Личный счет


Кацярына Жорава,

www.dailybusiness.ro
www.dailybusiness.ro
Лета — час, калі школьнікі не толькі адпачываюць, але і спрабуюць зарабіць свае першыя ўласныя грошы. Як? У адпаведнасці са сваімі здольнасцямі і магчымасцямі...

Прадае квас

— Летам шукала працу: не хацелася паміж 10-м і 11-м класамі губляць час, ды і зарабіць нешта было б няблага. У інтэрнэце знайшла аб'яву пра вакансію прадаўца квасу. Патэлефанавала, пад'ехала ў офіс, там аформіла дакументы, выбрала "кропку" (месца, дзе потым працавала) і прайшла элементарны інструктаж. Які тэрмін прыдатнасці квасу, да якой рыскі наліваць... Дарэчы, санкніжку не вельмі патрабавалі, хапіла даведкі з паліклінікі, што здаровая. Выйшла на працу: з 9-й да 21-й гадзіны квас прадаваць. Тым летам плацілі па 100 тысяч за дзень, ну і плюс невялічкі працэнт з кожнай бочкі. Працавала, вядома, не адна: чаргаваліся са зменшчыцай па графіку "як дамовіліся". Нядрэнная праца, хіба што сумнавата і вельмі горача летам. Затое прачытала шмат кніжак, пакуль сядзела і чакала наступнага кліента, — расказвае Ліза Таран (17 гадоў).
 
Забівае цвікі

— Працаваў на заводзе "праз знаёмства". Забіваў цвікі. Аплата — здзельная (чытай: працаваў шмат, інтэнсіўна і без перапынкаў!), таму за 8 рабочых дзён "падняў" 800 тысяч. Цікава было толькі першыя некалькі дзён. Потым надакучыла, не цярпелася хутчэй скончыць працу і вярнуцца дадому. Не вельмі стамляўся, больш проста хацелася змяніць абстаноўку. Добрая праца, калі трэба хутка зарабіць, але ўсё жыццё так працаваць — не, ніколі! — прыгадвае ўласны досвед Арсеній Ворган (16 гадоў).
 
Расклейвае аб'явы

— Я цэлы месяц уставала ў 6 гадзін раніцы і ішла расклейваць аб'явы. Плацілі малавата (можа, рублёў па сто за лісток), але мне проста падабалася зарабляць уласныя грошы. Вядома, не паўсядзённая праца, з якой можна карміцца і жыць, але цікавы эксперымент. Калі я распавяла сябрам, куды пайшла працаваць, усе здзівіліся: у цябе, маўляў, і так бацькі не бедныя, нашто яшчэ такія пакуты... Якія пакуты? Я сябе паўгода не магла прымусіць заняцца бегам па раніцах. А тут ужо прыйшлося, абавязак. І бегала, і грошы атрымлівала, — смяецца Кацярына Лазняк (15 гадоў).
 
Гандлюе марозівам

— Доўга шукала працу на лета, пачала яшчэ вясной. Пыталася ў знаёмых, пераглядала аб'явы ў інтэрнэце, усё ніяк не магла знайсці прыдатную. То занадта мала плацяць, то я не падыходжу — ці вельмі маладая, ці таму, што без адукацыі. Нарэшце знайшла аб'яву — прадавец марозіва. Бачылі кіёскі з марозівам розных гатункаў, якое шарыкамі накладваюць у ражкі і бяруць утрая даражэй? Я ў такім прапрацавала з месяц. Графік — з 10 да 19 гадзін, выхадныя дагаворныя, у дзень плацілі 80 тысяч. Спачатку, вядома, пабойвалася працаваць з вялікімі грашыма (у спякотныя дні дзённая каса была больш за 2 мільёны), а потым прывыкла і нават стала атрымліваць задавальненне, — дзеліцца Таццяна Ваславёнак (16 гадоў).
 
