Личный счет


Надзея НІКАЛАЕВА,

У Беларусі пытанні стыпендыяльнага забеспячэння сёння рэгулююцца трыма дакументамі: Кодэксам аб адукацыі, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 398 ад 6 верасня 2011 года "Аб сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў" і "Інструкцыяй аб умовах, парадку прызначэння і выплаты стыпендыі і іншых грашовых выплат навучэнцам", зацверджанай сумеснай пастановай міністэрстваў адукацыі і фінансаў № 398 ад 22 верасня 2011 года.

У прафсаюзе канстатуюць: ахоп стыпендыяльным забеспячэннем пачаў змяншацца

Па звестках Белстата, на пачатак 2011/2012 навучальнага года стыпендыю атрымліваў кожны другі студэнт дзённай бюджэтнай формы навучання. Але пасля ўвядзення новых крытэрыяў для атрымання стыпендыі ахоп стыпендыяльным забеспячэннем стаў пакрысе змяншацца. А па некаторых установах адукацыі назіраецца нават даволі істотнае зніжэнне.

— Планка патрабаванняў пры прызначэнні стыпендый узнялася, што не магло не адбіцца на колькасці іх атрымальнікаў, — патлумачыў сітуацыю намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раман Дапіра. — Скажам, у інструкцыі прадугледжана прызначэнне вучэбных стыпендый студэнтам гуманітарных спецыяльнасцяў, будучым эканамістам, сацыяльным работнікам, педагогам, дызайнерам пры ўмове наяўнасці ў іх сярэдняга бала паспяховасці не менш як 6,0. Раней неабходнай умовай быў мінімальны сярэдні бал 5,5. Для навучэнцаў прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў абавязковай умовай прызначэння вучэбнай стыпендыі з'яўляецца цяпер наяўнасць сярэдняга бала як мінімум 4,0. Раней было 3,0. Імкненне матываваць навучэнцаў да паспяховай вучобы цалкам зразумелае. Але ўся бяда ў тым, што ў розных ВНУ і на розных профілях навучання ў выкладчыкаў можа быць крыху рознае разуменне таго, за што студэнтам трэба выстаўляць 5, 6 або 7 балаў. А ў выніку церпяць студэнты.

Сацыяльная стыпендыя як крайняя мера

Акрамя вучэбных, існуюць таксама сацыяльныя, спецыяльныя стыпендыі, якія прызначаюцца пры адпаведных сацыяльных абставінах, а таксама стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, імянныя і персанальныя стыпендыі. Прызначэнне імянных, прэзідэнцкіх і персанальных стыпендый заключаецца ў стымуляванні і заахвочванні самых яркіх студэнтаў за іх асаблівыя поспехі ў вучобе, навукова-даследчай, грамадскай і творчай дзейнасці. Таму і колькасць іх абмежаваная. Напрыклад, прэзідэнцкія стыпендыі могуць атрымліваць усяго 200 студэнтаў і курсантаў і 100 аспірантаў, але гэта сапраўды лепшыя навучэнцы.

Між іншым, галіновы прафсаюз таксама заснаваў свае выплаты для навучэнцаў, якія ўстанаўліваюцца штогадова напярэдадні Міжнароднага дня студэнтаў. Пэўны час было складана знайсці патрэбную колькасць прэтэндэнтаў, якія б адпавядалі ўсім патрабаванням (на працягу ўсяго навучання мелі ў залікоўках толькі выдатныя адзнакі, асаблівыя поспехі ў навукова-даследчай і творчай дзейнасці, а таксама, зразумела, мелі дасягненні ў прафсаюзнай працы і грамадскай дзейнасці). Але зараз гэта цалкам рэальна. Больш за тое, вядучыя ўстановы вышэйшай адукацыі ўжо неаднаразова прадстаўлялі адразу некалькі кандыдатур на выплаты. Гэта значыць, што сярод прафсаюзнага актыву навучэнцаў дастаткова тых, хто здольны спалучаць, здаецца, неспалучальнае: паўсюдна паспяваць і ўсё рабіць на самым высокім узроўні.

— Шчыра кажучы, самым хваравітым пытаннем для нас з'яўляецца сёння прызначэнне сацыяльных стыпендый, — прызнаецца Раман Дапіра, — паколькі гэты від стыпендыі з'яўляецца формай сацыяльнай падтрымкі тых студэнтаў і навучэнцаў, паспяховасць якіх не пакідае ім шанцаў прэтэндаваць на прызначэнне вучэбнай стыпендыі, але ў якіх няма акадэмічнай запазычанасці ці яна ліквідавана ў адпаведны тэрмін. Установа адукацыі разам з прафсаюзнай арганізацыяй павінны весці сумесны ўлік асобных катэгорый навучэнцаў, якім можа прызначацца сацыяльная стыпендыя. А гэта дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, асобы, якія страцілі апошняга з бацькоў у час атрымання адукацыі, інваліды, так званыя "чарнобыльцы", цяжарныя жанчыны і некаторыя іншыя катэгорыі.

