Эксклюзив


Марына Чопчыц,

Сёння шмат магчымасцяў рэалізаваць сябе сацыяльна. Людзі шукаюць дапамогу, партнёраў, аднадумцаў. Яўген Клішэвіч, 22-гадовы юнак, вырашыў аб"яднаць ўсіх, хто знаходзіцца на шляху здзяйснення сваёй ідэі для грамадскасці. Ён стварыў сапраўдную віртуальную талаку, дзе кожны можа знайсці неабходную падтрымку.

Арганізатары Talaka.by Іван Вядзенін і Яўген Клішэвіч

Як стваралі талаку

Ідэя платформы Talaka.by не ўзнікла спантанна. Аўтары даўно думалі аб эфектыўным інструменце, які дапамагаў бы кожнаму рабіць Беларусь лепей. І рабіць гэта не паасобку, а разам, талакой, бо вядома, што разам можна дасягнуць значна большага.

- Я з маленства быў даволі актыўным чалавекам. Калі я пераехаў у Мінск з Салігорска, дзе нарадзіўся, то пачаў удзельнічаць ў самых розных суполках і ініцыятывах: аматарскі тэатр, клуб "Што? Дзе? Калі?", пераклад фільмаў на беларускую мову, стварэнне мабільных дадаткаў і эксперыментальных тэхнічных установак, - усміхаецца Яўген Клішэвіч.

Праз нейкі час Яўген заўважыў, што ў большасці праектаў ёсць адныя і тыя ж праблемы, якія не даюць паспяхова развівацца. Калі згрупаваць іх, то атрымліваецца, што большасць ініцыятараў не вельмі добра разумеюць, навошта і каму патрэбны іх праект, як рэалізуюцца праекты ўвогуле, дзе і як знайсці сродкі і як зрабіць так, каб пра праект даведаліся.

Яўген Клішэвіч

- І я вырашыў, што трэба нешта рабіць, каб выправіць сітуацыю. Я пачаў увесь час пра гэта думаць. Усе мае сябры былі так ці інакш уцягнутыя ў абмеркаванне. Я шмат чытаў, знаёміўся з людзьмі, хто мог бы мне даць параду, наведваў мерапрыемствы. Так два гады разважанняў і абмеркаванняў выкрышталізаваліся ў ідэю платформы Talaka.by – кропкі збору неабыякавых людзей, платформы, якая дапамагае актыўным людзям у Беларусі рабіць свае сацыяльна значныя праекты бачнымі для іншых, лёгка і хутка знаходзіць каманду і неабходныя рэсурсы, атрымліваць кансалтынг, як рэалізоўваць праект і працаваць з валанцёрамі, - тлумачыць Яўген. - Так я прыйшоў ад працы над некалькімі дробнымі праектамі да працы над сапраўдным "заводам", які дапаможа рэалізавацца сацыяльна значным праектам сотнямі ў год.

Фестываль ў Грушаўцы, рэстаўрацыя абсерваторыі, музычны марафон, школа

Зараз на платформе размешчаны 62 праекты, як цалкам сацыяльныя, а таксама праекты з камерцыйным патэнцыялам. Напрыклад, усебаковая сацыялізацыя інвалідаў ці праект па вяртанні беларусам магчымасці частавацца сапраўдным беларускім хлебам.

- Мы таксама выступаем папулярызацыйнай пляцоўкай, міні-СМІ, так бы мовіць. У прыватнасці, вельмі паспяхова атрымалася ўзняць тэму рэстаўрацыі адзінай абсерваторыі ў Беларусі, якая не функцыянуе апошнія 15 год. З нашай дапамогай пра гэтую праблему пачалі пісаць, і ўжо знайшлася кампанія, якая прафінансавала каля 10 мільёнаў рублёў на частку рэстаўрацыйных работ, – расказвае Яўген.

З дапамогай Talaka.by таксама арганізавалі фестываль ў Грушаўцы.

- Фестываль цікавы тым, што арганізоўваўся па прынцыпу талакі, якую мы актыўна папулярызуем. Гэта значыць, што мерапрыемства было створана самімі жыхарамі Грушаўкі, якія пасля сумесна і адпачывалі на ім. Гэта вельмі цікавы прэцэдэнт! Спадзяемся, што зараз, пасля фестывалю, такія мерапрыемствы будуць арганізоўвацца і ў іншых раёнах Мінска.

