Личный счет


Ганна Гарустовіч,

Стаміўшыся ад беспрасветнага холаду на вуліцы, многія пачынаюць марыць пра адпачынак і цёплае лагоднае надвор'е ўжо ў студзені, адразу пасля зімовых святаў. Вядома, на пляжах у Егіпце ці Індыі зараз выдатна. Галоўныя "складанасці" тут — узяць водпуск на працы і заплаціць грошы за пуцёўку. А вось як знайсці для сябе кавалачак лета і прыемных уражанняў, не выязджаючы за межы снежнай Беларусі? Тут трэба падумаць... Пра некаторыя варыянты карэспандэнты "Звязды" вырашылі даведацца больш падрабязна.
Наталіць "сонечны голад"

Тут ехаць нікуды не трэба, размова пра добра вядомую рэч — салярыі. Да нядаўняга часу лічылася, што гэта выключна жаночая працэдура. Тым не менш цяпер і некаторыя маладыя хлопцы не саромеюцца паляжаць ці пастаяць пару хвілінак пад лямпамі. У Мінску наведванне салярыя можна знайсці на любы кашалёк. Кошты — ад 2,5 да 8 тысяч рублёў за хвіліну загару. Можна знайсці і яшчэ больш танны салярый, калі, напрыклад, натрапіць на той, што прадастаўляе зніжкі студэнтам.
 
— Для першых сеансаў дастаткова трох-пяці хвілін, — расказала адміністратар аднаго са сталічных салонаў прыгажосці. — Колькасць сеансаў залежыць ад тыпажу знешнасці, тыпу скуры. Гэта вам падкажа спецыяліст, калі вы прыйдзеце на працэдуру. Зразумела, смуглявыя людзі з цёмнымі валасамі і светласкурыя бландзіны загараюць розную колькасць часу. У сярэднім для прыгожага загару варта наведаць прыкладна дзесяць сеансаў.
 
Ёсць думка, што, акрамя шакаладнага колеру скуры, наведванне салярыя можа дапамагчы папоўніць запас ультрафіялету і стаць своеасаблівай кампенсацыяй сонечнага святла, ад недахопу якога ў зімовыя месяцы псуецца настрой і адчуваецца пастаянная санлівасць. У тым жа салоне нам пацвердзілі, што зімой у іх сапраўды шмат кліентаў, якія не набываюць абанементы і не імкнуцца загарэць да "хрумсткай скарынкі", а наведваюцца пад лямпы раз на пару тыдняў, выкарыстоўваючы салярый выключна як сродак ад "сонечнага галадання".
 
У любым выпадку, замяняць ці не замяняць натуральнае сонца штучным — справа выбару. Галоўнае, перш чым выбіраць для сябе такі зімовы "рэлакс", даведацца, ці не нашкодзіць гэта вашаму здароўю. Усе абмежаванні па наведванні салярыя павінны вам патлумачыць у салоне, дзе такая паслуга маецца.
 
Папесціцца ў хвалях... басейна

Знайсці ўзімку цёплы бераг, дзе плёскаецца вада, не выязджаючы за межы краіны, магчыма. Калі пастарацца. У сталіцы ёсць некалькі спартыўных комплексаў з басейнамі, ды і многія школы і ўніверсітэты прадаюць абанементы ў свае басейны. Кошт залежыць у асноўным ад навізны басейна, ад тэхналогіі ачысткі вады ў ім і тых паслуг, якія ўваходзяць у кошт аднаго наведвання. Напрыклад, паплаваць 45 хвілін у адным з мінскіх спартыўных комплексаў каштуе 17,1 тыс. рублёў, а разавае наведванне басейна ў іншым пацягне ўжо на 60 тысяч рублёў. Сума расшыфроўваецца проста: акрамя звычайнага плавання, у наведванне ўваходзіць, у прыватнасці, і саўна, таму час наведвання павялічваецца да 90 хвілін.
 
Як аказалася, паходы ў басейн — сярод мінчан занятак досыць папулярны. Прынамсі, калі меркаваць па загружанасці ў самыя папулярныя часы — раніцай, пакуль не пачалася праца, увечары і на выхадных.
 
