
У савецкiя часы здача пустых бутэлек i слоiкаў была нечым накшталт своеасаблiвага законнага бiзнесу, у якiм удзельнiчалi ўсе — i навучэнцы, i студэнты, i iнтэлiгенты, i рабочыя, i пенсiянеры. I не дзiўна: адна здадзеная паўлiтровая бутэлька з-пад малака давала профiт у тры талончыкi на праезд. У часы, калi не было нi пластыкавай, нi полiэтыленавай тары, шкло цанiлася. Тэхнiчны прагрэс, дзякуючы якому з’явiлася аднаразовая ўпакоўка, фактычна падпiсаў шклу жорсткi прысуд. Як вынiк, адзiн за адным пачалi закрывацца пункты прыёму зваротнай тары… Ды вось толькi каму ад гэтага стала лепш?
Падчас адпачынку ў мяне з’явiлася iдэя правесцi ў кватэры своеасаблiвую рэвiзiю, каб вызвалiць крыху месца на балконе, дзе за год назбiралася старых непатрэбных шкляных слоiкаў ды бутэлек. Але проста так iх выкiдваць не хацелася. Па-першае, шматлiкiя бiгборды экалагiчнай скiраванасцi заклiкаюць да захоўвання прыродных рэсурсаў шляхам здачы другаснай сыравiны ў прыёмныя пункты. А па-другое, на гэтым можна крыху зарабiць. Грошы ж лiшнiмi не бываюць нiколi. Аднак справа аказалася няпростай.
Здаваць слоiкi i бутэлькi выгадна. Калi здаеш iх сотнямi
У нас дома пасля сезона закатак засталося каля шасцiдзесяцi незапатрабаваных пустых слоiкаў. I ў першым жа прыёмным пункце спасцiгла расчараванне. Побач з акном прыёмшчыка вiсеў вялiкi аркуш паперы з надпiсам тлустымi лiтарамi: "Слоiкi не прымаем. Увогуле".
— Не так шмат нам здаюць шклатары, — гаворыць прыёмшчык Аляксей. — Наш звычайны кантынгент вы бачылi на ўваходзе. Заможнымi гэтых людзей назваць немагчыма, яны хапаюцца за любую капейку. А маладыя людзi ўвогуле завiтваюць вельмi рэдка. Вы — першы за апошнiя два тыднi. Няма зараз ў людзей вялiкага фiнансавага стымулу здаваць шклатару. У савецкi час вы атрымалi б за пяць здадзеных лiтровых бутэлек рубель, за якi змаглi б набыць 25 талончыкаў на тралейбус… А слоiкi ж мы перасталi прымаць яшчэ год таму. Нявыгадна нам гэта…
Сапраўды, дзе ж узяць той фiнансавы стымул, калi за пяць бутэлек прыёмшчык уручыў мне аж… тысячу рублёў. Iду i думаю: што ж на iх набыць. Хiба што тры пачкi запалак? Альбо самы танны стрыжань для шарыкавай ручкi? Дык не дзiўна, што бутэлькi прасцей выкiнуць у кантэйнер альбо раздарыць сябрам, чым цягнуць крохкi груз на сабе, атрымлiваючы за яго нейкiя капейкi…
Яшчэ складаней справа зараз з непатрэбнымi слоiкамi. Абабiўшы парогi чатырох прыёмных пунктаў, высветлiў, што тару з-пад садавiны гатовы прыняць толькi ў адной кропцы, i толькi на бой. Як нi дзiўна, гэтую кропку дапамаглi знайсцi мясцовыя выпiвохi. Размяшчаецца вышэйзгаданы пункт у сарака хвiлiнах хады ад дома. Калi ж пад’ехаць да яго на аўтобусе, то ўсё роўна потым трэба прайсцi больш за кiламетр з крохкiм грузам у руках. Крокавай даступнасцю тут i не патыхае: ну якi чалавек пацягне шклатару ў такую далеч?
А цяпер возьмем у рукi калькулятар. За кiлаграм слоiкаў, здадзеных на шклабой, паабяцалi 300 рублёў. У такую далеч з iмi не пойдзеш i ў перапоўнены аўтобус не ўлезеш — трэба ехаць на аўто. Калi падлiчыць выдаткi на палiва ды невялiчкi прыз у якасцi двухсот грамаў цукерак, то атрымлiваецца, што трэба здаць за раз… ледзь не цэнтнер тары. Пусты паўлiтровы слоiк важыць прыкладна 250 грамаў. Цiкава, хто з нас мае дома трыста-чатырыста непатрэбных ёмiстасцяў?
Пенсiянерка Ганна Iванова — адна з нямногiх энтузiястак, якая ўсё ж прынесла з сабой пустыя шкляныя бутэлькi. Кажа, што яны ўсе з-пад iмпартных напояў i таму iх можна пусцiць толькi на бой.
— Колькi тут iх? Дзесяць штук назбiралася. Гэта значыць, дзве тысячы дадуць. Ну хоць на чацвярцiнку хлеба хопiць, — падлiчвае бабулька. — А вось трыццаць гадоў таму ўсё было iнакш. Я памятаю, як мая дачка вельмi проста зарабляла на марозiва: дзве здадзеныя паўлiтровыя бутэлькi з-пад малака — адна порцыя.
