Личный счет


Дарына Запольская,

З Вольгай Мельнікавай я пазнаёмілася на хэндмэйд-выставе два гады таму. На той момант жанчына знаходзілася ў дэкрэтным водпуску і, каб не марнаваць час, займалася вырабам нататнікаў. Вольга памятала, як у савецкі час, калі набыць агульныя сшыткі было праблематычна, маці ўручную рабіла іх для сваёй дачкі з некалькіх тоненькіх сшытачкаў. Пад уплывам дзіцячых успамінаў жанчына і пачала "сваю справу". А калі вярнулася на працу пасля водпуску па доглядзе дзіцяці, зразумела, што творчасць канчаткова перацягнула канат на свой бок. Вольга пакінула прэстыжную працу і цалкам прысвяціла сябе сям’і і ўлюбёнай справе.


 

Навучыцца рукадзеллю… па інтэрнэце

— Дарэчы, гэта не толькі мая гісторыя. Многія рамесніцы таксама прайшлі падобны шлях. Мацярынства раскрывае ў жанчынах творчы патэнцыял. Галоўнае — пачаць нешта рабіць. Я пачынала з паштовак і вясельных запрашэнняў. Але вяселлі — справа сезонная. Восенню заказы скончыліся, і мне стала сумна. Тады я вырашыла паспрабаваць рабіць кнігі, нататнікі, альбомы для фотаздымкаў. Зрабіла некалькі экзэмпляраў і зразумела, што гэта маё.

— Вучыліся метадам спроб і памылак?

— Так. Вывучала інтэрнэт-крыніцы, праглядала майстар-класы і паўтарала тое ж самае. Зробіш першы нататнік, другі, а на дзясятым ужо разумееш, як сябе паводзіць матэрыял і як з ім правільна працаваць. Гэта "скрыжальныя веды", якія прыходзяць з вопытам.

— Колькі часу ў сярэднім трэба, каб зрабіць адзін нататнік?

— Насамрэч на гэтае пытанне адказаць няпроста. Працэс вырабу нататніка ўключае шмат аперацый. І на кожным з такіх этапаў апрацоўваецца некалькі экзэмпляраў паралельна. Бо заказаў шмат, і займацца адной рэччу ад пачатку да канца было б зусім не эфектыўна. Тым не менш з адным экзэмплярам за дзень можна справіцца. Але ёсць пэўныя тэхналагічныя моманты, калі нататнік павінен паляжаць пад прэсам ці штосьці павінна высахнуць. Як правіла, за суткі-двое выраб гатовы.


"Lоvе stоrу" жырафаў


— Якія матэрыялы і прыстасаванні патрэбны вам для працы?

— Папера, тканіна і скура для вокладкі, тасьма і іншая фурнітура для аздаблення. Што датычыцца спецыяльнага абсталявання, то апошні мой набытак, неабходны ў кніжнай справе, — гэта разак. Раней падразаць кніжныя блокі вазіла на "гільяціну" ў друкарню. Але такі варыянт не зусім зручны: трэба было збіраць неабходную для апрацоўкі партыю блокаў, ды і, шчыра кажучы, часу і грошай гэта аднімала нямала.

— Ведаю, для вокладак вы выкарыстоўваеце замежныя тканіны, якія заказваеце праз інтэрнэт…

— Так. Гэта баваўняныя тканіны амерыканскага вырабу. Яны прызначаны спецыяльна для пэчварку (тэхніка абрэзкавага шыцця. — Аўт.). У нас якасныя тавары для рукадзелля са свечкай шукаць трэба, а за мяжой гэта добра развітая галіна. Там тканіны выпускаюцца цэлымі калекцыямі — з адным і тым жа ўзорам, але ў розных расфарбоўках, ці наадварот. Выбар шыкоўны! Карацей кажучы, галоўнае — не заблудзіцца ў інтэрнэт-краме, бо, калі перабіраць усе тканіны па парадку, можна "завіснуць" там на суткі (усміхаецца). Як правіла, я шукаю штосьці канкрэтнае — па колеры, "прынце", стылістыцы. Раблю заказ, чакаю дастаўку. Пасылка прыходзіць дзесьці праз месяц.

— Вас натхняюць менавіта тканіны?


— Так. Бачыш незвычайнае палатно — і тут жа пачынаеш разумець, якую гісторыю будзе распавядаць новы нататнік. Неяк выкарыстоўвала тканіну з выявамі жырафаў. Спачатку думала, што на ёй проста намаляваны статак гэтых плямістых жывёлін. А потым заўважыла, што ў цэнтры ёсць акцэнт на парачцы. Так і "нарадзіўся" нататнік з назвай "Lоvе stоrу".
 


"Першыя кліенты знайшліся па блогу"

— Як вы "абрасталі" кліентамі?

