Личный счет


Яраслаў Лыскавец,

Атрымліваць вышэйшую адукацыю і адначасова мець свой бізнес жадае ледзь не кожны сучасны студэнт. У новым матэрыяле рубрыкі "Свая справа" мы пазнаёмімся з людзьмі, для якіх гэтая мара стала рэальнасцю. Што самае цікавае, марай яна не была і нарадзілася з самых альтруістычных намераў... Як зрабіць цікавай навуку, адкуль узяць новыя ідэі і з чаго пачынаць — адказы на гэтыя пытанні чытайце ў матэрыяле.

Як усё пачыналася

Ілья КУРАШОЎ і Юля ГОЛІКАВА сябравалі з дзяцінства, разам вучыліся ў ліцэі. Як гэта часта бывае, сяброўскія адносіны ў пэўны момант перараслі ў нешта большае. Праўда, ужо тады хлопец з роднага Магілёва пераехаў у Мінск: пасля першага курса перавёўся з факультэта прыродазнаўства Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова на хімфак БДУ. Зараз хлопцу 21, яго спадарожніцы — 20.
 
— Вучыцца ў Магілёве мне з цягам часу стала нецікава, — расказвае Ілья. — Я быў круглым выдатнікам, хоць і не прыкладаў ніякіх асаблівых намаганняў да вучобы. Таму аднойчы, калі прыехаў у Мінск, вырашыў зайсці ў БДУ, пацікавіцца, ці можна перавесціся на хімічны факультэт. Аказалася, што акадэмічная розніца зусім невялікая, а вольныя месцы ёсць. Таму я доўга не думаў і на другі курс пайшоў ужо ў сталічную ВНУ.
 
Тым часам Юля паступіла ў Магілёўскі ўніверсітэт на першы курс факультэта замежных моў. Але хутка яны зразумелі, што падтрымліваць адносіны на вялікай адлегласці цяжка. Дзяўчына, як і Ілья, таксама перавялася ў БДУ — на філфак. Праблем з пераводам не было: па словах дзяўчыны, у Мінску і Магілёве абсалютна ідэнтычныя праграмы, толькі два прадметы сталічныя студэнты здалі раней за яе. Яны і склалі акадэмрозніцу.
 
Ілья расказвае, што, як толькі трапіў у Мінск, апынуўся ў сапраўдным віры падзей: з'явіліся новыя сябры і першая праца — грузчыкам. Паспяховасць, праўда, значна знізілася: з рангу "выдатнікаў" хлопец перайшоў у "сераднякі".
 
Тым жа летам, калі Юля пераводзілася ў Мінск, маладыя людзі нават падчас усёй гэтай папяровай мітусні паспявалі забаўляцца. Аднойчы ім у рукі трапіў расійскі часопіс "Fоrbеs". У адным з артыкулаў распавядалася гісторыя амерыканскага бізнесмена, які пры падтрымцы дзяржавы займаўся прыцягненнем дзяцей да навукі — паказваў ім цікавыя вопыты. Маштабы даволі сур'ёзныя — яго пазнавальная праграма трансліравалася нават па тэлебачанні.
 
— Мы вельмі зацікавіліся, знайшлі сайт гэтага чалавека, паглядзелі ролікі, кажа Ілья, — Нават я, чалавек, які толькі вучыцца на хіміка, зразумеў, "як працуе" прыкладна палова з тых эксперыментаў, што ён паказваў. Ідэя нас захапіла, мы пачалі думаць, як рэалізаваць такое ж у нас. Сур'ёзна гэтую задуму ніхто не ўспрымаў: ні бацькі, ні сябры. Але нам вельмі хацелася зацікавіць беларускіх дзяцей навукай. Мой сябра займаўся праектам

"МаеСэнс", і першыя выступленні мы рэалізоўвалі з яго дапамогай. Фактычна, гэта была дабрачыннасць, мы не планавалі зарабляць падчас такіх шоу.

 

Эвалюцыя ідэі

Насамрэч, ідэя пачала разбурацца, або, дакладней, пераўтварацца ўжо на першым этапе, — працягвае хлопец. — Мы хацелі рабіць гэта бясплатна, з дапамогай дзяржавы. Патрэбна была толькі фінансавая падтрымка — рэагенты і рэквізіт. Мы звярнуліся ў адміністрацыі раёнаў, а таксама даслалі лісты ў кожную школу Мінска на імя намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. На жаль, нідзе не атрымалі станоўчага адказу, хаця прапановы былі самыя звычайныя — правесці адкрытыя ўрокі. У асноўным, нам казалі, што арганізацыяй такіх мерапрыемстваў з боку школы ніхто не будзе займацца. Тады мы паспрабавалі пачаць з іншага боку.


