Личный счет


Святлана Яскевіч,

Фото с сайта vmurmanske.ru
Фото с сайта vmurmanske.ru
Днямі мне прапанавалі свініну па... 23 тысячы за кілаграм. Думаеце, гэта жарт, няма такіх цэн? На рынку або ў краме іх сапраўды няма. А вось селянін, які тую свініну гадуе, нават па 23 тысячы цяпер яе прадаць не можа. Пра гэта са шкадаваннем паведаміла Марыя Іванаўна Шэўчык. Яна жыве па-суседстве з маім бацькоўскім домам, у вёсцы, што ў Баранавіцкім раёне, на мяжы з Навагрудскім. Суседка падзялілася сваёй трывогай за сваякоў. Яе пляменніца ў Клёнах Навагрудскага раёна выгадавала кабанчыка кілаграмаў 200 — на продаж. Так многія робяць, каб падтрымаць свой сямейны бюджэт.

Вяскоўцы здаюць свіней жывой вагой пасрэднікам-камерсантам, якія потым прадаюць мяса на рынку. Закупачную цану заезджыя гандляры даўно ўсталявалі, плацілі гаспадарам па 23 тысячы за кілаграм. Але як толькі выйшла пастанова Мінсельгасхарчу аб новых правілах забою жывёлы, перакупшчыкі адразу знізілі цану. Аб'явілі, што браць свіней будуць толькі па 20 тысяч за кілаграм жывой вагі.
 
Пакуль пастанова не ўступіла ў сілу — пачатак яе дзеяння адкладвалі спачатку да 1 сакавіка, потым да 1 мая. Невядома, ці гэта яшчэ апошні тэрмін. Але, як бачым, ёсць катэгорыя людзей, якія ўжо зарабілі на гэтым дакуменце. Дык вось пляменніца Марыі Іванаўны цяпер сама шукае пакупнікоў, каб хоць па ранейшых расцэнках (23 тысячы) мяса аддаць. Другая кабета з вышэйназваных Клёнаў, кажуць, выгадавала на продаж некалькі свіней. Таксама пакуль не прадае і тым самым церпіць страты. А пажылы чалавек з вёскі Пархімаўшчына, паводле слоў усё той жа Марыі Іванаўны, нядаўна аддаў свайго кабанчыка вагой больш за 200 кілаграмаў па 20 тысяч. А што заставалася рабіць?
 
Пастанова Мінсельгасхарчу "Аб зацвярджэнні ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання прадуктыўнай жывёлы ў асабістай падсобнай гаспадарцы грамадзян", прынятая ў пачатку года, закранула інтарэсы многіх катэгорый насельніцтва. Дакументам прадпісваецца забіваць жывёлу толькі ў спецыялізаваных установах, а не на падворку, як рабілася спрадвеку. Вядома, у тым выпадку, калі ты хочаш выгадаванага кабанчыка прадаць на мяса, а не спажыць прадукцыю ў сваёй сям'і. Адным словам, цяпер без даведкі з забойнага цэха ніхто свініну на рынак не дапусціць.
 
Гэта значыць, аднімай, гаспадар, ад кошту свайго кабанчыка каля мільёна рублёў, у залежнасці ад адлегласці. Прыкладныя расцэнкі паслугі забою вядомыя: 2600 рублёў за кілаграм буйной рагатай жывёлы, 2600 рублёў за кілаграм свінні. Нескладана падлічыць, што 500-600 тысяч рублёў трэба аддаць за паслугу. А для таго, каб прывезці жывёліну ў цэх, неабходна наняць спецыялізаваную машыну, гэта яшчэ 200-300 тысяч, калі адлегласць немалая. Напрыклад, у Брэсцкім раёне цэхаў няма. Уявіць сабе, што жыхар прыгараднай вёскі павязе сваю скаціну ў Жабінку альбо ў Камянец на забой, а затым вернецца ў Брэст, каб прадаць мяса на рынку ў той жа дзень, як патрабуе пастанова, складана. Гэта выдаткі за 80 лішніх кіламетраў плюс аплата паслугі. А дзе гарантыя, што там не будзе чаргі? А калі ён жыхар, скажам, не Скокаў, а Дамачава ці Тамашоўкі, што за 60 кіламетраў на поўдзень ад Брэста, і "лішнімі" будуць больш за сотню кіламетраў? Нават пры самых спрыяльных умовах на рынак чалавек дабярэцца бліжэй да сярэдзіны дня. А то і ў другой палавіне. Калі прадаваць? Пастановай, дарэчы, патрабуецца рэалізацыя мясной прадукцыі менавіта ў дзень забою. Зразумела, што большасць вяскоўцаў самі займацца гэтым не будуць, застануцца толькі пасрэднікі, якія не забудуцца ўсе лішнія расходы ўключыць у кошт прадукцыі.
 