Жыхары Грушаўкі на фестывалі



- У нас пачалі з'яўляцца самастойныя маштабныя праекты, накіраваныя на ўсю Беларусь. Адным з такіх спецпраектаў стала ": Музычны цэх" – 12-гадзінны музычны марафон. У ім прынялі ўдзел 16 беларускіх гуртоў, якія выконвалі свае арыгінальныя песні. Была таксама анлайн-трансляцыя. У дзень мерапрыемства Talaka.Party наведалі 800 чалавек, а трансляцыю праглядзелі болей за 17 000 (гэта як віртуальная "Мінск-Арэна" і "Палац спорту")! Задача спецпраекта – паказаць беларусам, што ў нас ёсць шмат якасных тутэйшых музыкаў.

Таксама каманда Talaka.by запусціла адукацыйны накірунак пад назвай "Талака.Школа". І першае, з чаго пачаўся праект, – курс "Сацыяльны прадпрымальнік". Людзі вучацца ў гэтай школе ствараць на падставе сваіх сацыяльна значных ідэй праекты і пераходзіць да іх рэалізацыі.

- Мы лічым, што трэба вучыць людзей быць здольнымі да рэалізацыі ўласных праектаў. З курса "Талака.Школа" мы зробім відэаурокі, каб чалавек з любока кутка Беларусі мог паглядзець гэты курс. Дарэчы, мы шукаем партнёраў, хто мог бы арганізаваць для нас здымкі ўрокаў ці прафінансаваць працу спецыялістаў, – расказвае Яўген.

Ён упэўнены, што планы яго каманды рэалізуюцца паспяхова.

- Мы заўсёды ставім перад сабой вялікія мэты, якія некаторым здаюцца неверагоднымі. Вось, напрыклад, калі мы запускалі набор у школу, мы сказалі, што на ўдзел у анлайн-курсе мы збярэм не меней за 500 заявак з усёй Беларусі. Партнёры, з якімі мы размаўлялі, звычайна рабілі круглыя вочы і казалі: "Гэта настолькі амбіцыйна, што немагчыма". У выніку колькасць заявак пераваліла за 650. Гэта надае ўпэўненасці далей рабіць рэчы, які іншыя лічаць проста немагчымымі.

"Каб нічога не даказваць неабгрунтавана, рабілі першыя крокі самі"

- Адкуль сродкі на рэалізацыю Talaka.by? Я вырашыў укладаць свае ўласныя сродкі ў распрацоўку рэсурса, што раблю і дагэтуль. Я прадпрымальнік, маю пэўны пасіўны даход і накапленні ад мінулых праектаў, якія дазваляюць развіваць платформу з мэтай вываду яе на самазабеспячэнне. Таксама ў Talaka.by ёсць нямала партнёраў – хто справай, хто ведамі, а хто і сродкамі дапамагае развівацца платформе, за што мы вельмі ўдзячныя. Напрыклад, нашыя партнёры-юрысты кансультуюць нас на бясплатнай аснове, іншыя патнёры далі нам офіс амаль дарма, дызайнеры і праграмісты робяць нам пэўныя зніжкі.

Каб нікому нічога не даказваць неабгрунтавана, аўтары вырашылі зрабіць першыя крокі самі, каб паказаць патэнцыял праекта. І пацвердзілі сваёй практыкай, што прынцып талакі працуе.

— Talaka.by – гэта некамерцыйная платформа. Не таму, што яна не манетызуецца, як некаторыя часам пытаюць, а некамерцыйная па сутнасці. Гэта значыць, што калі ў праекта з'явіцца даход, то ён будзе накіроўвацца на развіццё, дзейнасць і мэты самой платформы, а не размяркоўвацца паміж заснавальнікамі.

Важны момант - вывад Talaka.by на самазабеспячэнне, бо толькі так можна дасягнуць стабільнасці існавання і развіцця платформы. Таму зараз аўтары актыўна працуюць над развіццём крыніцаў атрымання прытоку фінансавых рэсурсаў. Асноўных тры: краўдфандынг, спонсарскія праекты і савет апекуноў.

- Цяпер мы актыўна распрацоўваем краўдфандынг-модуль Talaka.by. Ён дазволіць карыстальнікам платформы праз інтэрнэт у зручнай і простай форме фінансава падтрымліваць цікавыя ім праекты. Такім чынам, можна збіраць не толькі на праекты, размешчаныя ў нас на платформе, але і на саму платформу. Калі людзі будуць ведаць нас і разумець, што мы робім, то карыстальнікі будуць выдзяляць фінансы і на развіццё платформы. Вось так, напрыклад, "Вікіпедыя" раз на год збірае дабраахвотную падтрымку на сваё існаванне з чытачоў.