Дарэчы, рэгулярнасць прызначэння сацыяльных стыпендый па гэтых паказчыках не абмежаваная, наяўнасць адпаведнай заявы навучэнца не абавязковая, бо свой статус ён перыядычна пацвярджае праз прадастаўленне неабходных дакументаў. Такім чынам, гэтыя катэгорыі навучэнцаў абаронены ў пытаннях стыпендыяльнага забеспячэння. Тое ж датычыцца катэгорый, што маюць права на прызначэнне спецыяльнай стыпендыі. Праўда, калі памер вучэбнай стыпендыі, якая можа быць прызначана навучэнцу па выніках атэстацыі, большы за памер спецыяльнай стыпендыі, на якую ён мае права ў адпаведнасці з заканадаўствам, тады яму прызначаецца вучэбная стыпендыя — гэта значыць, прызначаецца стыпендыя, памер якой большы.

Памеры стыпендый па стане на 1 верасня 2012 года.

1. Вучэбныя стыпендыі:

— студэнтам ВНУ — ад 423,0 да 676,8 тыс. руб.;

— навучэнцам ССНУ — ад 353,3 да 564,8 тыс. руб.;

— навучэнцам прафтэхустаноў — 353,3 тыс. руб.

2. Сацыяльныя стыпендыі:

— студэнтам ВНУ — 335,3 тыс. руб.;

— навучэнцам ССНУ — 270,0 тыс.руб.;

— навучэнцам прафтэхустаноў — 270,0 тыс. руб.

3. Спецыяльныя стыпендыі:

— студэнтам ВНУ — 672,8 тыс. руб.;

— навучэнцам ССНУ — 555,8 тыс. руб.;

— навучэнцам прафтэхустаноў — 555,8 тыс. руб.

4. Персанальныя стыпендыі:

— толькі студэнтам ВНУ — 740,3 тыс. руб.

5. Імянныя стыпендыі:

— студэнтам ВНУ — 976,5 тыс. руб.;

— навучэнцам ССНУ — 756,0 тыс. руб.;

— навучэнцам прафтэхустаноў — 756,0 тыс. руб.

6. Стыпендыі Прэзідэнта РБ

— толькі студэнтам ВНУ — 600,0 тыс. руб.
Трэба мець на ўвазе, што на сацыяльную стыпендыю таксама могуць прэтэндаваць паспяваючыя навучэнцы, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Галоўная праблема заключаецца ў тым, што многія кіраўнікі факультэтаў, аддзяленняў і г.д. не ведаюць, што трэба разумець пад "цяжкім матэрыяльным становішчам". Гэтае паняцце ні ў якіх дакументах не вызначана. А значыць, што ва ўстановах адукацыі могуць яго трактаваць па-свойму? Насамрэч многія кіраўнікі проста не жадаюць браць на сябе адказнасць па аднясенні студэнтаў або навучэнцаў да катэгорыі тых, хто знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

— Ёсць меркаванне, што падтрымка студэнтаў — гэта галаўны боль іх бацькоў: маўляў, навошта перакладваць гэты клопат на плечы ўстановы адукацыі? Але я лічу, што фінансава падтрымліваць сваіх дзяцей — права, а не абавязак бацькоў. Калі ў іх ёсць такая магчымасць, яны абавязкова падтрымаюць сваё дзіця. А што рабіць, калі такой магчымасці няма? — дзеліцца сваім бачаннем сітуацыі Раман Дапіра. — Ды ўвогуле, як можна прапісаць у дакументах кожны індывідуальны выпадак ці жыццёвую сітуацыю, у якія можа трапіць малады чалавек? Таму, калі ёсць хадайніцтва студэнцкага прафсаюза і пярвічнай арганізацыі БРСМ аб прызначэнні таму ці іншаму студэнту сацыяльнай стыпендыі, кіраўнік установы адукацыі павінен пайсці ім насустрач.

Для нас вельмі важна таксама, каб пры вырашэнні пытанняў прызначэння стыпендый прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, імянных і персанальных стыпендый улічвалася меркаванне прафсаюзнай арганізацыі і пярвічнай арганізацыі БРСМ, бо, здараецца, паразуменне ў гэтым пытанні дзе-нідзе адсутнічае.

