Личный счет


Сяргей КУРКАЧ,

На пытанні чытачоў газеты падчас "прамой лініі" адказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Святлана ШАЎЧЭНКА.
 
— Ці праўда тое, што зараз трэба дэклараваць пазыкі і крэдыты, якія атрыманы ад замежнікаў і яшчэ не пагашаны?
Дзмітрый Пагальскі, г. Баранавічы.

— Так. Летась у Падатковы кодэкс РБ былі ўнесены змяненні, згодна з якімі ў фізічных асоб узнікаюць абавязкі па дэклараванні новых відаў даходаў, атрыманых за папярэдні год. Цяпер гэта і даходы ў выглядзе пазык і крэдытаў, атрыманых ад замежных арганізацый, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць на тэрыторыі Беларусі; ад грамадзян, якія не адносяцца да тых асоб, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і ад замежных індывідуальных прадпрымальнікаў.
Гэтыя пазыкі і крэдыты дэкларуюцца ў падатковых службах у тым выпадку, калі яны былі атрыманы ў 2012 годзе, але летась пагашаны не былі. Калі крэдытаатрымальнік цалкам вярнуў такія грошы на працягу 2012 года, то падобны даход дэклараваць не трэба.
 
Не трэба дэклараваць пазыкі і крэдыты, атрыманыя ад блізкіх сваякоў і асоб па лініі сваяцтва (муж, жонка). Блізкімі сваякамі лічацца маці, бацька, родныя брат і сястра, дзед і бабуля, дзеці, унукі і праўнукі.
 
У пададзенай дэкларацыі адлюстроўваюцца грашовыя сродкі, якія яшчэ не вярнулі. На такую суму непагашаных крэдытных сродкаў налічваецца падатак у памеры 12%. Пасля таго, як такая пазыка, атрыманая ад замежнікаў, будзе цалкам пагашана, то падатковыя органы аддадуць раней аплачаны падатак. Такі парадак тычыцца толькі пазык і крэдытаў ад замежнікаў.
 
— Апошнім часам сярод кватэраздатчыкаў пайшла гуляць пагалоска аб тым, што кватэры, пабудаваныя з выкарыстаннем ільготных крэдытаў, здаваць унаём нельга. Якім чынам падобныя чуткі паўплывалі на колькасць кватэр, што здаюцца ўнаём гаспадарамі афіцыйна?
Вольга, г. Мінск.

— Сёння не назіраецца тэндэнцыі на рынку наконт таго, што жылля здаецца менш. Колькасць такіх плацельшчыкаў на падатковым уліку не паменшылася — а гэта сведчыць аб тым, што людзі не пачалі масава скасоўваць дагаворы арэнды. Падаткаабкладанне даходаў ад арэнды жылля не залежыць ад таго, якім чынам гэтыя кватэры былі пабудаваны — з выкарыстаннем ільготных крэдытаў або не.
 
— Разам з тым, на форумах у інтэрнэце гаспадароў жылля, якое было пабудавана з дзяржпадтрымкай, пужаюць нейкімі мерамі з боку падаткавікоў. Ці праўда, што ваша структура рыхтуе нейкую акцыю па такіх кватэрах?

— Калі кватэра здаецца ў арэнду па законе, а пасля і з даходаў плаціцца падатак, то баяцца гаспадарам няма чаго. А вось калі жыллё здаецца "ўцёмную", то ўзнікае факт ухілення ад аплаты падаткаў. Такіх парушальнікаў заканадаўства мы выяўляем рознымі мерапрыемствамі.
 
Факт ухілення ад падаткаабкладання можа мець для парушальніка даволі жорсткія наступствы. Існуе нават крымінальная адказнасць, калі зафіксавана ўхіленне ад падаткаў у буйных і асабліва буйных памерах.
 
Кароткачасовая арэнда жылля падпадае пад прадпрымальніцкую дзейнасць. Калі чалавек здае кватэру ў кароткачасовую арэнду без адпаведнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, то ўзнікае факт ажыццяўлення незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці. А ў гэтым выпадку наша заканадаўства прадугледжвае нават канфіскацыю маёмасці, якая выкарыстоўвалася пры ажыццяўленні незарэгістраванай індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У гэтай сітуацыі канчатковае рашэнне прымае суд, калі факты парушэння будуць вызначаны.
 
Тут чалавек павінен сур'ёзна ўзважыць гэтыя моманты. Ці яму слухацца нейкага дзядзьку-правакатара з інтэрнэту і сысці ў цень, або плаціць падаткі і не хвалявацца.
 
Нейкіх асобных спісаў па арэндных кватэрах, што былі пабудаваны з дзяржпадтрымкай, мы не складаем.
Адзначу, што на пачатак года ў Беларусі налічваецца больш за 100 тысяч падаткаплацельшчыкаў, якія атрымліваюць даходы ад здачы жылля ў арэнду.
 
— Два гады таму я прадаў кватэру ў сталіцы. Летась я атрымаў у спадчыну ад бацькоў жылы дом. Цяпер, калі я вырашу прадаць гэты жылы дом, то мне неабходна будзе дэклараваць атрыманы даход?
 
Ігар Марчанка, г. Мінск.

— У гэтым выпадку дэклараваць даходы ад продажу дома не трэба. Дэклараванню падлягаюць даходы, атрыманыя на працягу апошніх пяці гадоў ад продажу другой кватэры ці другога жылога дома. Вамі прададзены адзін жылы дом на працягу 5 гадоў. Такі даход цалкам вызваляецца ад падаткаабкладання, і дэклараваць яго не трэба. Больш за тое, дом, атрыманы ў спадчыну, ці іншая нерухомасць пры продажы падаткам не абкладаюцца.
 