— Скажыце, калі ласка, у які час найбольш рэальна можна трапіць паплаваць, калі я яшчэ не маю абанемента? — цікаўлюся ў адміністратара (трэба сказаць, тэлефанавала ў будны дзень).
 
— Пакуль што вольна на 14.00 і на 15.00. Астатнія гадзіны занятыя.
 
— Не, гэта нязручна. А заўтра які расклад?
 
Аказалася, заўтра да 12 гадзін басейнам карыстаюцца наведвальнікі саўны, пазней, прыкладна да 14.00 — трэніроўка спартсменаў. А наконт той часткі дня, што засталася, ніякіх прагнозаў даць не змаглі, бо нельга прадказаць, колькі ўладальнікаў абанементаў вырашаць прыйсці. Паводле слоў адміністратара, у будныя дні часцей вольнымі аказваюцца гадзіны каля 11.00 і каля 15.00.
 
Цяпер пра кошт абанементаў. Нейкую сярэднюю лічбу назваць складана, бо кожны выбірае для сябе "свой" басейн і "сваю" колькасць наведванняў. У такім выпадку, прывядзём максімальныя цэны. Напрыклад, самы дарагі абанемент для дарослага каштуе 279 тысяч. Гэта дазволіць схадзіць у басейн 9 разоў на працягу месяца, сеансы будуць па 45 хвілін. Дзіцячы абанемент на гэтую ж колькасць наведванняў — 270 тысяч. Для абанементаў ёсць шмат іншых варыяцый, як, напрыклад, сямейны для двух дарослых і дзіцяці, аднаго дарослага і дзіцяці, дарослага і дваіх дзяцей. Кошт будзе разлічвацца ў адпаведнасці з вашымі запатрабаваннямі адносна колькасці наведванняў.
 
Палюбавацца экзатычнымі раслінамі

У месцах, дзе гэтая прыгажосць вырастае і разрастаецца, звычайна цёплае і прыемнае вільготнае паветра, так што, акрамя эстэтыкі, можна яшчэ і сагрэцца з марозу, калі што. Пачалі цікавіцца, дзе ж у Мінску магчыма наведаць аранжарэю і колькі гэта будзе каштаваць. Удалося знайсці тры такія месцы. Па-першае, аранжарэя Цэнтральнага батанічнага сада. Пагуляць сярод зеляніны можна штодзень акрамя панядзелка, з 10 да 20 гадзін. Акрамя 20 тысяч рублёў (ці 10 тысяч, калі вы — студэнт, пенсіянер ці школьнік) за ўваход у батанічны сад, давядзецца аддаць яшчэ 10 тысяч рублёў за наведванне самой аранжарэі.
Наступны варыянт — аранжарэя Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра, які знаходзіцца на вуліцы Макаёнка. Тут рэгулярна праводзяць экскурсіі для школьнікаў. Для групы экскурсія абыдзецца ў 20 тысяч рублёў, для аднаго-двух чалавек — крыху танней. Аранжарэя, вядома, не такая разнастайная, як папярэдняя, але ў гэтую суму ўваходзіць экскурсія па ўсім цэнтры, дзе можна пабачыць яшчэ і заалагічны куток і яго сімпатычных жыхароў, акварыумны клас, а таксама яшчэ шмат цікавага.
 
Аранжарэя ёсць і на біялагічным факультэце БДУ. Будынак месціцца на вуліцы Курчатава. Асаблівасць факультэцкай аранжарэі ў тым, што яна знаходзіцца на даху, і відаць яе яшчэ здалёк.
 
Тэлефануем, каб даведацца, колькі каштуе экскурсія:
 
— Бясплатна! — здзіўляе адказам супрацоўніца біяфака.
 
Трэба толькі загадзя патэлефанаваць і даведацца, у які час лепей прыйсці. Акрамя прыемна праведзенага часу, тут вы зможаце атрымаць і пэўныя парады па доглядзе раслін, калі цікавіцеся нечым падобным.
 
