Личный счет


Любоў Каспяровіч,

Як затрымаць моладзь на вёсцы? Ужо цяпер гэтае пытанне стаіць на мяжы паўсядзённасці і філасофіі. Атрымаўшы вясковую прапіску падчас размеркавання, новаспечаныя ўладальнікі дыпломаў пачынаюць актыўна думаць і разважаць: "Што ж рабіць?". Для большасці ўчарашніх пяцікурснікаў два гады адпрацоўкі ў вёсцы ўяўляюцца жыццёвай чорнай дзіркай. І маладыя спецыялісты стараюцца пазбегнуць яе "гравітацыйнага прыцягнення" любымі шляхамі. Чаму кожнае лета аддзелы кадраў у рэгіёнах нагадваюць хутчэй канвеер, чым зладжаную каманду? Паспрабуем калі не даць адказ на гэтае пытанне, то хаця б наблізіцца да яго.
 

Жыць, існаваць ці проста працаваць

Аляксандр Грынец летась атрымаў пасведчанне аб вышэйшай адукацыі. За плячыма — 12 месяцаў сталай працы, наперадзе — яшчэ адзін год абавязковай адпрацоўкі ў вёсцы. У планах хлопца на будучыню вясковае жыццё мае статус "пасля заканчэння знішчыць аб ім любыя ўспаміны".

Аляксандр працуе галоўным інжынерам-энергетыкам у адным з сельскагаспадарчых кааператываў Брэсцкай вобласці. Гэтае працоўнае месца ён атрымаў адразу ж пасля ўніверсітэта.

— Вучыўся я ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Пяць гадоў лекцый і лабараторных заняткаў на аграэнергетычным факультэце — і я галоўны інжынер-энергетык. На размеркаванні я меў права выбраць прапанаванае месца ў Гродзенскай ці Брэсцкай вобласці. Выбраў Брэстчыну, бо сам родам з абласнога цэнтра, дый пасаду тут адразу прапанавалі высокую. Вядома, маральна я рыхтаваў сябе, што давядзецца жыць у вёсцы. Але я не вельмі добры псіхааналітык, бо не ўлічыў усіх цяжкасцяў, з якімі мне давялося сутыкнуцца. Цяпер, праўда, я ўжо прывык да работы, да калег, аднак напачатку ўва мне віраваў моцны ўнутраны пратэст.

Па-першае, было цяжка ўсвядоміць, што працоўны дзень не абмежаваны фіксаваным часам. Мае першыя дні якраз прыпалі на ўборку збожжавых, таму прачынацца даводзілася на досвітку, а класціся спаць апоўначы. Па-другое, складваліся неадназначныя стасункі з калегамі. У так званай "канторы" да мяне ставіліся з павагай і разуменнем, калі ж даводзілася кантактаваць з электраманцёрамі і слесарамі, узнікалі праблемы. Ніхто не хацеў прыслухоўвацца да "маладога ды зялёнага", а п’янства на працоўным месцы, на жаль, не выключны выпадак. Дзякуй Богу, што разам са мной працуе Мікалай Сцяпанавіч — дасведчаны электрык і вельмі разумны чалавек. Дзякуючы яго парадам я змог навучыцца шмат якім карысным рэчам у прафесіі і, кажучы шчыра, правільна паставіць сябе як начальнік.

Жыве Аляксандр у асобным доме, які яму выдзеліла кіраўніцтва СВК. А ў дадатак — 20 базавых велічынь, каб яго абжыць.

— На жыллёвыя ўмовы грэх скардзіцца. Цёплы цагляны дом, тры вялікія пакоі (хоць жыву, па сутнасці, у адным), ванна, прыбіральня, гарачая вада — усё, як у гарадской бацькоўскай кватэры. Ды і прысядзібны ўчастак ажно 15 сотак. Сёлета нават самастойна садзіў агуркі, атрымаў неблагі ўраджай (смяецца). Шчыра, не чакаў сам ад сябе, што калісьці буду мець такі занятак і ён мне спадабаецца. Але ж ад нуды яшчэ і не тое пачнеш рабіць! У вёсцы ве-е-ельмі сумна і самотна. Выйдзеш увечары на вуліцу — і хоць воўкам вый. Ні душы. Ёсць у вёсцы дом культуры з дыскатэкай, аднак там заўсёды пуста. Можа, толькі малеча калі-нікалі завітае. Была кавярня, аднак праз нерэнтабельнасць і яна зачынілася. Вядома, ёсць тут сябры — добрыя хлапцы і дзяўчаты — аднак, пакуль ты малады, хочацца не сядзець і піць (у лепшым выпадку піва), а шукаць пажытак для мозгу і для душы ў больш цікавых рэчах. Адно што зімой добра, калі на санях каталіся. Сапраўдная здаровая забава!

Казаць пра заработную плату Аляксандр не саромеецца: па вясковых мерках атрымлівае ён няблага.