— А калі б гэты жылы дом мне падарылі, то што тады?

— Калі б жылы дом быў вам падораны, а потым меў месца продаж на працягу 5 гадоў другога і больш жылых дамоў, то неабходна было б дэклараваць атрыманы даход.
 
— Яшчэ пытанне ад суседа. Ён вахтавым метадам працуе ў Расіі. Падаткі плаціць там. Паміж вахтамі крыху падпрацоўвае і на радзіме. Ці трэба яму падаваць дэкларацыю аб даходах па выніках года?

— А ваш сусед знаходзіўся на тэрыторыі нашай дзяржавы больш чым 183 дні на працягу года?
 
— Цяжка казаць...

— Гэта вельмі важна для дакладнага адказу. Дэкларацыю ў падатковую інспекцыю падаюць тыя людзі, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі больш за 183 дні ў каляндарным годзе.
 
— А тое, што ён грамадзянін нашай краіны...

— Гэта не важна. Калі ваш сусед быў больш за паўгода за межамі РБ, то падатак ён плаціць з даходаў, атрыманых толькі на тэрыторыі нашай краіны. Падпрацоўка суседа была ў арганізацыях на тэрыторыі нашай рэспублікі?
 
— Так.

— Такая арганізацыя ўжо брала падаходны падатак з заробкаў. Стаўка падаходнага падатку ў нас адзіная — 12%. Таму звяртацца ў падатковую інспекцыю вашаму суседу ў гэтым выпадку не трэба.
 
— А калі даходы яго былі атрыманы ад іншых фізічных асоб?

— У гэтым выпадку трэба спачатку вызначыцца з відам такога даходу, пасля чаго будзе зразумела: трэба яго дэклараваць ці не. Калі даход атрыманы шляхам дарэння, то дэклараваць яго трэба, калі сума — больш за 26 500 тысяч рублёў (у 2012 годзе). Грашовы падарунак у меншым памеры дэклараваць не трэба. А вось дэклараваць даходы, атрыманыя ад продажу другой кватэры ці другога жылога дома на працягу 5 апошніх гадоў яму трэба.
 
— Родная сястра маёй жонкі з сям'ёй жыве ў Краснаярску. Часам яна робіць на імя маёй жонкі грашовы перавод. Такі даход дэклараваць трэба?
 
Сяргей Цвірко, г. Гродна.

— Даходы ад блізкіх сваякоў падаткам не абкладаюцца і не дэкларуюцца. У гэтым выпадку не важна, у якім памеры яны атрыманы.
 
— Аднак мая жонка мае іншае прозвішча са сваёй сястрой...

— У падобных выпадках у падатковых органаў могуць узнікнуць пытанні аб такіх даходах. Толькі ў гэтым выпадку вашай жонцы неабходна будзе наведаць падатковую інспекцыю і прадаставіць дакумент аб блізкім сваяцтве.
 
— Я прапісаў пляменніцу ў сваю хату і плачу зараз за гэта падатак. Ці правільна гэта?
 
Уладзімір Мікалаевіч, Мінскі раён.

— Падатак неабходна плаціць у тым выпадку, калі ад здачы жылля быў атрыманы даход. Вам пляменніца нешта плаціць?
 
— Ніякіх даходаў я не атрымліваю. Аднак пасля таго, як я аформіў з пляменніцай дагавор у жыллёвай канторы, то з мяне патрабуюць плаціць падатак...

— У гэтым выпадку вы павінны звярнуцца ў падатковую інспекцыю з заявай аб тым, што даходу ад пляменніцы вы не атрымліваеце. Падаткі за рэгістрацыю пляменніцы плаціць не трэба.
 
— Я студэнт, таму сур'ёзных даходаў не маю. Некалькі гадоў таму купіў добрую машыну, на якую грошы мне даў дзед. Ці могуць у мяне патрабаваць у падатковай інспекцыі дэкларацыю аб даходах і маёмасці?
 
Уладзіслаў Бяляеў, г. Мінск.

— Дэкларацыю аб даходах і маёмасці могуць патрабаваць не толькі ў вас, але і ў любога грамадзяніна ў тым выпадку, калі
ў падатковай інспекцыі ўзнікнуць пытанні аб тым, за якія даходы была набыта тая ці іншая маёмасць. Гэта лагічна і ў вашым выпадку, бо даходаў у вас няма.
 
Калі вас выклікаюць у інспекцыю, то неабходна будзе даць тлумачэнні аб тым, за якія грошы набыты аўтамабіль. Вы тлумачыце, што грошы даў дзед. Калі сам дзед гэта пацвярджае, тады ў падатковых органаў пытанняў да вас не будзе. Узнікнуць адпаведныя пытанні да вашага дзеда аб тым, дзе ён узяў грошы, каб даць іх свайму ўнуку.
 
— Ці існуе па такой сітуацыі тэрмін даўнасці?

— Тэрміну даўнасці не існуе. Як правіла, праверкі ажыццяўляюцца за апошнія 10 гадоў.
 
— Няхай дзед жыве яшчэ 100 гадоў, але што рабіць, калі яго не стане?

— Перадачу грашовых сродкаў лепш афармляць у пісьмовым выглядзе. Такі дакумент можна аформіць і зараз.
 
Нужные услуги в нужный момент
-53%
-15%
-13%
-10%
-10%
-10%
-50%
-20%
-14%
-40%
0058345