Офтоп


Алёна Вольная, здымкі Яўгена Кандратовіча,

Колькі каштуюць самыя дарагія карціны ў Гродне і чыйму пэндзалю яны належаць? Мы абыйшлі гарадзенскія галерэі, каб дазнацца, колькі каштуе сапраўдны талент і якія тэндэнцыі назіраюцца сярод гарадзенскіх аматараў мастацтва.

Калі на заводах заўсёды можна распісаць, з чаго складаецца кошт прадукцыі, то ў мастацтве, вядома, усё па-іншаму. Галоўнае, ад чаго залежыць кошт – імя аўтара, колькасць ў яго персанальных выставаў на радзіме і за мяжой, наяўнасць яго прац у мастацкіх музеях.

Можа стацца, што галерэя складае кантракт з мастаком і пасля дыктуе, па якіх коштах яму прадавацца. Здараецца і так, што мастакі адмыслова завышаюць кошт сваіх прац, каб яны доўгі час знаходзіліся ў галерэях і рабілі аўтару рэкламу.

Мы пастараліся сабраць пяць самых дарагіх карцін, якія на сённяшні момант упрыгожваюць сцены гарадзенскіх галерэй. Прадстаўляем іх у парадку ўзрастання коштаў.

5 месца. Галерэя “Хата мастака”, працы Наталлі Ляпкінай, цана 2 млн рублёў




- Серыя прац была напісана мастачкай пасля паездкі ў Непал, дзе дзяўчына жыла пэўны час. Тут праглядаецца тэма будызма і мясцовага каларыту. На адной з карцін – сын духоўнага настаўніка Наталлі, – расказала гісторыю ўзнікнення твора дарэктарка “Хаты мастака” Жана Жукава. - Наталля Ляпкіна – мастачка даволі вядомая ў Гродне. У нас была яе персанальная выстава. Яна ўжо мае сваіх пакупнікоў: людзі яе ведаюць, хтосьці нават серыямі купляе карціны.

- Наконт тэндэнцыяў казаць цяжка, але мне падаецца, – працягвала Жана, – што народ наш ужо адышоў ад рэалізму. Калі раней былі запатрабаваны рэалістычныя пейзажы, нацюрморты, то зараз пад сучасныя інтэр’еры людзі абіраюць нейкія абстрактныя філасофскія карціны.

4 месца. Галерэя “У майстра”, Васіль Мартынчук “Вавілонская башня”, цана 4 253 тыс.



- Васіль Мартынчук – гарадзенскі мастак. Ён рабіў серыю прац на біблейскую тэматыку. Гэта “Вавілонская башня”, а ёсць яшчэ “Каханне караля”, ёсць “Давідавы песні”, – расказала дарэктарка галерэі, мастацтвазнаўца Ала Матук. – Праца гэтая – паўтор з выставы, што ладзілася ў Варшаве. Звычайна паўторы каштуюць троху танней за арыгіналы, але творчасць Васіля даволі папулярная і ў нас, і на Захадзе – таму вось так…

Ала Матук

Спадарыня Ала заўважае, што зараз гарадзенчаў цікавіць крэатыўнае мастацтва, а класічны рэалізм ужо троху надакучыў. Але ж карціны, якія адлюстроўваюць Гродна і гарадзенскую архітэктуру актуальныя заўсёды.

- Трэба адчуваць мяжу паміж высокім мастацтвам і тым, што прынята называць “кічам”. Таму што звычайна спажывец просіць нешта такое, каб яно было “Ах!”. Калі ты паказваеш яму нешта высокае, ён кажа: “Не цікава”. Яны хочуць нешта “ВАЎ” – феерверку фарбаў.

Аднак мае меркаванне мастацтвазнаўцы не заўсёды правільнае. Пакуль працую тут, зразумела, што колькі карцін – столькі і пакупнікоў. Гэтаксама, як колькі хлопчыкаў, столькі і дзяўчатак, якім яны падабаюцца.

3 месца. Гарадзенская выставачная зала, Сяргей Грыневіч “Ванна Клеапатры”, кошт 9,8 млн рублёў



Грыневіч – адзін з самых знакамітых мастакоў у Гродне. Ён выстаўляецца ў Швейцарыі, Польшчы, Кіеве, Маскве, – расказала пра аўтара карціны дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч. У свой час ён скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. Гэта мастак-манументаліст, такіх прафесіяналаў выпускаюць 5-6 чалавек у год і яны валодаюць рознымі тэхнікамі. У старым корпусе універмага ёсць вітражы Грыневіча, у 4-й лякарні – яго графіка на сценах. Грыневіча ўсе ведаюць і ўсе галерэі хочуць з ім супрацоўнічаць.

Як лічыць спадарыня Ірына, галоўны крытэр, па якім гарадзенцы зараз абіраюць карціну, – “каб падабалася і пасавала да інтэр’еру”. Але зацікаўленасць мастацтвам ідзе зараз на спад: як у Гродне, так і ў Мінску карціны купляюць радзей.

2 месца. Галерэя “Тызенгаўз”, Ганна Сілівончык, кошт каля 13 млн рублёў




Ганна – вядомая мінская мастачка. Шматслойнасць і метафарычнасць яе выяўленчай мовы ўражвае. Творчасць Ганны гэта своеасаблівая філасофія жыцця, народжаная з глыбінных эмацыйных перажыванняў.

1 месца. Галерэя “Тызенгаўз”, Сяргей Грыневіч “Чарлі Чаплін”, кошт 18 250 тыс. рублёў





- Аўтар – Сягрей Грыневіч, і, я думаю, гэтым усё сказана, – была нешматслоўнай дырэктарка галерэі Галіна Сарока.

- Кожная карціна павінна знайсці свайго чалавека. Да таго ж, у чалавека павінны аказацца грошы, якіх яна каштуе, - растлумачыла асноўную тэндэнцыю спадарыня Галіна. – А гэтыя параметры супадаюць рэдка. Таму прадаць добрую дарагую карціну ў наш час вельмі няпроста.

Мы паспрабавалі высветліць, колькі каштуюць карціны, што вісяць у арт-кафэ “Палітра”, аднак там нам чамусці сказалі, што карцін яны не прадаюць. На вока мы ацанілі, што сярод прац, што вісяць на сценах кавярні, дакладна павінны быць карціны ў дыяпазоне ад 5 да 10 мільёнаў, якія маглі б патрапіць у наш топ.



У “Крыгу” мы завіталі акурат падчас пленэру польскіх і нямецкіх мастакоў, таму вырашылі не турбаваць спадарыню Марысю, бо ў дырэктаркі галерэі і без нас было шмат-шмат клопатаў. Але сапраўдныя аматары мастацтва ведаюць, што там можна сустрэць творы вельмі рознага кошту: як цалкам даступныя, гэтак і не вельмі. 

Нужные услуги в нужный момент
-20%
-21%
-20%
-15%
-30%
-20%