Личный счет


Сяргей КУРКАЧ,

Пра арэнднае жыллё размова шла з намеснікам генеральнага дырэктара Цэнтра гандлю нерухомасці "ПАКАДАН" Аксанай Лукашэвіч.

Мінімальны цэннік аднапакаёвак — 300 USD

На рынку арэнднага жылля сталіцы застаецца вельмі складаная сітуацыя. Як у лістападзе і снежні зараз у гэтым сегменце нерухомасці катастрафічна не хапае бюджэтных кватэр з адносна невялікімі цэннікамі арэнды. Напрыклад, звычайна за дзень служба агенцтва "ПАКАДАН" прымае каля 55 заявак ад патэнцыяльных кватарантаў, а база прапановы павялічваецца толькі на 20 кватэр, сярод якіх увогуле не існуе жылля ў цэнавым дыяпазоне ніжэй за 300 долараў. Недзе каля 10 кватэр з новай прапановы маюць цэннік ад 500 да 1,5 тысячы долараў.
 
Так адбылося, што сёння мінімальны кошт арэнды аднапакаёвай кватэры ў любым раёне сталіцы складае 300 долараў. Разам з камунальнымі плацяжамі такое жыллё будзе каштаваць кліенту не менш за 350 долараў.
 
Аднапакаёвыя кватэры пасля рамонту, з больш сучаснай мэбляй і недалёка ад лініі метро прапануюцца ўжо за 370-420 долараў. Сапраўды прывабныя невялікія аднапакаёўкі ў цэнтры Мінска без праблем здаюцца за 500 долараў.
 
Двухпакаёўкі ставяць новыя рэкорды

Мацней за ўсё за апошнія два месяцы падаражэлі стандартныя двухпакаёвыя кватэры. Зараз мінімальны кошт такіх кватэр складае 380-400 долараў. Сярэдні кошт двухпакаёвак павялічыўся за гэты час да 400-430 долараў. Непасрэдна побач з лініяй метро якасныя двухпакаёвыя кватэры маюць цэннік ад 450 да 500 долараў.
 
Разам з тым, спадарыня Лукашэвіч адзначае працэс ускладнення адносін паміж будучымі кватарантамі і гаспадарамі жылля. Зараз па такім вялікім цэнніку спажыўцы патрабуюць і адпаведныя ўмовы камфорту. Такія кватэры павінны быць пасля рамонту, з мэбляй і бытавой тэхнікай, калі абавязковай з'яўляецца прысутнасць пральнай машыны і вялікага халадзільніка.
 
Менш за астатніх за апошні месяц падаражэлі трохпакаёвыя кватэры. Яшчэ зараз магчыма адшукаць цалкам пустыя трохпакаёўкі ў непрэстыжных раёнах сталіцы за 350-380 долараў плюс аплата камунальных паслуг. Сярэдні кошт шматпакаёвых кватэр застаецца на ўзроўні двухпакаёвак — прыкладна 420-430 долараў. Якасныя трохпакаёвыя кватэры побач з лініяй метро прапануюцца ўжо за 500-600 долараў.
 
Сапраўды элітнае жыллё вялікіх плошчаў (200-300 кв. метраў) стабільнага попыту цяпер не мае, бо каштуе яно ад 2 да 5-6 тысяч долараў за месяц.
 
Узнікае арэнднае кампаньёнства

Апошнім часам у галоўным мегаполісе краіны адбываецца актыўнае будаўніцтва і развіццё сетак гіпермаркетаў. Гэтыя гандлёвыя структуры прапануюць маладым работнікам добрыя заробкі. На працу ў Мінск пацягнулася вялікая колькасць іншагародніх маладых работнікаў.
 
Таму зараз у сталіцы назіраецца тэндэнцыя па ўшчыльненні арэнды. Цяпер у сферы жыллёвай нерухомасці нават з'явіўся такі тэрмін, як "кампаньёнства", або хаўрусніцтва, у арэндзе. Сёння самастойна здымаць дарагое жыллё ў Мінску праблематычна. Усё часцей аднапакаёвую кватэру здымаюць некалькі амаль незнаёмых чалавек, а ў двухпакаёўцы жывуць ужо 3-4 кватаранты.
 
Зараз у агенцтвах нерухомасці кожная чацвёртая заяўка прыпадае на трохпакаёвую кватэру, якую збіраюцца здымаць 4-6 чалавек. Гэта або работнікі гандлёвых кампаній, або студэнты вышэйшых навучальных устаноў.
 
