Банки
Курсы валют
Карточки  
Кредиты
Продай свой кредит
Вклады
Экономические показатели
Сервисы
Платежи в интернете
Переводы с карты на карту
Налоговый калькулятор
Калькуляторы
Каталог компаний
Домашняя бухгалтерия
Праздничный
Паритетбанк
15%
Е-плюс
Евроторгинвестбанк
15%
Жгучий кредит
Идея Банк
15%

Все кредиты

Публичный счет


Святлана Бусько,

Фото с сайта old.ecoteco.ru
Фото с сайта old.ecoteco.ru
Пра тое, што такое заробак "у канверце", не ведае, мабыць, толькі сямігадовае дзіця. А значыць, гэтая з'ява — не такая ўжо і рэдкасць у нашай рэчаіснасці. Як і ўсё на свеце, яна мае як свае недахопы, так і выгады. Давайце паглядзім, хто пры гэтым атрымлівае найбольшую выгаду і хто часцей за ўсё аказваецца ў пройгрышы.

Працаваць — працавалі, а пенсія мінімальная...

— У нашым горадзе больш за тысячу чалавек атрымліваюць працоўную пенсію ў мінімальным памеры (на 1 снежня — 1.027.545 рублей), — кажа намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Баранавіцкага гарвыканкама Наталля ФАЛЕЕВА. — Можна выказаць здагадку, што многія з іх сёння маюць такую нізкую пенсію таму, што атрымлівалі даходы, якія не адлюстроўваліся ні ў якіх дакументах. Гэта значыць, працавалі неафіцыйна: зарплату атрымлівалі, але страхавых узносаў з яе ніхто не выплачваў. Вось і вынік: людзі працаваць — працавалі, але даведак ніякіх пры гэтым даць не могуць...
 
Сёння кожны з нас, атрымліваючы зарплату, бачыць у разліковым лістку, што ён плаціць з яе 12% падаходнага падатку і 1% — унёсак у пенсійны фонд. Але гэта не значыць, што ў пенсійны фонд ідзе толькі гэты мізэрны працэнт, таму што асноўная падатковая нагрузка кладзецца на прадпрыемства. Яно, акрамя падаткаў на прыбытак, падатку на дабаўленую вартасць і г. д., з кожнага рубля, накіраванага на вашу зарплату, пералічвае ў Фонд сацыяльнай абароны 34%. Менавіта з гэтых 35-працэнтных адлічэнняў (1% ад работніка і 34% ад наймальніка за кожнага свайго работніка) і выплачваюцца дзяржавай пенсіі, аплачваюцца бальнічныя лісткі і г.д.
 
Вось і атрымліваецца, што наймальнік, выдаючы вам зарплату або частку яе ў канверце, без адлюстравання ў бухгалтарскім уліку і, адпаведна, без выплаты падаткаў і адлічэнняў у фонд сацыяльнай абароны, "крадзе" пры гэтым значную частку вашай пенсіі. Бо вылічацца яна будзе, зыходзячы менавіта з вашай афіцыйнай зарплаты.
 
На жаль, многія людзі нярэдка жывуць адным днём, не задумваючыся аб сваёй будучыні. Бо пенсія так далёка... Але прыходзіць яна заўсёды хутчэй, чым мы чакалі.
 
Ці роўныя выйгрышы пройгрышам

Але хопіць пра аддаленыя наступствы. Пагаворым аб сённяшніх, імгненных выйгрышах і пройгрышах.
 
Па словах начальніка ўпраўлення працы і заработнай платы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алены АЛЯШКЕВІЧ, памеры і іншых сацыяльных выплат таксама вызначаюцца, зыходзячы з заробку. Так што калі вы атрымліваеце па ведамасці 1-1,5 млн рублёў, то ваш бальнічны ліст, дапамога па цяжарнасці і родах, па доглядзе за хворым членам сям'і і т.п., будуць разлічвацца, зыходзячы з гэтых сум, і выплачвацца з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Можна, вядома, спадзявацца на высакароднасць свайго працадаўцы, які дакладзе адсутную суму з уласнай кішэні, але разлічваць на такое прыходзіцца далёка не заўсёды, асабліва ў выпадку ўзнікнення на працы нейкай спрэчкі або хоць трохі канфліктнай сітуацыі. Тое ж самае адбудзецца пры налічэнні сярэдняга заробку падчас працоўнага адпачынку і канчатковым разліку пры звальненні.
 
— Напрыклад, у наш камітэт нядаўна паступіў зварот жыхаркі Мінскай вобласці па пытанні налічэння і выплаты дапамогі па цяжарнасці і родах, — распавядае Алена Аляшкевіч. — Падчас вывучэння матэрыялаў было ўстаноўлена, што згодна з працоўным дагаворам узровень аплаты яе працы складаў не больш за ўстаноўлены ўрадам Беларусі памер мінімальнай заработнай платы. Астатняя частка, па словах жанчыны, выдавалася ёй асабіста ў рукі. Такім чынам, нягледзячы на штомесячны даход у памеры 6 млн рублёў, аплата бальнічнага ліста па цяжарнасці і родах аказалася зусім невысокай, бо пры вылічэнні ўлічваецца афіцыйная заработная плата.
 
