
Найбуйнейшы рэчавы рынак Прыбалтыкі, Гаруны (па-літоўску Гарунай), што пад Вільняй, прачынаецца з першымі промнямі сонца. Штодзень, апроч панядзелка, тут ад досвітку пачынаюць працу тысячы прадаўцоў.
На наступны дзень іх тавар з’явіцца на прылаўках крамаў іншых літоўскіх прадпрымальнікаў. Зрэшты, купцоў шмат і з-за мяжы. Аўто з беларускімі, латвійскімі ці нават эстонскімі нумарамі — не рэдкасць. Шоп-туры прыязджаюць нават са Скандынавіі. Ці акупляе сябе паездка ў Гарунай?
Крама на колах
Ужо а 6-й раніцы складана знайсці свабоднае месца на паркоўцы.
Аб’язджаю рынак з адваротнага боку, тут вольных месцаў больш. Але трэба быць асцярожным, каб не заняць "чужое" месца.

"Вы будзеце тут гандляваць?" — адразу падыходзіць да мяне жанчына. "Не…" — "Тады ад’едзьце назад, каб быў падыход да нашай машыны, я буду тут тавар раскладваць". Яна з мужам прыехала з Алітуса, што за 100 км ад Вільні. Столькі ж ехаць ад яе дома да Польшчы. Стары "Фальксваген" даверху забіты пральнымі парашкамі.

"Вы будзеце тут гандляваць?" — адразу падыходзіць да мяне жанчына. "Не…" — "Тады ад’едзьце назад, каб быў падыход да нашай машыны, я буду тут тавар раскладваць". Яна з мужам прыехала з Алітуса, што за 100 км ад Вільні. Столькі ж ехаць ад яе дома да Польшчы. Стары "Фальксваген" даверху забіты пральнымі парашкамі.
Напрыклад, 4,8-кілаграмовы "Персіл" можна набыць за 100 тысяч рублёў — знайдзіце такія цэны ў Беларусі.
Яшчэ некалькі гадзінаў таму прадаўцы закупляліся ім у польскіх супермаркетах на мяжы, а цяпер перапрадаюць тавар з невялікай накруткай. Выходзіць усё адно танней, чым у віленскіх гіпермаркетах.
На стаянцы штодня сотні прадаўцоў вядуць гандаль проста з багажнікаў машын: нехта прадае канцылярскія тавары, нехта — гарбату і каву.
У Беларусі такіх імправізаваных рынкаў, бадай, не засталося. А вось у Гарунах такая форма гандлю цалкам законная.
Кітай ці Польшча?
Чаго на рынку мала, дык гэта заатавараў, а таксама свежай садавіны і гародніны. Прадаўцы раяць звяртацца на іншы віленскі кірмаш, Кальварыйскі.
Затое ў Гарунах шмат адзення.


Беларус, які прывык закупляцца на мінскіх Ждановічах, будзе ў захапленні. Асартымент пад Вільняй такі самы ці нават большы, затое цэны нашмат меншыя. Розніца нават у два разы!
Напрыклад, мужчынская зімовая куртка каштуе 300—500 тысяч рублёў. Можна яшчэ і патаргавацца…
На суседнім прылаўку раскладзеныя акуратна пашытыя красоўкі. "Колькі каштуюць?" — "50 літаў". Гэта каля 150 тысяч рублёў. "Не парвуцца пасля першай прабежкі?" — "Ты што, гэта ж фірмовае, з-пад Варшавы". У адрозненне ад Ждановічаў, на Гарунах прадаецца больш польскага адзення і абутку. Ці лічыць яго больш якасным у параўнанні з кітайскімі ці турэцкімі аналагамі? Раз на раз не прыпадае, прызнаюцца прадаўцы, але раяць купляць менавіта польскае. "А не спрабавалі беларускае адзенне ў сябе на кропцы прадаваць?" Гандляры глядзяць вырачанымі вачыма, нібыта на вар’ята.
Эвалюцыя рынку
Як і ў Беларусі, гарадскія ўлады і гаспадары рынку спрабуюць зрабіць гандаль "больш цывілізаваным". Іншымі словамі, перацягнуць прадаўцоў з намётаў пад дах. За месца ў ангарах можна браць большую арэндную плату.
Спачатку гаспадары Гаруноў збудавалі чатыры вялікія "тэматычныя" ангары. Напрыклад, у адным з іх прадаюцца аўтамабільныя тавары, у другім садовая тэхніка. Праўда, даверу да такіх збудаванняў у прадаўцоў няма. Год таму адзін такі ангар цалкам згарэў, разам з усім пакінутым на ноч таварам. Прадпрымальнікам давялося пачынаць свой бізнэс з нуля.
Цяпер патроху запаўняецца прадаўцамі яшчэ большае памяшканне, гіганцкі трохпавярховы комплекс. Ён нагадвае мінскі "Імпульс" каля Камароўскага рынку. Ужо цяпер праштурхнуцца ў праходах між шклянымі павільёнамі складана, а свабоднай стаіць яшчэ з палову будынка.
Беларусы скупляюць гуму
Праз дарогу ад рэчавага кірмашу знаходзіцца вялікі аўтарынак. З увядзеннем вялікіх мытаў на увоз машын у Беларусь перагоншчыкі саступілі месца прадаўцам запчастак, расходнікаў і аксесуараў. Ехаць спецыяльна для таго, каб набыць масла ці фільтры, немэтазгодна. Напрыклад, эканомія на куплі пяцілітровай упакоўкі маторнага масла Elf склала ўсяго 20 тысяч рублёў, на масляным фільтры — каля 10 тысяч.
Але па б/у запчасткі ці гуму заехаць у Гаруны варта. Камплект з чатырох б/у-колаў памеру R15 вядомага еўрапейскага брэнда можа абысціся ў 0. Але найбольшая эканомія дасягаецца пры куплі новай гумы вялікага памеру. У параўнанні з мінскімі цэнамі на кожным коле можна ашчадзіць да $ 50. На месцы працуе і шынамантаж, каб хуценька перакінуць гуму.
Недапрацаваны сэрвіс
Чаго Гарунам не стае, дык гэта дадатковага сэрвісу. Калі хочацца пад’есці, дык толькі стоячы, а ў меню — хот-дог і шаурма. Паклапаціцеся загадзя і пра патрэбную валюту.
Банкамат на шляху мне сустрэўся толькі адзін, абменнікаў больш, але курс на іх нявыгадны. Зрэшты, пры вялікай куплі можна ўгаварыць прадаўца прыняць еўра ці, у крайнім выпадку, даляры. А вось на чэкі ці выпісаныя квітанцыі для атрымання TaxFree лепш не спадзявацца. Да таго ўзроўню развіцця рынак у Гарунах яшчэ не дайшоў.
Што скупляюць беларусы?
Упакоўка молатай кавы — 28 000 рублёў за 0,5 кг.
Пральны парашок Percil — 100 000 за 4,8 кг.
Туалетная папера — 25 000 рублёў за 16 двухслойных рулонаў.
Кітайскія джынсы — ад 65 000 рублёў.
Кітайская танная тэхніка (прасы/фены і г.д) — ад 40 000 рублёў за штуку.
Даведка. Рынак Гарунай
Час працы: 6.00-14.00 (апроч панядзелка).
Адрас: Вільня, вул. Гаруну, 68.
Шлях з Беларусі: ад пераходу "Каменны Лог" ехаць проста, нікуды не зварочваць, аж да самога рынку.
Нет времени ехать в Вильнюс? Поищите то, что Вам нужно, на second.by
Нет времени ехать в Вильнюс? Поищите то, что Вам нужно, на second.by