— Усё пачалося з Lіvе Jоurnаl. Завяла блог, куды стала выкладваць фотаздымкі сваіх вырабаў. Людзі сталі каментаваць, цікавіцца. Так і з’явіліся першыя заказы. Потым пачала ўдзельнічаць у разнастайных выставах і кірмашах. Падобныя мерапрыемствы прывабліваюць нямала пакупнікоў. Цяпер у мяне ўжо склалася пэўнае кола кліентаў: ёсць пастаянныя заказчыкі, якія распавядаюць сваім сябрам, тыя ў сваю чаргу таксама звяртаюцца да мяне — своеасаблівы сеткавы маркетынг. Цікава, што мне даецца такая колькасць заказаў, з якой я магу справіцца — ні больш, ні менш. Напрыклад, сёння дарабіла нататнік, а літаральна заўтра атрымліваю новы заказ. У такія моманты адчуваю, што хтосьці зверху за мной прыглядвае (усміхаецца).

— Ці правільна я разумею: не вы знаходзіце кліентаў, а яны знаходзяць вас?


— Дакладна. Мэтанакіравана рэкламай я ўжо не займаюся. Прыкладна год таму я стварыла сайт, які таксама прыводзіць да мяне пакупнікоў. Але гэта, хутчэй, сайт-візітоўка. Фактычна там ёсць толькі фотаздымкі вырабаў і мае кантактныя звесткі — ні прайс-ліста, ні інтэрнэт-крамы. Тым не менш дзякуючы гэтаму праекту ў мяне з’явіліся замежныя кліенты — з Расіі, Францыі, Бельгіі, Галандыі, Італіі і іншых краін. Па электроннай перапісцы падрабязна агаворваем усе дэталі, і, калі ўсё зроблена, адпраўляю па пошце.

— Ці бывалі выпадкі, калі кліенты заставаліся незадаволенымі вынікам вашай працы?


— Не. Па-першае, я перфекцыяністка. Пакуль не буду ўпэўнена, што рэч зроблена якасна, нішто не расклеіцца і нідзе не парвецца, заказчыку яе не аддам. Па-другое, трапляючы да мяне, кліенты праходзяць своеасаблівы адсеў. Спачатку яны знаёмяцца з фотаздымкамі вырабаў, супастаўляюць з тым, што хочуць атрымаць, і толькі калі пазлы супадаюць, звяртаюцца да мяне. Гэта падрыхтаваныя заказчыкі, якія цвяроза ацэньваюць высокую якасць і адпаведны кошт ручной працы. Таму "на выхадзе" няма ніякіх прэтэнзій, прыдзірак ці капрызаў. І зноў-такі, лёс прыводзіць да мяне вельмі прыемных людзей, многія з якіх становяцца сябрамі нашай сям’і.

— Часцей за ўсё вашы вырабы купляюць для сябе ці ў падарунак?


— Па-рознаму. Але ў падарунак, напэўна, часцей. Нататнік ці фотаальбом ручной работы — выдатны прэзент для людзей, у якіх усё ёсць. Бо гэта падарунак для душы. Калі чалавек адкрывае — і ах! У самае сэрца… А калі кліент яшчэ добра падрыхтуецца, можна прыдумаць нешта індывідуальнае. Напрыклад, надрукаваць на форзацы фотаздымак імянінніка ці яго ўлюбёную цытату альбо верш. Быў у мяне выпадак. Мужчыне спаўнялася 50 гадоў. Ужо ў сталым узросце ён пачаў пісаць апавяданні. Пры гэтым асабліва іх нікому не паказваў. І вось жонка тайком скапіравала гэтыя творы ў электронным варыянце, прынесла, і мы фактычна выдалі кнігу юбіляра. Можна ўявіць, наколькі прыемна было гэтаму чалавеку.
 


Ад хатняй справы да хобі-кавярні

— Давайце закранем эканамічны складнік. Ці адразу вы пачалі атрымліваць прыбытак?

— Мой стартавы капітал складаў 100 долараў. Праінвеставаў, зразумела, любімы муж (усміхаецца). На гэтыя грошы я купіла неабходны матэрыял, зрабіла першыя рэчы, якія хтосьці купіў. Але спачатку ніякую бухгалтэрыю я не вяла. Толькі калі пачалі з’яўляцца больш-менш сур’ёзныя заказы, пачала запісваць, колькі і на што я патраціла. Адсюль фарміраваўся кошт. Не скажу, што доўга працавала ў страту. Гэтыя 100 долараў хутка вярнуліся. А цяпер гэта, дарэчы, кошт аднаго фотаальбома. Нататнікі звычайна каштуюць каля 50 долараў. Усё залежыць ад складанасці працы. Калі гаворка ідзе пра распрацоўку складанага дызайну, то цэннік, вядома, павялічваецца.

