
Фото с сайта pravo.ru
Кватэрнае пытанне нездарма лічыцца адным з самых набалелых. Таму яшчэ ў савецкія часы камусьці прыйшла ў галаву ідэя выкарыстоўваць жыллё ў якасці стымулу пры ўладкаванні на нізкааплатныя работы. Тым самым забіваліся адразу два зайцы. І вакансія з невялікай зарплатай закрывалася хутчэй, і чалавек не стаяў у чарзе дзесяць-пятнаццаць гадоў. А калі адпрацаваў дзесяць гадоў у гэтай установе, то ўжо ніхто не мае права цябе выселіць са службовай кватэры, бо так прапісана ў законе. Калі, вядома, гэтая кватэра неператворыцца раптам у калясачную.
Разам з даверанай асобай пенсіянеркі Надзеі Волкавай Аленай Рахманько, якая звярнулася ў рэдакцыю "Звязды", заходзім у пад’езд тыповага сталічнага панэльнага дома. Увагу тут жа прыцягвае непрывычны нумар кватэры, з літарай "А". Аднак паштовая скрынка на першым паверсе і сама планіроўка памяшкання з вітальняй, кухняй і раздзельным санітарным вузлом ствараюць уражанне, што гэтая кватэра нічым не адрозніваецца ад тысяч сабе падобных. Для поўнага супадзення не хапае хіба што лоджыі, ды адзіны пакой непрывычна маленькі — усяго адзінаццаць квадратных метраў.
— 11 красавіка 1984 года мяне ўзялі на працу ў мясцовы ЖЭС у якасці рабочай па комплекснай прыборцы і ўтрыманні домаўладанняў. Інакш кажучы, простым дворнікам. Атрымала я гэтую кватэрку як службовае жыллё ў лютым 1990 года. Усё тады было як належыць. Мне выдалі ў райсавеце ордар, завялі асабовы рахунак, штомесяц прысылаюць квітанцыю на аплату камунальных паслуг, — гаворыць Надзея Волкава. — Пятага красавіка 1997 года я звольнілася адтуль па ўласным жаданні. Аднак праз год з лішнім зноў вярнулася на працу, а канчаткова звольнілася шостага кастрычніка 2004 года па пагадненні бакоў. Такім чынам, адпрацавала сумарна дзесьці каля дзевятнаццаці гадоў.
Вакол адны загадкі
Гром нечакана прагрымеў летась. Праз 23 з паловай гады пасля засялення Надзеі Волкавай ЖРЭА нечакана падало на пенсіянерку ў суд. У іску камунальнікі патрабавалі высялення жанчыны з кватэры. Падстава— пенсіянерка, якая жыве ў кватэры, перашкаджае карыстацца ёй па прызначэнні — у якасці калясачнай.
Падчас судовага разбору выявілася адна вельмі цікавая акалічнасць. Аказалася, што памяшканне, у якім з 1990 года жыве Надзея Волкава, увогуле не зарэгістравана ў адзіным дзяржаўным рэестры нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй. Звесткі ў дачыненні да названага памяшкання адсутнічаюць. Але, тым не менш, на кватэру заведзены асабовы рахунак, у якім чорным па белым пазначаны статус памяшкання: службовая кватэра. Падставай для засялення стаў ордар ад 19 лютага 1990 года. Паказаны ў ім нават метраж кватэры: 25 метраў агульнай плошчы і 11 — жылой. І нават штамп аб рэгістрацыі ў пашпарце сведчыць: жанчына жыве тут.
Пра гэта ж фактычна сведчыць наступная вытрымка з матывацыйнай часткі рашэння суда: "з пададзенай архіўнай выпіскі рашэння выканкама Маскоўскага райсавета народных дэпутатаў ад 23 студзеня 1990 года становіцца зразумела, што гэтым рашэннем былі зацверджаны спісы на прадастаўленне службовай жылой плошчы ЖРЭА Маскоўскага раёна, у тым ліку і на Волкаву Н.А."
Атрымалася, па сутнасці, парадаксальная рэч. У 1990 годзе гэтае памяшканне лічылася службовым жылым, што і зацверджана ў выпісцы з архіўнага дакумента, на якую спасылаўся суд. А вось у афіцыйным адказе з адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска за подпісам намесніка кіраўніка Андрэя Суслянкова, атрыманым рэдакцыяй, прапісана: памяшканне, якое займае Надзея Волкава, — нежылое. У іншым адказе, які раней прыйшоў на адрас пенсіянеркі, сказана, што ордар быў выдадзены ў 1990 годзе з парушэннем дзейнага заканадаўства. Палажэнні, як бачым, дыяметральна супрацьлеглыя. Хто ж дапаможа разгадаць гэты найскладанейшы рэбус?