 
Спачатку нашы героі з дапамогай праекта "МаеСэнс" выступалі ў дзіцячых дамах і бальніцах. Былі, напрыклад, у анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах. "Куды клікалі — туды і ездзілі", — так яны вызначаюць сваю першапачатковую стратэгію.

— Раздзяленне абавязкаў было простым, — успамінае Юля. — Я, як філолаг і гуманітарый, займалася сцэнарыем шоу, а з рэагентамі працаваў Ілья. Ён таксама вырашаў, якія эксперыменты мы будзем паказваць і як яны будуць называцца. Зараз мне таксама даводзіцца выступаць у ролі вядучай, але спачатку ён выступаў адзін. Пісаць і вучыць сцэнарыі было цяжка. Як зараз памятаю: інтэрнат, кухня, ноч, а мы пішам і нешта прыдумваем. Не спалі да 5 гадзін раніцы: вучылі тэкст, даводзілі ўсё да ладу.

— Для мяне было складана вывучыць увесь тэкст сцэнарыя і правільна яго прачытаць, — гаворыць Ілья. — Мы праводзілі шоу разам з дасведчанымі людзьмі, якія выступаюць на публіцы даўно, як на аўтамаце. А ў нас усё праходзіла ў сумбуры і хваляванні. Часам прыходзілася шукаць нейкае выйсце падчас выступлення. Карацей, было цяжка і адначасова весела.

— Што паказвалі? — перапытвае Юля, — ды самае рознае. Напрыклад, існуе эксперымент пад назвай "Паста для слана". Ёсць дзве колбы з вадкасцямі. Апошнія змешваем у адной ёмістасці, лічым да трох — і з колбы пачынае ісці вельмі шчыльная пена, якая, акрамя таго, прыемна пахне. Пускаем густы дым, вельмі шмат эксперыментаў з вадкім азотам...

Ад мары — да бізнесу

Хутка маладыя людзі зразумелі, што, акрамя задавальнення, іх занятак можа прыносіць сапраўдныя грошы. Першым крокам да стварэння бізнесу на падмурку хобі стаў сайт, праз які да пары прыйшлі першыя кліенты. Пачаўся працэс стварэння свайго брэнда і пошуку пакупнікоў. Спачатку выступы замаўляліся толькі для дзяцей — на святы і іншыя мерапрыемствы. Аднак хутка пачаў адчувацца і іншы попыт.

— Мы ніколі не гналіся за грашыма, — кажа Ілья. — Людзі тэлефанавалі, пыталіся, ці можна арганізаваць прадстаўленне для чатырохгадовых дзяцей. Я тлумачыў, што ім гэта яшчэ нецікава, маленькім дзеткам трэба паветраныя шарыкі, фокусы, клоўны. Зараз мы працуем на аўдыторыю з мінімальным узростам 5 — 5,5 года. Такія дзеці пачынаюць неяк асэнсоўваць убачанае і разумець, што гэта не чараўніцтва нейкае. Верхняй узроставай мяжы няма, з'явіліся праграмы і для дарослых. Раней мы ледзь дацягвалі выступленні да 30 хвілін. Зараз у нас ужо ёсць шоу, якія ідуць 2 ці нават 2,5 гадзіны.
 
- Насамрэч, працаваць з дзецьмі не так проста, — працягвае хлопец, — толькі з цягам часу выпрацавалася нейкая методыка. Калі, напрыклад, дзіця стамляецца, пачынае страчваць увагу ці наадварот, занадта актыўна сябе паводзіць, я ўжо хутка магу гэта заўважыць, неяк разварушыць яго, уключыць у працэс шоу або, калі сітуацыя бязвыхадная, папрасіць дарослых вывесці яго на нейкі час і даць супакоіцца. Таму гэта далёка не самыя лёгкія грошы, калі ты хочаш рабіць сваю працу добра.

Ці можна атрымаць з такога бізнесу вялікія грошы? Яны лічаць, што не. За адно выступленне пара бярэ ненамнога больш за сабекошт, які складаецца, у асноўным, з набыцця даволі дарагіх рэагентаў. Але поспехамі сваімі Ілья і Юля ганарацца: за год на свае "кроўныя" студэнты набылі недарагую машыну і іРhоnе, які ў Беларусі многія лічаць паказчыкам паспяховасці. Маладыя людзі забяспечваюць сябе: вопратка, ежа, забавы — аплата гэтых патрэб ляжыць на плячах пары. Бацькі аплачваюць толькі вучобу і нічога, акрамя яе.

