Эксклюзив


/

Невялікая вёска Горна Лагойскага раёна размясцілася амаль на ўскрайку Мінскай вобласці. Уздоўж дарогі – пару дзесяткаў хат. Калі б не дым, які дзе-нідзе выходзіць з труб, то выпадковым падарожнікам магло б здацца, што жыццё тут быццам прыпынілася. Нават нягледзячы на даволі добрае надвор'е, на вуліцах – ні душы. Пуста і на аўтобусным прыпынку: транспарт тут ходзіць рэдка.
 
Але сказаць, што Горна – гэта богам забытае мястэчка, ўсё ж не дазваляе адна акалічнасць. Тры гады таму тут аднавілі царкву, разбураную атэістамі яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Прычым вяртанне духоўнасці ў вёску адбывалася не па загадзе зверху, а па ўласным жаданні простых мясцовых вернікаў… Іхнымі жа рукамі і за іх уласныя сродкі. Карэспандэнт FINANCE.TUT.BY паехаў у вёску, каб на ўласныя вочы пабачыць святыню і даведацца, чаго каштавала яе "ўваскрашэнне".


 

Царква каштавала як элітная чатырохпакаёўка ў Мінску

Сёння Царква Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў Горне паўстае перад вернікамі не маленькім малітоўным домам, а вялізным драўляным храмам. Гэта амаль дакладная копія першапапачатковага прыхода, які стаяў тут у васямнаццатым стагоддзі. Аднаўлялі святыню па архіўных дакументах. У іх жа былі звесткі, што ў даўнейшыя часы на службу тут збіралася да тысячы прыхаджан.

 
Але зараз у Горне засталіся адзінкі вернікаў. Зімаваць у вёсцы застаюцца ўсяго толькі хатах у дзесяці. Гэтыя людзі і складаюць асноўную масу прыхаджан. Аншлаг тут можна пабачыць толькі ў вялікія рэлігійныя святы: Вадохрычша, Пасху і Дзяды… Няма ў адноўленым храме і свайго бацюшкі. Ён адмыслова прыязджае сюды з суседняй вёскі два разы на месяц, каб правесці літургію, а таксама на вялікія царкоўныя даты.
 
Галіна і Міхаіл Собалі

У звычайныя дні царкву даглядаюць матушка Галіна і яе муж Міхаіл. Яны самі жывуць у Мінску, але два гады таму набылі ў Горне хату, і цяпер кожныя выхадныя прыязджаюць сюды, каб падтрымліваць парадак у адноўленым храме. Бо менавіта гэтай сямейнай пары і належыць ідэя "ўваскрашэння" духоўнасці ў вёсцы.
 
- За храмам трэба ўвесь час даглядаць, бо то там штосьці адваліцца, то там… - распавядае Галіна. – Як выпадае вольны час, мы сюды і сярод тыдня прыязджаем. З цягам часу плануем і поўнасцю сюды перабрацца.

Гэты дом у вёсцы Горна вернікі набылі два гады таму

На рэалізацыю сваёй задумы Собалям спатрэбілася амаль чатыры гады і вялікія грошы. Замест царквы на іх можна было б пабудаваць элітную чатырохпакаёвую кватэру ў добрым раёне Мінска.
 
- Я згодны з тым, што зараз цяжка знайсці чалавека, які б вырашыў ахвяраваць такія грошы на падобны ўчынак, - кажа Міхаіл Собаль, але потым просіць ні ў якім выпадку не рабіць з іх сям'і герояў. – Мы звычайныя людзі, у нас свае грахі ёсць, як і ва ўсіх. Але аднаўленне храма адбывалася па волі Божай. І проста Гасподзь рабіў гэта нашымі рукамі.


Але моцным вернікам Міхаіл быў не заўсёды. Раней яны з жонкай хадзілі ў царкву толькі па святах.
 
- Жылі гэтак жа сама, як і ўсе. Нас хвалявалі грошы, кватэры, дзеці… - успамінае Міхаіл. – Я працаваў будаўніком. Калісьці пра мяне нават пісалі ў газетах, як пра перадавіка. У свой час узводіў Палац спорта, Камароўку, Палац мастацтваў у Мінску… Я быў брыгадзірам і часам зарабляў больш за кіраўніка трэста.


Сужэнцы Собалі разам выхавалі двух дзяцей. А калі іх дачка Кацярына зацяжарыла, рыхтаваліся гадаваць унука. Але роды былі цяжкімі. Выратаваць дзіця ў дактароў не атрымалася.
 