— Год таму мой першы заробак быў дзесьці тры з паловай мільёны рублёў, — прызнаецца малады інжынер-энергетык. — Цяпер атрымліваю крыху больш, плюс як маладому спецыялісту мне даплочваюць дзве базавыя велічыні. У выніку атрымліваецца калі 4 мільёны, калі дык і больш. Аднак, прызнаюся шчыра, не ведаю, адкуль СВК бярэ такія грошы на зарплату спецыялістам. У кааператыва паўсюль вялізныя запазычанасці: і за тэхніку, і за паліва, і за кармы для жывёл. Калі заработную плату налічвалі б з прыбытку СВК, думаю, я павінен быў бы сам даплаціць майму працадаўцу. Расходаў у мяне не так шмат. Плачу за камунальныя паслугі тысяч 160-180, прадукты купляю ў краме (іх тут усяго дзве), калі-нікалі выбіраюся ў раённы цэнтр адпачыць ад вясковай самоты і ад пільнай увагі суседзяў да свайго прыватнага жыцця. Пражыць на два мільёны ў месяц для мяне абсалютна рэальна. На што ідуць астатнія грошы? На чорны дзень, у які я вырашу каардынальна змяніць сваё жыццё. Але да яго як мінімум яшчэ 11 месяцаў…

Усё сканчаецца, усе змяняюцца

Пастаянная змена маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы — з’ява не новая і даволі набалелая. Спыніць яе стараюцца рознымі спосабамі: і матэрыяльнымі бонусамі, і прадастаўленнем жылля, і паляпшэннем умоў працы. Аднак пакуль "каэфіцыент карыснага дзеяння" гэтых намаганняў толькі імкнецца дасягнуць абсалюту.

— Кожны год мы кагосьці вітаем і адначасова развітваемся, — кажа кіраўнік СВК, у якім працуе Аляксандр. — Толькі пройдзе два гады — і наша моладзь імкнецца змяніць месца жыхарства на горад. Вядома, набраўшыся належнага досведу. Мы зацікаўлены, каб маладыя людзі заставаліся працаваць у нас, таму не шкадуем матэрыяльных сродкаў на іх "заахвочванне". Сёння ў нашым СВК працуе каля 230 чалавек. Толькі 38 з іх ва ўзросце да 35 гадоў. На жаль, маладыя людзі імкнуцца адразу атрымаць усё, прыкладаючы для гэтага мінімум намаганняў. Ніхто не хоча працаваць. Вядома, умовы працы ў СВК не самыя лёгкія. Сельская гаспадарка — гэта жывы працэс, які патрабуе ўвагі і клопату кожную гадзіну. Мы ж не можам забараніць жывёлам хацець есці ці агракультурам — расці. Ды здараецца ўсякае. Таму ненармаваны працоўны дзень, у прынцыпе — норма. На жаль, маладое пакаленне не ўвабрала ў сябе любові да зямлі, таму сказаць пра яго адданасць гэтай справе хоць вельмі хачу, але не магу. На вялікі жаль.

Да любога занятку — з любоўю

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдняя заработная плата ў сельскай гаспадарцы складае 4 млн 316,6 тысячы рублёў. Прыблізна на такую суму жыве 23,7% насельніцтва Беларусі. Толькі ўявіце сабе: менш за чвэрць беларусаў жыве ў вёсцы, і яна забяспечвае ўсю краіну асноўнымі прадуктамі харчавання! Здавалася б: заробак для вёскі неблагі, жыллём забяспечваюць і г.д. Чаму б моладзі не працаваць?! Аднак трэба ўлічваць, што матэрыяльнае становішча не ўва ўсіх сельгаспрадпрыемстваў аднолькавае. І сярэдняя велічыня — не заўсёды аб’ектыўны паказчык. Гэта па-першае. Па-другое, толькі сапраўды ўлюблёны ў вёску і адданы ёй чалавек можа трываць бытавыя і працоўныя цяжкасці. Па-трэцяе, акрамя рамантыкі і асалоды ад вясковага спакою і прыгажосці, існуе суровая рэальнасць, якая не заўсёды насычана адметнымі падзеямі. Нуда і адсутнасць перспектыў дакладна не спадарожнічаюць жыццёвым планам моладзі. Аднак, калі лёс прымушае займацца пэўнай справай, не варта на сваёй кашулі спускаць рукавы. Любая праца, занятак патрабуе любові, адданасці і шчырай зацікаўленасці, як і вёска патрабуе новых ідэй, свежага погляду на звыклыя рэчы. Каб глыбока "ўздыхнуць" і набраць чыстага, жыццёва неабходнага "паветра"… На шчасце, "кіслароду" ў ім шмат. Толькі б не памыліцца і правільна яго размеркаваць.
Нужные услуги в нужный момент
-20%
-15%
-20%
-50%
-30%
-12%
-30%
-10%
-20%