Личный счет


Фото с сайта wallon.ru
Фото с сайта wallon.ru
Марыш адчыніць маленькі свечачны заводзік, але не ведаеш, з чаго пачаць? Чытай парады маладых людзей, якія не пабаяліся асаблівасцяў мясцовага капіталізму. Бізнесовец – гэта гучыць горда, а галоўнае – цалкам рэальна.

Кірыл Будоўскі, уладальнік і дырэктар кавярні "Зерно":

— Перад тым як пачынаць справу, трэба абавязкова распрацаваць дакладны канцэпт таго, што вы збіраецеся рабіць. Разабрацца, што гэта будзе за кавярня, у чым яе сэнс, што яна дасць людзям. Калі самім складана — звяртайцеся да дасведчанага чалавека.
 
Добра, калі кавярня размяшчаецца не ў жылым доме, інакш трэба старацца пасля змены ціха і акуратна ўсё зачыніць.
Таксама памятайце: калі вы задумалі залу без афіцыянтаў, трэба будзе вельмі хутка ўсіх абслугоўваць. Прыйдзецца пабудаваць сістэму, пры якой усе могуць дапамагаць адно аднаму.
 
Давядзецца ўсе справы рабіць па чарзе: хтосьці будзе прымаць замовы, хтосьці варыць каву, хтосьці накладваць пірагі.
 
Кавярня — гэта месца, куды прыходзяць паразмаўляць, выпіць чаго-небудзь, пад’есці, таму не захапляйцеся асабліва правядзеннем канцэртаў і семінараў. Для такіх падзеяў патрэбная вялікая прастора, яны могуць і антырэкламу зрабіць, бо прыйдзе шмат людзей, і ўсе проста фізічна не змесцяцца. Тое ж і з закрытымі імпрэзамі: лепш іх не праводзіць, бо наведнікі заўсёды павінны мець магчымасць выпіць кубачак гарбаты або кавы і пад’есці.
 
Эдуард Сідарук, уладальнік кампаніі Epiсstar, якая распрацоўвае казуальныя гульні:

— У свой час я займаўся анімацыяй, пасля крызісу — фрылансіў. У 2010-м разам з напарнікам распачалі вытворчасць кампутарных гульняў пад платформы рознага кшталту. Праз два гады мы з ім развіталіся, тады і з’явілася кампанія Epiсstar. Зарэгістраваць юрыдычную асобу цяпер вельмі проста, мы карысталіся паслугамі юрыстаў, бо на самастойнае вывучэнне пытання проста не было часу.
 
Кваліфікаваныя кадры — аснова поспеху кампаніі. Таму трэба ўважліва разглядаць партфоліа будучых працаўнікоў, шукаць патэнцыйна нядрэнных маладых спецыялістаў, з якіх можна будзе зрабіць сапраўдных майстроў сваёй справы.
 
Што датычыць нас, мы шукаем людзей банальна праз tut.by.
 
Калі вы вырашылі атрымаць ад інвестараў грошы пад канцэпт праекта, будзьце падрыхтаваныя, што інвестарам можа не спадабацца ваша дэма-версія гульні, і яе давядзецца перарабляць. Цяпер наш асноўны партнёр і таксама наш выдавец — фабрыка гульняў Alawar. Калі ёсць жаданне рызыкаваць, можна і на свае грошы рабіць гульні — але раю гэта спрабаваць толькі пры наяўнасці добрага гендызайнера і каманды.
 
На сённяшні момант мы выпусцілі гульню-квэст "Таямнічы парк" (Weird Park) у дзвюх частках. Наша мэтавая аўдыторыя — жыхары Паўночнай Амерыкі. Калі я буду арыентавацца на Беларусь, можна адразу зачыняццца. У нас не прынята набываць праграмнае забеспячэнне — народ карыстаецца пірацкімі версіямі. Аднак парталы з бясплатнай раздачай гульняў вельмі карысныя — на іх заўсёды шмат водгукаў.