Перапісвае рэкламу

— Да нас яшчэ ў 10-м класе прыйшлі нейкія хлопцы-студэнты, напісалі на дошцы свой е-mаіl і прапанавалі працу тым, хто добра ведае рускую мову. Завецца гэта рэрайтынг, а праца даволі простая: трэба для ўсялякіх сайтаў, якія прапануюць розныя паслугі, тавары, пісаць рэкламныя тэксты. "Як можна нашай мэбляй у розных стылях аформіць кватэру...", напрыклад. Вядома, прыдумляць кучы такіх тэкстаў ніхто б самастойна не стаў, таму іх трэба было перапісваць. Табе іх капіруюць з іншых сайтаў, а ты перапішы іншымі словамі, іншыя назвы паўстаўляй — вось і ўся праца. Не вельмі складана, больш моташна. Плацілі не вельмі шмат спачатку, па 2 тысячы рублёў за тысячу знакаў. Але ж вось перапішаш дзясятак такіх тэкстаў — і сотня ў кішэні. Падчас вучобы — нядрэнная падпрацоўка. А летам я ўжо паглядзела ў інтэрнэце, знайшла аналагічную працу, але па лепшым тарыфе, перапісвала недзе па 20 тысяч знакаў кожны дзень. За месяц зарабіла больш за тры мільёны, — сцвярджае Ганна Троніна (17 гадоў).
 
Расстаўляе тавар

— Знайшла аб'яву на нейкім сайце аб працы ў прадуктовай краме. Трэба расстаўляць прадукты на паліцах, калі што — рэзаць хлеб, каўбасу. Дапамагаць, карацей. Плацілі добра: з усялякімі надбаўкамі, калі даводзілася заставацца даўжэй, калі замяняла кагосьці, калі прыбытак быў добры ў краме. Уражанні? Стамлялася моцна спачатку за цэлы дзень, затое хоць было чым заняцца, не змарнавала проста так усё лета. Навошта пайшла? Ну, як усе: каб не зусім бескарысна час правесці
і пры гэтым не сядзець на шыі ў бацькоў хаця б летам. Афіцыйны аклад быў недзе каля двух мільёнаў, ды яшчэ прэміі... За два месяцы працы атрымала даволі шмат: тэлефон сабе купіла, усё лета сама сябе карміла, ну і на адзенне восенню таксама хапіла, — падсумоўвае вынікі сваёй падпрацоўкі Паліна Паслед (17 гадоў).
 
А нехта нават зарабляе не самым "правільным" для падлетка спосабам, але даволі ўдала. Як, напрыклад, Ігар Мядзведзь
(16 гадоў), які...
 
Гуляе ў покер у інтэрнэце

— У большасці ў галовах пры спалучэнні слоў "карты, грошы, гульня" часцей за ўсё адбываецца "дэтанацыя", і ніякія тлумачэнні, што покер бліжэй да спартыўных, чым да азартных гульняў, не дапамагаюць, — распавядае пра свой незвычайны занятак Ігар. — Пачынаў гуляць, выйграўшы пару долараў у віктарыне (нічога не ўкладваў), і потым паціху "разгойдваўся" да бягучых $650 (узімку было толькі 100). Гэта, вядома, не гульня ў казіно, стаўкі невялікія, максімум долар-два (каб не абанкруціцца), і зарабляць усур'ёз пачынаеш толькі тады, калі добра ўмееш гуляць і маеш вопыт. Трэба ўлічваць, што шанцаванне таксама мае месца, і таму нярэдка здараюцца дні, калі ты гуляеш добра, але ўсё роўна прайграеш, а нехта гуляе дрэнна, і пры гэтым выйграе. Аднак чым больш гуляеш, тым менш фактар удачы адбіваецца на выніку. Зараз я ў вольны час зарабляю недзе 2-3 долары ў гадзіну. Планую за лета нядрэнна падзарабіць. Бацькі спачатку вельмі недаверліва ставіліся да гэтага майго "хобі", але калі я пераадолеў планку ў $100, яны зразумелі, што гэта не пустая трата часу. Зараз, калі яны ўжо ведаюць, што я акуратна стаўлюся да грошай, не дам сабе абанкруціцца, нават заахвочваюць мяне. Дарэчы, усе сайты, дзе можна гуляць на грошы, пільна сочаць за ўзроставым цэнзам 18+. Тут мне дапамог бацька — у сеціве я з яго "данымі" гуляю.
0058415