Личный счет


Павел Бераснеў,

Быць бізнэсменам — гэта модна і крута. Не тое што ў 1990-я гады, калі камерсантаў ганебна называлі "таргашамі", "шмотачнікамі" і іншымі непрыгожымі словамі. Сёння сітуацыя памянялася: калі мы кажам бізнэсмен, то ўяўляем ужо не брытагаловага "братка" ў малінавым пінжаку, а інтэлігентнага, упэўненага ў сабе чалавека на дарагой машыне і ў дарагім адзенні, які мае асобны кабінет у сучасным офісе і кіруе больш-менш буйной кампаніяй.

А як самому стаць бізнэсменам? Насамрэч, усё не так і складана. Галоўнае — мець вялікае жаданне і ўпарта імкнуцца да пастаўленай перад сабой мэты. І забыцца на "адмазкі", што, маўляў, "няма першапачатковага капіталу" ці "заканадаўства занадта складанае" — у свеце ёсць мноства прыкладаў, калі людзі стваралі вялізныя кампаніі літаральна з нуля і зараблялі мільярды ў самых складаных умовах.
 
Дык з чаго ўсё-такі пачаць? Напэўна, адразу трэба вызначыцца, чым канкрэтна вы хочаце займацца: гандляваць мабільнікамі або бульбай, вырошчваць гародніну ці заснаваць невялічкі свечачны заводзік, адкрыць дызайнерскае агенцтва, кавярню або бюро перакладаў. Хаця і тут не ўсё так адназначна: многія бізнэсмены пачыналі з аднаго віду дзейнасці, а потым з часам яго кідалі і займаліся зусім іншым. Але ўсё-такі было б добра спачатку вызначыць, што вы ўмееце рабіць і чым вам хочацца займацца.
 
Далей — трэба ацаніць свае магчымасці і перспектывы. Калі ў вашым горадзе ўжо працуе 100 крам з мабільнымі тэлефонамі, то ці ёсць сэнс адкрываць сто першую? Чым вы зможаце заваяваць кліентаў? Якія ў вас перавагі перад канкурэнтамі? Ну і, безумоўна, трэба палічыць грошы: якія ў вас будуць выдаткі, якая выручка, ці будзе ваша дзейнасць прыносіць прыбытак.
Калі ўсё па вашых разліках атрымліваецца добра і вы яшчэ не перадумалі стаць бізнэсменам, то трэба пераходзіць да рэгістрацыі. Зрабіць гэта сёння не складана: па прастаце рэгістрацыі бізнэсу Беларусь у рэйтынгу "Dоіng Busіnеss 2013" Сусветнага банка знаходзіцца на дзявятым месцы сярод 185 краін свету. Зразумела, што ў гэтым матэрыяле ўсіх нюансаў не прапішаш, бо шмат што залежыць ад абранага вамі віду дзейнасці, але агульную логіку рэгістрацыі патлумачым.
 
Па-першае, трэба вызначыць як будзеце рэгістравацца: у якасці індывідуальнага прадпрымальніка ці адразу ствараць юрыдычную асобу. Першы варыянт — самы просты і патрабуе найменш фінансавых выдаткаў. Другі таксама можа быць, калі ў вас, напрыклад, ужо падабрана каманда для бізнэсу і ёсць такія-сякія грошы на пачатак. У кожнага з гэтых варыянтаў ёсць свае плюсы і мінусы: як ужо адзначалася, індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) маюць мінімальныя выдаткі для ўваходжання ў бізнэс, а таксама спрошчаныя сістэмы падаткаабкладання і вядзення бухгалтарскага ўліку. Затое ІП нясуць поўную адказнасць па даўгах — уласнай маёмасцю (у той час як пры банкруцтве фірмы могуць адабраць толькі маёмасць арганізацыі, а не вашу, скажам, кватэру) і не могуць наймаць сабе работнікаў, акрамя членаў сваёй сям'і. Тым не менш, індывідуальнае прадпрымальніцтва падыходзіць для таго, каб назапасіць капітал і праверыць свае здольнасці ў бізнэсе. А калі ўсё будзе атрымлівацца — потым ужо зарэгіструеце сабе фірму, а то і не адну. Далей мы будзем расказваць пра тое, як зарэгістраваць менавіта індывідуальнае прадпрымальніцтва, бо рэгістрацыя юрыдычнай асобы больш складаная.


 
Будучаму бізнэсмену было б нядрэнна наведаць інтэрнэт і пачытаць заканадаўства, якое тычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці. Вядома, гэта не раман Дзюма — месцамі можа быць сумна і нудна, але ж трэба хоць трохі мець уяўленне пра тое, у якіх умовах прыйдзецца працаваць. Як мінімум, трэба адшукаць Агульнадзяржаўны класіфікатар "Віды эканамічнай дзейнасці" (ён ёсць, напрыклад, на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта) і ў гэтым дакуменце знайсці від дзейнасці, якім вы хочаце займацца, і яго код.
 