Ірына Злобіна,
менеджар кампаніі па вытворчасці сувеніраў "Ліхтар":

– Не зацягвайце падрыхтоўчага этапу. Працэс пачатковай легалізацыі вельмі просты, з дакументамі разабрацца яшчэ прасцей, дастаткова залезці на сайт Мінгарвыканкама – там усё напісана. Можна ім патэлефанаваць, і яны ўсё растлумачаць. Заканадаўства дастаткова гнуткае – знайсці і рэалізаваць сябе ў бізнесе лёгка. З клёвых нечаканасцяў: у падатковай працуюць маладыя людзі, гатовыя табе дапамагчы.
 
Вельмі істотны жорсткі кантроль якасці. Прыйдзецца навучыцца разбірацца не толькі ў менеджменце і дызайне, але і ў тэхналогіях. Трэба ведаць, як паводзяцца матэрыялы пры апрацоўцы, якія машыны лепш выкарыстоўваць. Карацей, трэба ўсё правяраць.
 
Каб справа хутка акупілася, трэба ўкладаць свае грошы, не браць крэдытаў. З малымі тыражамі вы застрахаваныя ад фінансавых рызыкаў: можаце ўсё рэгуляваць, бачыць, якая прадукцыя мае попыт, а якая – не. Мы пачалі ў ліпені, да верасня вытворчасць акупілася.
 
Трэба прадумаць усе лагістычныя штукі. Як будзе выглядаць прадукт? Хто, дзе і навошта будзе яго набываць? Якім чынам патэнцыйныя пакупнікі трапяць у тую кропку, якую ты запланаваў?
 
Мы не планавалі шырокай рэкламнай кампаніі, бо наша прадукцыя разлічаная на іншаземцаў, якія бываюць тут кароткі тэрмін. Пра нас напісалі на 34mag, пасля пайшла хваля публікацый – вылучылася мэтавая аўдыторыя, і партнёры самі падцягнуліся. Хутка мы запусцім сайт, які цяпер працуе больш як вітрына, на ім стаіць заглушка з асартыментам і пазначаным нумарам тэлефона – каб замовіць штосьці, дастаткова пазваніць.
 
У першую чаргу мы імкнемся ахапіць турыстычныя кропкі. Калі вырашыце размеркаваць сваю прадукцыю па дзяржаўных крамах, майце на ўвазе, што там вельмі складаная іерархія. Спачатку давядзецца напісаць тавараведу, потым вышэй, вышэй, дырэкцыі "Белкнігі" і г.д. Аднак усе – і дзяржаўныя, і недзяржаўныя крамы – зацікаўленыя ў пашырэнні асартыменту.
 
Нікіта Шароў, уладальнік крамы развівальных цацак Skilltoys:

– Усё пачалося з таго, што гады тры таму я захацеў набыць сабе ё-ё, аднак высветлілася, што ў Беларусі знайсці гэтую цацку немагчыма. Я вырашыў адчыніць сваю краму з ё-ё ды іншымі развівальнымі цацкамі – рэалізацыя заняла год.
 
Каб не паўтараць маіх памылак, не вядзіцеся на рэкламу левых хахляцкіх кампаній з freelance.ru – яны паабяцаюць зрабіць сайт за 700 даляраў, а напрыканцы дашлюць шаблон, які можа любы першакласнік зляпіць. І нічога ад іх не даб’ешся.
 
Тавар я набываў у Маскве – у кампаніі "Гіраскоп" закупіўся на $400 цацкамі кшталту ё-ё, кендамаў, пэнспінаў і г.д. Было складана ўзімку па Маскве з вялізнымі скрынямі перамяшчацца.
 
Мясцовыя ставіліся вельмі прыязна, у аўтобусах з турнікетамі дапамагалі прайсці: "О, бульбашы прыехалі!" У цягніку з-за валізак ледзь не асобны квіток прымушалі набываць. Цяпер езджу на машыне, дзякуй богу.
 