Адчуць сябе "спелеолагам"

Калі людзі падарожнічаюць па замежных краінах, часта многім цікава паглядзець на горы, гроты, пячоры і іншыя дзівосы прыроды. Так званыя саляныя пячоры вядомыя сваімі гаючымі ўласцівасцямі. Падыхаць насычаным соллю паветрам, як на моры, лічыцца карысным, напрыклад, для тых, хто часта прастывае, мае хранічныя захворванні органаў дыхання ці праблемы са скурай. У Мінску такая саляная пячора таксама ёсць.
 
— Спелеатэрапія карысная не толькі хворым людзям, — патлумачылі нашаму карэспандэнту ў цэнтры марскога клімату. — Многія наведваюць сеансы выключна для падтрымання імунітэту. Гэта таксама вельмі спрыяе добраму самаадчуванню на працягу дня.
 
Пасядзець 30-40 хвілін ва ўтульнай абстаноўцы штучнай саляной пячоры каштуе 40,8 тысячы рублёў да 12 гадзін дня, і 51 тысячу — пасля абеду.
 
"Пазмагацца" з высокімі тэмпературамі

Звычайна летам людзі нібыта дзеляцца на два лагеры: адны ад спёкі пакутуюць, а іншыя не могуць нацешыцца. Вось якраз для тых, хто жыцця не ўяўляе без высокага градуса, наведванне зімой саўны можа быць сапраўдным выйсцем. Пад высокім градусам маецца на ўвазе, зразумела, тэмпература паветра.
 
Сталічныя прапановы наконт аказання паслуг аматарам саўны радуюць вока сваёй колькасцю, а вось коштам некаторыя могуць і засмуціцца. Так, звычайная саўна без лішняй раскошы, з досыць простым інтэр'ерам будзе каштаваць 170—180 тысяч рублёў за гадзіну. Можна пайсці з сябрамі, тады сума дзеліцца на некалькі чалавек, але звычайна невялікія саўны робяць агаворку, што наведнікаў павінна быць не больш за 4-5 чалавек.
 
Больш раскошныя і прасторныя месцы каштуюць даражэй: 250, 300, 350 тысяч за гадзіну.
 
Сярод шматлікіх аб'яў увагу патэнцыйнага арандатара саўны, які хацеў бы пайсці туды вялікай кампаніяй, можа прыцягнуць наступны варыянт. Катэдж у прыгарадзе Мінска, саўна вялікая, са шматлікімі радасцямі накшталт горак і вадзяных падушак, пры жаданні можна заказаць ежу і напоі... Узровень, відавочна, іншы. Кошты таксама. Гаспадары прасілі 300 долараў за 5 гадзін адпачынку.
 
Узнавіць летнюю рамантыку

Ночы ўлетку кароткія і цёплыя, самы час для прагулак і рамантычнага настрою. Зімой на халоднай вуліцы нават самыя апантаныя рамантыкі пераключаюцца на думкі пра цёплую вопратку, тут не да шпацыраў ужо. Але калі прыхільнасць да іх з лета засталася, што ж з ёй рабіць? У інтэрнэце ўдалося знайсці цікавы варыянт, які завецца "Кінапакой". Гэта своеасаблівы кінатэатр для невялікай колькасці людзей (на адзін сеанс — не больш за 4 чалавекі), які працуе з 16 гадзін вечара да 8 раніцы, акурат адпавядае часу зімовых прыцемак.
 
У пакоі маецца зручная канапка і вялікі тэлеэкран з добрай гукавой сістэмай. Кіно вы можаце прынесці сваё, а можаце выбраць з таго, што ўжо ёсць у "Кінапакоі".
 
Каштуе такое баўленне часу 1,4 тысячы рублёў за хвіліну. Значыць, за прагляд фільма працягласцю ў 1 гадзіну 20 хвілін выходзіць 168 тысяч рублёў. У пакоі можна зачыняцца, прыносіць з сабой ежу і напоі, але нельга курыць.
 
Нужные услуги в нужный момент
0058415