Але краўдфандынг у Беларусі яшчэ трэба будзе развіваць: распавядаць пра яго, прывучаць ім карыстацца. Таму талакоўцы не разлічваюць атрымаць усе неабходныя рэсурсы на платформу з краўдфандынгу і зараз таксама распацоўваюць і накірунак суправаджэння спонсарскіх праектаў.

Што гэта значыць? На платформе размешчана шмат праектаў, што могуць быць цікавыя кампаніям-спонсарам, жадаючым рэалізоўваць іх ў межах сваіх PR- ці КСА-актыўнасцяў (КСА – карпаратыўная сацыяльная адказанасць). Кампаніі могуць звязвацца з кіраўнікамі размешчаных тут праектаў наўпрост ці падтрымаць праект на платформе. У апошнім выпадку талакоўцы могуць дакументальна ўзяць на сябе рызыкі гэтага праекта і пры неабходнасці самі падключацца і рухаць яго наперад. Для кампаніі гэта будзе каштаваць пэўную суму, але пры гэтым яны могуць быць упэўненыя, што іх сродкі не будуць змарнаваныя.

Трэці накірунак атрымання рэсурсаў на развіццё – гэта савет апекуноў - савет з бізнэсмэнаў, якія лічаць, што Talaka.by мусіць існаваць, і гатовыя яе падтрымліваць фінансава.

- Мы сустракаемся з людзьмі, падвышаем нашую вядомасць сярод патэнцыяльных мецэнатаў. Але няпроста данесці важнасць таго, што неабходна ўкладацца ў перспектыву, а не толькі ў бягучыя праблемы. Напрыклад, гэта значыць не толькі ўкладацца ў лячэнне за мяжой хворых дзяцей, але і ў тое, каб, напрыклад, стварыць клініку, каб не трэба было вывозіць дзяцей за мяжу на лячэнне і разам з гэтым вывозіць грошы, а каб дзеці лячыліся ў нас і да нас прыязджалі з іншых краінаў. Тым не менш, мы пакрысе распрацоўваем гэты накірунак, ёсць людзі, якія праяўляюць інтарэс да ўваходу ў савет апекуноў.

Як людзі збіраюцца ў талаку

Самы каштоўны рэсурс талакі

- Адзін з самых каштоўных рэсурсаў, які ёсць ў Talaka.by, – гэта каманда. Яна збіралася ўвесь час працы над праектам: хтосьці затрымліваўся на некалькі месяцаў, а хтосьці толькі на тыдзень. Але цяпер мы сабралі каманду сапраўдных прафесіяналаў, адданых сваёй справе, - упэўнены Яўген. - Першапачатковы касцяк каманды складаўся з мяне і Івана Вядзеніна, крэатыўнага дырэктара. На адным з хакантонаў, дзе мы ўдзельнічалі, пазнаёміліся з Кацярынай Пукач, нашым цяперашнім праектным кансультантам. Я падумаў: "Гэты чалавек валодае такой унутранай энергіяй і цікаўнасцю да новага, што ён проста неабходны нам у Talaka.by". І ў нашай камандзе з'явіўся чалавек, які ўзаемадзейнічае з праектамі на платформе, падштурхоўвае, натхняе і, у некаторым сэнсе, апякае праекты.

А вось з тэхнічнымі спецыялістамі нам не асабліва шанцавала. Спрабавалі супрацоўнічаць з многімі, нават з фрыланс-камандамі, але дагэтуль так і не знайшлі свайго адзінага тэхнічнага дырэктара. Выйсце з гэтай сітуацыі - да Talaka.by далучыўся Мікіта Грыбалёў, тэхнічны эксперт, які дапамагае нам правільным чынам распрацоўваць платформу і знаходзіць тэхнічныя рашэнні для нашых задумаў.

Яўген Клішэвіч прылічвае да каманды і значную колькасць партнёраў і валанцёраў, якія актыўна дапамагаюць Talaka.by: "Але мы толькі на пачатку шляху, і каб паспяхова яго прайсці, нам трэба вельмі моцная каманда. Цяпер мы актыўна шукаем таленавітых праграміста, спецыяліста па маркетынгу і event-менеджара".

- Ёсць і яшчэ адна прычына стварэння Talaka.by. Справа ў тым, што працуючы над Talaka.by, мы атрымліваем сапраўды ўсебаковы вопыт. Мне вельмі падабаецца тое, чым я займаюся, і самае галоўнае, што такім чынам я магу прынесці рэальную карысць Беларусі. Мы хочам паказаць беларусам, што яны могуць быць самадастатковымі і вырашаць большасць сваіх праблемаў самастойна.
 
Нужные услуги в нужный момент