Публичный счет


Зміцер Зязюля,

Фото с сайта romny.osp-ua.info
Фото с сайта romny.osp-ua.info
Урад у чарговы раз хоча зрабіць істотна даражэйшымі тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Але вось ці гатовае матэрыяльна і псіхалагічна наша насельніцтва? На гэтае пытанне шукалі адказ эксперты і простыя чытачы.

Аляксандр Сасноў, былы міністр працы:

"Трэба адначасова падвышаць заробкі і пенсіі"

– Калі гаворка вядзецца пра павышэнне на трыццаць працэнтаў, то яно, на сутнасці, неістотнае. Бо ўлады будуць вымушаныя за год падняць на тыя ж працэнты пенсіі і заробкі. Я лічу, што калі адпускаць тарыфы на камунальныя паслугі, то трэба адпускаць і заробкі з пенсіямі. А вось калі робіцца адно і не робіцца другое, тады гэта дрэнна.
 
Надзея Бяльчук, пенсіянерка:

"Гэта не бяда"

– Няма ніякай праблемы. У нас кошты на камунальныя паслугі вельмі нізкія. Радня з Расіі проста зачараваная нашымі тарыфамі. Таму пры маёй пенсіі ў два мільёны я павышэнне "камуналкі" вытрымаю. Гэта не бяда.

Леанід Заіка, эканаміст:

"Тарыфы, наадварот, трэба паніжаць"

– Што яны збіраюцца павышаць? Паніжаць трэба. Народ дураць. Асабіста Лукашэнка хацеў даведацца, колькі каштуе адзін джоўль энергіі, колькі каштуе ўборка адной тоны смецця, колькі каштуюць затраты на ацяпленне дома. І калі ён праводзіў нараду, то сказаў, што ніхто яму не змог адказаць на гэтыя пытанні. Таму, калі ўсім гавораць, што мы плацім мала, то гэта агульнанацыянальная хлусня. Беларусь купляла газ у Расіі па 235 долараў тры гады таму. Пасля заключэння пагаднення аб Мытным саюзе мы купляем газ па 165 долараў. Адпаведна, за апошнія два гады цяпло для Беларусі стала танней. Практычна больш чым на траціну. Пытанне – а чаму, як толькі Расія стала газ прадаваць танней, камунальнікі не знізілі аплату цяпла? Мытны саюз – тэарэтычна выгадны з пункту погляду спажыўцоў. Газ для нас становіцца танней. Таму ўмоўная "жыроўка" са 100 000 мусіць змяншацца да 70 000 рублёў. Калі ўступілі ў Мытны саюз, мы ахвяравалі многім. Мы спынілі куплю патрыманых заходніх аўтамабіляў. Але зараз мы купляем у Расіі самую танную нафту за апошнія дзесяць гадоў. Па 380 долараў. Чаму ў такім выпадку бензін не стаў танней? Пан прэм'ер-міністр, вам калькулятар даслаць у падарунак? Значыць, усе свае памылкі вы аплачваеце за наш кошт? Па маіх разліках, бензін павінен каштаваць 5000 рублёў за літр. Калі б мы не ўступалі ў Мытны саюз, пытанняў не было б. А так нам дураць галаву. Таму на пытанне – ці гатовы я да павышэння тарыфаў – адкажу наступнае. Гатовы, калі будзе апублікаваны спіс усіх растратчыкаў з Жылкамунгаса і Міністэрства эканомікі.
 
Інэса Мяснікава, настаўніца, шматдзетная маці:

"Выжываць будзе цяжэй"

– Не гатовая, вядома. Для гэтага трэба істотнае павышэнне заработнай платы. Мой заробак складае прыкладна трыста долараў, у мужа крыху больш. У нас трое дзяцей. Грошай хапае толькі на ежу, "камуналку", такое-сякое адзенне і крэдыт на жытло. Калі істотна павысіць плату за "камуналку", што нам скараціць? Менш есці, не купляць адзенне? У мяне адказу пакуль няма.
 
Сяргей Крук, бізнэсмен:

"Не трэба спадзявацца, што бясплатны суп будзе смачным"

– Я згодны плаціць больш за "камуналку", бо куды ж ты збяжыш ад яе. Вось калі б у мяне быў свой дом, колькі б я плаціў? Столькі, колькі мне патрэбна плаціць за газ, электрычнасць і гэтак далей.

Кватэра ж, здаецца, мая. Але наколькі яна мая? Шпалеры мае. А цэгла пад шпалерамі? Мая ці не мая? Не кажучы ўжо пра гарышчы, падвалы і пад'езды. А труба, па якой падаецца цяпло, яна чыя? Так што пытанне пра "камуналку" не такое простае, як здаецца. Нават калі багатыя паны пашлюць куды далей усіх гультаяватых прыбіральшчыц і п'яных сантэхнікаў, створаць таварыства ўласнікаў жытла, каб наняць сабе прыбіральшчыцу з дыпломам кансерваторыі і сантэхніка – былога фізіка-атамшчыка. Каб плаціць адказным людзям за добрую працу без дзяржаўных датацый. Я не магу так зрабіць. Бо жыву не ў новым доме, а ў помніку архітэктуры сталінскай эпохі. Колькі скажуць плаціць, столькі і буду. На жаль, нехта за нас будзе "клапаціцца", а мы будзем удзячна мацюкацца ў адказ. За іх хрэнавую работу. Але лёгка вылечыць гэту праблему не атрымаецца. Усе датаваныя рэчы не могуць быць добрымі, гэта відавочна. Калі вам на плошчы даюць бясплатны суп і вы да яго прывыклі, то дай Бог вам здароўя. Але наўрад ці трэба наракаць на тое, што ён нясмачны. Той камунальны "суп", які вам прапаноўваюць, таксама нясмачны. Але спадзявацца на тое, што ён заўжды будзе танны, няма ніякіх падставаў.

АФІЦЫЙНА

Эканамічныя ўлады ініцыююць значны рост тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў 2014 годзе. З такой прапановай выступілі прадстаўнікі эканамічных ведамстваў у межах працы па падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, піша БелПАН.

Памер пакрыцця насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) на працягу года плануецца давесці да ўзроўню не менш як 30%.

Мяркуецца, што рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі стане адной з мер па звязванні дадатковых грашовых даходаў насельніцтва. Паводле ацэнак ведамасных спецыялістаў, у 2013 годзе сярэдняя зарплата складзе 561 долар, а ў 2014-м — вырасце да 625 долараў.

Нагадаем, зацверджаная Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011–2015 гады прадугледжвае, што ўзровень пакрыцця насельніцтвам расходаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў 2015 годзе складзе не менш як 60%.

Як паведаміў у ліпені міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Шорац падчас прамой лініі ў газеце "Звязда", цяпер насельніцтва пакрывае 16,3% кошту паслуг, што аказваюць жыллёва-камунальныя арганізацыі.

Раней Мінфін паведамляў, што па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг, уключаючы паслугі энергетыкаў (цеплазабеспячэнне ад цеплавых крыніц ДВА "Белэнэрга", а таксама газа- і электразабеспячэнне), насельніцтва ў 2012 годзе пакрывала прыкладна 22% ад расходаў.
Нужные услуги в нужный момент
-40%
-20%
-30%
-35%
-15%
-19%