 

Канкурэнты і праблемы

Калі размаўляць пра канкурэнцыю, то ў нашых герояў яе амаль няма. Гэтаму спрыяла сама ідэя, якая не была накіравана на грашовы прыбытак. Праўда, аказалася, што навуковымі шоу ў Беларусі займаюцца не толькі яны. На адным з сумесных выступленняў іх прынялі ці то за вучняў, ці то за падначаленых іншага чалавека.

— Мы думаем, што ён можа адчуваць нейкую рэўнасць да нас, быццам мы ўкралі ў яго ідэю, — кажа Юля. — Але наша сумленне чыстае: свае шляхі і метады мы знайшлі самі. І зараз менавіта нашы ідэі становяцца аб'ектамі плагіяту. Часам сумесна выступаем з адным чалавекам з гэтай жа сферы. Дык вось неяк ён нам тэлефануе і пачынае наўпрост распытваць, колькі для пэўнага нумару трэба рэагентаў, як усё правільна рабіць і гэтак далей. З аднаго боку, нам непрыемна, таму што мы страцілі нейкі час, прыкладалі пэўныя намаганні, а тут прыходзіць чалавек і вось так, нахабна хоча усім карыстацца.

— З іншага боку, — дапаўняе Ілья, — страшна тое, што гэтым хочуць займацца людзі без мінімальнай адукацыі і ведаў. Некаторыя нашы нумары сапраўды небяспечныя, яны могуць нашкодзіць выканаўцу, калі ён зробіць нешта не так. Напрыклад, піццё таго ж азоту: гэта складаны нумар, які трэба ўмець выконваць. Пры яго распрацоўцы мы кансультаваліся са студэнтамі фізфака. Недасведчаны чалавек, хутчэй за ўсё, атрымае хімічныя апёкі пры выкананні, калі не горш...
 
Размаўляем пра бізнес і вучобу. Як гэта сумяшчаецца і ці не замінае адно аднаму? Ілья адказу даць не можа, але прызнаецца, што на вядзенне сваёй справы часу патрабуецца шмат і на вучобе гэта ўсё-такі адбіваецца негатыўна. Для Юлі бізнес і адукацыя — "два розныя полюсы".

— Работа — гэта нешта цікавае, захапляльнае, тое, што не можа надакучваць. Вучоба — больш "для галачкі", таму што так трэба, — кажа яна.

 

А адносіны? Ці можа сумесная праца іх разбурыць?

— Мне думаецца, што наша праца ідзе толькі на карысць адносінам, — адказвае Ілья. — Мне было б сумна працаваць аднаму, ды і наўрад ці ўсё атрымалася б...

— Усе нашы канфлікты, спрэчкі і сваркі, дарэчы, здараюцца менавіта з-за працы, — дадае Юля. — Калі б мы не працавалі разам, то, напэўна, зусім не сварыліся б. Толькі вось незразумела, добра гэта ці дрэнна.
 
Напрыканцы размаўляем пра планы на будучыню. Якім студэнты бачаць свой бізнес праз некалькі гадоў, калі яны атрымаюць дыпломы і трэба будзе вырашаць, чым жа ўсё-такі займацца? Ці не баяцца яны таго, што навуковае шоу страціць сваю папулярнасць або з'явяцца моцныя канкурэнты?
 
— Безумоўна, хацелася б прыйсці нарэшце да таго фармату, пра які мы марылі, калі пачыналі: шоу для ўсіх дзяцей краіны пры падтрымцы дзяржавы. Хочацца зрабіць нешта глабальнае, незвычайнае. Каб дзеці сапраўды зацікавіліся навукай, — адказвае Ілья.

— Ды і не толькі дзеці. Не хочацца, каб гэта было толькі шоу. Паказваць трэба ўсім. Напрыклад, у Еўропе ёсць незвычайны навуковы музей, дзе кожны наведвальнік становіцца яшчэ і ўдзельнікам нейкіх эксперыментаў. Там можна ўсё патрымаць у руках, паглядзець, як гэта працуе. Стварыць нешта падобнае ў Беларусі як для дзяцей, так і для дарослых — вось наша мара. Спадзяёмся, што калі-небудзь нам хопіць грошай на яе рэалізацыю.

— А за сябе і сваю будучыню мы не баімся, — дадае Юля. — Нават калі здарыцца нешта непрадбачанае і нам прыйдзецца спыніць правядзенне гэтага шоу, разам мы прыдумаем нешта новае, зноў пабудуем усё з нуля. Таму што працаваць на кагосьці ўжо не хочацца. Нават калі прыйдзецца потым кінуць асноўную працу, каб займацца толькі шоу, я выберу апошняе.
Нужные услуги в нужный момент
-20%
-70%
-30%
-35%
-60%
-50%
-30%
-15%
-20%
-50%