Добрая рэклама – палова поспеху, яе трэба як мага больш. Не давярайце часопісам: калі з іх тэлефануюць і прапаноўваюць табе рэкламу – гэта шыла. Рэкламу трэба шукаць самому, каб яна была танная і ў незвычайных месцах. Добра мець рэкламу на станцыі метро: напрыклад, у мяне першага была рэклама на "Кастрычніцкай" на эскалатары і на падлозе, каштавала гэта $50 на месяц.
 
Сяргей і Зоя Чарняк, уладальнікі хостэла Viva:

– З размяшчэннем хостэла абавязкова арыентуйцеся на цэнтр, каб чалавеку з іншага горада не прыйшлося вас доўга шукаць. Цяпер мы месцімся на вул. Жукоўскага, 4, гэта 10 хвілін пешшу да вакзала – і тое скардзяцца, што далёка.
 
Не вядзіцеся на прыватны катэдж – з памяшканнем у шматпавярхоўцы будзе прасцей. Варта абзавесціся працёкавымі воданагравальнікамі, каб вашыя пастаяльцы мелі магчымасць карыстацца гарачай вадой нават падчас яе сезоннага адключэння.
 
Для паспяховага існавання хостэла ў інфармацыйнай прасторы хапае суполкі "Вконтакте" і кантэкстнай рэкламы. Зразумела, трэба мець свой сайт. А вось урачысты банкет у гонар адкрыцця – проста пшык! Гэта імпрэза для людзей, якія патусяць, паядуць і сыдуць. І забудуць пра твае існаванне.
 
Апошнія два месяцы мы тэсцім рэкламу на чыгуначным вакзале, у пераходзе. Першы месяц рэклама мела поспех – аднак аўдыторыя, якая там ходзіць, збольшага шукае гасцініцу.
 
Народ тэлефануе і пытае, ці ёсць у нас аднапакаёвыя нумары – людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту не разумеюць, што такое хостэл.
 
Будзьце асцярожныя з імпрэзамі ў хостэле, бо галоўная ваша задача – камфортнае жыццё людзей, а не арганізацыя канцэртаў. Дый некаторыя пастаяльцы могуць банальна скардзіцца на шум. Таксама трэба вялікую ўвагу надаваць падбору персаналу, каб не займець у якасці адміністратара студэнтку, якая будзе сварыцца з кліентамі проста ў хостэле.
 
Бухгалтэрыяй, дакументацыяй мы займаемся самі. Зарэгістравацца было нескладана – статутны капітал у Беларусі можа складаць $1000, можа дзесяць рублёў. З падатковай у нас ніякіх праблемаў не было – там працуюць адэкватныя людзі.
 
Таня Аржанава, уладальніца салона City Dress (Віцебск):

– Першы салон "Студия моды Таня Аржанова" ў ГЦ "Беларусь" я адчыніла сёлета ў сакавіку па вяртанні з Піцера, дзе займалася выпускам калекцый жаночага адзення. У кастрычніку вырашыла супрацоўнічаць з беларускімі і расійскімі дызайнерамі. Гэтак з’явіўся новы салон City Dress by Tanya Arzhanova.
 
Адкуль браць пачатковы капітал? Можна набыць яго шляхам паступовага накаплення. Шыеш адзенне, потым аддаеш яго на продаж у пяць-шэсць крамаў. Адну рэч набылі – табе прыйшлі грошы. Потым яшчэ і яшчэ. Паступова збіраецца прыбытак, які можна размяркоўваць на патрэбныя выдаткі.
 
Адзенне для салона можна шыць самому, але гэта для фанатыкаў. Лепш шукаць атэлье. Часам, калі мадэль дарагая і апрацоўка складаная, я шыю сама. Калі трэба пазычыць грошы, не саромейцеся звяртацца да сяброў: усе дарослыя людзі, за свае словы адказваюць. Галоўнае – упэўніць чалавека, не мямліць, паказаць бізнес-план, раскласці ўсё па палічках.
 