Добрым попытам сталі карыстацца і асобныя пакоі ў стандартных звычайных кватэрах. У такіх пакоях жывуць часам па некалькі чалавек. Такое жыллё сёння таксама падаражэла. Калі раней арэнда асобнага пакоя каштавала каля 80-100 долараў, то зараз цэннік на іх складае не менш за 100-120 долараў.
 
Да лета арэнда можа крыху патаннець

Паводле меркаванняў экспертаў рынку жыллёвай нерухомасці, хутка вырашыць праблему арэнднага жылля будзе вельмі складана. Калі не ажыццяўляць актыўнае будаўніцтва новых жыллёвых аб'ектаў, у тым ліку і па лініі арэнднага жылля, то дэфіцыт здымных кватэр можа прадоўжыцца ад аднаго да трох гадоў.
 
Разам з тым, на рынку арэнды можа спрацаваць сезонны фактар. Увесну свае кватэры пачнуць здаваць бабулі, якія летам жывуць на дачах. Спецыялісты мяркуюць, што тады цэннікі на бюджэтныя кватэры павінны патаннець прыкладна на 20-50 долараў. За гэты час павінны ўпасці ў цане і "слабыя" па якасці кватэры, попыт на якія будзе мінімальны.
 
Здымаць лепш з афіцыйным афармленнем

Святы для кватарантаў часам бываюць вельмі рознымі.
 
Менавіта 1 студзеня я стаў сведкам жыллёвай трагедыі яшчэ зусім юнай студэнткі. У 10.30 раніцы многія жыхары нашага раёна Сухарава яшчэ мірна спалі. З суседняга пад'езда майго дома выйшла маладая дзяўчына з вялікімі сумкамі, а потым прынесла і паставіла на лаву каструлю з чарпаком і патэльню. Дзяўчына была вельмі разгубленая і патлумачыла мне, што здымала гэта жыллё адна, а на Новы год у яе засталіся начаваць дзве сяброўкі... Вось гаспадар кватэры і выставіў яе за дзверы. Зразумела, што спрэчныя пытанні лепш вырашаць цывілізаваным шляхам, але ў гэтым выпадку кватарантка здымала жыллё без дакументальнага афармлення, таму і правоў на кватэру яна практычна не мела.
 
Мне, праўда, здаецца, што такое "хуткае" высяленне было звязана не з прысутнасцю сябровак студэнткі, а, хутчэй, з грашовым фактарам. Апошнім часам арэнда кватэр істотна падаражэла, новыя кватаранты заплацяць уласніку жылля большыя грошы. Наколькі мне вядома, гэта не адзіны выключны выпадак, калі гаспадары спецыяльна шукаюць падставу, каб папрасіць сваіх жыльцоў з'ехаць.
 
Таму я б усім кватарантам раіў афармляць арэнду ў жыллёва-эксплуатацыйных канторах. Афармленне дагавораў арэнды робіцца ў трох экзэмплярах і займае па часе не больш як 15-20 хвілін. Пасля такога афармлення выгнаць кватарантаў без сур'ёзнай падставы ўжо немагчыма.
 
Май на ўвазе

Падатак на здачу кватэр павялічыўся

З першых дзён 2013 года былі павялічаны памеры ставак падаходнага падатку ад здачы прыватнага жылля ў арэнду.
Згодна з Падатковым кодэксам, максімальныя памеры такіх ставак павялічваюцца сёлета па краіне на 22%.
 
Дакладныя памеры такога падатку ў сталіцы вызначаюцца рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў. Стаўкі для Мінска вар'іруюцца ў залежнасці ад эканоміка-планіровачных зон. Летась кватэраздатчыкі штомесяц плацілі падаходны падатак у фіксаваных сумах за аднапакаёвую кватэру ў памеры 75 тысяч рублёў, калі жыллё знаходзіцца ў трэцяй, чацвёртай ці пятай зонах. Для другой эканоміка-планіровачнай зоны фіксаваная стаўка складала 90 тысяч, а для першай зоны 110 тысяч рублёў. У 2013 годзе гэтыя стаўкі вызначаны ў памеры 95 тыс., 110 тыс. і 135 тысяч рублёў адпаведна.
 
Як адзначыў начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах г. Мінска Уладзімір Лайкоў, зараз на ўліку падатковых органаў знаходзіцца 42 тысячы 363 падаткаплацельшчыкі, якія плацяць падаходны падатак у фіксаваных сумах з даходаў ад арэнды жылля.
Нужные услуги в нужный момент
-30%
-15%
-50%
-10%
-40%
-10%
-10%
-15%
-10%
0058415