Кампенсацыя на аздараўленне

Па словах Рамана Дапіры, апошнім часам стала часцей прымяняцца такая форма аказання матэрыяльнай падтрымкі навучэнцаў, як дапамога на аздараўленне. Звязана гэта з дэфіцытам пуцёвак у аздараўленчыя і санаторна-курортныя арганізацыі ў канікулярны час, таму многія студэнты вымушаны набываць пуцёўкі за поўны кошт. У гэтай сітуацыі ўстанова адукацыі бярэ на сабе кампенсацыю пэўнай часткі выдаткаў.

Матэрыяльная дапамога на аздараўленне — гэта таксама і вітамінізацыя, і змяншэнне кошту харчавання ў студэнцкіх сталовых. У БДУІР, напрыклад, кіраўніцтва па ўзгадненні з прафсаюзнай арганізацыяй накіроўвае штомесячна грошы на арганізацыю дадатковага харчавання для студэнтаў з малазабяспечаных сем'яў. Талоны на харчаванне тут атрымліваюць прыблізна 60-70 чалавек кожны месяц.

— Разам з тым, у некаторых установах адукацыі крытэрыі да прызначэння матэрыяльнай дапамогі вызначаюцца настолькі жорсткія, што тая сума, якая выдзяляецца для матэрыяльнай падтрымкі навучэнцаў, цалкам не засвойваецца і гэтыя грошы вяртаюцца ў бюджэт. Мы катэгарычна супраць такіх крайнасцяў. Сродкі, якія выдзяляюцца з бюджэту на сацыяльную падтрымку, павінны накіроўвацца на сацыяльную падтрымку, — падкрэсліў Раман Дапіра. — У нас прадугледжаны таксама механізм матэрыяльнай падтрымкі навучэнцаў за кошт сродкаў, атрыманых ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы адукацыі. Упэўнены, што гэтую дапамогу трэба прымяняць, у першую чаргу, да студэнтаў платнай формы навучання, паколькі іншыя фінансавыя крыніцы для іх падтрымкі не могуць быць выкарыстаны.

У бліжэйшы час мы плануем больш увагі надаваць рабоце нашых вучэбных камісій, створаных пры прафкамах. Менавіта яны павінны інфармаваць студэнтаў аб умовах прадастаўлення матэрыяльнай дапамогі, зніжак на навучанне, пераводу з платнай на бюджэтную форму навучання і гэтак далей.

Навучанне — работа, якая аплачваецца

Значным дасягненнем галіновы прафсаюз лічыць прывязку памеру стыпендый да тарыфнай стаўкі першага разраду. Такі падыход значна спрасціў парадак вылічэння стыпендый і паспрыяў іх аператыўнаму пераразліку. У выпадку павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду памер стыпендыі павялічваецца аўтаматычна.

Цяпер што тычыцца штомесячных даплат да стыпендый, прадугледжаных Указам кіраўніка дзяржавы № 460 "Аб аказанні дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі навучэнцам". Згодна з гэтым дакументам, надбаўкі прадугледжаны для ўсіх навучэнцаў, якія атрымліваюць вучэбныя, імянныя, сацыяльныя, спецыяльныя і персанальныя стыпендыі савета ўстановы вышэйшай адукацыі. Штомесячная даплата навучэнцам устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, навучэнцам і курсантам устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтам і курсантам устаноў вышэйшай адукацыі, дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з іх ліку, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь, складае 65 працэнтаў ад стыпендыі. Для аспірантаў і дактарантаў штомесячная даплата ўстаноўлена ў памеры 30 працэнтаў ад стыпендыі. Пры гэтым названыя даплаты не ўлічваюцца пры вызначэнні сродкаў, якія накіроўваюцца на ўстанаўленне надбавак да стыпендый за поспехі ў вучобе, навуковай і грамадскай рабоце і аказанне матэрыяльнай дапамогі.

У адпаведнасці з галіновым пагадненнем, вышэйназваныя выплаты ажыццяўляюцца па прадстаўленнях прафкамаў і камітэтаў БРСМ і з імі ўзгадняюцца адпаведныя загады. Праўда, у большасці ўстаноў адукацыі меркаванне студэнцкіх арганізацый улічваецца ці не ў апошнюю чаргу. Гэта толькі пацвярджае слушнасць той практыкі, якую сёння прапагандуюць Мінадукацыі і галіновы прафсаюз у сваім пагадненні.

Нужные услуги в нужный момент
0058345