Банки
Курсы валют
Карточки  
Кредиты
Продай свой кредит
Вклады
Экономические показатели
Сервисы
Платежи в интернете
Переводы с карты на карту
Налоговый калькулятор
Калькуляторы
Каталог компаний
Домашняя бухгалтерия
Верное решение
Белорусский народный банк
10.2%
Рублю, Ergo Sum
Белорусский народный банк
10%
Вклад в будущее
Белорусский народный банк
9.2%

Все вклады

Личный счет


Вольга Свірыдовіч,

Фото с сайта happy-giraffe.ru
Фото с сайта happy-giraffe.ru
Адразу на некалькіх брэсцкіх інтэрнэт-рэсурсах з’явілася аб’ява: “Шукаю сурагатную маму ва ўзросце ад 20 да 33 год. Высокая аплата і афіцыйны дагавор”. Калі ў многіх краінах гэта ўжо стала звычайнай практыкай, дык у нас сурагатнае мацярынства выклікае неадназначную рэакцыю грамадства і непадробны інтарэс. Зацікавілася і я. У аб’яве была спасылка на прыватную медыцынскую кампанію, што аказвае паслугі па пошуку сурагатных маці і генетычных бацькоў у Беларусі.

Сярэдняя цана – 13 тысяч долараў. Дарэчы, у суседняй Расіі яна вагаецца ад 15 да 40 тысяч долараў, у ЗША можа дасягаць 150 тысяч (толькі ў тых штатах, дзе гэта дазволена законам). Забаронена сурагатнае мацярынства ў Аўстрыі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі. У Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Даніі, Ізраілі, Іспаніі, Канадзе, Нідэрландах законным з’яўляецца толькі некамерцыйнае сурагатнае мацярынства, калі жанчына не атрымлівае ніякіх грошай. У згаданых краінах забаронена нават рэклама гэтага метаду. У Беларусі сурагатнае мацярынства рэгулюецца законам.
 
Журналісцкі інтарэс падштурхнуў адгукнуцца на адну з аб’яў. З кантактаў быў толькі электронны адрас. У пісьме я шчыра ўказала, што зацікавілася аб’явай. Амаль праз два тыдні мне напісалі, што вельмі рады, і прапанавалі адказаць на шэраг пытанняў – сямейны стан, узровень здароўя, хобі і інтарэсы. Аказалася, што “заказчыкі” пазнаёміліся ўжо з інфармацыяй на маіх старонках у сацыяльных сетках, а дакладней – з той, якая даступна карыстальнікам інтэрнэту (тым, што не з’яўляюцца “сябрамі”). На працягу некалькіх дзён мы перапісваліся на абстрактныя тэмы, а потым суразмоўца, які назваўся Сяргеем, спытаў нумар тэлефона.
 
Днямі мне патэлефанавалі. Сяргей прапанаваў не адкладваць і сустрэцца ў гэты ж дзень. Я пагадзілася і адразу вырашыла, што не буду хаваць свой прафесійны інтарэс і ўсё раскажу, бо сумленне не дае спакою.
 
Сустрэліся днём на вуліцы Савецкай. “Заказчыкі” прыехалі разам. Даволі сімпатычная сямейная пара крыху за 30 – Сяргей і Наталля (так яны назваліся). Адразу заўважыла, што пад’ехалі на аўтамабілі з расійскімі нумарамі, а мне пісалі, што жывуць у Брэсце. Гэта так, назіранне…
 
Размову пачаў Сяргей, ён прапанаваў расказаць пра сябе. Шануючы іх пачуцці, я вырашыла адразу расставіць кропкі над “і” – расказала, што з’яўляюся журналісткай. Яны былі ў курсе, бо знайшлі гэтую інфармацыю ў інтэрнэце, і нават заўважылі, што такая нервовая прафесія можа перашкодзіць нашаму “супрацоўніцтву”. Прыйшлося ўдакладніць, што “супрацоўніцтва” ў нас можа быць толькі журналісцкае. Цікава, што і Сяргей, і Наталля спакойна ўспрынялі гэту інфармацыю. Аказалася, што такіх кандыдатур ужо было некалькі і невядома, колькі будзе. Будучыя бацькі вельмі скрупулёзна выбіраюць сурмаму, і я – толькі адна з дзясяткаў ці соцень, на кім спыніўся іх выбар.
 