Пакуль што ўступленне ў сілу пастановы адкладзена да 1 мая. За гэты час, як мяркуецца, падрыхтуюць усе цэхі па забоі. Райспажыўтаварыствы, прынамсі, атрымалі такое заданне. Старшыня Жабінкаўскага райспажыўтаварыства Ірына Шайко сказала, што якраз гэтымі днямі яны праводзяць усе ўзгадненні па пытаннях пашырэння цэха. Пляцоўка, якая ёсць у Жабінцы, выкарыстоўваецца для забою буйной рагатай жывёлы. Трэба рабіць яшчэ адну пляцоўку з умовамі для смалення свіней. Заданне ёсць, яго трэба выконваць. Але Ірына Уладзіміраўна выказвалася вельмі стрымана: заўважыла між іншым, што цэны на паслугу будуць мінімальныя, на гэтым не заробіш. Ды і давядзецца браць на працу чалавека, а можа, і не аднаго. А калі запатрабаванасць новых кадраў будзе сезонная, зноў жа давядзецца несці страты. Пакуль што тут больш пытанняў, чым адказаў.
 
Дарэчы, у краінах Мытнага саюза таксама ёсць правілы забою жывёлы. Яны прадыктаваны распаўсюджваннем хвароб жывёлы (кшталту свінога грыпу і іншых, таму і патрэбны больш жорсткі кантроль за прадукцыяй. Але ж кантроль (і даволі строгі) за ёй ажыццяўляецца ветэрынарнай службай рынкаў.
 
Пенсіянерка з вёскі Пескі Кобрынскага раёна Аляксандра Краўчук некалькі разоў прадавала на рынку прадукцыю сваёй падсобнай гаспадаркі. Вось што яна расказала: "Кабанчыкаў мы забівалі дома. Рабілі гэта, як нашы бацькі і дзяды, па ўсіх правілах. Спачатку кіпнем абдавалі дошкі, на якіх разбіралі тушу, мылі ўвесь посуд. Гэта звычайныя рэчы, іх ведае кожны гаспадар у вёсках. А на рынак, дарэчы, везлі не толькі мяса, але і вантробы: сэрца, пячонку, лёгкія. Ветурач гэта ўважліва аглядаў, потым ставіў штамп як пацвярджэнне, што жывёліна здаровая... Мы выручалі за мяса нядрэнныя грошы — дачка тады абстаўляла новую кватэру, сыну таксама трэба было дапамагчы. З пенсіі, вядома, канапу альбо тэлевізар я не купіла б... Ну а цяпер, калі скажуць шукаць машыну і везці свінню на бойню, я гэтым займацца не буду".
 
Дырэктар Брэсцкага цэнтральнага рынку Аляксандр Івашкевіч адзначыў, што кантроль за якасцю мяса вядзецца даволі жорсткі. На рынку працуе лабараторыя гарветстанцыі. І, дарэчы, мяса дапускаецца да агляду толькі з даведкай ветурача гаспадаркі, дзе быў выгадаваны кабанчык...
 
У аўторак у абедзенны час на Брэсцкім цэнтральным рынку мне ўдалося налічыць толькі тры месцы, на якіх прапаноўвалі ялавічыну альбо цяляціну. Усе рады запоўнены свінінай. Прыгожая статная гандлярка голасна заклікала: "Выбірайце, дзяўчаткі, кавалкі! Свінінка дамашняя, выбар вялікі! Невядома, што будзе з пачатку мая".
 
Сапраўды, невядома. Але дакладна, што мяса не патаннее і гандляроў больш не стане. Бо многія людзі, як і Аляксандра Андрэеўна з Кобрыншчыны, задумаюцца: ці варта траціць сілы і здароўе на дамашнюю гаспадарку, калі ад яе цяжка атрымаць хоць які прыбытак? Спытайце ў любога вяскоўца, і ён раскажа, якая гэта нялёгкая праца — догляд жывёлы. Выгадаваць кабанчыка не лягчэй, чым пратрымаць сезон карову. Многія ж СВК пакуль не могуць пахваліцца і паловай сярэдняй зарплаты па краіне. Таму сельскім людзям, руплівым і адказным, падсобная гаспадарка дапамагае вучыць дзяцей, добраўпарадкаваць свае дамы, набываць нятанныя рэчы. Такі падыход як быццам вітаецца.
 
Кожны год — дастаткова вывучыць парадак дня сесій райсаветаў і аблсаветаў — дэпутаты разглядаюць праграмы па падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак. Праграмы тыя яны самі і зацвярджалі раней. Але на сесіях даводзіцца канстатаваць, што ўстойліва памяншаецца пагалоўе кароў у асабістым карыстанні. Цяпер вось для гаспадара рэгламентуюцца нават параметры хлява. Трэба, каб дастаткова "квадратных метраў" было для каровы, каня, свіней, авечак, курэй, каб памяшканне добра праветрывалася, каб там не было мух. Яно б, вядома, нядрэнна, каб гэтыя правілы выконваць. Ды гэта ўсё ж больш падобна да ідэалу, да якога варта імкнуцца. А вось практычны крок па забароне забою на падворках ужо ў хуткім часе можа ўскладніць вядзенне падсобнай гаспадаркі...
 
Нужные услуги в нужный момент
-50%
-15%
-20%
-50%
-50%
-13%
-49%
-10%
0058043