Калі адчыняеце салон – сутыкнення з падатковай інспекцыяй не пазбегчы: людзі з вышэйшай адукацыяй будуць прыдумляць форму падатку, якім цябе абкласці.
 
Могуць такую суму налічыць, што загнешся выплочваць. Таму рыхтуйцеся да працяглай абароны сваіх правоў, вывучайце ўсе складанасці і нюансы падатковай сістэмы. Паспрабуйце разабрацца ва ўсіх пытаннях самі. Калі прыйдзе час пашырацца – вас ужо вакол пальца не абвядзеш. І памятайце, што ў Беларусі нават рэгістрацыя мыла ручной работы – складаны працэс, які каштуе шмат грошай. Што датычыць бухгалтэрыі, памочнік спатрэбіцца.
 
Рэкламуйце сваю справу. Калі салон размешчаны ў гандлёвым цэнтры – круціце там аўдыяролік з вашымі каардынатамі. Ёсць грошы – давайце ролік на тэлебачанне. Памятайце, што месца рэкламы там, дзе яе могуць пабачыць патэнцыйныя пакупнікі. Не вядзіцеся на нізкія кошты: напрыклад, радыё "Рокс" у нас самае таннае, аднак там адзін шансон, які кліенткі дзевачкі-прыпевачкі не слухаюць. Памятайце пра сарафаннае радыё – чым больш у вас знаёмых, тым хутчэй распаўсюджваецца інфармацыя. Салон толькі адчыніўся, а ўжо прыходзяць багаценькія дамачкі.
 
Віталій Югай, уладальнік рэстарана "Пекінская качка":

– Залог поспеху – нежылы дом. У іншым выпадку прыйдзецца сутыкнуцца з невырашальнымі пытаннямі. Напрыклад, пры размяшчэнні ў інтэрнаце, як у нас, алкаголь можна прадаваць толькі да 23.00. Калі ў рэстаране ўзімку няма ацяплення, дамовіцца пра ўстаноўку сваіх лічыльнікаў немагчыма. Будзеце падтрымліваць патрэбную тэмпературу электракаларыферамі і пры гэтым плаціць вялікія грошы за цэнтральнае ацяпленне.
 
Калі вы месціцеся ў цэнтры – лічыце сябе пераможцамі, нават фастфуд зайграе. На ўскраіне прыйдзецца вельмі добра прадумаць спецыфіку месца, каб людзям хацелася да вас прыязджаць. Абавязкова трэба вывучыць рынак: рэстаран з такой жа кухняй побач – вельмі вялікая канкурэнцыя. Хаця ёсць два сакрэты стабільнага даходу – піца і сушы. Наогул, думайце над кухняй. Часам я нават шкадую, што наша спецыфіка – кітайская ежа, бо даводзіцца выдумляць замяняльнікі прадуктаў з-за адсутнасці некаторых інгрэдыентаў у Беларусі.
 
Улічвайце, што наведнікам патрэбныя не смакавыя паказнікі, а аздабленне, каб усё было прыгожа пададзена і расстаўлена. Смак мала хто цэніць, хаця я ўсё роўна больш увагі звяртаю на якасць. І памятайце, што адказны персанал пазбаўляе вас вялікай часткі галаўнога болю. На жаль, студэнты, як беларускія, так і замежнікі, вельмі часта працуюць няякасна. Цякучка кадраў вельмі вялікая.
 
Рэклама таксама патрабуе сур’ёзнага стаўлення: мы ёсць на relax.by, давалі рэкламу на радыё. У студзені плануем запусціць масіраваную рэкламную кампанію: тэлебачанне падключым, радыё, інтэрнэт, знаёмых. Тры гады павучыліся і хопіць, прыйшоў час атрымліваць прыбытак.
Нужные услуги в нужный момент
-50%
-70%
-30%
-10%
-20%
-10%
-10%
-27%