Прызнацца, было такое ўражанне, што хвалявалася толькі я. Мае суразмоўцы, зусім не паказваючы эмоцый, працягвалі гутарку. Хутка яны прапанавалі развітацца, бо не маюць часу на такія “выпадковыя” і “бескарысныя” сустрэчы. Удалося затрымаць іх пытаннем: “Няўжо няма іншага спосабу стаць бацькамі?” Наталля не пажадала працягваць размову і пайшла ў машыну, а Сяргей сказаў, што для іх няма, ды гэта і не мая справа, аднак прысеў побач і расказаў, што рашэнне ім далося нялёгка. Яны здаровыя, аднак завесці дзяцей не атрымліваецца ўжо чатыры гады. Жонцы 33-ы, і яна не хоча больш чакаць, бо хвалюецца, што ўвогуле ніколі можа не атрымацца стаць бацькамі. Узяць кагосьці з дзіцячага дома суразмоўца наадрэз адмовіўся, спаслаўшыся на дрэнную генетыку і нежаданне выхоўваць чужое дзіця. Сурагатнае мацярынства для іх – аптымальны варыянт і, па словах Сяргея, “за грашыма справа не стане”. Ён расказаў, што будзе працягваць пошукі сурмамы, і развітаўся, абурыўшыся, што я і так забрала ў іх шмат часу.
 
Сустрэча атрымалася нядоўгай, але вельмі пазнавальнай. Спачатку я спачувала гэтым людзям і адчувала сябе некамфортна з-за таго, што даю ім ілжывую надзею, аднак пасля мае перажыванні развеяліся. Мне давялося сустрэцца з тыповымі прадстаўнікамі сучаснага спажывецкага грамадства. Ужо праз чатыры гады няўдалых спроб людзі, калі верыць іх аповяду, вырашылі купіць сваё шчасце. Пры тым, што асабліва “раскашэльвацца” не збіраліся. 10 тысяч долараў – самы нізкі цэннік на рынку гэтых паслуг. Заўважу, іх аўтамабіль каштуе разоў у пяць больш.
 
Асадак застаўся і пасля таго, як Сяргей і Наталля схлусілі, што яны – беларусы. Паўтаруся, на машыне быў расійскі нумар, Сяргей блытаўся ў беларускіх грошах, калі расплачваўся за каву, у яго кашальку былі дысконтныя карткі расійскіх прадуктовых гіпермаркетаў. Потым патэнцыяльны бацька сарамліва прызнаўся, што “немясцовы”, аднак на маё меркаванне гэта ўжо не паўплывала. Ды і не зразумела я (думаю, што і яны таксама), навошта ім патрэбна сурагатная маці. На мой погляд, не разабраліся яны ў сабе, у праблемах сваёй сям’і…
 
– Бяздзетныя пары з Расіі заключаюць дагаворы на сурагатнае мацярынства ў Беларусі, – расказаў партнёр адвакацкага бюро, адвакат Аляксандр Пыльчанка. – У прававым рэгуляванні сурагатнага мацярынства ёсць адрозненні. Адным з галоўных з’яўляецца тое, што ў Расійскай Федэрацыі пасля нараджэння дзіцяці для юрыдычнага замацавання яго за генетычнымі бацькамі неабходна заява сурагатнай маці. Гэта значыць, што яна можа злоўжываць сваім становішчам і, як паказвае практыка, нярэдкія выпадкі, калі маці не жадаюць аддаваць дзіця.
 
Цікава і тое, калі спытала меркаванне наконт маёй авантуры ў знаёмых, пачула вельмі розныя адказы. Адна знаёмая, маці дваіх(!) дзяцей, заўважыла, што 10 тысяч долараў – гэта вельмі мала і яны, расіяне, проста скнары. Прыяцель, які вучыцца ва ўніверсітэце, і яго дзяўчына спакойна мяркуюць, што гэта нармальная сучасная дзелавая прапанова. А вось людзі больш старэйшага ўзросту выказаліся коратка: “Жах!” Тут, як гаворыцца, без каментарыяў.