- Дачцэ зрабілі кесарава. Дзіця нарадзілася слабым. Нягледзячы на ўскладненні, яго яшчэ суткі пратрымалі ў першай бальніцы, дзе не было патрэбнай баракамеры. Ужо потым немаўля забралі ў "сямёрку". Але выратаваць ужо не змаглі, - з болем расказваюць муж і жонка.

 
Але на гэтым беды ў сям'і Собаляў не скончыліся. Праз колькі год з запаленнем падстраўнікавай залозы ў бальніцу трапіла і іх дачка Кацярына. Пасля шэраговай аперацыі ёй занеслі інфекцыю. Амаль месяц дзяўчына правяла ў коме.
 
- Я тады казаў дактарам, што я прадам любую кватэру, знайду грошы, каб адвезці дачку на лячэнне за мяжу. Але ўрачы мяне запэўнілі, што гэтага не трэба, сказалі, што справяцца самі. Але ў выніку не стала нашай Каці, - распавядае Міхаіл.
 
У гэтым горы Міхаіл спачатку будзе вінаваціць медыцынскі персанал, а потым і сябе. За тое, што не заўважыў, як Кацярына перад паездкай у бальніцу забылася дома крыжык… І яшчэ за тое, что не ўспрыняў усур'ёз быццам прарочны дрэнны сон дачкі, якая потым прасіла яго: "Тата, не вязі мяне ў бальніцу, бо яны мяне зарэжуць".

 
- Потым мы зразумелі, што гэтых бедаў можна было б пазбегнуць. Але для гэтага нам самім трэба было весці сябе па-іншаму. А мы жылі няправільна. І толькі зусім нядаўна пачалі разумець, што ёсць яшчэ і нешта духоўнае, - упэўнены сёння спадар Собаль.
 
У выніку гэтак званы шлях выпраўлення прывёў сужэнцаў Собаляў да веры. Як яны самі кажуць, праз дачку і ўнучку.

 

"Некаторыя пыталіся, адкуль у нас такія грошы..." 

Міхаіл Собаль сам родам з гэтых мясцін. Бацкоўская хата знаходзіцца ў вёсцы непадалёк. А яны самі пахаваныя тут, у Горне, на могілках побач з храмам, які аднавіў іх сын.
 
- Недзе гады праз паўтары пасля смерці дачкі я стаяў каля могілак і раптам мне у галаву прыйшла думка, што тут павінен стаяць храм. Я нават тады ўявіў яго сабе.


 
Ад слоў да рэальных дзеянняў перайшлі хутка. Па архіўных дакументах зрабілі праект і пачалі будаўніцтва. Але на шляху да здзяйснення сваёй новай духоўнай мары перад Міхаілам і Галінай паўстала даволі зямная праблема – матэрыяльная. Сужэнцы Собалі сёння звычайныя пенсіянеры. І іх грашовы падмурак складаўся толькі з таго, што атрымалася назбіраць за гады працы.
 
- Я спачатку, безумоўна, падумаў: а ці хопіць у нас грошаў? Разлічыць усю суму адразу было цяжка. Але дакладна былі сродкі, каб пачаць будаўніцтва і паставіць. А потым, думаю, з Божай дапамогай як-небудзь справімся, - прызнаецца Міхаіл Мікалаевіч. – Лес тут быў. Да таго ж я сам будаўнік, там браў тэхніку і краны па старых сувязях з Мінска і з-пад Бягомля.

Будаўнічая адукацыя Міхаіла дазвола крыху зэканоміць і на працаўніках. Але ён успамінае выпадак, які адбыўся з ім, калі рабілі званніцу. Падчас ўстаўлёўкі верхняй балкі мужчына сарваўся і паляцеў уніз галавой. Абышлося невялікай траўмай. Вернік кажа, што ўратаваць жыццё, пэўна, дапамагла Багародзіца, якую ён прыгадаў у той крытычны момант.

 
Мясцовыя вяскоўцы ў асноўным - пенсіянеры. Але некаторыя з іх таксама дапамагалі: адны справай, іншыя – грашыма. Хтосьці ахвяраваў і па сто, і па трыста долараў.
 