Здача шклатары ў Мiнску…
У беларускай сталiцы сёння працуюць дзевяць нарыхтоўчых арганiзацый, кожная з якiх валодае ўласнай сеткай прыёму.
— Зараз у Мiнску тару бяруць 27 нашых стацыянарных пунктаў прыёму другаснай сыравiны i два перасоўныя, — гаворыць начальнiк эксперыментальнага цэха другаснай прадукцыi КУП па абыходжаннi з адходамi "Экарэс" Эдуард Надзiеўскi. — Усяго ж мы за год нарыхтоўваем прыкладна 3,5 тысячы тон бою. У асноўным гэта, як правiла, бутэлькi, слоiкi i аконнае шкло.
Тэндэнцыя, на жаль, засмучальная: колькасць прыёмных пунктаў увесь час скарачаецца. Каранi гэтага трэба шукаць у нерэнтабельнасцi дзейнасцi. Нават пры iснуючых тарыфах мы працуем са стратамi. Таму плацiць больш за 400 рублёў за кiлаграм шклабою не маем магчымасцi. А кошт яго рэалiзацыi перапрацоўчым арганiзацыям яшчэ больш нiзкi — такую ўмову дыктуе рынак. Не трэба забывацца на значныя транспартныя выдаткi: цяпер лiтр палiва каштуе не 10 капеек. Са зваротнай шклатарай праблем яшчэ больш. Яе трэба належным чынам упакаваць, каб яна не пабiлася ў дарозе, пасля памыць… I, вядома ж, заплацiць усiм грошы за зробленую працу.
У савецкiя часы здачу шклатары адносна аблягчала тое, што слоiкi i бутэлькi выпускалiся па стандартах, адзiных для ўсёй дзяржавы. Цяпер жа такой практыкi не iснуе, i таму многiя замежныя прадпрыемствы перайшлi на выпуск прадукцыi ў эксклюзiўнай тары. Вядома, для маркетынгу гэта ход добры: спецыфiчныя банкi i бутэлькi выглядаюць незвычайна i верагоднасць таго, што прадукцыю ў iх набудуць, узрастае. Да гэтага трэба дадаць i галасаванне пакупнiкоў рублём — у гiпермаркетах кансерваваная садавiна iмпартнага паходжання каштуе часам танней за айчынную. А вось везцi пустыя слоiкi з-пад яе з Беларусi назад у Расiю цi ва Украiну, вядома, нiхто не будзе. I ў такiм выпадку дарога ёмiстасцям адна — на бой. Аднак зноў "пастка": цi многа людзей згодзяцца марнаваць свой вольны час на пошук прыёмнага пункта i дастаўку туды тары за выгаду ў некалькi тысяч рублёў?
На думку спецыялiстаў, добрым выйсцем з гэтай сiтуацыi магла б стаць магчымасць здаць пустую тару адразу ў магазiне — як кажуць, не адыходзячы ад касы. Гэты метад, напрыклад, паспяхова прыжыўся ў Швецыi i iншых краiнах Захаду. Але ўзнiкае iншае пытанне: цi пагодзяцца на гэта буйныя гандлёвыя сеткi i простыя дробныя крамы? Усё-такi яны нацэлены на як мага большае атрыманне прыбытку. А як паказвае практыка, нарыхтоўчы бiзнес вялiкай выгады не прыносiць…
— Складваецца парадаксальная сiтуацыя: танней купiць сыравiну для вытворчасцi шклатары з нуля, чым перапрацоўваць тое, што ўжо маем. I гэта пры тым, што некаторыя кампаненты (напрыклад, кальцынiраваная сода) набываюцца ў суседнiх краiнах за валюту. Мы ж выдаткоўваем на закупку шкла ад насельнiцтва i юрыдычных асоб больш грошай, чым пасля атрымлiваем, — працягвае Эдуард Надзiеўскi. — Знiжаць цяперашнiя расцэнкi мы не можам, бо рызыкуем згубiць такiм чынам i апошнiх прадстаўнiкоў колiшняй армii здатчыкаў другаснай сыравiны…
… I за мяжой
— Калi я ездзiў у камандзiроўку ў Берлiн, то звярнуў увагу на тое, што ў буйных гандлёвых цэнтрах Германii дзейнiчае аўтаматызаваны спосаб прыёму шклатары, — гаворыць iнжынер Аляксей. — Напрыклад, мне аўтамат быў гатовы выдаць за здадзеную бутэльку 12 еўрацэнтаў. Але можна, напрыклад, грошы не забiраць, а атрымаць за iх талон, з дапамогай якога можна будзе ў наступны раз аплацiць частку новай пакупкi. Цi ахвяраваць атрыманую суму на абеды бяздомным…
Замест эпiлогу
Вось так i атрымлiваецца, што шклатару зараз здаюць на прыёмныя пункты пераважна людзi пажылога ўзросту, якiя робяць гэта, як калiсьцi ў савецкi час, ды тыя, каму не хапае на чарговую порцыю алкаголю. Таму калi вы сустрэнеце ў натоўпе цi грамадскiм транспарце кволую пенсiянерку ў патрапаным старым адзеннi, якая цягне з сабой пакет, з якога даносiцца звон пустых бутэлек, не пагарджайце ёй. Бо яна, па сутнасцi, адна з добраахвотных санiтараў горада, чыiмi стараннямi ён становiцца крыху чысцейшы.