Пасля гэтага з пашпартам і адной фотакарткай можна ісці ў выканкам па месцы жыхарства. Знаходзіце аддзел, які займаецца прадпрымальніцтвам. Там трэба напісаць заяву, узяць квітанцыю і схадзіць у банк — заплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры 0,5 базавай велічыні (калі ведаеце рэквізіты — можна спачатку заплаціць і ісці ў выканкам ужо з цэтлікам аб аплаце, тады лішні раз не трэба будзе бегаць). І ў гэты ж самы дзень вас ужо зарэгіструюць як індывідуальнага прадпрымальніка, а максімум назаўтра выдадуць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Вас можна павіншаваць — вы ўжо бізнэсмен! Праўда, яшчэ трэба адкрыць рахунак ў банку (калі гэта патрэбна для вашай дзейнасці) і стаць на ўлік у падатковай інспекцыі. Першая праблема вырашаецца проста — у любым банку за 10 хвілін вам адкрыюць рахунак. Другая праблема таксама не складаная: на працягу пяці дзён пасля рэгістрацыі выканкам сам паставіць вас на ўлік у па-датковых органах, органах Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і "Белдзяржстраху". Праўда, у падатковую ўсё адно прыйдзецца схадзіць — каб выбраць сабе сістэму падаткаабкладання (найбольш выгадную для вашага бізнэсу) і набыць патрэбныя дакументы накшталт кніг уліку праверак, водгукаў, даходаў і выдаткаў і г.д.
 
Ну і ўсё — гатова, бізнэс створаны. Працуйце і не забывайце плаціць падаткі. Калі будуць якія пытанні — смела задавайце іх работнікам у выканкаме і падатковай інспекцыі: вам павінны параіць, як тое ці іншае дзеянне лепш аформіць і што далей рабіць. Напрыклад, у Міністэрстве па падатках і зборах арганізаваны тэматычныя тэлефонныя лініі, куды ў пэўны час і дзень можна патэлефанаваць і папрасіць растлумачыць той ці іншы нюанс па налічэнні падаткаў. Ну і таксама не варта забывацца, што ёсць цэнтры падтрымкі прадпрымальнікаў і інкубатары, арыентаваныя на маладых бізнэсменаў. Там вам як мінімум дапамогуць парадай, як максімум — зможаце на льготных умовах атрымаць офіснае памяшканне і іншыя паслугі.


 
 
"Я ўжо нашмат апярэдзіла ўзровень былой зарплаты..."

Кацярына Мядзелец зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік нядаўна — у маі мінулага года. Да гэтага працавала ў салоне сантэхнікі, потым у прыватнай фірме дызайнерам інтэр'ераў. З часам вырашыла: навошта працаваць на кагосьці, калі можна займацца тым жа самым, але быць самой сабе начальніцай? Так і стала бізнэсменам, а калі дакладней, то бізнэсвумен. І зусім аб гэтым не шкадуе.
 
— Ці складана было зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка?

— Абсалютна не. Складанасці пачаліся з паходу ў падатковую інспекцыю і пастаноўкі на ўлік. Там вельмі злосна адказвалі на мае пытанні. Потым, калі справа дайшла да разбору бухгалтэрыі, я наогул запанікавала, сама перачытвала законы, бо на мае пытанні ў падатковай нармальнай мовай адказаць не маглі. Прыходзілася нават дакучаць сяброўцы, якая мае бухгалтарскую адукацыю. Мяркую, нядрэнна было б стварыць на базе якіх-небудзь бізнэс-інкубатараў інструкцыю па бухгалтэрыі ІП для "чайнікаў". У свой час гэта мне вельмі спатрэбілася б!
 
— Наколькі я зразумеў, бізнэс ідзе паспяхова. Якія далейшыя планы?

— На гэты год вельмі шмат ідэй наконт пашырэння бізнэсу. Планую супрацоўнічаць з Літвой, навучаць некалькі чалавек дызайнерскай справе для далейшага супрацоўніцтва. Ёсць пара ідэй і для зусім новых кірункаў, можа, іх паспрабую "памацаць".
Магу сказаць, што мой бізнэс стаў цяпер больш прадуманым, арыентаваным на кліентаў, расце партфоліа, я магу прапанаваць сэрвіс на ўзроўні буйных кампаній, але бяру меншую плату, бо працую дома і не плачу за офіс.
 
— Зараз даход твой большы, чым ранейшы?

— Так, я выйшла на ўзровень зарплаты ў першага працадаўцы і нашмат апярэдзіла ўзровень другой зарплаты, калі працавала непасрэдна ў сферы дызайну.
 
— Бізнэс дае табе адчуванне свабоды і самастойнасці?

— Я адчуваю сябе больш упэўненай, свабоднай і сёння поўнасцю рэалізую сябе ў творчым плане. Як толькі сыходзіш з ціхага і размеранага жыцця ў прадпрымальніцкую дзейнасць, якая кіпіць і бурліць і дзе пастаянна трэба рухацца і развівацца, то вяртацца назад наогул не хочацца. І нават не пужаюць будучыя дэкрэтныя водпускі, адсутнасць сацыяльных пакетаў і іншыя рэчы.
 
Нужные услуги в нужный момент
-20%
-20%
-15%
-17%
-30%
-15%
-20%
-52%
-30%
-99%
0058415