Не ўдалося Надзеі Волкавай і прыватызаваць кватэрку. Перш чым гэта зрабіць, трэба надаць колішняй калясачнай статус жылога памяшкання. Але для гэтага элементарна не хапае квадратных метраў.
— Перш за ўсё, яно не адпавядае тэхнічным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да жылых памяшканняў, — паведаміў дырэктар ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінска Дзмітрый Шашок. — Згодна з імі, плошча пакоя мусіць быць не меншай за 14 квадратных метраў. Гэтае ж памяшканне мае жылую плошчу памерам усяго ў 11,2 квадратнага метра.
Патрабаванні камунальнікаў аб высяленні пенсіянеркі судом задаволены не былі. З дапамогай Алены Рахманько жытло Надзеі Волкавай пакрысе касметычна рамантавалася. На сценах з’явіліся новыя шпалеры, пабелена столь. Замянілі і нешматлікія разеткі.
— Сціплы рамонт пастаянна адкладваўся. Родных у мяне няма, я выхоўвалася ў дзіцячым доме. З сям’ёй таксама не склалася. Пенсія ў мяне невялікая — нават да двух мільёнаў не дацягвае. А яшчэ ж трэба аплаціць камунальныя паслугі, купіць ежу. Дзе тут рамонт за свой кошт рабіць? Дзякуй добрым людзям,што дапамагаюць мне, не кідаюць старую. Мы з Аленай зямлячкі, абедзве з Бягомльшчыны. Таму ў вялікім горадзе імкнёмся трымацца адна адной. Я адна, заступіцца за мяне больш нямакаму… — гаворыць Надзея Волкава.
Праблема замарожана?
Розныя дакументы абвяшчаюць розныя статусы аднаго і таго ж памяшкання. Такім чынам праблема, па сутнасці, не вычарпана. Яна хутчэй замарожана. А вырашыць яе можна толькі пасля таго, як будзе разгаданы рэбус з усімі дакументамі, у якіх пазначаны статус колішняй калясачнай…
— Надаць нежылому памяшканню статус жылога можна,— гаворыць адвакат Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі №3 Ірына КАЛІНІНА. — Гэты парадак рэгламентуецца артыкулам 21 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яно мусіць адпавядаць вызначаным для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням. Рашэнне аб гэтым выносіць раённы ці гарадскі выканаўчы камітэт або мясцовая адміністрацыя ўка. Аднак заканадаўчымі актамі могуць быць прадугледжаны і іншыя выпадкі пераводу нежылога памяшкання ў жылое.
Але для поўнага вырашэння праблемы па дадзенай інфармацыі, на жаль, не хапае. Трэба прасачыць усю "гісторыю" гэтага памяшкання, як той казаў, ад Адама — ад моманту здачы дома ў эксплуатацыю, каб вызначыць момант з’яўлення разыходжання ў дакументах звестак аб статусе спрэчнай кватэры. Высветліць, да якога фонду належала гэта памяшканне, хто прымаў рашэнне абнаданні яму статусу службовага жылога, ці давалі на гэта згоду адпаведныя органы ўлады. А для гэтага, у сваю чаргу, неабходна вывучыць шэраг дакументаў, многія з якіх цяпер, хутчэй за ўсё, знаходзяцца ў архіве. Да таго ж не трэба забывацца, што жыллёвае заканадаўства за апошнія трыццаць гадоў кардынальна мянялася некалькі разоў…
Канец тунэля як быццам блізка. Аднак ці святло там?
Адміністрацыя Маскоўскага раёна сталіцы вырашыла ў мінулым снежні аднавіць Надзею Волкаву на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоўна агульных падставах. Але тут паўстаюць іншыя пытанні — як хутка будзе рухацца чарга і хто выдаткуе неабходную суму на новае жыллё? Як казаў незабыўны Казьма Пруткоў, трэба глядзець у корань. Па сутнасці, уся гэтая гісторыя пачалася з-за таго, што хтосьці калісьці дапусціў фатальныя недакладнасці і разыходжанні ў дакументах на памяшканне. Кропку тут ставіць пакуль што заўчасна. Таму "Звязда" будзе ўважліва сачыць за далейшым развіццём падзей.
Даведка "Звязды"Класічная калясачная — гэта невялікае памяшканне ў пад‘ездах шматкватэрных жылых дамоў. Звычайнаяе плошча складае ад 6 да 12 квадратных метраў, але можа быць і большай. Канкрэтная лічба залежыць ад серыі дома. Дзе-нідзе ў калясачных сустракаецца акно і можа нават быць усталяваны радыятар цэнтральнага ацяплення. Прызначэнне памяшкання вынікае з яго назвы.