- Можна сказаць, што будавалі храм разам. Але пры гэтым разумелі нас не ўсе. Многія не верылі, што мы здзюжаем дабудаваць гэтую царкву. Некаторыя пыталіся, адкуль у нас такія грошы на ўсе працы, - распавядае Галіна пра галасы вуліцы.



Складанасцяў насамрэч было шмат. Вельмі доўга тут не маглі знайсці добрых спецыялістаў. Першыя скралі ў вернікаў лес, падрыхтаваны для будаўніцтва. Паслядоўнікі часам сыходзілі з грашыма, калі праца яшчэ не была скончаная.
 
- У нейкі момант усе грошы скончыліся. А храм тады нават напалову не быў пабудаваны. Мы былі ў роспачы. Нам самім нават не было з чым схадзіць у краму па прадукты, - прыгадвае крытычныя моманты Міхаіл. – Але потым па капейках збіралі штосьці: то пенсія прыйдзе, то якую падпрацоўку знайду… Я дапамагаю будаваць прыватныя дамы.


 
- Але мы ніколі не сумняваліся, што дабудуем храм. Мы ведалі, што ў нас яшчэ ёсць так званыя тылы – гэта аднапакаёвая кватэра дачкі ва Ўруччы. Мы вырашылі яе прадаць, каб ахвяраваць частку грошаў на царкву, - раскрывае галоўную таямніцу Галіна.
 
Значную частку атрыманых грошай Собалі і пусцілі на тое, каб дабудаваць святыню. Гэтаму рашэнню не перашкодзіў нават той факт, што ў той жа час сям'я іх сына вымушана была браць крэдыт на нерухомасць.
 
- Мы крыху дапамаглі сыну з фінансамі, - кажуць муж і жонка. – Але ён, шчыра кажучы, і не быў супраць нашай задумы з царквой, ніколі супраць не выказваўся.



"І як зараз у нас няма грошаў, то стала проста радасна жыць..."

Іканастас царквы ў Горне распісвалі мастакі з Гомеля, купалы рабілі ў Магілеве, званы везлі з расійскага Яраслаўля, а шмат убранства набывалі ва Ўкраіне. Частку абразоў ахвяравалі прыхаджане.
 
Побач з новай царквой, на месцы разбуранага храма, Міхаіл і Галіна паставілі памятны крыж. Паднялі і помнікі на магілах святароў, якія тут калісьці служылі, а потым былі пахаваныя на мясцовым пагосце.

 
Акрамя таго, Собалі на ўласныя грошы праклалі дарогу да жыватворнай крыніцы, якая б'е за некалькі кіламетраў ад царквы.
 
- Старажылы кажуць, што быў выпадак, калі гэта вада дапамагла сляпому чалавеку вярнуць зрок. Хтосьці вылечыў тут свае рукі ці ногі, хтосьці вярнуў зрок, - прыгадвае мясцовыя легенды Галіна.
 
На шляху да жыватворнай крыніцы раней была багна. Как зрабіць нармальную дарогу, сюды грузавікамі прывозілі пясок.
Крыніца з жыватворнай вадой

Прыход да веры змяніў і саміх сужэнцаў Собаляў. Яны цалкам перавялі зносіны на беларускую мову. Міхаіл кажа, што яна здольна зрабіць чалавека інакшым, у яго выпадку больш спакойным і стрыманым.
 
Таксама пасля трыццаці гадоў часам складанага і няпростага сумеснага жыцця муж і жонка абвянчаліся. Тут, у храме, адноўленым уласнымі рукамі, сродкамі і намаганнямі.
 
Служба ў дзень адкрыцця храма ў вёсцы Горна
 
Да гэтай сітуацыі можна адносіцца па-рознаму. Але Галіна і Міхаіл упэўніваюць, што сваімі ахвяраваннямі яны абсалютна не намагаліся набыць якіхкольвек індульгенцый, каб ім адпусцілі грахі. Проста такім, хай і нестандартным, але зусім не лёгкім аказаўся іх шлях да шчаслівага жыцця і самавызначэння.
 
- Пасля ўсяго, што з намі адбылося, мы вырашылі, што ніякія грошы нам непатрэбныя. Мы зразумелі, што шчасце зусім не ў іх. І як зараз у нас няма грошай, то стала проста радасна жыць, - агучваюць сваю жыццёвую пазіцыю Міхаіл і Галіна.

Нужные услуги в нужный момент
-15%
-20%
-50%
-10%
-20%
-20%
-10%
-20%
-20%
-40%
-50%