— Калі з'яўляюцца праблемы з выплатай заработнай платы ў "канверце", з залічэннем працоўнага стажу, прадастаўленнем працоўнага водпуску, звяртаюцца ў камітэт і работнікі, з якімі працоўны дагавор (кантракт) не складаўся наогул, — працягвае распавядаць Алена Мікалаеўна. — Так, у наш камітэт паступіў зварот, у якім гаварылася, што работнік адпрацаваў некалькі месяцаў, выконваючы ўсе ўказанні наймальніка, а заработную плату за працу так і не атрымаў. У выніку разгляду звароту было ўстаноўлена, што гэты работнік не быў аформлены ў наймальніка. Такім чынам, у гэтым выпадку работніку для атрымання зарплаты давядзецца даказваць фактычнае дапушчэнне яго да працы ў судзе, з прыцягненнем сведак і прадстаўленнем фактаў, якія пацвярджаюць выкананне вызначанай працы. І такія выпадкі не адзінкавыя.
* * *
А калі, не дай Бог, з чалавекам адбудзецца няшчасны выпадак на вытворчасці або здарыцца прафзахворванне, то атрыманне зарплаты "ў канверце" негатыўна адаб'ецца і на страхавых выплатах па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафзахворванняў.
 
Якія яшчэ мінусы? "Даход, атрыманы ад заробку "ў канверце", нельга выкарыстоўваць у якасці легальнай крыніцы грашовых сродкаў пры здзяйсненні буйных здзелак, бо ў выпадку перавышэння выдаткаў над прыбыткам з сумы перавышэння з фізічнай асобы будзе ўтрыманы падаходны падатак, — пералічвае Алена Аляшкевіч. — А яшчэ атрыманне зарплаты "ў канвертах" пазбаўляе магчымасці атрымаць у банку неабходную суму крэдыту. Бо пры атрыманні крэдыту ў банку неабходна пацвердзіць сваю плацежаздольнасць, падаўшы даведку аб даходах з месца працы".
 
"Такім чынам, работнікі, згаджаючыся на зарплату ў канвертах або працу без афармлення працоўнага дагавора, спадзяюцца на шчаслівы збег абставін. Аднак пры гэтым яны пазбаўляюць сябе сацыяльных гарантый", — падводзіць вынік начальнік упраўлення працы і заработнай платы.
 
Дык каму гэта выгадна?

Як бачыце, пакуль што ад зарплаты "ў канверце" суцэльныя мінусы. Як для работніка, так і для дзяржавы, якая недаатрымлівае падаткі. Але ж, калі б зусім не было плюсоў, гэтай з'явы не існавала б. Так, плюсы ў ёй таксама ёсць. У першую чаргу, гэта ў нейкай ступені большая заработная плата. Бо нярэдка працадаўца прапануе работніку на выбар: атрымліваць вось такую суму, але неафіцыйна, альбо меншую, хаця ўсё будзе на законных падставах. І многія работнікі кіруюцца імгненнай выгадай: маўляў, са мной усё будзе добра, я не захварэю, а да пенсіі яшчэ дажыць трэба... Сёй-той яшчэ і радуецца, што плаціць меншы падаходны падатак...
 
Што ж, калі хтосьці жыве толькі сённяшнім днём, яму гэта можа падысці. Вось толькі потым не трэба кусаць локці і папракаць сябе за глупства. На жаль, некаторыя ідуць на зарплату "ў канверце", таму што не ведаюць усіх нюансаў і наступстваў падобнага пагаднення.
 
Хто атрымлівае адназначную выгаду ў такой сітуацыі, так гэта працадаўца. Яно і зразумела: што значыць выплаціць трэцюю частку ў якасці адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) з зарплаты ў 1 млн рублёў, і што значыць — з зарплаты ў 4-6 млн рублёў? Розніца немаленькая. А калі работнікаў не адзін-два, а значна больш...
 
Так, адлічэнні ў ФСАН у нашай краіне немаленькія. Але што прапануюць для выпраўлення сітуацыі, напрыклад, у Беларускім саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. М.С. Куняўскага? Падзяліць адказнасць па сацыяльным страхаванні паміж наймальнікам і работнікам пароўну. Гэта значыць, прасцей кажучы, каб з работніка ўтрымлівалі з зарплаты ў пенсійны фонд не 1%, як цяпер, а 17%. І, адпаведна, з наймальніка бралі таксама 17%. Міністэрства працы і сацабароны Беларусі такую прапанову не падтрымала.