аднаму і таму ж грашоваму знаку. Каб вызначыць, колькі ж плошчы згубіла банкнота, касір выкарыстоўвае спецыяльную сетку. Яе памеры адпавядаюць памерам цэлай купюры неабходнага наміналу. Складаецца ж яна з 200 клетак — 20 па даўжыні і 10 па шырыні.
 
Бывае і так, што купюра прайшла ў літаральным сэнсе праз агонь і ваду. Альбо на яе вылілі актыўнае рэчыва. Ці яна пасля кантакту з якімсьці хімікатам змянілася ў памерах. Пры такім раскладзе пашкоджанні не павінны замінаць вызначэнню сапраўднасці грошай. У рэшце рэшт, калі заключэнне выносіцца на карысць кліента, то на банкноце ставіцца штамп "Абменена", назва банка, яго ідэнтыфікацыйны код, дата, імянны штамп і подпіс асобы, якая абмяняла купюру. Не існуе абмежаванняў па колькасці і агульным намінале пры абмене такіх грошай. Камісійная плата пры гэтым не ўзымаецца.
 
Але моцна пашкоджаную сапраўдную купюру могуць і не абмяняць. Напрыклад, страты яе плошчы большыя за 45 працэнтаў. Ці з дзвюх розных банкнот "скляпалі" адну. Гэта відаць хаця б па розных серыйных нумарах. Такі грашовы знак прызнаецца неплацежным, ён не абменьваецца і не вяртаецца кліенту. На ім ставіцца штамп "У абмене адмоўлена", назва банка, яго ідэнтыфікацыйны код, дата, імянны штамп і подпіс асобы, якая адмовіла ў абмене купюры. Банкноты з прастаўленымі штампамі "У абмене адмоўлена" і "Абменена" падлягаюць знішчэнню.
 
Старыя і сапсаваныя папяровыя грашовыя знакі існуюць ужо амаль тры с паловай стагоддзі. Бо першыя купюры былі масава выпушчаны ў Стакгольме ў далёкім 1661 годзе. І "пацярпелыя" ад жыцця купюры будуць з'яўляцца да таго часу, пакуль чалавецтва цалкам не пяройдзе на безнаяўны разлік. Але нават па самых аптымістычных прагнозах, гэты працэс расцягнецца як мінімум на паўстагоддзя.
 
ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

У кастрычніку 2005 года на Кіпры вырашылі змагацца з "мастакамі" на мясцовых фунтах. Цэнтральны банк астраўной дзяржавы апублікаваў спецыяльную інструкцыю. Згодна з ёй, размалёўка нацыянальных грашовых банкнот стала расцэньвацца як парушэнне закона. І за гэта накладаўся штраф у памеры да тысячы кіпрскіх фунтаў. Але ў 2008 годзе Кіпр перайшоў на еўра. І калі пералічыць тысячу фунтаў па абменным курсе, то гранічная сума штрафу для непрызнанага "мастака" складае 1708 еўра. Таму пільнасць пры наяўным разліку яшчэ ніхто не адмяняў.
 
Нужные услуги в нужный момент
-12%
-15%
-30%
-25%
-10%
-10%
-25%
-35%
0058043