— Плануеце неяк пашыраць свой міні-бізнес?

— Ох, задумак насамрэч вельмі шмат. Пакуль я аформлена як рамеснік, раз на год плачу спецыяльны збор — словам, камфортныя ўмовы. Разумею, што можна было б аформіць ІП, узяць некалькіх людзей, укласціся ў рэкламу, наладзіць аптовыя продажы, але пакуль я не гатова зрабіць гэты крок. Мне здаецца, калі паставіць гэту справу на канвеер, то вырабы страцяць сваю адмысловую ўнікальнасць і душэўнасць. Акрамя гэтага, сёння ў мяне баланс паміж сям’ёй і любімай працай. Напрыклад, захварэў сын — адклала ўсе справы і занялася яго лячэннем. А калі адкрываць невялічкае прадпрыемства, трэба ўжо браць на сябе адказнасць за іншых людзей — працаўнікоў, заказчыкаў. Зразумела, гэта аднімае шмат энергіі і часу. Ахвяраваць сям’ёй я не хачу. Мабыць, калі сын падрасце…

— …Што гэта будзе — уласная друкарня, крама ці яшчэ што-небудзь?

— Хобі-кавярня — месца, куды можна прыйсці папіць гарбаты, паўдзельнічаць у майстар-класе ці набыць ужо гатовы выраб. Гэта адначасова і кавярня, і крама, і пляцоўка для абмену вопытам паміж майстрамі. Дарэчы, на Захадзе гэта папулярны напрамак дзейнасці, які вельмі актыўна развіваецца. Здаецца, у Расіі з’яўляецца нешта падобнае. А вось у нас пакуль такіх месцаў дакладна няма.
 

Творчыя эксперыменты і шчасце мацярынства

— Напэўна, у вас ужо склаўся своеасаблівы клуб аматарак хэндмэйду?

— Вы маеце рацыю. Наша дружная кампанія — гэта, як правіла, "маладыя матулі", якіх аб’ядноўваюць дзеткі прыкладна аднаго ўзросту, агульныя праблемы і рукадзелле. У інтэрнэце, дарэчы, ёсць форум, дзе мы абмяркоўваем працоўныя справы. Час ад часу сустракаемся, ладзім імпрэзы. Напрыклад, паўгода таму ў нас нарадзілася ідэя праводзіць майстар-класы па абмене. Бо хтосьці займаецца скрапбукінгам і працуе з паперай, а хтосьці вырабляе біжутэрыю і выкарыстоўвае палімерную гліну. Падчас падобных сустрэч можна зразумець, ці твой гэта матэрыял, патрэбен ён табе для працы ці не. Напрыклад, я ўдзельнічала ў майстар-класе па лямцы і зразумела, што гэта не мой матэрыял: ён мяне "не слухаецца", мне некамфортна, і ўсё тут (усміхаецца). Гэта як творчы эксперымент.

— Як сям’я ставіцца да справы, якой вы займаецеся?


— Падтрымліваюць. Муж часам нават дапамагае. Ён спецыяліст па продажах. Аднойчы завітаў да мяне на выставу, каб штосьці дапамагчы. У выніку застаўся за прылаўкам. Продажы былі феерычныя! Дзяўчаты-рамесніцы падыходзілі, цікавіліся, дзе я ўзяла такога выдатнага прадаўца (смяецца). Старэйшая дачка ў мяне таксама творчы чалавек, вучыцца на ілюстратара ў Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў у Бруселі. Так што інтарэсы ў нас шмат у чым супадаюць. Дарэчы, свой першы нататнік я падаравала менавіта дачцэ. Ды і сын ужо ў свае чатыры гады праяўляе цікавасць да пераплётнай справы. Як сапраўднаму мужчыну, яму падабаюцца тэхналагічныя этапы работы: пакруціць машынку для ціснення, дапамагчы з дзіркаколам.

— Ёсць думка, што, становячыся маці другі, трэці раз, жанчына зноў перараджаецца.

— Згодна. Дачку я нарадзіла ў 19 гадоў, і мне хацелася, каб яна хутчэй вырасла, каб кудысьці бегчы, працаваць, рабіць кар’еру. Тады я не разумела, што галоўная праца для жанчыны — быць маці, жонкай і захавальніцай сямейнага ачага. Асэнсаванне гэтай неаспрэчнай ісціны прыйшло з нараджэннем сына. І цяпер мне зусім не хочацца, каб ён хутчэй рос. Я атрымліваю асалоду ад кожнай хвіліны побач з гэтым маленькім родным чалавечкам. Дзякуй маёй улюбёнай справе, якая так кардынальна змяніла маё жыццё і дазволіла больш часу праводзіць з сям’ёй. На працы мне не хапала мяне, а цяпер я нарэшце стала сабой.
Нужные услуги в нужный момент
0058043